ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том падышоў блiжэй. У нос ударыў прыемны пах смажанай свiной грудзiнкi i гарачага хлеба. На ўсходзе хутка святлела. Том падышоў да самай печкi i выцягнуў над ёю рукi. Маладзiца паглядзела на яго, кiўнула яму галавой, i дзве яе касы тузанулiся ў бакi.

– Добрай ранiцы, - павiталася яна i перавярнула скрылiк грудзiнкi на патэльнi.

Полка ў палаткi задралася, i з яе выйшаў малады мужчына, а за iм старэйшы за яго гадамi чалавек. Абодва былi ў сiнiх, новых з выгляду рабочых баваўняных штанах i ў такiх самых куртках са шчыльнай набiўкай, на якiх блiшчалi медныя гузiкi. Абодва мужчыны былi вельмi падобныя адзiн да аднаго - рысы твару рэзкiя, вострыя. У малодшага падбародак зарос цёмнай шчэццю, а ў старэйшага сiвой. Галовы ў iх былi мокрыя, з валасоў сцякала вада, збiраючыся кроплямi на шорсткiх бародах. Шчокi вiльготна паблiсквалi. Яны сталi поплеч i моўчкi пазiралi, як святлее неба на ўсходзе. Потым адначасова пазяхнулi i перавялi позiрк на светлыя краi ўзгоркаў. I тут яны заўважылi Тома.

– Добрага ранку, - прамовiў старэйшы, i на яго твары не адбiвалася нi прыязнасцi, нi варожасцi.

– Добрай ранiцы, - адказаў Том.

Малодшы таксама павiтаўся:

– Добрага ранку.

Кроплi вады на iх тварах высыхалi. Абодва падышлi блiжэй i сталi грэць над плiтою рукi.

Маладая жанчына не пераставала ўвiхацца каля печкi. Толькi на хвiлiнку яна пасадзiла дзiця i завязала косы шнурком на патылiцы, i цяпер яны матлялiся ў яе за спiнай. Яна паставiла на вялiкую скрыню алавяныя кубкi i талеркi i каля iх паклала нажы i вiдэльцы, вылавiла з густога сала скрылiкi свiнiны i паклала на алавянае блюда, дзе яны, крыху яшчэ пасквiрчэўшы i пашыпеўшы, ператварылiся ў хрумсткiя скваркi. Потым яна адчынiла дзверцы духоўкi i выняла з яе бляху з вялiкiмi пышнымi праснакамi.

Калi ад бляхi пацягнула пахам гарачых праснакоў, мужчыны глыбока ўдыхнулi носам паветра. Малодшы цiха ўсклiкнуў:

– А божачкi!

Старэйшы мужчына павярнуўся да Тома:

– Ты снедаў?

– Яшчэ не. Мае вунь там. Не паднялiся яшчэ. Адсыпаюцца.

– Дык садзiся з намi. У нас, дзякуй богу, яды хапае.

– Ну дзякуй, - адказаў Том.
– Такi смачны дух, што цяжка адмовiцца.

– А што, хiба няпраўда?
– сказаў малодшы мужчына.
– Ты калi-небудзь чуў пах прыямнейшы?
– Абодва падышлi да скрынi i прыселi адзiн супраць аднаго на кукiшкi.

– Працуеш тут?
– пацiкавiўся малодшы.

– Толькi збiраюся, - адказаў Том.
– Мы сёння пад ноч толькi прыехалi. Я яшчэ не паспеў агледзецца.

– А мы дванаццаты ўжо дзень працуем.

Ад печкi пачуўся голас жанчыны:

– Нават новую адзежу ўжо купiлi.
– Мужчыны глянулi на свае каляныя курткi i крыху збянтэжана ўсмiхнулiся. Жанчына паставiла на скрыню талерку са смажанiнай, пышныя, румяныя праснакi, мiску з растопленым салам, кацялок з кавай i таксама прысела на кукiшкi каля скрынi.

Абодва мужчыны напоўнiлi свае талеркi, палiлi праснакi гарачым салам i пасаладзiлi каву.

Старэйшы напхаў поўны рот праснака, жаваў, жаваў, сёрбаў каву i глытаў.

– Божа мой, якая смаката!
– сказаў ён i зноў напхаў рот.

Малодшы сказаў:

– Мы дванаццаты ўжо дзень добра ядзiм. Нi разу не было так, каб не пад'елi - i снеданне, i абед, i вячэра. Працуем, атрымлiваем грошы i добра харчуемся.
– Ён зноў, ледзь не як ашалелы, накiнуўся на ежу, наклаўшы сабе поўную талерку. Потым абодва мужчыны выпiлi пякучай кавы, выплюхнулi гушчу на зямлю i зноў налiлi ў кубкi.

