Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Паступіў загад збіраць для нямецкага войска цёплыя рэчы. Калі хочаце, каб бальшавікі не вярнуліся, трэба дапамагчы Германіі,— аб'явіў ён і выцягнуў з кішіэні зашмальцаваны школьны сшытак.

— Сырцовы? — грозна спытаў ён і, паслініўшы аловак, пачаў штосьці крэмзаць на паперы чырвонымі адубелымі пальцамі.

— Гэта чым жа я дапамагу той Ярманіі? — здзівілася бабуля.— Хіба што спадніцу аддам... Вось світка ёсць.— Яна наказала паліцаю латаную-пералатаную ватоўку.

Няўмыка скрывіўся, быццам нешта кіслае з'еў.

— Ды я ведаю. Ва ўсіх адна і тая ж песня, а кажухі і валёнкі пахавалі. Вось мы зараз паглядзім...

Холёд,— умяшаўся ў размову немец. Ён паказау бабулі на замёрзлае акно і растлумачыў:

— Эс іст кальт... Бр-р-р!

I паказаў, як яго прабірае мароз.

— А чаму ж ваш Гітлер вам не даў кажухоў? — спытала бабуля.— Хіба ён не ведаў, куды пасылае?

Пачуўшы слова «Гітлер», немцы насцярожыліся і запытальна паглядзелі на Няўмыку, што той скажа. А Няўмыка глянуў спадылба і буркнуў:

— Прыкусі язык, старая качарга...

I прыступіў да справы. Ён перавярнуў усё дагары нагамі ў скрыні. Ніякіх кажухоў там, зразумела, не было. Ператрос матчыну пасцель, заглянуў пад ложак і палез да нас з Санькам на печ.

— Дзіця там хворае,— кінулася наперарэз бабуля. Няўмыка адпіхнуў яе ўбок, нібы сухую былінку.

— Ведаем мы вас...

I сцягнуў з мяне мой кажушок.

Гэта быў не бог ведае які кажух. Яго перашылі мне са старога бацькавага. Было на ім некалькі латак, былі ў ім і дзве-тры дзіркі. Руды Няўмыка доўга круціў адзежыну ў руках, быццам ён не забіраў проста так, а купляў на базары і баяўся пераплаціць.

— Швах...— адгукнуўся ад печы адзін з немцаў.— Зэр швах.

— Вось і я кажу,— радасна падтрымала яго бабу­ля,— па швах ледзь ліпіць... Ды і сіроцкі гэта. Грэх браць...

— А мы за грэх ды ў мех,— крыва ўхмыльнуўся Няўмыка і кінуў кажушок на падлогу.

— Гут,— падбадзёрыў ён немцаў.— На рукавіцы можна перашыць...

I паказаў ім свае аўчынныя рукавіцы.

I раптам бабуля спалохана вохнула і з лямантам кінулася на печ. Там Няўмыка развязваў яе чорны клунак.

— Што ты робіш, ірад? — загаласіла старая.— Я ж на смерць берагу...

Ад моцнага штуршка ў грудзі яна адляцела на сярэдзіну хаты і зноў коршакам учапілася за Няўмыкаў кажух.

— Не руш, Аўдзеіч. Не крыўдзі старога чалавека. Бог цябе пакарае. У чым жа на могілкі мяне панясуць?..

На гэты раз бабуля адляцела яшчэ далей, паваліла ўслон. Грымнуўся аб падлогу гладыш і рассыпаўся на чарапкі.

Немцы стаялі на тым жа месцы і з цікавасцю назіралі за гэтай няроўнай барацьбой. Глыжка са страху зашыўся за комін, я хацеў злезці з печы, заступіцца за бабулю, ды сарваўся з прыпечка і разбіў аб жалезны ложак скроню.

Апрытомнеў я зноў на чарэні. Расплюшчыў вочы — ляжу ўкрыты посцілкай, зірнуў на жэрдку — няма клунка, толькі пляцёнка цыбулі. Нада мной заплаканы бабульчын твар.

— А дурненькі ты,— ласкава папракае яна мяне.— Хіба так можна? Табе ж ляжаць трэба...

— Забралі? — спытаў я, хоць і так было ўсё ясна. Бабульчыны вочы наліліся слязьмі. Яна гучна высмаркалася ў фартух і ўздыхнула:

— Каб іх за жывот так узяло ды не адпусціла.

Мне шкада кажушка, шкада і бабульчынага клунка: такая прыгожая была гаруска. Толькі, калі добра падумаць, тут ёсць чаму і радавацца. Немцам холад­на, так ім і трэба. Справы ў іх неважнецкія, калі Германіі спатрэбіўся мой кажушок.

Ды і бабулька, мабыць, цяпер не будзе так часта збірацца паміраць. Няма пасагу — трэба нажыць.

Але яна, напэўна, думае інакш. Цэлы дзень ходзіць сама не свая. За што ні возьмецца — усё з рук валіцца. Увесь час уздыхае ды вохкае. I толькі пад вечар старая крыху супакоілася. Нарэзала сечкі карове, прынесла вады, а потым села ў парозе на ўслон, склала на прыпале рукі і ўз дыхнул а:

— Нічога не зробіш. Для чаго я сабе яго берагла — няхай ім для таго будзе...

Гэта яна пра свой пасаг.

22. НЯМЕЦКІЯ ЖАРТАЧКІ

Калі зіма сустракаецца з летам, гэта называецца стрэчаннем. Так нам бабуля казала. У гэты дзень трэба, каб певень напіўся пад страхой вады. Тады будзе добра. Тады на нейкае там свята вол пад'есць травы. У нас, праўда, вала няма, але ёсць карова. Яна траву таксама любіць.

Вокны ўжо адталі, скінулі калматы снежны кажух, і ў хаце светла ад сонца. Яго праменні заглядваюць у вядро з вадой, і па столі бегаюць палахлівыя зайчыкі.

Глыжка з самай раніцы прыліп да шыбы. Яму вельмі хочацца ўбачыць, нап'ецца певень з-пад страхі ці не. Яму надакучыла зіма.

Надакучыла зіма і мне. Я доўга качаўся пасля хва­робы на печы, а потым, калі крыху ачуняў, не мог выйсці на вуліцу — не было чаго апрануць. Кажушок забраў Няўмыка на патрэбы Германіі. Праўда, Германія атрымала дулю, а не кажух. Яго адрамантавалі, пацягнулі зверху матэрыяй. У ім цяпер катаецца на каньках Рудзька, Няўмыкаў вырадак. А Сава раскашуецца ў бабульчынай хустцы. Кажуць, у нядзелю ў царкву прыходзіла: зверху цёплая хустка, а спадыспаду — гаруска.

Я таксама сяджу побач з Глыжкам і з захапленнем гляджу на вуліцу. Там радуюцца цеплыні вераб'і, скачуць, весела жыўкаюць: жыў-жыў! Мне б іхнія клопаты.

Падставіўшы бок пад сонца, грэецца карова. Яна ад здавальнення жмурыць вочы і штосьці жуе. У расталым смецці капаюцца нашы тры яшчэ няз'едзеныя нем­цамі куры і певень. Чорны, абмарожаны грэбень у яго, мабыць, баліць, але ён трымаецца гогалем, расхаджвае важна, як паліцай, і ўсё павышае голас на курэй, увесь час да іх прыдзіраецца. А вось ісці піць ваду пад стра­хой ён і не думае.

Затое напілася рабая.

Баб, а калі кулыца? — крычыць ад акна Глыжка.

Бабуля сядзіць пад падлогай, перабірае бульбу. На братаў голас яна высунула галаву, абвешаную павуціннем.

— Што курыца?

— Калі кулыца нап'ечча, будзе вол тлаву ешці?

Бабуля на хвіліну задумалася, а потым упэўнена сказала:

— Будзе!

I зноў схавалася пад падлогу. Ёй няма часу з намі тачыць лясы — трэба бульбу перабраць: што варыць, што на насонне.

Пад ложкам са шчыліны ў падлозе выцягнуўся на святло парастак. Расце ён ужо даўно. Спачатку пака­гаўся сіняваты зубок, дужы і ядраны, поўны сілы, якую дала яму маці-бульбіна, поўны надзеі, што пусціць карэнне ў зямлю, што будуць ліць на яго цёплыя дажджы, што будзе над ім сонца. Але парастак паспяшаўся. Над ім няма неба, а толькі донікі ложка ў павуцінні, не льюць дажджы, а стаіць затхлае, сухое паветра, няма і сонца. Парастак не хоча з гэтым мірыцца, ён расце і расце насуперак лёсу. Але абставіны мацней за яго. Ён выцягнуўся і пабялеў, стаў кволы і вялы — у бульбіны ўжо не хапае соку. Не сёння дык заўтра яе знойдзе бабульчына рука, абарве крохкую сцяблінку, белыя мяккія карэньчыкі. Бульбіну пакладуць у чыгун і звараць, а парастак выкінуць на смецце...

Поделиться с друзьями: