Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Каля апаратуры застаўся адзін Пауль. Але не паспелі зачыніцца дзверы, як ён таксама скінуў навушнікі і падаўся на двор. Тут Санька пацягнуў мяне за рукаў і прапанаваў:

— Пойдзем паглядзім.

Санька тут, як гаспадар, папстрыкаў нейкімі кнопкамі на апараце. Пстрык — лямпачкі патухлі, пстрык — загарэліся.

— А гэта вось батарэі. Вазьміся пальцам.

Я ўзяўся — крыху тарганула. А потым Санька схапіў навушнікі, паслухаў сам і дазволіў мне. Нічога не разбярэш — толькі піпкае.

Каля сцяны, на падстаўцы, збітай з дошак, тры вінтоўкі. Вядома, не паглядзець іх таксама нельга. Урэшце, мы павінны ведаць і зброю ворага — гэта нам не пашкодзіць. Я схапіў першую, якая трапілася мне пад рукі, вінтоўку і павярнуў затвор. 3 задняй яго часткі высунулася нейкая круглая штука. Я паставіў ручку за­твора на месца, а штука так і засталася, не схавалася. Ну, цяпер усё, цяпер нам капут. Паспрабавалі запхнуць штуку пальцам! — не паддаецца.

— Трэба націснуць на спуск,— сказаў я Саньку.

— А калі там патрон? — спалохаўся ён.

Калі там патрон — грымне стрэл. Тады і зусім нашы справы дрэнь.

Можа мы і выйшлі б неяк з цяжкага становішча, мо­жа мы і засунулі б як-небудзь тую штуку на месца, ды ў гэты час зарыпеў ганак. Нас нібы злізала карова языком.

Адчыняюцца дзверы, а мы з Санькам ужо зноў сядзім на прыпечку, і выгляд у нас самы рахманы.

Калі б Пауль паглядзеў на нас, ён убачыў бы самых дабрачынных людзей, якім няма справы да розных там вінтовак, якія і не думаюць ісці ў партызаны. Але ён не павярнуў у наш бок і галавы. Жаласна зарыпела пад яго цяжкай тушай падлога. Пауль падыходзіць да падстаўкі, бярэ тую самую вінтоўку, якую мы толькі што разглядалі з Санькам, цэліцца ў наш бок і, не спяшаючыся, ідзе да прыпечка. Ён свідруе мяне вузенькімі, заплыўшымі вачыма, а па налітых салам шчоках ходзяць злосныя жаўлакі. Я не адводжу позірку ад яго лютых вачэй і думаю: зноў жартуе ці не? Чорнае вочка дула ўсё бліжэй і бліжэй. На спускавым кручку тоўсты палец, на пальцы белы бліскучы пярсцёнак. Зараз палец уздрыгне і гэтая жалязяка плюне ў мяне агнём. Мы з Санькам нібы прымерзлі да цёплых цаглін, сядзім, не дыхаем.

Немец прыставіў вінтоўку да майго носа, стаіць і маўчыць. Маўчу і я, пазіраю, як вол з-пад абуха. I рап­там:

— Пу!

Гэта быў не стрэл. Гэта Пауль крыкнуў на ўсю сілу сваей луджанай глоткі. Я падскочыў, як абвараны, а Па­уль ледзь не поўзае па падлозе.

— Ха-ха-ха-ха!

Трасецца тоўсты жывот.

— Гы-гы-гы-гы!

Твар стаў чырвоны, як бурак. Крывёю наліліся шчокі.

— Аха-ха-ха-ха!

Ад смеху на вачах з'явіліся слёзы.

— Іхі-хі-хі-хі!

Праўду Санька казаў — вясёлы, гад, усё яму жартачкі. Санька сядзіць побач, белы, як палатно, а на яго носе выступілі кропелькі поту. У мяне, відаць, выгляд таксама не вельмі геройскі, і таму немец ніяк не можа суняцца.

— Ого-го-го-го!

Калі ён крыху супакоіўся, то пачаў чытаць нам мараль:

— Рускі кнабе нікс карош. Рускі кнабе іст партызан. Партызан — пу!

Я іду дамоў і думаю пра тое, што бачыў і што перажыў у Санькавай хаце. Вядома, гэты Пауль крыху ненармальны, як гэта гаворыцца, цопнуты з-за вугла мяшком, а ў мяшку калун быў. Нават есці па-людску не ўмее: па цэламу яйку вылівае ў рот і хлеба забывае ўкусіць.

Ката Санькавага Пауль усё-такі павесіў. На другі дзень ён узяў тоненькі гнуткі дроцік, зрабіў пятлю і задавіў на галіне бэзу перад акном. Усім траім радыстам было вельмі смешна.

Кот, схіліўшы галаву набок і выскаліўшы тонкія вострыя зубы, цэлы дзень матляўся на халодным ветры.

23. «НАВОШТА МНЕ ТВОЙ ЦУРЫК?»

Неяк вясной, калі з палёў ужо збегла вада, а на два­ры раніцой яшчэ хрупалі пад нагамі кволым лядком рэдкія лужыны, у нашай хаце спыніліся два немцы-фурма­ны. У двор яны заехалі з падводай, распраглі коней і пачалі распараджацца, як гаспадары. Адзін з іх злазіў на гарышча, знайшоў курынае кубло, і ў хаце зашквірчала яечня.

Мы з Глыжкам сядзім на печы, выглядаем з-за коміна і думаем: няўжо яны ўсё падужаюць з'есці? З'елі.

— Каб ім шкулля ў бок,— сказаў на гэта мой брат і, уздыхнуўшы, лёг спаць.

Але Глыжкавы праклёны не дапамаглі. Скулло ў немцаў не павыскаквала. Раніцой яны адкруцілі яшчэ галаву нашай рабой курыцы, засмажылі яе, з'елі і толькі пасля гэтага сабраліся ехаць. Адзін выносіць з хаты свае манаткі: шынялі, каскі, бляшанкі процівагазаў, а другі запрагае коней.

Калі падвода выехала за вароты, бабуля з палёгкай уздыхнула, паслала ім услед сваё «каб вас пераехала...» і, бразнуўшы вядром, пайшла да калодзежа. Мы з Глыж­кам злезлі з печы і давай шныпарыць па хаце: можа немцы што забылі. Але забылі яны небагата: пусты па­чак з-пад цыгарэт ды скамечаную нямецкую газету. У газеце на фотаздымку быў Гітлер. Ён вешаў салдату на грудзі крыж. Пачак я аддаў Глыжку, а сабе ўзяў з яго толькі белую бліскучую паперку. Газету пакруцілі-павярцелі — нічога не разбярэш — кінулі ў парог.

Неўзабаве прыбягае дамоў бабуля, разгубленая, заплаканая і злосная.

— А дзе вядро? — пытаюся я.

— Адчапіся хоць ты! — злуецца яна.— Вядро паехала.

— Куды паехала? — цікавіцца Глыжка.

— Можа ў Ярманію, можа яшчэ куды,— разводзіць рукамі бабуля і сварыцца сама на сябе.— Гэта ж трэба мне быць такой: старая, а дурная. Мазгі высахлі.

А ля калодзежа адбылося вось што. Толькі бабуля набрала вады, як пад'ехалі нашы начлежнікі. Адзін з іх саскочыў з падводы і да бабулі:

— Гіб!

Выхапіў вядро з рук і панёс каню. Біцюг выжлукціў поўнае вядро за мінуту. Бабуля зачэрпала новае. А не­мец зноў:

— ГІб!

Другі біцюг таксама са смакам напіўся, паскрыгатаў зубамі. Пасля гэтага немец шпурнуў вядро на падводу, махнуў лейцамі. Бабуля спачатку разгубілася. Яна бы­ла ўражана такім нахабствам і не ведала, што рабіць, а калі схамянулася, пабегла следам:

— Пан, а вядро? Немец смяецца.

— Вядро, кажу, давай,— не сунімаецца старая і працягвае рукі да падводы. Тут немец раззлаваўся.

— Цурык!

Бабуля не адстае. Яна не можа ўцяміць, што кры­чыць гэты пан. Ёй шкада вядра. Яно амаль новае, ацынкаванае, перад самац вайной купленае ў сельмагу. За­раз такое днём з агнём не знойдзеш, ні за якія грошы не купіш.

— Аддай, нечысць, вядро! — настойліва патрабуе яна, а немец свае:

— Цурык!

Тут бабуля таксама не на жартачкі раззлавалася.

— Навошта мне твой цурык? Ты мне, нехрысць, вяд­ро вярні!

Немцу надакучыла крычаць, ён зняў з шыі аўтамат.

— Каб ты ўтапіўся ў гэтым вядры, ідал! — крыкнула бабуля ўслед падводзе і пайшла дамоў. Цяпер сядзіць і журыцца.

— Вось дурная дык дурная! Трэба было хоць той цурык узяць, пакуль даваў. А цяпер ні вядра, ні цурыка.

Я як умею тлумачу бабулі, што такое гэты самы цу­рык. Калі немец крычыць цурык, тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. У іх розуму хопіць: бабахне — і ўсё табе. Бабуля крыху збянтэжылася, але ўсё ж знайшла сабе апраўданне.

— Дык чорт іх разбярэ, калі яны гавораць не па-людску, а гергечуць.

Поделиться с друзьями: