Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Хастан кiўнуў галавой:
– I вы правiльна зрабiлi.
Пачало змяркацца, i, па меры таго як згушчалася вячэрняе сутонне, гукi струннага аркестра, якi рэпецiраваў танцы, рабiлiся ўсё гучнейшымi. Над танцпляцоўкай успыхнулi лямпачкi, двое мужчын уважлiва агледзелi зроблены з абрыўкаў дроту провад. Дзецi шчыльна абступiлi музыкантаў. Падлетак з гiтарай нягучна напяваў i найграваў блюз "Родныя палеткi", i на прыпеве другога куплета мелодыю падхапiлi тры губныя гармонiкi i скрыпка. Да пляцоўкi з усiх бакоў падыходзiлi людзi - мужчыны ў чыстых сiнiх камбiнезонах, жанчыны ў сарпiнкавых сукенках. Яны абкружылi пляцоўку i спакойна чакалi пачатку танцаў, электрычныя лямпачкi асвятлялi iх уважлiвыя, поўныя радасных прадчуванняў твары.
Уся зона лагера была абнесена высокай драцяной агароджай, i ўздоўж яе, праз кожныя пяцьдзесят футаў, сядзелi на траве вартавыя.
Пачалi на машынах з'язджацца госцi - дробныя фермеры з сем'ямi, перасяленцы з iншых лагераў. У варотах кожны называў прозвiшча знаёмага, ад якога было атрымана запрашэнне.
Аркестр зайграў карагодны танец - цяпер ужо зусiм гучна, бо рэпетыцыя скончылася. Праведнiкi сядзелi каля сваiх палатак i хмурна, пагардлiва пазiралi на танцпляцоўку. Яны не перагаворвалiся мiж сабой, яны пiльна высочвалi грэх i самiм выглядам сваiм выказвалi асуджэнне ўсёй гэтай блюзнерскай забавы.
Каля палаткi Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд наспех праглынулi, што там было на абед, i кiнулiся да пляцоўкi. На воклiк мацi дзецi вярнулiся, i яна задрала iм угору падбародкi, праверыла, цi не брудныя ў iх насы, пацягнула за вушы, зазiрнула ў iх i загадала iсцi ў санiтарны блок i яшчэ раз памыць рукi. Малыя схавалiся за будынкам, пакруцiлiся там, потым сiганулi да танцавальнай пляцоўкi i змяшалiся з гуртам дзяцей, што абкружылi аркестр.
Эл паабедаў i паўгадзiны галiўся Томавай брытвай. Потым памыўся, надзеў шарсцяныя штаны, якiя шчыльна аблягалi яго сцёгны, змачыў вадой свае прамыя валасы i зачасаў iх назад. Выбраўшы момант, калi ва ўмывальнай нiкога не было, ён абаяльна ўсмiхнуўся сам сабе ў люстра, потым павярнуўся бокам, стараючыся ўбачыць, як гэта ўсмешка выглядае ў профiль. Пасля надзеў на кашулю чырвоныя нарукаўныя гумкi i апрануў свой шчыльна падагнаны пiнжак, працёр жоўтыя чаравiкi кавалкам туалетнай паперы. Раптам ва ўмывальную нехта зайшоў. Эл выскачыў з яе i зухавата пакрочыў да танцпляцоўкi, зiркаючы вачамi па баках у пошуках дзяўчат. Каля адной палаткi блiзка ад пляцоўкi сядзела прыгожанькая бландзiначка. Эл нiбы незнарок падышоў да яе i расшпiлiў пiнжак, каб вiдаць была яго сiняя кашуля.
– Пойдзеш на танцы?
– запытаўся ён.
Дзяўчына адвярнулася i нiчога не адказала.
– Што, з табой i словам перакiнуцца нельга? Можа, пойдзем патанцуем?
– I нiбы мiж iншым дадаў: - Я вальс умею.
Дзяўчына нясмела падняла на яго вочы i сказала:
– Падумаеш. Вальс усе танцуюць.
– Толькi не як я, - сказаў Эл. На пляцоўцы зноў зайгралi, i ён пачаў прытупваць у такт нагой.
– Пойдзем, - сказаў ён.
З палаткi высунула галаву таўшчэзная жанчына i глянула на яго грозным вокам.
– Iдзi сваёй дарогай, праходзь, - зласлiва сказала яна.
– Дачка мая даўно заручаная. Яна замуж выходзiць - хутка жанiх прыедзе.
Эл гарэзлiва падмiргнуў дзяўчыне i пайшоў далей, прытупваючы на хаду пад музыку, паводзячы плячамi i памахваючы рукамi. Дзяўчына пазiрала яму ўслед.