– Ну, час iсцi, - сказаў старэйшы.

Малады павярнуўся да Тома:

– Слухай, мы тут трубы пракладаем недалёка. Хочаш, пойдзем з намi, можа, i цябе гаспадар возьме.

Том сказаў:

– О, вельмi вам удзячны. I за снеданне дзякуй вялiкi.

– Калi ласка, - сказаў старэйшы.
– Мы паспрабуем табе памагчы ўладзiцца на працу, калi хочаш.

– Вы проста наскрозь мяне бачыце - вядома, хачу, - адказаў Том.
Толькi пачакайце хвiлiнку. Я сваiх папярэджу.
– Ён паспешлiва пайшоў да сваёй палаткi, нагнуўся i зазiрнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постацi на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руцi, валасы падалi ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткi i стала на ногi. Шэрыя вочы яе са сну глядзелi спакойна i ясна, без гарэзлiвасцi. Том адышоў ад палаткi, кiўком галавы паманiў яе за сабой, вочы iх стрэлiся.

– Госпадзi, як ты расцеш!
– сказаў Том.

Руцi сумелася i адвяла позiрк.

– Вось слухай, - сказаў Том.
– Нiкога цяпер не будзi, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў - можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?

Руцi кiўнула галавой, што зразумела, i зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусiм дзiцячы.

– Не будзi iх, - яшчэ раз папярэдзiў Том i паспешлiва пакрочыў да сваiх новых знаёмых. А Руцi апаслiва падышла да санiтарнага блока i крадком зазiрнула ў адчыненыя дзверы.

Абодва мужчыны чакалi Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткi матрац i пасадзiла на яго дзiця, а сама ўзялася мыць бялiзну.

Том сказаў:

– Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць.
– Усе трое пакрочылi па праходзе мiж палатак.

Лагер пачынаў ажываць. Каля толькi што разведзеных вогнiшчаў завiхалiся жанчыны, рыхтавалi снеданне - рэзалi мяса, мясiлi цеста на праснакi. А мужчыны пахаджвалi каля палатак i каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокi худы стары клапатлiва разраўноўваў граблямi дарожку. Ён так вадзiў граблямi, што вузкiя баразёнкi выходзiлi простыя i глыбокiя.

– Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, -сказаў яму малады чалавек, калi яны ўсе трое праходзiлi мiма.

– Ага, так. За пастой адпрацоўваю.

– За пастой!
– усмiхнуўся малады.
– Ён напiўся ў суботу вечарам i дапазна гарланiў песнi ў сваёй палатцы. Камiсiя ў пакаранне прымусiла яго папрацаваць.
– Яны iшлi цяпер па краi чорнай ад мазуту дарогi, абсаджанай з аднаго боку арэхавымi дрэвамi. З-за гор вызiрнуў абадок сонца. Том сказаў:

– Дзiўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, i вы таксама не назвалiся. Я - Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго i слаба ўсмiхнуўся:

– Ты, вiдаць, у гэтых краях нядаўна?

– Усяго некалькi дзён.

– Так я i думаў. Проста дзiўна - i хутка ж тут адвыкаеш iмя сваё называць... так шмат народу. Адзiн аднаго тут клiчуць проста "прыяцель". Дык вось, сэр, зваць мяне Цiмацi Ўолес, а гэта сын мой - Уiлкi.

– Вельмi прыемна, - сказаў Том.
– А вы самi тут даўно?

– Дзесяць месяцаў, - адказаў Уiлкi.
– Мы прыбылi сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзi! Ну i часiна была, ну i часiна! Ледзь з голаду не памерлi.
– Iх чаравiкi пастуквалi па грунтавой дарозе. Мiма прайшоў грузавiк, поўны людзей, паглыбленых у свае думкi. Яны трымалiся за барты i панура пазiралi на дарогу.

– Гэтыя працуюць на газавую кампанiю, - сказаў Цiмацi.
– Добра зарабляюць.

– Я мог бы ўзяць наш грузавiк, - прапанаваў Том.

– Не, не варта.
– Цiмацi нахiлiўся i падабраў з зямлi зялёны грэцкi арэх. Калупнуў яго пазногцем i шпурнуў у чорнага дразда, якi сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў i, калi арэх праляцеў пад iм, зноў апусцiўся на дрот i пачысцiў дзюбкай блiскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

– А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалi, i, глянуўшы на iх, Том убачыў збянтэжанасць на iх тварах.

Поделиться с друзьями: