ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Ну, думайце, - сказала мацi.
– Больш я не магу глядзець, як сям'я галадае. Сала ў мяне на адзiн дзень. I ўсё. Разашарна абрадзiцца, яе трэба добра кармiць. Думайце!

– Тут вада гарачая, туалеты...
– пачаў бацька.

– Туалетамi сыты не будзеш.

Том сказаў:

– Сёння прыязджаў адзiн, клiкаў нас у Мэрысвiль. Фрукты збiраць.

– Чаму ж нам туды не паехаць?
– рашуча запыталася мацi.

– Сам не ведаю, - адказаў Том.
– Нешта не спадабаўся мне гэты чалавек. Вельмi ўжо ўгаворваў. А плата якая, не сказаў.

Мацi прамовiла:

– Едзем. Едзем у Мэрысвiль. Няважна, колькi заплацяць. Едзем.

– Вельмi ўжо далёка, - сказаў Том.
– На бензiн не хопiць. Не дабяромся. Вось ты, ма, кажаш - думайце. А я толькi i раблю, што думаю. Увесь час думаю.

Дзядзька Джон сказаў:

– Тут адзiн гаварыў, быццам хутка пачнуць бавоўну збiраць у Туларэ. Ад лагера, кажа, недалёка.

– Трэба ехаць адсюль, i як мага хутчэй. Хоць лагер добры, а я тут усё роўна больш не застануся.
– Мацi падхапiла вядро i пайшла ў санiтарны блок па гарачую ваду.

– Мацi ў нас зусiм нейкая незгаворлiвая стала, - сказаў Том.
– Даўно ўжо яе такой злоснай не бачыў. Аж кiпiць.

Бацька з палёгкай уздыхнуў:

– Што ж, яна хоць начыстую загаварыла. Я ўжо колькi начэй не сплю, галава разрываецца. А цяпер можна ўсё адкрыта абмеркаваць.

Мацi вярнулася з поўным вядром вады, ад якой iшла пара.

– Ну што, падумалi?
– патрабавальна запыталася яна.

– Усё яшчэ вырашаем, - адказаў Том.
– А што, калi i праўда на поўнач рушыць - туды, дзе бавоўна? Тут мы ўжо ўсё абшнарылi. Нiчога тут не знойдзеш, гэта ясна. Давайце, можа, адразу i пагрузiмся, паедзем на поўнач. Якраз паспеем да самага збору. Мне так i карцiць ужо адчуць пад рукой бавоўну. Бак у цябе поўны, Эл?

– Амаль поўны - дзвюх цаляў не хапае да верху.

– Думаю, даедзем.

Мацi занесла талерку над вядром.

– Ну дык як?
– запыталася яна.

Том сказаў:

– Тваё ўзяло, ма. Здаецца, едзем. Так, тата?

– Трэба, думаю, ехаць, - адказаў бацька.

Мацi перавяла на яго позiрк.

Калi?

– Марудзiць нельга. Можна i заўтра рана.

– Ранiцай i паедзем. Я ж сказала вам, колькi ў нас засталося.

– Ты, ма, не думай, што я не хачу. Я ўжо два тыднi дасыта не еў. Жывот набiваць - набiваў, ды толку ад такой яды мала.

Мацi акунула талерку ў вядро.

– Ранiцай едзем, - сказала яна.

Бацька хмыкнуў.

– Вось якiя часы насталi, - з'едлiва сказаў ён.
– Раней мужчына ўсiм распараджаўся. А цяпер жанчыны камандуюць. Вiдаць, самая пара прызапасiць дручок.

Мацi паставiла на скрыню талерку, з якой яшчэ сцякала вада, i, не падымаючы галавы, усмiхнулася:

– Што ж, бацька, прызапась. Вось будзем сытыя, займеем дах над галавой, тады, можа, палка табе i згадзiцца, будзеш пеўнем хадзiць. А цяпер ты сваёй справай не займаешся, не думаеш, не працуеш. Было б так, што ж, мог бы ўзяцца i за дручок, а жанчыны толькi насамi шморгалi б i хавалiся па кутках, як мышы. Думаеш, вось зараз возьмеш палку i наб'еш жанчыну? Не, даражэнькi! Табе давядзецца ўступiць з ёю ў бойку, бо ў мяне таксама палка прыхаваная.

Бацька атарапела ўхмыльнуўся.

– Ты хоць пры дзецях такога не гаварыла б, iм такiя словы карысцi не прынясуць.

– А ты спярша накармi iх, а пасля разважай, што iм на карысць, а што не, адрэзала мацi.

Бацька абурана падняўся i пайшоў ад палаткi, дзядзька Джон паплёўся за iм.

Рукi мацi ўсё яшчэ плюхалiся ў вадзе, але позiрк яе скiраваўся ў спiны мужчын, i яна з гордасцю сказала Тому:

– Ён малайчына. Трымаецца яшчэ. У яго рукi свярбяць даць мне лупцоўкi.

Том засмяяўся:

– Ты што ж гэта - наўмысна яго раз'ятрываеш?

– А што ж ты думаў? Мужчына iншы раз мучыцца, мучыцца, усе пячонкi сабе выгрызае, потым кладзецца i памiрае з тугi. А калi яго як след раззлаваць, тады ўсё добра. Бацька слова грубага не вымавiў, але аж ашалеў ад злосцi. Цяпер ён мне пакажа.

Эл падняўся са скрынi:

– Пайду крыху прайдуся па лагеры.

– Лепш машыну праверыў бы перад дарогай, - напомнiў яму Том.

– Ужо ўсё праверана.

– Калi не так, маму на цябе напушчу.

– Ну праверыў я яе.
– Эл пакрочыў мiж палатак.

Том уздыхнуў:

– А я нешта стамiўся, ма. Можа, i мяне ты раззлуеш?

– Ты разумнейшы, Том. Злаваць цябе без толку. Ты мая апора. Астатнiя... што тыя госцi... усе, акрамя цябе. А ты не здасi, Том.

Увесь цяжар клаўся на яго плечы.

– Не па нутры мне гэта, - сказаў ён.
– Я пагуляць хачу, як Эл. I ўзлавацца хачу, як тата, альбо напiцца, як дзядзька Джон.

Мацi пакруцiла галавой:

– Нiчога ў цябе не выйдзе, Том. Я ведаю. З тае пары ведаю, як ты яшчэ маленькi быў. У цябе не атрымаецца. Ёсць людзi, якiя заўсёды застаюцца самi сабой, больш нiчым. Вось Эл - малец, на ўме ў яго адны дзяўчаты. Ты нiколi такiм не быў, Том.

– Быў, быў. I цяпер такi.

– Не. Што б нi рабiў, ты застаешся самiм сабой. Я гэта заўсёды ведала. Ты толькi языком iншы раз любiш памалоць.

– Не, ма, ты гэта кiнь. Усё не так. Табе толькi здаецца.

Мацi паклала нажы i вiдэльцы на груду талерак.

– Магчыма. Можа, i здаецца. Разашарна, вытры посуд i прымi яго.

Ружа Сарона цяжка паднялася з месца, выпнуўшы свой вялiкi жывот. Яна лянiва падышла да скрынi i ўзяла ў рукi памытую талерку.

Том сказаў:

– Так разадзьмулася, што нават вочы ў бакi палезлi.

– Не трэба пакеплiваць з яе, - сказала мацi.
– Яна ў нас малайчына. А ты пайшоў бы развiтаўся з кiм трэба.

– Ага. I пайду даведаюся, цi далёка туды ехаць.

Мацi сказала Ружы Сарона:

– Ён усё гэта кажа не з жадання пакрыўдзiць цябе. А дзе Руцi з Уiнфiлдам?

– Я бачыла, яны пабеглi за татам.

– Ну i няхай.

Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Мацi непрыкметна прыгледзелася да яе.

– Як ты сябе адчуваеш? Шчокi ў цябе нешта запалi.

– Мне сказалi, малако трэба пiць, а я не п'ю.

– Ведаю, што трэба. Ды яго няма.

Ружа Сарона паныла сказала:

– Каб Конi не пайшоў ад нас, мы б цяпер з iм жылi ў сваiм домiку, ён вучыўся б i ўсё такое. I малако б мы куплялi. I дзiця здаровым нарадзiлася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне пiць трэба.
– Яна засунула руку ў кiшэню фартуха i нешта паклала ў рот.

– Што ты там грызеш? Пакажы, - сказала мацi.

– Нiчога.

– Але ж ты нешта грызеш, паказвай.

Поделиться с друзьями: