Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Напачатку для знаёмства ён расстраляў перад строем начальніка забесьпячэньня, былога бухгалтара сельпо. Але таго, можа, і варта было расстраляць за яго ня надта чыстыя стасункі з мясцовай паліцыяй, а галоўнае — за п’янства і нядбайства да партызанскага харчаваньня. Затым пасьля начной фалынтрывогі камандзір уласнымі рукамі зьбіў ротнага, які быццам бы ня выканаў ягонага загаду аб узмацненьні пільнасьці — замест шасьці дазораў выставіў ноччу чатыры, пашкадаваў партызан. Камандзір гатовы быў вар’яцець ад браку пільнасьці, і нават у пушчы, дзе атрад разьмяшчаўся раней і дзе на дваццаць кіламетраў вакол не было жывога чалавека, акружаў сябе трайным ланцугом варты. Для такой высокай пільнасьці трэба было шмат людзей, і партызаны невялікага атрада зьнемагалі ад празьмернае каравульнае службы. Кожную ноч некалькі дзясяткаў іх зяблі і моклі ў шматлікіх лясных заслонах, сакрэтах, дазорах, а ўдзень ішлі за дзясяткі кіламетраў па харч і для ліквідацыі здраднікаў з ліку вясковых старастаў і прымакоў-паліцаяў.
Прытрымліваючы на бягу даўгую, без штыха вінтоўку, Макарэвіч сьпяшаўся ў строй, які ўжо няроўна выцягнуўся сярод баравых хвояў на воглай з начы палянцы. У атрадзе ён быў нядаўна, крыху больш як месяц і далёка ня кожнага партызана ведаў у твар. Пакуль бег, перад строем, было відаць, паявіўся і камандзір — прыземісты камлюкаваты кавалерыст, за якім, бы на прывязі, плёўся ягоны ад’ютант. Часу шукаць месца ў страі Макарэвіч ня меў і прыткнуўся на левым фланзе шэрагу, калі ўжо прагучала каманда «сьмірна». Зірнуўшы ўбок, сьлізгануў позіркам па твары суседа — рослага, худога хлопца, якога першы раз бачыў.
Камандзір разам з чарнатварым ад’ютантам, якога за яго смаляную чупрыну, што лезла з-пад вайсковай фуражкі, клікалі Махно, ішоў перад строем. З-пад ілба ўзіраўся ў маладыя і ня вельмі, схуднелыя, далёка не зухаватыя твары партызан, быццам шукаў каго. Усе моўчкі і пакорліва нерухомелі, не разумеючы, чаго хоча гэты чалавек, ва ўладзе каторага жыцьцё і сьмерць кожнага. Стоячы воддаль, падобна гэтак жа няўцямна чакаў начальнік штаба атрада маўклівы лейтэнант Курапаткін і з ім яшчэ нехта невядомы. Прайшоўшы да канца шэрагу і, як здалося Макарэвічу, зафіксаваўшы на ім апошні свой позірк, камандзір вярнуўся на сярэдзіну паляны.
— Дзе дысцыпліна? — пагрозьліва прарыкаў ён. — Дзе парадак? Дзе пільнасьць? Дысцыпліны няма! Парадку няма! Пільнасьці няма! Да якога часу гэта будзе прадаўжацца? — зноў запытаўся ён і скончыў моцным камандзірскім матам.
У страі, напэўна, неяк адрэагавалі на тое выступленьне, якое ўжо рабілася для яго звыклым, можа, загаварыў хтось,і камандзір вызьверыўся з яшчэ большым імпэтам:
— А каманда волыта была? Я пытаюся: каманда вольна была? Не было каманды вольна! Дык якога ж хрэна… Сьмірна! — скончыў ён зусім ужо грымотным голасам, ад якога, здавалася, хіснула вяршаліны хвой. Макарэвіч, падобна, таксама скалануўся ў страі, а сусед ціха сам сабе прамовіў:
— Ай, як грозна, як страшна…
У ягоным тоне чулася ўсьмешка, і Макарэвіч збоку зноў зірнуў на яго, падумаўшы: хоць бы на палянцы ня ўчулі. Але не, усё ж было далекавата. Тым болей, што камандзір працягваў лаянку:
— Я вам навяду парадак! Я змушу выконваць загады! Паважаць ваенную дысцыпліну!..
— Які як! Хоць паклажу грузі, — ціха бурчэў сусед.
— Пільнасьць, пільнасьць і яшчэ раз пільнасьць! — гучала на прыціхлай палянцы. — Вам зразумела, такую вашу растакую — адтор тры крыжы!?
Падобна, нарэшце, ён сьцішыўся; кавалерыйская каманда, пададзепая для ўласнага заспакаеньня, была пэўнай таго адзнакай. Начальнік штаба зусім па-штацку прамовіў «вольна», і ўся камандзірская група скіравала да асядланых коней, якія чакалі непадалёк. Атрад у тутэйшых лясах разьмяшчаўся ў розных мясьцінах (дзеля бясьпекі), і камандзір з аховай езьдзіў між імі, кожны раз паяўляючыся зьнянацку, у самы няздатны час.
Застаўшыся без камандзіра, партызаны не сьпяшаліся ў буданы, — камандзіры ўсчалі разьмяркоўваць людзей у нарады; некаторыя ўзяліся круціць цыгаркі ці проста чакалі. Звычайна пасьля пастраеньня людзі весялелі, чуўся сьмех і жарты; сёньня ж было не да жартаў — пасьля камандзірскай лаянкі мала каго вабіў гумар. Макарэвічаў сусед адышоўся да знаёмых, пра нешта паціху размаўляючы там, як паблізу паявіўся Махно, — няпэўнага ўзросту чалавек у ватоўцы, перакрыжаванай некалькімі рамянямі, з нямецкім аўтаматам на плячы.
— Камандзір кліча! — кіўнуў ён суседу, і той, недаўменна цепнуўшы плячыма, пакорліва пайшоў сьледам да коней, дзе чакаў камандзір.
Трохі зацікаўлены выклікам, Макарэвіч пазіраў ззаду, як той нетаропка крочыў па мокрай ігліцы, у кароткім чырвонаармейскім шынялі, што быў яму да калена. Падышоўшы, зусім па-вайсковаму махнуў рукой да аблеглай на галаве пілоткі, і між імі адбылася гутарка. Зрэшты, гутарка здавалася спакойнай, бяз крыку, і тое заспакоіла Макарэвіча. У той час яго паклікаў узводны старшына Дзмітрэнка, які аб’явіў, што Макарэвіч прызначаецца ў дазор да вёскі Вязавічы. «А дзегэта?» — папытаўся Макарэвіч, але і камузвода таксама ня ведаў, бо раней дазоры туды не прызначаліся. «Хто ведае?» — павярнуўся ўзводны да хлопцаў, ды яму ніхто не адказаў, мабыць, таксама ніхто ня ведаў. А калі і ведаў, дык каму ахвота была прызнавацца ды ісьці немаведама куды — можа, д’яблу ў зубы. Але тут падышоў сусед, яўна заклапочаны. «Вунь Доўжык ведае», — падказаў нехта, і старшына запытаўся: «Дзе Вязавічы, ведаеш?» — «Ведаю», — упэўнена адказаў Доўжык. «Пойдзеце ў дазор. Во з ім. Там недзе ля моста…» Ісьці трэба было зараз жа, бо камандзір чакаў. «А зьмена калі?» — запытаўся Доўжык. «Зьменім, зьменім», — няпэўна паабяцаў Дзмітрэнка, і яны нетаропка пайшлі баравой прасекай.
— Ну і камандзір! — незадаволена бурчэў Доўжык, нічога, аднак, не тлумачачы. — Ахламон гарласты. Алюр тры крыжы яму…
Макарэвіч ня ведаў, што азначае гэты алюр, але падумаў што напарнік чымсь раззлаваны, і папытаўся, навошта яговыклікаў камандзір. Перш чым адказаць, Доўжык засьцярожана азірнуўся на недалёкую яшчэ прагаліну.
— Разумееш, боты мае яму не спадабаліся. Кажа, варожая форма! А я за гэтыя боты ледзьве кулю не атрымаў. Затое хоць ногі сухія.
Макарэвіч зірнуў на ягоныя боты, сапраўды, тыя былі не тутэйшага шытва, падобна, з нямецкай нагі, але і не салдацкія. Нямецкія салдацкія боты ён ужо бачыў, тыя мелі кароткія халяўкі і нехуцаваты выгляд. Аднак, можа, гэта афіцэрскія?..
— Я за ім кіламетр па лесе бег, ён у мяне з пісталета пуляў, а я з карабіна. Але, сьпяшаючыся, ведаеш… Толькі на мушку возьмеш, а ён за куст схаваецца. Але ўсё ж падлавіў… Бег, думаў, у яго ў палявой сумцы якія сакрэты, а там брытва ды памазок. Затое боты цяпер на ўсю зіму. Праўда?
— Добрыя боты, — з прытоенай зайздрасьцю сказаў Макарэвіч.
— Ну во і пазнаёміліся. Я — Доўжык з Малых Доўжыкаў, — дадаў хлопец і ўсьміхнуўся, адразу прагнаўшы з твару ранейшую заклапочанасьць.
— А я з Полацка. Макарэвіч.
— Гарадскі, значыць?
— Гарадскі…
Макарэвіч не захацеў расказваць, што ў горад ён пераехаў перад самай вайной, што раней жыў пры станцыі, бацька да арышту рабіў на чыгунцы. Казённую кватэру пасьля ягонага арышту адабралі, і маці з трыма дзяцьмі перабралася ў горад да брата, у яго вузкую барачную каморку, дзе і бяз іх жыло трое. Як пачалі набіраць у ФЗН, Макарэвіч пайшоў вучыцца на муляра і перасяліўся ў інтэрнат. На аднаго чалавека сям’я скарацілася, у бараку стала нібы вальней. З далейшае размовы высьветлілася, што Доўжык старэйшы за Макарэвіча на адзін год і да вайны скончыў дзесяцігодку. Наступны момант біяграфіі быў самы важны, — іх партызанскі стаж. I тут выявілася, што Доўжык у гэтым атрадзе з вясны, што тут ён ведае кожнага, асабліва камандзіраў.
— Ранейшы камандзір быў не такі. Маўклівы быў, ага. Для яго галоўнае — разьведка. Кожную ноч ганяў дробныя групы — за тры, за пяць, за дзесяць кіламетраў — усё на разьведку. Затое і ведаў, дзе што адбываецца. Дзе колькі паліцэйскіх, якія старасты. I памалу адстрэльваў па адным усіх здраднікаў і прыслужнікаў. А цяпер паспрабуй знайсьці каго. Рэшта ў райцэнтр змылася. Хлопцы пойдуць на нарыхтоўку прадуктаў — няма ў каго ўзяць. Ну і даводзіцца радавых калгасьнікаў трэсьці. Жраць жа трэба.
— I сам загінуў. А ты кажаш — разьведка, — сказаў Макарэвіч, успомніўшы недарэчную пагібель камандзіра.