Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
Дылдавы госці выжлукцілі сваю конскую гарэлку і пайшлі па хатах. Дылду стала сумна. Заўважыўшы нас з Санькам у парозе, ён паківаў пальцам, каб падышлі.
— Сеньёр Антоніо, — паказаў на сябе Дылда рукой. Мы кіўнулі галовамі: зразумела — Антон.
I тут Дылда ткнуў у Санькаў нос.
— Санька, — працадзіў мой прыяцель.
— Сеньёр Санька,— паправіў яго Дылда і зарагатаў.
Калі Дылдаў палец нацэліўся на мяне, я сам бойка адрапартаваў:
— Сеньёр Іван!
Дылду гэта так спадабалася, што ён аж пасінеў ад смеху. Мне здавалася, што італьянец вось-вось захліпнецца. Як гляне на Санькавы босыя, парэпаныя ногі, дык проста з услона валіцца.
— Сеньёр Санька!
А потым пакажа на мае рудыя, з нямецкага мяшка штаны і за жывот бярэцца.
— Сеньёр Іван.
I тут нас ахапіла злосць: насміхаецца, гад. Відаць, ад гэтай злосці мой прыяцель набраўся храбрасці і пекануў:
— Сеньёр Дылда.
Тут ужо мы давімся смехам. Праўда, так не заліваемся, а фыркаем і пырскаем слінай.
— Но-о, — не згадзіўся афіцэр, — сеньёр Антоніо.
Яшчэ фанабэрыцца. Сказаў бы проста Антон, а то Антоніо. Мне стала яшчэ больш смешна, таму што ўспомніўся прыдуркаваты Антон Глінаед, за якім часта бегаюць дзеці і дражняцца:
Антон — Харытон
Набіў бабу хамутом.
Баба плача,
Антон скача.
Звычайна тады Антон спыняецца, прыстаўляе пальцы да лба, быццам гэта рогі, і мычыць бугаём, палохае.
I тут Дылда, відаць, жадаючы нас задобрыць, зрабіў прамашку. Ён узяў відэлец і дзеўбануў у нейкую смажаніну, што не даелі яго госці. Санька лбом адчыніў дзверы, следам коркам вылецеў я. Станем мы есці. Каб мы бачылі, што яны напіхвалі ў свае бляшанкі, а то, можа, налавілі дзе ў Італіі ў раўчаку. Следам за намі коціцца звонкі рогат.
Выскачылі ў сенцы, аглянуліся — не даганяе. На двор выйшлі спакойна. Тут на прызбе салдат чысціць афіцэрскія боты. Ён робіць гэта так спрытна, нібы цыркач. Шчотка раз-пораз вырываецца ў яго з рукі, пераварочваецца ў паветры і сама скача італьянцу ў руку. Мы з Санькам аж раты разявілі.
Салдата звалі Педра.
— Педра, Педра, — паказаў ён на сябе бліскучым ботам, нацягнутым на руку, потым плюнуў на яго і зноў зашморгаў шчоткай.
— Пятро, значыць, — пераклаў мне Санька салдацкае імя, хоць я і без яго гэта зразумеў.
Мы таксама назвалі сябе: сеньёр Санька і сеньёр Іван.
Дзяншчык аказаўся гаваркім і вясёлым хлопцам. Кінуўшы чысціць боты, ён дастаў з кішэні карты і паказаў нам фокус: быў туз і няма туза. Затым сцягнуў з пальца пярсцёнак, выцер яго аб штаны, паклаў у рот і на нашых вачах праглынуў. Колькі мы ні заглядвалі яму ў рот, пярсцёнка там не было. Пярсцёнак аказаўся ў Санькавым вуху. Мы проста аслупянелі ад здзіўлення. Адным словам, Педра нам спадабаўся. Ён свой чалавек. Магчыма, гэта той самы Пепа, пра якога мы чыталі ў адной кніжцы. Падрос, вядома.
Таму мы і адважыліся пусціцца ў размовы пра палітыку. Нам карціць ведаць, якія думкі ў італьянцаў пра ўсё тое, што, робіцца на свеце. Атрымалася гэта так.
— Дучэ гут? — пытае Санька.
Педра ўзняў ад здзіўлення бровы, чамусьці прыплёў нейкую мадонну, а потым прыклаў да лба пальцы, як прыдуркаваты Антон, і смешна забэкаў:
— Бэ-э!
— Дучэ — баран, — пераклаў Санька.
На развітанне Педра даў нам па сухой, як костка, галеціне і панёс боты ў хату.