Бацька паставiў талерку на скрыню i ўстаў.
– Ну, хадзем, Джон, - сказаў ён i растлумачыў мацi: - Хочам пагаварыць тут з аднымi людзьмi, даведаемся, можа, дзе работа ёсць.
– Разам з Джонам ён пайшоў да домiка адмiнiстратара.
Том падабраў кавалкам куплёнага хлеба рэшткi мяснога соўсу на талерцы i адправiў яго ў рот. Тады падаў талерку мацi, i тая апусцiла яе ў вядро з гарачай вадой, памыла i дала выцерцi Ружы Сарона.
– А ты хiба на танцы не пойдзеш?
– запыталася ў Тома мацi.
– А як жа, пайду, - адказаў Том.
– Мяне выбралi ў камiсiю дзяжурыць. Трэба пазабаўляць сяго-таго з гасцей.
– У камiсiю ўжо выбралi?
– здзiвiлася мацi.
– Гэта, вiдаць, таму, што ты работу маеш?
Ружа Сарона нахiлiлася, каб пакласцi талерку ў скрыню. Том, паказваючы на яе, сказаў:
– А божа, як яна таўсцее!
Ружа Сарона залiлася чырванню i ўзяла ў мацi яшчэ адну талерку.
– Чаму ж ёй не таўсцець, - сказала мацi.
– I прыгажэе, - дадаў Том.
Ружа Сарона яшчэ гусцей пачырванела i апусцiла галаву.
– Сцiхнi ты, - прашаптала яна.
– Чаму ж ёй не прыгажэць, - сказала мацi.
– Маладзенькiя, што носяць дзiця пад сэрцам, заўсёды прыгажэюць.
Том засмяяўся:
– Калi яна i далей будзе так пухнуць, ёй давядзецца жывот на тачцы вазiць.
– Ды сцiхнi ты, - сказала Ружа Сарона i схавалася пад брызентам.
Мацi ўсмiхнулася:
– Не дражнi яе.
– Ёй гэта даспадобы, - сказаў Том.
– Я ведаю, што ёй даспадобы, i ўсё-такi гэта яе трывожыць. Яна i так па Конi тужыць.
– Ну, на Конi даўно пара рукой махнуць. Ён не iначай як на прэзiдэнта Злучаных Штатаў вучыцца.
– Пакiнь яе, не чапай. Яе доля i так незайздросная.
Да палаткi, шырока ўсмiхаючыся, падышоў Уiлi Iтан.
– Ты Том Джоўд?
– запытаўся ён.
– Я.
– Я старшыня святочнай камiсii. Ты нам будзеш патрэбны. Мне пра цябе гаварылi.
– Што ж, мы з табой разам пацешымся, - сказаў Том.
– Пазнаёмся, гэта мая ма.
– Добры вечар, - сказаў Уiлi.
– Вельмi прыемна, - адказала мацi.
Уiлi сказаў:
– Мы паставiм цябе спачатку каля варот, а потым пяройдзеш на танцпляцоўку. Прыглядайся да тых, хто ўваходзiць, i, можа, адразу i высачыш iх. З табой будзе яшчэ адзiн хлопец. А крыху пазней пойдзеш танцаваць i будзеш пiльна прыглядацца.
– Добра, гэта я магу, - пагадзiўся Том.
– А хiба можа што здарыцца?
– устрывожылася мацi.
– Не, мэм, - адказаў Уiлi.
– Нiчога такога.
– Зусiм нiчога, - сказаў Том.
– Ну пайшлi. Убачымся з табой, ма, на танцах.
– Том i Ўiлi шпарка пакрочылi да галоўных варот.
Мацi паставiла памыты посуд на скрыню.
– Выходзь!
– крыкнула яна i, не пачуўшы адказу, паўтарыла: - Выходзь, Разашарна.
Ружа Сарона выйшла з-пад брызенту i зноў узялася выцiраць талеркi.
– Том проста жартаваў, - сказала мацi.
– Ведаю. Няхай сабе. Толькi мне непрыемна, калi на мяне глядзяць.
– Ну, тут ужо нiчога не зробiш. Глядзець будуць. Людзям прыемна ж палюбавацца на маладзенькую, калi яна дзiця чакае - прыемна i весела. А ты на танцы не збiраешся?
– Збiралася... А цяпер не ведаю. Хачу, каб Конi вярнуўся.
– Ружа Сарона гучна паўтарыла: - Я хачу, ма, каб Конi вярнуўся. Больш так я не магу.
Мацi пiльна паглядзела на яе.
– Я разумею. Толькi глядзi, Разашарна, не асарамацi сям'ю.