Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
У палатцы Эзры Хастана, старшынi цэнтральнай камiсii, якая складалася з пяцi чалавек, iшло пасяджэнне. Хастан - высокi, хударлявы чалавек з цёмным абветраным тварам i вачамi, як вастрыё клiнка, гаварыў з членамi камiсii, прадстаўнiкамi ад усiх пяцi санiтарных аддзяленняў.
– Нам страшэнна пашанцавала, - сказаў ён, - што нас папярэдзiлi аб намеры ўчынiць скандал на танцах.
Загаварыў тоўсты карантыш, прадстаўнiк ад блока нумар тры:
– Трэба з iх дух выбiць вон, правучыць як след.
– Не, - сказаў Хастан.
– Яны таго толькi i чакаюць. Не, сэр. Калi iм удасца распачаць бойку, яны паклiчуць палiсменаў i заявяць, што ў нас тут буяняць. У iншых лагерах так ужо было.
– Ён павярнуўся да смуглявага юнака з сумным тварам - прадстаўнiка санблока нумар два: - Ну, ты сабраў хлопцаў, выставiў ахову ўздоўж агароджы, каб нiхто ў лагер не пралез?
Юнак з сумным тварам кiўнуў галавой:
– Зрабiў. Дваццаць чалавек. Загадаў нiкога не бiць. Выпхнуць - i ўсё.
Хастан сказаў:
– Схадзi, калi ласка, знайдзi Ўiлi Iтана. Ён сёння, здаецца, распарадчык на вечарынцы?
– Ага.
– Скажы яму, нам трэба з iм пагаварыць.
Юнак выйшаў з палаткi i неўзабаве вярнуўся ў суправаджэннi жылiстага тэхасца. Падбародак у Ўiлi Iтана быў вузкi, тонкi, валасы попельна-шэрыя, рукi i ногi доўгiя i быццам расхлябаныя, а вочы светла-шэрыя, апаленыя сонцам, як у тыповага жыхара Тэхаскага выступу. Ён увайшоў з усмешачкай у палатку i стаў, нецярплiва пакручваючы кiсцямi рук.
Хастан запытаўся ў яго:
– Ты чуў, што вечарам рыхтуецца?
Уiлi шырока ўсмiхнуўся:
– Ага!
– Зрабiў што-небудзь?
– Ага!
– Раскажы нам што.
Уiлi Iтан усмiхнуўся на ўвесь рот:
– Значыць, так, сэр: звычайна ў суботнюю камiсiю ў нас уваходзяць пяць чалавек, а я набраў яшчэ дваццаць - надзейныя ўсе хлопцы. Яны будуць танцаваць, але вочы iх i вушы будуць усё бачыць i чуць. Ледзь толькi дзе гучней загавораць цi заспрачаюцца, яны раз!
– i кружком. Чыста будзе зроблена. Нiхто нiчога не заўважыць. Будзе так, быццам усе яны з пляцоўкi iдуць, i скандалiст хочаш не хочаш з iмi пойдзе.
– Скажы iм, каб рукам волi не давалi.
Уiлi весела засмяяўся:
– Казаў.
– Не, ты так скажы, каб да iх дайшло.
– Дайшло. Пяцёх пастаўлю каля варот, няхай прыглядаюцца да тых, што ўваходзяць. Паспрабуем адразу iх высачыць, яшчэ да таго, як пачнуць.
Хастан падняўся з месца. Вочы яго сталёвага колеру глядзелi сурова.
– Паслухай, Уiлi. Бiць iх нельга. Каля пярэднiх варот будуць шэрыфавы агенты. Калi вы пусцiце каму-небудзь кроў, вас забяруць.
– Мы i гэта абмазгавалi, - сказаў Уiлi.
– Выведзем iх задамi проста ў поле. А там хлопцы прасочаць, каб яны пайшлi туды, адкуль прыйшлi.
– Што ж, на словах выходзiць усё добра, - не супакойваўся Хастан.
– Але глядзi, Уiлi, каб нiчога такога не было. Ты адказваеш за ўсё. Бiць iх нельга. Нi кiёў, нi кулакоў цi яшчэ там чаго ў ход не пускаць.
– Ёсць, сэр! Мы слядоў не пакiнем.
Хастан насцярожыўся:
– Нешта не давяраю я табе, Уiлi. Калi ўжо вам так i карцiць iх збiць, бiце так, каб крывi не было.
– Ёсць, сэр!
– У хлопцах сваiх ты ўпэўнены?
– Так, сэр!
– Ну добра. На той выпадак, калi самi вы не справiцеся, я буду сядзець там на танцпляцоўцы, з правага боку.
Уiлi аддаў яму жартам чэсць i выйшаў з палаткi.
Хастан сказаў:
– Проста не ведаю. Каб хоць яго хлопцы нiкога не забiлi. Якога чорта шэрыфавым памагатым абавязкова хочацца нашкодзiць нашаму лагеру? Чаму яны не пакiнуць нас у спакоi?
Сумны юнак ад блока нумар два сказаў:
– Я жыў у лагеры Зямельна-жывёлагадоўчай кампанii каля Сандлэнда. Дык, бог сведка, там на кожныя дзесяць чалавек па фараону. А водаправодны кран адзiн чалавек на дзвесце.
Каратканогi таўстун усклiкнуў:
– Госпадзi, ён мне расказвае! Я сам адтуль. Там палаткi стаяць блокам трыццаць пяць у даўжыню i пятнаццаць у шырыню. А сарцiраў усяго дзесяць на ўсю араву. Смярдзiць - за мiлю пачуеш, далiбог, праўда. Адзiн шэрыфскi памагаты неяк раскрыў нам усю паднаготную. Мы гэтак кружком сядзiм, i ён кажа: "Каб яны правалiлiся, гэтыя ўрадавыя лагеры! Дай людзям хоць раз гарачай вады, i яны потым патрабаваць яе будуць. Дай iм прамыўныя прыбiральнi, дык яны ўжо без iх нiяк. Праклятым Окi што нi пакажы, яны ўжо без таго абысцiся не могуць. У iх, кажа, у лагерах чырвоныя мiтынгi. Усё прыдумляюць, як дапамогу атрымаць".
Хастан запытаўся:
– I нiхто яго не ўзгрэў за гэта?
– Не. Адзiн, такi маленькi ростам, пытаецца ў яго: "Якая такая дапамога?" Палiсмен адказвае: "Ну грашовая - тая самая, у якую мы, падаткаплацельшчыкi, свае кроўныя ўсаджваем, а дастаюцца яны вам - усялякiм там Окi. А той, маленькi, кажа: "Мы таксама плацiм падаткi i на прадукты, i на бензiн, i на тытунь. Урад плацiць фермерам чатыры цэнты за фунт бавоўны - цi ж гэта не дапамога? Чыгуначныя i параходныя кампанii атрымлiваюць ад урада пазыку - гэта не дапамога?" А шэрыфскi агент адказвае: "Яны патрэбную справу робяць". А маленькi кажа: "А калi б не мы, хто б вам ураджаi збiраў?" - Таўстун абвёў позiркам прысутных.
– Ну, а што фараон?
– запытаўся Хастан.
– Ён проста раз'юшыўся. Кажа: "Гэтыя чырвоныя ўвесь час народ падбухторваюць. А ты пойдзеш са мной, давай, не марудзь". Забраў малойчыка, i далi яму два месяцы за бадзяжнiцтва.
– А калi б у яго была праца?
– запытаўся Цiмацi Ўолес.
Таўстун засмяяўся:
– На гэты конт мы вучоныя. Цяпер мы ведаем: каго палiсмен неўзлюбiў, той i бадзяга. Таму яны i не церпяць наш лагер, што палiцыi тут уваходу няма. Тут Злучаныя Штаты, а не Калiфорнiя.
Хастан уздыхнуў:
– Добра было б пажыць тут даўжэй. Але хутка прыйдзецца ехаць. Мне тут даспадобы. Жывуць усе дружна. Госпадзi, пакiнулi б нас у спакоi, дык не рознае паскудства робяць, у турму саджаюць. Далiбог, калi будзе так далей, нас да таго давядуць, што мы адпор дадзiм.
– Тут голас яго крыху паспакайнеў, i Хастан сам сабе нагадаў: - Не, трэба паводзiць сябе мiрна. Камiсiя не мае права зрывацца з прывязi.
Таўстун з трэцяга блока сказаў:
– Тыя, хто думае, што працаваць у камiсii адно задавальненне, няхай самi паспрабуюць. У мяне сёння была калатня - жанчыны расхадзiлiся. Пачалi лаяцца i давай кiдацца рознай дрэнню. Жаночая камiсiя не справiлася, прыбеглi да мяне, просяць, каб мы разабралiся. А я iм кажу: "Жаночыя сваркi ўладжвайце самi. Яны будуць кухоннымi адкiдамi шпурляцца, а наша камiсiя iх разнiмай!"