А ў сенцах нас пачаставала яшчэ і баба Мікалаіха. Яна дала нам па скібцы хлеба з маслам. 3 той самай дзежачкі, якую дзед быццам бы закапаў. Масла як масла, скура з языка не аблазіць. Дзед сядзіць на ўслоне, хітра ўсміхаецца і мацае свае белыя вусы, ці не згубіліся. Ён толькі напалохаў італьянца.
Калі італьянцы такія, як Педра, то ўвогуле яны неблагія людзі. Так думаюць, вяртаючыся дамоў, два сеньёры: сеньёр Санька і сеньёр Іван.
27. ЯК САНЬКУ «АЖАНІЛІ»
Італьянцам вельмі падабаюцца савецкія сярэбраныя паўрублі. За адзін такі паўрубель яны могуць даць суконны салдацкі фрэнч або штаны, чаравікі або пару новай бялізны. Цётка Скачыха выменяла, напрыклад, яшчэ зусім новую салдацкую коўдру.
Нам італьянцы таксама набіваліся рознымі рэчамі: адзін раз салдат прыносіў боты, а ў другі — пару просцін. Мая бабуля вельмі шкадуе, што ў яе няма ніводнага паўрубля. Глядзіш, і прыабула б нас, абшыла б крыху.
У манашкі Чмышыхі аднаму начальніку спадабаліся абразы. Дакладней кажучы, не ўсе абразы, а толькі багамацер.
— Прычапіўся ён да мяне, як сляпы да плота, — скардзілася Чмышыха, прыйшоўшы да нас пазычыць рэшата. — Ты мне, кажа, мадонну дай, а я табе кувадла. А на якую хваробу мне тое кувадла? Ды і грэх гэта, мая дзеўка, бога прадаваць. Вось і паказала я яму дарогу да Цімоха Каваля. Можа яму кувадла трэба.
— Ён табе каня даваў, — падказаў я манашцы, бо мы з Санькам па-італьянску — рэпу грызём.
— Ах, божа ж ты мой, — спалохалася чамусьці Чмышыха і, забыўшы пра рэшата, бягом пабегла з хаты.
— Грэх ёй бога прадаваць, — недаверліва паківала галавой бабуля. — Языком толькі.
Бабуля Чмышысе не верыць. Усё жыццё манашка гаварыла, што калгасы ад д'ябла, а потым, калі прыйшлі немцы, з парнікоў перацягала цэлы штабель колікаў, да якіх падвязвалі памідоры. Не паглядзела, што яны ад д'ябла.
Праз дзень пасля размовы пра мадонну ў Чмышысіным двары хадзіла здаравеннае, вымазанае чымсьці смярдзючым ад каросты, «кувадла». Трубіла яно траву, як у трубу. Манашка была ў роспачы: хутка і вушы аб'есць.
У бабы Гапы аднаму італьянцу спадабалася курыца. Праўда, «кувадла» ён за яе не даваў, а пакуль баба была на агародзе, адкруціў курыцы галаву, схапіў пад паху і ўцёк. 3 гэтага мы таксама зрабілі вывад, што італьянцы лепшыя за немцаў. Яны не бяруць нахабна.
Спадабалася ім і наша возера: шырокае і глыбокае. Якая ў ім глыбіня, дык гэтага і сказаць немагчыма, бо яшчэ ніхто ніколі пасярэдзіне не дасягаў дна. Старыя людзі кажуць, што калісьці на месцы возера і балота з сітнягамі і аерам стаяла высокая гара, а на гары — царква. Аднойчы, калі ў царкву набілася процьма народу, бог чамусьці раззлаваўся, і царква з людзьмі правалілася пад зямлю. 3 таго часу летам па вечарах, перад захадам сонца, калі добра прыслухацца, нібыта можна пачуць, як пад вадой спяваюць малітву. Мы з Санькам не раз прыслухоўваліся. Сапраўды чуваць спевы, толькі яны чамусьці падобныя на крумканне жаб.
Італьянцы доўга тапталіся ля возера, выбіралі сухое месца, а потым грымнуў выбух, і над люстранай гладдзю слупам узнялася вада. Гахнула другі раз, над вадой пракацілася рэха і сціхла ў сітнягах. А ў трэці раз толькі булькнула, як хто шпурнуў камень.
Салдаты кінулі гранат з дзесяць. Тры не ўзарваліся. Мы з Санькам добра прыкмецілі, куды яны ўпалі.
Салдаты адабралі буйнейшую рыбу і пайшлі, а на нашу долю засталася розная драбяза. Цэлая армія басаногіх хлапчукоў, паскідаўшы штаны, з гоманам і вясёлым крыкам рынулася ў цвілую, ужо добра такі халодную ваду.