Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Мiсiс Сандры вылупiла на яе вочы.
– Прыстойныя?
– закрычала яна.
– Хiба ж прыстойныя людзi будуць танцаваць у абнiмку? Кажу вам: у гэтым лагеры душу не выратуеш. Учора я была на малiтоўным сходзе ва Ўiдпэтчы. Ведаеце, што прапаведнiк нам гаварыў? Ён сказаў: "Лагер гэты - гнездзiшча бязбожнiкаў. Беднякi захацелi жыць, як багатыя! Iм, кажа, трэба лямантаваць i енчыць, замольваючы грахi, а яны танцуюць у абнiмку!" Вось што ён гаворыць. "Хто цяпер не з намi тут, той закаранелы грэшнiк", кажа. Як прыемна было яго слухаць. Мы ведалi, што нам не пагражае кара, мы ж не танцуем.
Мацi была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрынi i стала тварам у твар з мiсiс Сандры.
– Iдзi!
– загадала яна.
– Iдзi прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Iдзi - лямантуй i енчы.
Мiсiс Сандры разявiла рот, потым падалася назад i раптам злосна прагаварыла:
– Я думала, вы добрыя хрысцiяне.
– А мы i ёсць такiя.
– Не, вы грэшнiкi, вам толькi ў пекле гарэць, усiм вам! Я ўсё раскажу на малiтоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымi. I нявiннае дзiця ў яе чэраве таксама гарыць.
З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Мацi нахiлiлася i падняла з зямлi палку.
– Iдзi прэч!
– сурова сказала яна.
– I каб духу твайго тут не было. Такiх, як ты, я ведаю. Вы ўсё стараецеся апошнюю радасць у чалавека забраць.
– Яна iшла проста на мiсiс Сандры.
Тая адступала перад ёю i раптам закiнула галаву i завыла. Вочы ў яе закацiлiся, плечы ходырам захадзiлi, рукi заматлялiся па баках, з кутка рота выступiла густая, цягучая слiна. Яна абазвалася яшчэ i яшчэ раз дзiкiм, нечалавечым крыкам. З палатак выйшлi людзi, падышлi i абступiлi яе, перапалоханыя, прыцiхлыя. Жанчына паволi асела на каленi, i яе крыкi перайшлi ў перарывiстыя булькатлiвыя стогны. Яна павалiлася на бок, рукi i ногi ў яе сутаргава закалацiлiся. Мiж расплюшчаных павек вiднелiся бялкi вачэй.
Адзiн мужчына цiха сказаў:
– Святы дух. На яе сышоў святы дух.
Мацi стаяла, пазiраючы на цела, што бiлася на зямлi ў сутаргах.
Да палаткi няспешна падышоў маленькi адмiнiстратар.
– Што здарылася?
– запытаўся ён. Натоўп расступiўся, прапускаючы яго наперад.
– Вось бяда!
– сказаў ён.
– Хто-небудзь памажыце аднесцi яе ў палатку.
Людзi моўчкi пераступалi з нагi на нагу. Нарэшце двое мужчын паднялi жанчыну з зямлi - адзiн падхапiў яе пад пахi, другi ўзяў за ногi - i панеслi. Натоўп паволi пасунуўся за iмi. Ружа Сарона пайшла пад брызент, лягла на матрац i закрыла твар коўдрай.
Адмiнiстратар глянуў на мацi, убачыў палку, якую яна трымала ў руцэ, i слаба ўсмiхнуўся:
– Вы набiлi яе?
Мацi ўсё яшчэ пазiрала ўслед натоўпу. Яна паволi пакруцiла галавой:
– Не... толькi збiралася. Сёння яна ўжо другi раз дачку маю пужае.
Адмiнiстратар сказаў:
– Не трэба, не бiце яе. Яна хворая, - i цiха дадаў: - Хутчэй бы ўжо паехала адсюль, i ўся яе сям'я. Ад яе адной больш непрыемнасцей, чым ад усiх астатнiх разам.
Мацi ўжо авалодала сабой.
– Хай толькi зноў заявiцца сюды, я наб'ю яе. За сябе не ручаюся. Я не дам ёй страшыць дачку.
– Не хвалюйцеся, мiсiс Джоўд. Больш вы яе тут не ўбачыце. Яна толькi навiчкоў апрацоўвае. Да вас ужо больш не прыйдзе. Яна лiчыць вас грэшнiцай.
– Я i ёсць грэшнiца, - спакойна сказала мацi.
– Правiльна. Усе мы грэшнiкi, толькi не ў тым сэнсе, як яна думае. Яна хворая, мiсiс Джоўд.
Мацi з удзячнасцю глянула на адмiнiстратара i крыкнула дачцэ:
– Ты чуеш, Разашарна? Яна хворая. Вар'ятка.
– Але Ружа Сарона не падняла галавы. Мацi сказала: - Я папярэджваю вас, мiстэр: калi яна яшчэ раз прыйдзе, мне давяраць нельга. Я наб'ю яе.
Адмiнiстратар крыва ўсмiхнуўся:
– Я разумею вас. I ўсё ж пастарайцеся стрымаць сябе. Большага ад вас я нiчога не прашу - толькi пастарайцеся стрымацца.
– Ён няспешна пайшоў да палаткi, у якую занеслi мiсiс Сандры.
Мацi зайшла пад навес i села каля Ружы Сарона.
– Ну, глянь на мацi, - сказала яна, але Ружа Сарона не варухнулася. Мацi асцярожна адкiнула коўдру з галавы дачкi.
– Жанчына гэтая амаль вар'ятка. Ты ёй не вер.
Ружа Сарона прашаптала ў жаху:
– Яна як сказала пра пекла... я адчула, быццам у мяне ўсярэдзiне ўсё гарыць.
– Гэтага быць не можа, - сказала мацi.
– У мяне зусiм сiлы няма, - прашаптала Ружа Сарона.
– Колькi ўжо ўсяго здарылася, я так стамiлася... Спаць хачу. Хачу спаць.
– Ну дык спi. Месца тут добрае. Можаш паспаць.
– А раптам яна зноў прыйдзе?
– Не прыйдзе. Я сяду каля палаткi i блiзка яе не падпушчу, калi яна сюды паткнецца. Ты паспi, табе трэба адпачыць, бо неўзабаве пойдзеш працаваць у дзiцячы пакой.
Мацi цяжка паднялася на ногi, выйшла з-пад брызенту, села на скрыню, абаперлася локцямi аб каленi i паклала падбародак на далонi. Яна бачыла людзей, што хадзiлi па лагеры, чула галасы дзяцей, стук малатка па жалезным вобадзе, але вочы яе глядзелi кудысьцi далёка.
Падышоўшы да палаткi, бацька так i застаў яе ў гэтай позе. Ён апусцiўся каля яе на кукiшкi. Мацi паволi перавяла на яго позiрк.
– Ну, знайшлi што?
– запыталася яна.
– Не, - збянтэжана адказаў бацька.
– Дзе мы толькi не шукалi.
– А Эл дзе i Джон? Дзе грузавiк?
– Эл нешта рамантуе ў машыне. Давялося ў людзей папрасiць iнструменту. Сказалi, каб Эл рабiў усё там, на месцы.
Мацi сумна сказала:
– Добра тут. Можна было б тут пажыць хоць крыху.
– Калi знойдзем працу.
– Ага. Калi знойдзем працу.
Бацька адчуў яе смутак i пiльна паглядзеў на яе твар.
– Чаго ты так засмуцiлася? Сама ж кажаш, добра тут. Чаго ж засмучацца.
Мацi глянула на яго i паволi заплюшчыла вочы.
– Дзiўна ўсё неяк, праўда? Колькi ўжо дзён мы ў дарозе, перабiраемся з месца на месца, i нi разу я не задумвалася. Людзi тут добра мяне прынялi, проста вельмi добра. А я што раблю? Прыгадваю ўсё самае сумнае: тую ноч, калi памёр дзед i мы яго пахавалi. У мяне тады адна толькi дарога была ў галаве цэлымi днямi трэслiся ў машыне, усё едзеш i едзеш, i я нiчога ўжо такога дрэннага не адчувала. А цяпер, калi сюды прыехалi, цяпер у мяне горш на душы стала. Бабка... i яшчэ Ной пайшоў ад нас. Узяў i пайшоў унiз па рацэ. Усё было неяк паасобку, а цяпер разам на мяне навалiлася. Бабка памерла, як жабрачка, i яе, як жабрачку, пахавалi. Цяпер ад гэтага балюча мне. Ной пайшоў унiз па рацэ. Не ведаў, што яго там можа чакаць. Адкуль яму ведаць? I мы таксама не ведаем. I так i не будзем ведаць, цi жывы ён, цi мёртвы. I нiколi не даведаемся. А тут яшчэ Конi ўпотайкi пакiнуў нас. Раней не было ў мяне часу пра ўсё гэта думаць, а цяпер думкi роем налятаюць на мяне. А мне ж бы толькi радавацца, што мы трапiлi ў такое добрае месца.
– Бацька глядзеў, як варушацца яе губы. Яна гаварыла, заплюшчыўшы вочы.
– Я памятаю, якiя былi горы каля той рэчкi, дзе Ной нас пакiнуў, - вышчарбленыя, вострыя, як зубы старога. Памятаю, якая калючая была трава там, дзе пахавалi дзеда. I калоду на ферме - пяро да яе прыстала, уся пасечаная, чорная ад курынай крывi.