Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— Давайце створым партызанскі атрад. Я буду камандзірам.
— Бач ты! Толькі прыйшоў і ўжо камандзір! — упікнуў яго Міцька. Міцька таксама хоча быць камандзірам, тым больш, што ён першы пасяліўся ў Плёсах. I тут пачаўся шум і гвалт, разгарэлася гарачая спрэчка. Я стаю за Саньку, а Коля Бурэц за Міцьку. Нарэшце вырашылі не крыўдзіць абодвух. Саньку, улічваючы яго даўнюю чапаеўскую славу, назначылі камандзірам, а Міцьку — начальнікам штаба. Міцька крыху паўпіраўся і згадзіўся.
I пачалося партызанскае жыццё. Вакол Плёсаў выстаўлены пасты і сакрэты з загадам строга сачыць за праціўнікам. Цэлы дзень у «штаб», які размясціўся ў Міцькавым будане, ідуць з пастоў данясенні: вакол, маўляў, спакойна, вораг не падазрае, што ў плёсаўскіх хмызняках размясціўся наш атрад. Міцька дакладна не ведае, чым павінен займацца начальнік штаба, і часта ўмешваецца ў распараджэнні камандзіра. Яны падоўгу спрачаюцца паміж сабой за ўладу — задзірысты, як малады пеўнік, Санька і спакойны, але ўпарты і настырны Міцька.
Спачатку ўсё гэта было падобна на гульню на поплаве, а потым пачалося і ўсур'ёз. Нехта з дому прывалок вінтоўку і з дзесятак патронаў. Коля Бурэц прынёс тры гранаты. Больш за ўсіх вызначыўся сам начальнік штаба. Ён калісьці на лузе прыхаваў ручны кулямёт і два дыскі з патронамі. Пасля доўгіх пошукаў кулямёт прыцягнулі ў Плёсы. Ён быў іржавы. Міцька не мог адкрыць затвор і са злосцю агрэў абушком маёй вайсковай сякеры па рукаятцы. Пачуўся стрэл, які нарабіў у атрадзе перапалоху. Наперадзе стаяў камандзір. Куля прашыла камандзірскую штаніну і ўспарола мурог перад самай пысай нечай каровы. Карова спалохана адскочыла ад чорнай разоры, а потым вярнулася і са здзіўленнем панюхала свежую зямлю.
— Цяпер, калі прыйдзе па кароў немец, пеканём, — рашуча заявіў Міцька і схаваў кулямёт у траву. Ніхто ў гэтым не сумняваўся: вядома, пеканём.
Вольныя ад службы хлопцы схадзілі на поле кіламетры за два, накапалі бульбы, і вось ужо войска, расчырванелае ад гарачыні вогнішчаў, перапэцканае ў сажу і вуголле, выкачвае з прысаку — хто лазіной, хто трэскай — печанку і з асалодай на яе дзьме. Эх, і смачная ж бульба, згатаваная сваімі рукамі ў лесе, на свежым, прыпраўлоным восеньскімі гаркаватымі пахамі паветры. Ядуць яе з тым, у каго што ёсць: хто з салам, хто з соллю, а хто і проста з такам — нішчымную. Мы з Санькам мачаем у соль на чыстай белай анучцы, а ў Міцькі соль у бляшанцы з-пад ваксы. Начальнік штаба ляжыць на баку, не спяшаючыся, самавіта разламвае надвае сопкую, гарачую бульбіну, акуратна соліць яе і накіроўвае ў рот.
Павячэраўшы, ён закрывае сваю бляшанку і кладзе яе, нібы табакерку, у кішэню. Начальнік штаба ніколі не разлучаецца са сваей паходнай салонкай. Ён без яе, як курэц без кісета.
Плыве над Плёсамі вераснёўская ноч, блудзіць па хмызняках вецер, то прыцішыцца, быццам прыслухоўваецца, то сарвецца з месца і пабяжыць, як ашалелы, палохаючы нашых вартавых. Мігаюць на небе далёкія, халодныя зоркі, цяжка ўздыхаюць каровы, пазашывалася ў буданы, спіць у сене Санькава войска. Не спяць толькі вартавыя. Яны расклалі маленькі агеньчык і туляцца да святла і цяпла: там, у цемрадзі, нібы хто ходзіць, нібы хто крадзецца, нібы хто прытаіўся за кустом.
А раніцой нашы камандзір і начальник штаба яшчэ раз паказалі нам, што ўсё гэта не гульня і не жарты.
Пецька Чыжоў, ці проста Чыжык, худы і хваравіты дванаццацігадовы хлапчук, страціў пільнасць і заснуў на пасту. Праўда, страшнага нічога не здарылася, калі не лічыць, што паўсвіткі вартавога згарэла ў той час, як ён спаў ля агню, але Санька патрабуе лютай кары.
— Ты ведаеш, чаму загінуў Чапаеў? — грозна вядзе камандзір свой допыт.
Чыжык стаіць у акружэнні «партызан», каб і хацеў даць лататы, ды няма куды. Таму ён кратае босай нагой сухі сучок і недагарэлым рукавом выцірае нос.
— Чапаеў загінуў, — бушуе Санька, — з-за такіх разяў, як ты. Яны таксама спалі на пасту. Іх саміх зарэзалі белыя і ўсіх чапаеўцаў акружылі. Ты здраднік і смаркач. Такіх расстрэльваць трэба.
Пачуўшы пра расстрэл, Чыжык навастрыў вуха.
— Правільна! — падтрымаў камандзіра начальнік штаба.
— А я дзеду скажу! — прыгразіў Чыжык начальству.
Тут Міцька не вытрымаў і даў няўдаламу вартавому пару разоў па шыі. На гэтым суд і расплата закончыліся.
Пакуль разбіраліся з Чыжыкам, дэзерціравала камандзірская каза. Мы аблазілі ўсе кусты і ямы, але знайсці нідзе не маглі. Вырашылі, што яна ўцякла дамоў. Санька даручыў атрад Міцьку, а сам са слязьмі і праклёнамі пайшоў у вёску. 3 ім пайшоў і я. Трэба даведацца, як там бабуля з Глыжкам, ды цяплей апрануцца. Ночы ядраныя.
30. САНЬКА АБЯЗЗБРОЙВАЕ ВОРАГА
Ляціць над лугам на павуцінні бабіна лета. Адцвітаюць у траве апошнія краскі. Сонца прыпякае, як у жніўні. А Санька нічога гэтага не хоча заўважаць, усю дарогу ён праклінае сваю збродлівую казу.
Пад самай вёскай на балоце, у густых зарасніках лазы, мы наткнуліся на незнаёмага чалавека. Ён выйшаў нам насустрач з-за куста так нечакана, што ўцякаць ужо было позна. Першае, што нам кінулася ў вочы, гэта перавязаная акрываўленай анучай рука. Разгледзелі больш уважліва — юнак гадоў васемнаццаці, абарваны, стомлены, мурзаты і худы.
— Вы з гэтага сяла? — спытаў ён.
— 3 гэтага, — насцярожана адказаў Санька.
— Немцы ёсць?
Мы з Санькам пераглянуліся: чаму гэта ён пра немцаў пытае? Хто ж ён такі?
— Не ведаем. Мы кароў у Плёсах пасвім, — растлумачыў я незнаёмаму.
— А хлеба ў вас не знойдзецца?
Хлопец акінуў нас галоднымі вачыма і, відаць, зразумеўшы, што пытанне гэта лішняе, уздыхнуў і сеў на купіну.
Крыху асвоіўшыся, мы асмялелі, і Санька спытаў:
— А ты хто такі?
— А ніхто, — адказаў хлопец. — Прынясіце лепш хлеба. I паглядзіце, ці ёсць немцы ў вёсцы.
— Ты, можа, партызан? — дапытваецца Санька.
— Можа, — паціснуў плячыма хлопец і загадаў: — А ну, хутчэй!
— А нас возьмеш з сабой? — таргуецца мой сябра.
Хлопец крытычна агледзеў нас з галавы да ног і адрэзаў:
— Без зброі не бяром. — А потым пужнуў: — Ну?!
Мы пусціліся з усіх ног выконваць яго даручэнне.
Нарэшце такі мы сустрэлі сапраўднага партызана! Цяпер трэба не ўпусціць моманту і прасіцца ў атрад, трэба штосьці такое зрабіць, каб паказаць, што мы баявыя, геройскія хлопцы. Тады нас прымуць без размоў, не паглядзяць, што няма і па трынаццаць.
Немцаў у вёсцы амаль у кожным двары. Толькі нашу хату абмінулі. Затое ў Санькавай размясціўся афіцэр. Цётку Марфешку выгналі ў сенцы, але ў сенцах па начах холадна, і яна спіць у суседзяў.
Мы аббеглі ўсе вуліцы, ткнулі насы ва ўсе двары, у завулкі. Санька налічыў дзесяць грузавікоў, а я дванаццаць і дзве легкавыя машыны. Санька збегаў і да палявой кухні, дзе салдаты атрымлівалі абед. Праўда, тут яго заўважыў повар і адразу ж запрог — прымусіў цягаць з калодзежа ваду. Хлопцу гэта не спадабалася. Ён прывалок два вядры і, як толькі немец адвярнуўся, даў драла.
Дамоў ён прыйшоў апоўдні. Каза спакойна стаяла ў хлеўчуку і ела траву. У сенцах нікога не было. Затое, калі Санька сунуў нос у пярэднюю хату, адтуль рыкнула:
— Цурык!
Відаць, гэты афіцэр — важная птушка, калі пад вокнамі ў двары ўвесь час таўчэцца вартавы, а ў пярэднюю хату не толькі што Саньку і яго маці нельга заходзіць, самі немцы заходзяць баязліва.
Што робіцца за зачыненымі дзвярыма, не можа бачыць ніхто. Ніхто, апрача Санькі. Дашчаная перагародка калісьці была аблеплена каляровымі паперкамі і старымі газетамі. Аднак клей, звараны з мукі, вельмі спадабаўся мышам. Цяпер сцяна абшарпаная не горш за Санькавы штаны.