Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Пасачы за iмi, - сказаў Тому Джул i падышоў да вартаўнiка.
– Хто iх запрасiў?
– Нейкi Джэксан, сектар нумар чатыры.
Джул вярнуўся да Тома.
– Вiдаць, яны самыя i ёсць, - сказаў ён.
– Адкуль ты ведаеш?
– Ды так - здаецца. У iх нейкi выгляд насцярожаны. Iдзi за iмi, пакажы iх Уiлi Iтану, i няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць iх. А я тут пабуду.
Том пайшоў следам за трыма маладымi людзьмi. Яны падышлi да танцавальнай пляцоўкi i спакойна сталi з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уiлi i паманiў яго рукою да сябе.
– Ну, што ў цябе?
– запытаўся Ўiлi.
– Вунь тыя трое - бачыш?
– Ага.
– Сказалi, што iх запрасiў нейкi Джэксан з чацвёртага.
Уiлi выцягнуў шыю, адшукаў вачамi Хастана i падазваў яго.
– Вунь тыя трое, - сказаў ён.
– Трэба знайсцi Джэксана з чацвёртага аддзялення i даведацца, цi запрашаў ён iх.
Хастан павярнуўся на абцасах i пайшоў; праз некалькi хвiлiн ён падвёў да Ўiлi i Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.
– Вось ён, Джэксан, - сказаў Хастан.
– Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?
– Ну.
– Вы iх запрашалi сюды?
– Не.
– Раней калi бачылi iх?
Джэксан прыгледзеўся больш уважлiва.
– Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалi.
– Значыць, прозвiшча ваша iм вядомае?
– Ну так. Мы працавалi побач.
– Добра, - сказаў Хастан.
– Вы, хлопцы, да iх не падыходзьце. Калi нiчога дрэннага не зробяць, мы не будзем iх выправоджваць. Дзякуй вам, мiстэр Джэксан.
– Тому ён сказаў: - Добра зроблена. Думаю, яны самыя i ёсць.
– Гэта Джул iх запрыкмецiў, - сказаў Том.
– Дзiва што!
– усклiкнуў Уiлi.
– Iндзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу iх сваiм хлопцам.
З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццацi i спынiўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.
– Мiстэр Хастан, - загаварыў ён, - я зрабiў усё, як вы загадалi. Адна машына стала каля эўкалiптаў - у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамi спынiлася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да iх, папрасiў даць прыпалiць. У iх рэвальверы. Сам бачыў.
Позiрк у Хастана зрабiўся суровы, жорсткi.
– Уiлi, - сказаў ён, - у цябе ўсё гатова, ты праверыў?
Уiлi ашчэрыўся вясёлай усмешкай:
– Будзьце спакойныя, мiстэр Хастан. Усё будзе зроблена як належыць.
– Толькi нiкога не бiць. Запомнi. Калi зможаце - толькi па-добраму, спакойна, прывядзiце iх да мяне. Я буду ў сваёй палатцы.
– Пастараемся, - сказаў Уiлi.
Танцы яшчэ фармальна не пачалiся, i Ўiлi падняўся на пляцоўку.
– Разбiрайцеся па чацвёра!
– крыкнуў ён.
Аркестр замаўчаў. Юнакi i дзяўчаты, маладыя мужчыны i жанчыны забегалi па вялiкай танцавальнай пляцоўцы i нарэшце выстраiлiся ў восем чацвёрак выстраiлiся i чакалi пачатку. Дамы стаялi, падняўшы рукi перад сабой i сашчапiўшы далонi. Кавалеры нецярплiва пераступалi з нагi на нагу. Старыя i пажылыя сядзелi вакол пляцоўкi, ледзь прыкметна ўсмiхаючыся, не адпускалi ад сябе дзяцей, якiя рвалiся на сярэдзiну пляцоўкi. А там, каля палатак, сядзелi праведныя хрысцiяне i з асуджэннем на суровых тварах высочвалi грэх.
Мацi i Ружа Сарона селi на лаўку. I калi кавалеры запрашалi Ружу Сарона на танец, мацi гаварыла: - Не, яна нешта дрэнна сябе сёння адчувае.
– А Ружа Сарона кожны раз залiвалася чырванню, i вочы ў яе загаралiся.
Распарадчык танцаў Уiлi Iтан выйшаў на сярэдзiну i падняў рукi:
– Усе гатовыя? Пачалi!
Грымнуў аркестр, гулка i пранiзлiва зайграў вiрджынскую кадрылю "Куранё" завiшчала скрыпка, хрыпла загугнiлi гармонiкi, заракаталi на басах гiтары. Распарадчык выкрыкваў фiгуры, чацвёркi паварочвалiся, сходзiлiся, адступалi.
– Бярыцеся за рукi, кружыце дам.
– Разгарачыўшыся, Уiлi сам адбiваў такт нагамi, важна хадзiў узад i ўперад, снаваў сярод танцораў, паказваючы новую фiгуру.
– Кружыце дам, i далiкатней. Цяпер кола, шырэй!
– Музыка то грымела на ўсю моц, то зацiхала, а падэшвы адбiвалi такт, як барабанны дробат.
– Паварот направа, паварот налева, рукi адпусцiць, паварот кругом!
– высокiм голасам энергiчна выкрыкваў Уiлi. I ўжо прычоскi ў дзяўчат сталi не такiя гладзенькiя, у кавалераў на лбе выступiлi кроплi поту. I вось ужо хвацкiя танцоры пачалi выкiдваць адмысловыя каленцы. А старыя i пажылыя, што сядзелi па краях пляцоўкi, захопленыя рытмам танца, нягучна пляскалi ў далонi, прытупвалi нагамi, мякка ўсмiхалiся адзiн аднаму, кiвалi галовамi.
Мацi прашаптала на вуха Ружы Сарона:
– Хочаш вер, хочаш не, але тата твой быў хвацкi танцор у маладыя гады, лепшага я не бачыла.
– Мацi ўсмiхнулася: - Не хочучы, старыя часы прыгадаеш. Усмешкi на тварах астатнiх гледачоў таксама былi народжаныя ўспамiнамi пра даўнейшае.
– У нас там, у Аклахоме, каля Маскагi, гадоў дваццаць назад быў сляпы скрыпач...
– Я некалi бачыў аднаго хвата - падскочыць i чатыры разы абцасамi прыстукнуць паспее.
– А шведы ў Дакоце, ведаеце, што робяць? Насыплюць перцу на падлогу, жанчынам пад спаднiцу трапiць, i яны такiя жвавыя, такiя рэзвыя робяцца, што тая кабылка ўвесну. Шведы часам так робяць.
А верныя паслядоўнiкi Хрыста здаля сачылi за танцамi i трымалi пры сабе дзяцей, якiм не сядзелася на месцы.
– Гляньце, вунь якi грэх учыняюць, - гаварылi яны.
– Гэтыя людзi так i ўедуць у пекла на качарзе. Проста сорам набожным бачыць такое.
– Дзецi iх слухалi i трывожна маўчалi.
– Яшчэ адно кола, i перадышка, - нараспеў прагаварыў распарадчык Уiлi Iтан.
– Задайце жару напаследак.
– Распараныя, расчырванелыя дзяўчаты танцавалi, растулiўшы вусны, з урачыстым, пачцiвым выразам на твары, а хлопцы адкiдалi з iлба доўгiя валасы i выраблялi курбеты, разводзячы ногi ў бакi, прыстуквалi абцасамi. Чацвёркi выходзiлi наперад, перасякалi пляцоўку наўскасяк, адступалi назад, кружылiся пад гучную, вiсклiвую музыку.
I раптам аркестр змоўк. Танцоры застылi на месцы, прагна хапаючы ротам паветра. Дзецi, быццам сарваўшыся з ланцуга, кiнулiся на пляцоўку i сталi бегаць, ганяцца адзiн за адным, коўзацца па падлозе, зрываць адзiн у аднаго кепкi, цягаць за валасы. Танцоры селi, абмахваючыся рукамi. Музыканты паднялiся, расправiлi плечы i зноў селi. Цiха забрынкалi гiтарысты, падцягваючы струны.
Нарэшце Ўiлi крыкнуў:
– Разбiрайцеся зноў па чацвёрках, хто яшчэ можа.
Танцоры цяжка адарвалiся ад лавак, i кавалеры зноў кiнулiся запрашаць дам. Том стаяў блiзка ад траiх маладых людзей, за якiмi сачыў. Ён бачыў, як яны працiснулiся на танцпляцоўку i накiравалiся да адной з чацвёрак. Скрыпач iрвануў смычком па струнах. Дваццаць чалавек лянiвай паходкай выйшлi на сярэдзiну пляцоўкi. Тыя трое ўжо падышлi да чацвёркi. Адзiн з iх сказаў: