Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну што ты, ма.
– Не асарамацi нас. Нам i так цяжка, не хапае яшчэ сораму.
У Ружы Сарона задрыжалi губы.
– Я... я на танцы не пайду. Не хачу... Ма, памажы мне!
– Яна апусцiлася на скрыню i закрыла твар сагнутымi ў локцях рукамi.
Мацi выцерла рукi аб кухонны ручнiк, прысела перад дачкой на кукiшкi i паклала абедзве рукi ёй на валасы.
– Ты, дачушка, у мяне добрая, - сказала яна.
– Заўсёды была добрай дзяўчынкай. Я пра цябе паклапачуся. Ты не бядуй.
– Мацi ажыўлена загаварыла: Ведаеш, што мы з табой зробiм? Пойдзем разам на танцы, сядзем убаку i падзiвiмся. Калi хто запросiць цябе на танец, я скажу, табе нельга, у цябе здароўе слабае. А ты музыку паслухаеш, на людзей паглядзiш.
Ружа Сарона падняла галаву:
– А танцаваць не пусцiш?
– Не пушчу.
– I не дазваляй нiкому да мяне дакранацца.
– Не дазволю.
Ружа Сарона ўздыхнула i роспачна прамовiла:
– Не ведаю, ма, як далей будзе. Проста не ведаю.
Мацi лёгенька паляпала яе па калене:
– Ну глянь на мяне. Паслухай, што я скажу. Ты пацярпi яшчэ крышачку, а там палягчэе. Яшчэ толькi крышачку. Я праўду кажу. А цяпер падымайся. Мы з табой зараз памыемся, надзенем усё самае прыгожае i пасядзiм на танцах.
– Яна павяла Ружу Сарона да санiтарнага блока.
Бацька, дзядзька Джон i яшчэ некалькi чалавек сядзелi на кукiшках каля ганка канторы.
– Мы сёння ледзь на працу не ўладзiлiся, - сказаў бацька.
– На некалькi хвiлiн спазнiлiся. Перад намi дваiх ужо нанялi. I вось што дзiўна, скажу я вам, - вярбоўшчык кажа: "Па дваццаць пяць цэнтаў мы нанялi дваiх. А па дваццаць цэнтаў яшчэ можам узяць. Па дваццаць мы многа рабочых можам узяць. Вы паедзьце ў лагер, скажыце там, што па дваццаць набор будзе вялiкi".
Мужчыны неспакойна заварушылiся. Адзiн - шыракаплечы мужчына, твар якога хаваўся ў цянi ад чорнага капелюша, пляснуў далонню па калене.
– Я гэтыя iхнiя штучкi ведаю!
– крыкнуў ён.
– I набяруць, колькi iм трэба. Галодных людзей набяруць. За дваццаць цэнтаў у гадзiну сям'ю не пракормiш, але ты пойдзеш на што заўгодна. Як нi круцiся, ты ў iхнiх руках. Яны прадаюць працу, як з таргоў. Далiбог, хутка яшчэ i прыплачваць iм прымусяць, каб работу ў iх атрымаць.
– Мы б згадзiлiся, - сказаў бацька.
– У нас нi ў кога няма нiякай работы. Абавязкова згадзiлiся б, але на нас людзi такiмi вачамi пазiралi, што мы пабаялiся.
Чалавек у чорным капелюшы сказаў:
– Крануцца з розуму можна, як падумаеш. Я ў аднаго працаваў, дык ён свайго ўраджаю сабраць не можа. На збор больш грошай пойдзе, чым ён ад продажу атрымае. Проста не ведаю, што рабiць.
– Вось калi б...
– Бацька замяўся. Усе моўчкi чакалi.
– Ну, я проста падумаў, калi б у мяне хоць акр зямлi быў... жонка гароднiну б развяла, парачку свiней гадавалi б, курэй трохi. А мы, мужчыны, працавалi б недзе i дамоў вярталiся. Дзецi, можа, у школу хадзiлi б. Я такiх школ, як тут, нiдзе не бачыў.
– Дзецям нашым у тутэйшых школах нясоладка даводзiцца, - сказаў чалавек у чорным капелюшы.
– А чаму? Яны даволi добрыя, гэтыя школы.
– Ну сам падумай... Прыйдзе вось такi абадранец босы, а iншыя дзецi, у шкарпэтках, у добрых штанах, дражняць яго - "Окi, Окi". Мой хлопчык хадзiў у такую школу. Кожны дзень з кiм-небудзь бiўся. Малайчына, не ўступаў. Наравiсты, шальмец. Што нi дзень, то бойка. Дамоў прыйдзе - адзенне пашкуматанае, нос у крывi. А мацi яго лупцуе. Пад канец я заступiўся. Што ж, усе будуць яго, беднага, таўчы? А далiбог, ён здорава iх лупiў, гэтых сукiных сыноў у добрых штонiках. Ну, не ведаю, не ведаю...
– Што ж нам усё-такi рабiць?
– задаў пытанне бацька.
– Грошай у нас няма. Адзiн сын атрымаў кароткачасовую работу, але гэтым не пракормiшся. Пайду i на дваццаць цэнтаў. А што рабiць?
Чалавек у чорным капелюшы падняў галаву, i на святло выступiў яго шчацiнiсты падбародак i гладка, як поўсцю, зарослая па баках жылiстая шыя.
– Ага, ты гэтак зробiш, - з горыччу сказаў ён.
– А мне плацяць дваццаць пяць. Ты забярэш у мяне маю працу за дваццаць. Я пахаджу галодны i забяру яе ў цябе за пятнаццаць. Ну дык iдзi, наймайся.
– Што ж тады рабiць мне?
– дапытваўся бацька.
– Не памiраць жа мне з голаду, каб табе плацiлi дваццаць пяць?
Чалавек у чорным капелюшы апусцiў галаву, i яго падбародак зноў схаваўся ў цянi.
– Не ведаю, - адказаў чалавек.
– Ну не ведаю. Працуеш па дванаццаць гадзiн у дзень i ўсё роўна дасыта не ясi, а тут яшчэ галаву ламай, як быць далей. Хлопчык мой жыве надгаладзь. Не магу я ўвесь час аб адным толькi думаць, хай яно правалiцца. Звар'яцець можна.
Людзi, што кружком сядзелi на кукiшках, неспакойна заварушылiся.
Том стаяў каля варот i ўглядаўся ў гасцей, якiя з'язджалiся на танцавальны вечар. Яркае святло пражэктара падала на iх твары.
Уiлi Iтан сказаў Тому:
– Глядзi пiльна. Зараз прышлю сюды Джула Вiтэлу. Ён чэракез-паўкровак. Хлапец добры. Ва ўсе вочы глядзi. Магчыма, прыкмецiш каго.
– Добра, - адказаў Том.
Ён глядзеў на фермерскiя сем'i, што пад'язджалi да варот, на дзяўчат, якiя заплялi валасы ў косы, на падлеткаў, якiя навялi на сябе глянец дзеля танцаў. Падышоў Джул i спынiўся каля яго.
– Я буду з табой, - сказаў ён.
Том узняў на яго вочы - арлiны нос, скуласты смуглы твар, кароткi, нiбы зрэзаны, падбародак.
– Кажуць, ты напалову iндзеец. А па-мойму, ты поўны iндзеец.
– Не, - адказаў Джул.
– Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыi. Там жыць можна, некаторым.
– Зiрнi, колькi народу, - сказаў Том.
Госцi праходзiлi праз вароты: сем'i фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзецi старалiся хутчэй вырвацца з-пад апекi дарослых, але паважныя бацькi стрымлiвалi iх.
Джул сказаў:
– Неяк забаўна ў нас выходзiць з гэтымi танцамi. Людзi ў лагеры бедныя, нiчога за душой у iх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. I тыя iх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасiў яго, i ён прыехаў. Потым кажа: нiдзе ва ўсёй акрузе не бывае такiх прыстойных танцавальных вечароў - сюды можна i дочак, i жонку з сабой браць. Гэй, глянь!
Праз вароты праходзiлi трое маладых людзей - трое рабочых у джынсах. Яны трымалiся разам. Вартаўнiк каля варот спынiў iх, яны адказалi на яго пытаннi i прайшлi ў лагер.