ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Проста драбочак вапны. Я знайшла вялiкi кавалак.

– Гэта ж усё роўна, што зямлю есцi!

– Мяне цягне на яе.

Мацi доўга маўчала. Яна напяла каленямi спаднiцу. Нарэшце сказала:

– Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калi хадзiла цяжарная. Вялiкi кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабiць. А пра дзiця сваё ты такiх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш.

– Нi мужа. Нi малака.

– Калi б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпiла б.
– Мацi паднялася i пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкi i працягнула руку.
– Глянь!
– У руцэ ў яе былi маленькiя зялёныя завушнiцы. Гэта табе.

Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелi, але яна адразу адвяла iх убок.

– У мяне вушы не праколатыя.

– А мы iх зараз праколем.
– Мацi зноў паспешлiва пайшла ў палатку i вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нiтку ў iголку, здвоiла яе i завязала на ёй некалькi вузельчыкаў. Пасля прасунула нiтку ў другую iголку, таксама завязала на ёй вузельчыкi i выняла са скрыначкi кавалак корка.

– Ой, забалiць, забалiць!
– спужалася Ружа Сарона.

Мацi падышла да дачкi, паклала корак ёй пад мочку вуха i пракалола яе, канец iголкi ўпёрся ў корак.

Ружа Сарона скурчылася:

– Ой, коле! Мне будзе балець.

– Мацней балець не будзе.

– Будзе, будзе!

– Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку.
– Мацi падклала корак пад другое вуха i пракалола iголкай мочку.

– Балець будзе!

– Цiха!
– сказала мацi.
– Гэта ўсё.

Ружа Сарона здзiўлена паглядзела на яе. Мацi перарэзала нiткi, зняла iголкi i ўцягнула ў абедзве мочкi па вузельчыку.

– Ну вось, - сказала яна.
– Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыднi загаiцца, i ты зможаш надзець завушнiцы. Вазьмi, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.

Ружа Сарона асцярожна памацала вушы i паглядзела на кропелькi крывi, што засталiся на пальцах.

Зусiм не балiць. Толькi крышачку ўкалола.

– Даўно трэба было гэта зрабiць.
– Мацi глянула дачцэ ў твар i пераможна ўсмiхнулася.
– Ну канчай з талеркамi. Дзiця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.

– А хiба гэта мае якое-небудзь значэнне?

– А як жа. Вядома, мае значэнне.

Эл шпацырнай хадою iшоў мiж палатак у бок танцавальнай пляцоўкi. Каля адной палаткi ён цiхенька свiснуў i пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.

Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабралiся на захадзе, цяпер ужо пагасла, i асяродак у iх пачарнеў. Эл пачухваў ногi i пазiраў у вячэрняе неба.

Праз некалькi хвiлiн да яго падышла бялявая дзяўчына, мiлавiдная, з выразнымi рысамi твару. Яна моўчкi апусцiлася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талiю, i пальцы яго пачалi забiрацца крыху вышэй.

– Кiнь, - сказала дзяўчына.
– Козытна.

– Заўтра мы едзем, - сказаў Эл.

– Заўтра? Куды?
– Дзяўчына спалохана паглядзела на яго.

– Далей, на поўнач, - безуважна прамовiў Эл.

– Але ж мы збiралiся пажанiцца, цi ж не так?

– Ну i пажэнiмся, калi-небудзь.

– Ты ж казаў, што зусiм хутка!
– занервавалася дзяўчына.

– Хутка бывае па-рознаму.

– Ты ж абяцаў!
– Пальцы яго забралiся яшчэ вышэй.
– Адчапiся, - крыкнула дзяўчына.
– Ты казаў, што пажэнiмся.

– Ну i пажэнiмся.

– Але ж ты едзеш.

– Што ты захвалявалася так? Цябе на кiсленькае пацягнула?

– Не.

Эл засмяяўся:

– Выходзiць, я марна час патрацiў, га?

Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногi.

– Iдзi прэч, Эл Джоўд! I бачыць цябе больш не хачу.

– Ды кiнь ты. Што з табой?

– Уявiў сябе ўдальцом залётным!

– Ды пачакай хвiлiнку.

– Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне iншых няма.

– Ну пачакай!

– Не, сэр! Iдзi прэч!

Раптам Эл iрвануўся наперад, злавiў яе за шчыкалатку i пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапiў яе, моцна абняў i зацiснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусiць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыцiснуў яе да зямлi. I праз момант дзяўчына зацiхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хiхiкалi, лежачы ў сухой траве.

– Мы хутка вернемся, - гаварыў Эл.
– У мяне будуць поўныя кiшэнi грошай. Паедзем з табой у Галiвуд, у кiно будзем хадзiць.

Яна ляжала на спiне. Эл нахiлiўся над ёю. I ўбачыў у вачах у яе адбiтак яркай вячэрняй зоркi, i ўбачыў у вачах у яе адбiтак чорных воблакаў.

– Мы паедзем на цягнiку, - сказаў ён.

– А калi, ты думаеш, гэта будзе?
– запыталася яна.

– Ну, можа, праз месяц, - адказаў ён.

Апусцiўся вячэрнi змрок. Бацька i дзядзька Джон сядзелi на кукiшках каля канторы разам з iншымi галовамi сем'яў. Перад вачамi ў iх была ноч i невядомая будучыня. Маленькi адмiнiстратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямi на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлiсты, асунуты.

Хастан глянуў на яго i сказаў:

– Вы пайшлi б трохi паспалi, мiстэр.

– Ага, не шкодзiла б. Мiнулай ноччу ў трэцiм аддзяленнi былi роды. Яшчэ трохi, i я сапраўднай павiтухай стану.

– Гэта таксама трэба ўмець, - зазначыў Хастан.
– Жанатаму чалавеку ўсё трэба ўмець.

Бацька сказаў:

– Заўтра рана мы едзем.

– Ужо? Куды?

– Думаем падацца крыху далей на поўнач. Магчыма, якраз паспеем на збор бавоўны. Тут без працы сядзiм. Есцi няма чаго.

– Вы дакладна ведаеце, што там ёсць праца?
– запытаўся Хастан.

– Не. Але ж тут яе ўжо напэўна няма.

– Будзе. Крыху пазней будзе, - сказаў Хастан.
– Мы вырашылi чакаць.

– Не хочацца ехаць адсюль, - сказаў бацька.
– Народ тут добры... i туалеты, i ўсё такое. Але ж ехаць трэба. У нас цэлы бак бензiну. Куды-небудзь дабяромся. Тут мы кожны дзень мылiся пад душам. Я ў жыццi нiколi такi чысты не хадзiў. Дзiўная рэч - раней мыўся раз на тыдзень, i ад мяне нiчым не пахла. А цяпер - дзень прапусцiш, i ад цябе смярдзiць. Што, гэта ад частага мыцця так?

Поделиться с друзьями: