Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— А Сцепка Ладыміраў,— паведамляе Скачыха,— відаць, памрэ, мае таечкі.
— Дык чаго ж гэта ён напіўся?
— Тытуню параілі добрыя людзі настояць. Маўляў, паваляешся, пакуль бяруць у Германію, і ачуняеш.
— Ну, гэтага хоць на сваей зямлі пахаваюць.
Мы з Санькам не маленькія, мы разумеем, што ад такога жыцця, як намалявана на сельуправе, роўма людзі не равуць і тытунь не п'юць. Сваю немку намалявалі і думаюць людзей абдурыць.
На прызбе збіраюцца мужчыны: падлеткі, дзяды. Тут верхаводзіць сам Скок. Як толькі ён выходзіць на вуліцу, мы перабягаем ад бервяна да прызбы: размовы мужчынскія цікавейшыя.
Дзядзька ведае процьму казак і быляў. Тут табе і пра дурнога пана, і пра хітрага мужыка, і пра храбрага салдата, і пра дужага волата, і пра двух сыноў разумных і аднаго дурня. Расказваць казкі Скок майстар. Скруціць цыгарку даўжынёй з качаргу і пачне:
— Далёка-далёка, за трыдзевяць земляў, куды і воўк не дабяжыць, куды і груган не даляціць, жыў ды быў...
I змоўкне. Выцягне крэсіва і краменьчыкам: ляп-ляп. Іскры ляцяць, а кнот не запальваецца. Вось мы тут і круцімся, быццам на гарачай чарэні: хто ж там жыў, хто там быў?
Любата паслухаць дзядзькавы казкі: і смешна, і страшна. Калі на дварэ цёмна, так і глядзі, каб цябе хапуны якія-небудзь не схапілі, старайся сесці бліжэй да дарослых.
Асабліва нам падабаецца казка пра хітрага мужыка і дурнота пана. Яе мы чулі можа тысячу разоў і ведаем назубок. Толькі да вайны пан быў проста панам, а цяпер гэта пан-немец. Так і гергеча, як фашыст, вось-вось, здаецца, гыркне:
— Матка, яйкі!
А яшчэ ведае дзядзька многа ўсяго іншага. У апошні час ён амаль кожны дзень ходзіць у горад. Навяжа пучкоў дзесяць цыбулі, накапае маладой бульбы, потым кашолку на плечы і паскакаў, падпіраючыся кійком. Раней усё гэта рабіла Скачыха, а цяпер ёй сам дзядзька семкі купляе. Суседзі смяюцца:
— Ці не баішся ты, Захар, каб пан які яе ў Германію не звёз?
— Ды не ў тым загваздка, мой татка,— адмахваецца сусед.— Проста мая баба ў нямецкіх грашах не разбіраецца: маркі-шкваркі, фенікі-венікі — для яе цёмны лес.
Тытунёвы дым з дзядзькавага носа вырываецца, як з двухствольнай стрэльбы, чапляецца за няголеныя вусы і воблакам узнімаецца ўгару.
— Сёння на базары аднаго вешалі,— кажа ён і мезеным пальцам збівае попел са сваей качаргі.
А дзяўчаты каля бэзу пад вокнамі сакочуць, аж заліваюцца.
— Цыц, вы! Галота!
Дрынкнула і абарвалася струна на Косцікавай балалайцы.
— Як?
Скок набірае поўныя грудзі паветра, быццам збіраецца патушыць лямпу.
— Вядома як. Акружылі базар, каб людзі не разбегліся, падагналі машыну пад тэлеграфны слуп, на якім вісіць гадзіннік, і...
— Той самы гадзіннік?
— Той самы,— ківае дзядзька галавой і пускае носам цэлую хмару.
Той гадзіннік ведаем і мы з Санькам, хоць былі ў горадзе два разы. Да вайны з бацькамі ездзілі на калгасных конях прадаваць восенню бульбу. Ён круглы і такі вялікі, што за сто крокаў убачыш, каторая гадзіна. Сёлетняй вясной мы насілі шчаўе. Шкло на гадзінніку ўжо разбіта, і стрэлкі стаяць на месцы. Санька казаў — току няма.
— А ён што? — хвалюецца Косцік.— Хіба не прасіўся?
Скок плюнуў на цыгарку і стаптаным абцасам уціснуў яе ў пясок.
— Што толку прасіцца? Стаяў як каменны. Рукі вяроўкай звязаныя. Рускі якісь, што з немцамі быў, крычаў, маўляў, гэта партызан, бальшавіцкі бандыт і рознае такое. Страшыў, словам.
Я ўяўляю сабе, як там было. Партызан, як Максім Здор — апалчэнцкі камандзір. Шырокія плечы, расхрыстаная кашуля, ільняным снопам спадаюць на лоб валасы. Адным словам, дужы і горды чалавек. Ён нічога не сказаў на допыце, нічога не сказаў і пад гадзіннікам.
— Чулі, як учора ў горадзе бухнула? — пытае між іншым дзядзька Скок.
— Ну?
— У нас аж шыбы зазвінелі,— улез у размову Міцька.
— Электрастанцыю ўзарвалі,— паведаміў сусед і давай зноў круціць качаргу.
Я сам чуў гэты выбух, толькі не звярнуў увагі: цяпер усюды бухае. 3 нашай вёскі некалькі такіх хлопцаў, як мы з Санькам, падарваліся: хто на міне, хто снарад разбіраючы, хто на чым іншым. Цяпер гэта не дзіва.
— Можа сама? — сумняваецца нехта з кавалераў.
— Дурань! — асякае яго Косцік-гарманіст.— Буры гэта зрабіў, яго работа.
— Буры ці не Буры,— разважае дзядзька, ляпаючы абломкам рашпіля па крэмню,— а справа зроблена. Прыехала некалькі чалавек у нямецкай форме, і галоўны іхні гаворыць: «Гутэн таг, мы — камісія». Прымаць, словам, будзем вашу работу. Ну, усё як мае быць агледзелі. «Гут,— кажуць,— можна запускаць». А самі селі — і аўхвідзерзэй. I тут самая галоўная машына трах-бах — і бывайце здаровы. Немцы, мой татка, забегалі: васіс дас?
— Васіс дас — кіслы квас,— увярнуў я к слову, і ўсе засмяяліся, а Скок падхапіў:
— Кіслы квас у іх выйшаў потым, калі праз гадзіну сапраўдная камісія прыехала.
— Ну, вядома, гэта Буры! — зноў рашуча паўтарыў Косцік.
Пра нейкага Бурага ўжо даўно ходзяць самыя неверагодныя чуткі. Кажуць, да вайны ён быў настаўнікам нямецкай мовы, а цяпер, пераапрануўшыся ў афіцэрскую форму, ходзіць па гораду, абедае ў нямецкіх сталовых, заходзіць у штабы — усё разведвае і перадае нашым. Аднойчы пагрузіў на машыны ўсё, што было ў нямецкім шпіталі, і адвёз да партызан у лес. Кажуць, яшчэ цэлы рэстаран з немцамі падарваў.
I вось сабралася нямецкае начальства і гаворыць:
— Хопіць нам важдацца з гэтым Бурым! Прыдумала тое начальства хітры план, як злавіць Бурага, а ён сядзіць паміж немцаў і хваліць усё гэта: «Гут, гут». Вось які гэты Буры!
Мы з Санькам выцягваем шыі і ловім кожнае слова.
— Вы чулі, якая ў нашых зброя ёсць?
Мы круць галовы на голас — Косцік Буслікаў расказвае:
— Выязджае на поле бою танк. Браня — ні адзін снарад не возьме. I раптам адчыняюцца ў ім спецыяльныя дзверцы, а адтуль танкетак штук дзесяць...
«Во,— думаю я,— добра нашы зрабілі. Немцы лічаць, што танк адзін, і сядзяць сабе, у вус не дзьмуць, а калі схопяцца — позна. Што і казаць, хітра зроблена. Няхай паскачуць цяпер нямецкія морды!»
Дарослыя дзядзькі недаверліва хмыкаюць — байкі. Толькі адзін Скок пускае дым у два струмяні і ківае галавой:
— Можа быць...
Толькі гэта яшчэ не ўсё. У нашых гармата такая ёсць — прывязуць воз снарадаў, а яна адным махам — бабах іх немцам на галовы. Снарады разрываюцца, а з іх вылятаюць другія снарады, а з другіх — трэція. Праўда, крыху меншыя.