Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
Мы з Санькам не ганяемся за рыбай. Рыбу з'ясі і ўсё, а граната — іншая рэч.
Аднак не адны мы такія разумнікі. Гранаты шукаюць і другія хлопцы. Асабліва Міцька Малах стараецца. За ім нідзе не паспееш.
— Ага! — крычыць Міцька. — Вось яна пад нагой!
А праз мінуту вылазіць з-пад вады ўрачысты і радасны. У валасах поўна ціны, з галавы сцякаюць мутныя раўчакі, а ў руцэ расфарбаванае ў яркія кодеры «яйка». Толькі без гузіка, за які шморгаюць.
Міцькаў поспех нас раззлаваў: шанцуе ж гэтаму Манголу.
Мы зусім адубелі. Саньку калоціць, у мяне таксама скура пагусінілася, але вылазіць на бераг з пустымі рукамі ніхто не збіраецца. Ад зайздрасці і адчаю я даю доўгага нырца. Вада на дне, як у калодзежы, рукі і ногі зводзіць, аднак вылазіць нельга: я абмацваю і абмацваю мох, перамешваю твань з вадой. Усё дарэмна.
Следам за мной вынырнуў Санька. Па праўдзе кажучы, ён і не вынырнуў па-людску, а неяк высунуўся з-пад вады, быццам пры гульні ў жмуркі. Спачатку паказалася цэлая купіна водарасцей, а потым ужо адно вока, другое завешана травой. Як вадзянік.
— Наглытааўся вады,— сказаў Санька, адплёўваючыся, і сцягнуў з галавы травяную шапку. У руцэ граната.
Трэцюю ніхто не знайшоў. Мабыць, яна закацілася куды-небудзь пад куст або хто затаптаў у твань.
Дамоў ідзём радасныя. Калі лічыць тую гранату, што выменялі ў Храбрага Зайца на процівагаз, ды бабулін таўкачык, ды італьянскае «яйка», то ў нас іх ужо тры.
— Толькі гэта можа не ўзарвацца, — бядуе Санька, мацаючы кішэню, куды ён схаваў знаходку. — Мабыць, адсырэла ў вадзе.
— Давай пакладу дома на чарэнь, каб высахла, — прапанаваў я.
— А ў нас што, няма чарэні? — адвёў маю руку Санька і пры гэтым яшчэ дадаў, што няма чаго рот разяўляць на чужыя гранаты. Трэба было мне самому шукаць, калі хачу сушыць. Мяне ахапіла злосць. Як жа гэта так? Шукаем боепрыпасы разам, разам збіраемся ў партызаны, і раптам італьянская граната — мне чужая? Калі на тое пайшло, дык я першы заўважыў процівагаз, якім мы заплацілі Зайцу; калі ўжо лічыць, дык нямецкі таўкачык цэлы, а гэтая так сабе, без гузіка... Слова за слова, і я назваў Саньку скнарай, а ён мяне варонай. Паспрачаліся і разышліся.
А раніцой на другі дзень, калі ад сэрца адлягло і мы з Міцькам зайшлі ў Санькаў двор, цётка Марфешка сустрэла нас, як доўгачаканых гасцей:
— А-а, прыйшлі, бісавы дзеці, каб вы сказылыся, каб вас зямля не насіла. Палюбуйцеся!
Стаім. Любуемся. У вокнах ніводнай шыбы, бітым шклом усыпана сцежка на двары. У хаце, як гаворыцца, і бог адступіўся: разбурана печ, па падлозе валяюцца залітыя вадой галавешкі, у парозе разбіты надвае шчарбаты чыгун і рассыпана абабраная бульба. Пахне гарэлай анучай і мокрым попелам.
Санька сядзіць у кутку на ўслоне, вочы заплаканыя, пад адным з іх здаравенны сіняк, нос расквашаны, апухлы і блішчыць, як шкло. Хадзіць Санька не можа: баліць нага.
— Цэ і вы такія безгаловыя? — пытае нас з Міцькам цётка Марфешка. — Вы таксама ў печ бомбы пхаеце?
Мы маўчым, толькі насамі шморгаем.
— Цэ ж добра, цэ ж добра, што так яшчэ абышлося. Мне як наканована, як хто штурхнуў у бок — ідзі вады! А цэй біс, — і яна добра скубанула Саньку за саламяную грыву,— ляжаў на печы. Не скруціла табе галаву, нячыстая сіла...
Санькава маці месца сабе не знаходзіць. Яна збіраецца паклікаць Санькавага дзядзьку Харытона. Той можа паладзіць печ і заадно добра «ажэніць» самаго Саньку.
— Ён ажэніць, — з новай сілай разгараецца яе злосць, — ажэніць і долю дасць, хай табе грэц.
I, выходзячы за парог, зноў бядуе:
— Ішла да калодзежа — быў комін, іду назад — няма коміна. Ах, каб ты...
Калі справа даходзіць да жаніцьбы, нам тут з Міцькам няма чаго рабіць. Мы заглянулі ў праём столі, праз які комін выходзіў на дах,— свеціць неба, паспачувалі Саньку і пабеглі: прыйдзе Харытон, будзе і нам тая ж чарка.
У тым, што італьянская граната нарабіла шкоды, Санька, між намі кажучы, і не вінаваты. Ён паклаў «яйка» ў печ на цёплы под да раніцы. Жару там не было, а толькі лёгкі дух. Ён разлічваў устаць раней за маці, узяць ужо сухую гранату і занесці ў хованку, ды праспаў. Маці наклала ў печ дроў, наставіла чыгуноў, падпаліла сухія трэскі і пайшла па ваду. Пакуль яна гаманіла з суседкай ля калодзежа, штосьці гахнула. Падышла да хаты — коміна няма.
А Санька наогул спачатку нічога не зразумеў. Невядомая сіла падхапіла яго, з грукатам шпурнула на падлогу і агрэла па твары цаглінай. Навокал дым, галавешкі. Ля дзвярэй стаіць да смерці перапалоханая маці і галосіць, як па нябожчыку. Толькі Санька не чуе яе ляманту, у галаве яго гудзе, быццам ён прыклаў вуха да тэлеграфнага слупа.
Тыдні праз два выйшаў Санька на вуліцу, ды і то яшчэ кульгаючы.
— Ну, а дзядзька цябе ажаніў? — спытаў Міцька.
— Хацеў, — сціпла прызнаўся мой прыяцель. Мне ён расказаў больш. Харытон усё ж накруціў яму вушы, асабліва пасля таго, як, складваючы новую печ, знайшоў у саломе нашу хованку: прапалі нашы патроны, прапаў наш таўкачык. Цяпер мы зусім абяззброеныя.
28. Я ПАЎТАРАЮ ПОДЗВІГ СУСАНІНА
Стогне ў коміне другая ваенная зіма. Ноччу патрэскваюць ад марозу бярвенні сцен. Абкруціла зямлю белымі бінтамі завіруха, засыпала наш раўчак, закавала возера, замяла дарогі, насыпала гурбы снегу вышэй платоў. Вераб'і зашыліся пад стрэхі. Я, Глыжка і Санька — на свае печы. Нас там і вяроўкай бы не прывязаў, калі б было што апрануць. У рызманах не вельмі далека разгонішся, хіба выскачыш паглядзець, ці не трапіўся ў сілок снягір.
Глуха на печы. Рэдка калі рыпнуць дзверы і з ма-розным воблакам загляне ў хату навіна. То Чмышыха-манашка прыйдзе пазычыць вугалькоў, каб у печы распаліць, то дзед Мірон загляне даведацца, як мы тут жывём.
У Чмышыхі адны навіны.
— Госпадзі! — закатвае манашка вочы. — Гэта ж трэба! Вакол усё разбілі, а стаяла капліца са святымі абразамі, і нават пясчынка не звалілася, лампадка як гарэла, так і гарыць. Бог не дапусціў.
У дзеда Мірона навіны другія.
— Учора ўсю Сартыровачную перааралі. Ты паглядзела б, Матрона, як чыгунныя рэйкі пакруціла, аж у вузлы пазавязвала. Во сіла. А поезд з білізінам гарэў — глядзець страшна. Узяліся, відаць, нашы, акрыялі. Мо, дасць бог, і дачакаемся...
I пад калматымі бровамі заіскрацца вочы, пацяплее позірк. А потым памаўчыць і ўздыхне:
— Дзе ж гэта мой Васіль? Сны пра яго дрэнныя Гана бачыць.
Бацькі майго таксама не чуваць. Нашы цяпер прылятаюць кожную ноч. Павесяць над горадам ліхтары — і снег аж вочы слепіць. Вохкаюць у цемры разрывы зенітных снарадаў, глуха стогне зямля.
Фашысты задумалі нашых абхітрыць. На беразе возера за вёскай яны наставілі фанерных самалётаў, нарабілі з жалезных бочак карыт і паляць у іх у час бамбёжкі мазут. Гэта для таго каб нашы падумалі, што тут аэрадром, і кідалі бомбы. Так нашых і абдурыш. Яны і глядзець не хочуць на гэты «аэрадром».