Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Малыя яшчэ.
— Малым таксама ня мёд. Ды ўсё ж лепей. Падрастуць, здабудуць вінтоўкі і — у лес. А во дзяўчаткам… Мая слаўная такая была сястрычка. А я яе крыўдзіў…
— Крыўдзіў?
— Дурны быў. Малы дуронік. Хочаш пачытаць? — падаў ён кніжку. — А я падрамлю.
Макарэвіч узяў з яго рук дужа пацёртую, абгорнутую старой газецінай кніжку, пагартаў, паглядзеў малюнкі. Малюнкі былі цікавыя — мора, пальмы і буданы, чарнаскурыя людзі з крывымі нажамі — напэўна, таксама вайна. Вайну ён не любіў — ні ваяваць, ні чытаць пра яе, болей падабаў жывёлаў. Калі яны жылі на станцыі, у іх была карова з цялушкай, якую ён пасьвіў улетку ў кустах, побач заўжды бегаў Жулік, нізенькі, на кароткіх лапах, вельмі адданы яму сабачка. Жулік разумеў кожнае яго слова. Хлопцаў на станцыі было мала, і ён усе гады да пераезду ў горад сябраваў з сабачкам. Жуліка ў горад узяць было неяк, пакінулі суседзям. Дык ён аднойчы самохаць прыбег за дзесяць кіламетраў, укусіў гаспадара, і той загадаў яго ўтапіць, бо карміць не было чым. Як тапілі яго, Макарэвічу не хацелася і ўспамінаць нават. Сэрца аблівалася крывёю, як казала маці.
Калі Макарэвіч падняў галаву ад кніжкі, напарнік, падобна, спаў. Сагнуўся на баку, засунуў у рукавы сашчэпленыя рукі, уцягнуў галаву ў плечы. Пад вечар рабілася сьцюдзяней; хоць дажджу не было, але памацнеў вецер з поля. Хацелася есыді, і Макарэвіч пашкадаваў, што не дамогся ад узводнага адказу, калі ж іх зьменяць? Ды ўсё ж, думаў ён, да ночы павінны зьмяніць. I яны пойдуць у свае буданы, бліжэй да кухні і, мабыць, чаго зьядуць. Галоўнае — каб гарачага. Хоць супу, хоць кашы ці нават гарачай гарбаты з хлебам, але абавязкова гарачага, а не цеплаватага, як звычайна. Ад сьцюжы ўсё паступова дубянела ўнутры; зрабіліся няўклюднымі рукі, карцела стаіцца, зьнерухомець, заснуць. Чаго якраз і нелыа было дазволіць сабе. Тым больш у дазоры.
Каб не заснуць, Макарэвіч пачаў грэцца, — скакаць, бегаць на месцы, абмахваць сябе рукамі. З дарогі і поля іх тут не было відаць, хаваў сасоньнік; хлопец жа час ад часу пазіраў на поле. Доўжык, здавалася, спаў, але во ён разьняў павекі, убачыў напарніка і, быццам трохі ўсьміхнуўшыся, зноў іх заплюшчыў. Не, ён таксама ня спаў, проста ляжаў у спакоі і думаў. Пра што толькі думаў? Наўрад ці пра заморскія краіны і ўжо не пра тое, мабыць, што хутка ўсё для яго скончыцца самым зьнянацкім чынам, час ягоны мінаўся. I гэты сьцюдзёны восеньскі дзень у дазоры можа стацца самым спакойным днём яго лесавога жыцьця.
Так і не адолеўшы сьцюжу, Макарэвіч прытаміўся і вырашыў спачыць. Напасьледак кінуў позірк уніз і нечакана ўбачыў на дарозе двух. Ён адразу пазнаў іх — адзін быў узводны Дзмітрэнка, а другі… Ну, вядома, з ім побач на дарозе крочыў Махно, тут не было ніякага сумневу.
— Доўжык… Доўжык! — ціха паклікаў Макарэвіч. Доўжык падхапіўся з долу, стаў на каленях — тыя два з дарогі, задраўшы галовы, ужо выглядвалі іх на пагорку. «Нарэшце зьмена», — узрадаваўся Макарэвіч, хаця штосьці замінала яго радасьці. Нашто тут Махно? Ды і з кім жа яны зьменяць іх — болей там нікога не было відаць. Аднак ён прыўзышўся з-за хвоек, замахаў рукой — тут мы.
Партызаны хутка ўскараскаліся на крутаваты дарожны схіл, азірнуліся на поле.
— Ну, як тут у вас? — запытаўся заўжды дапытлівы ўзводны. — Усе ціха?
— Усё ў парадку, — сказаў Макарэвіч.
— Гэта добра, што ў парадку, — як праз зубы, працадзіў маўклівы Махно. — Значыць, працягвай назіраць.
— А зьмена? Мы ж тут ад ранку…
— Зьмена будзе. Пазьней, — сказаў узводны і павярнуўся да Доўжыка. — А мы пойдзем.
— Куды?
— На Кудыкіну гару, — з гумарам адказаў Махно.
— Куды загадаыа, — дадаў узводны.
Доўжык, як і раніцай, недаўменна цепнуў плячыма, і яны ўтрох адзін за адным пабеглі з крутога пагорка.
— А кніга, кніга! — крыкнуў наўздагон Макарэвіч, падхапіўшы з травы забытую кніжку. Доўжык зьнізу толькі махнуў рукой і пасьпяшыў за камандзірамі. Неўзабаве яны ўтрох схаваліся за прыдарожным хмызам.
Макарэвіч застаўся адзін. Самотным позіркам акінуў пустое поле, над якім пачалі гусьцець вечаровыя прыцемкі. Далячынь з вёскай ужо і ня ўгледзець было — хаты, дахі, вершаліны дрэў патаналі ў сівой туманістай навалачы. Дарога яшчэ цьмяна сьвіцілася на вузкім кавалку каля моста. Усё болей змрочна-загадкавым рабіўся хвойнік паблізу, які хутка губляў зялёныя фарбы дня. Макарэвічу стала журботна, усё ж аднаму ў дазоры было нягожа — нязручна і страшнавата. Увесь час думалася — і калі ж яны прышлюць зьмену? I чаму не зьмянілі ўдзень? I куды павялі Доўжыка?
Але на яго пытаньні адказаць не было каму, і Макарэвіч, каб ня зябнуць на ветры, пачаў хадзіць па пагорку, увесь аддаўшыся слыху. Асабліва як сьцямнела. Усё ж ноччу галоўная ўвага падала на слых, зрок уначы быў без патрэбы. Ён сваё адрабіў за дзень і начы ягоныя паслугі былі бескарысныя. А то і шкодныя. Увесь час штось здавалася на дарозе, быццам там хто ідзе, нібыта спыніўся, чакае. Нейкія невыразныя цені плывуць па полі. I нават хтось выразна варушыцца за крайняй хваінай. Але ўсё тое толькі здавалася, каб ашукаць уяўленьне. Макарэвіч гэту асаблівасьць начной псіхікі ўжо ведаў і разумеў: нічога там не было — ні ценяў, ні падазронага варушэньня. Хаця ад усьведамленьня таго не рабілася лягчэй. Усё роўна было трывожна.
Ён стаяў, узіраўся, асьцярожна, амаль нячутна ступаў па траве між хвоек і слухаў, слухаў… Чамусьці менавіта ноччу лезьлі аднекуль падазроныя гукі — быццам дзесьці за лесам загуў рухавік аўтамабіля, але пагудзеў нядоўга і змоўк. Затым данёсься далёкі, незразумелы крык — птушкі ці чалавека. Ці, можа, каманда. Аднойчы далёка ў лесе бухнулі два стрэлы запар. Ён напружана і доўга чакаў працягу страляніны, але болей яе не было чутна, — значыць, то былі выпадковыя стрэлы. А можа, усё тое яму здалося?..
Пад ранак спакутаваны ад сьцюжы і бяссоннай начы, ён пачаў думаць: ці не забыліся на яго там? Або знарок кінулі з нейкаю незразумелай мэтай? Можа, плюнуць на ўсё і пайсьці? I ўсё ж кінуць дазор ён не адважваўся. Тое, што магло здарыцца пасьля, было страшней за яго начныя страхі. Гэта Макарэвіч ведаў з вопыту некаторых. Але і недарэчна было зрабіць, як сабака, які застаўся пільнаваць пастухову бурку, калі пастух пайшоў за атарай. Пастух вярнуўся да вогнішча толькі вясной і знайшоў поруч з буркай шкілет сабакі. Усё ж ён — не сабака.
Калі разьвіднела, моца яго скончылася. Хай будзе, што будзе — ён пойдзе да ўсіх. Бо — чаму не мяняюць? Ці там што здарылася? Ці іх падстрэлілі па дарозе адсюль — узводнага і Махно? Але ж быў яшчэ Доўжык, хіба і ён забыўся пра свайго забытага напарніка?
— Чаму не зьмянілі? — чужым ад крыўды голасам запытаў Макарэвіч.
Узводны быццам шчыра зьдзівіўся.
— Да? Не зьмянілі? Я ж сказаў… Сказаў Доўжыку — зьняць дазор. Там болей ня трэба, камандзір загадаў. Дзе Доўжык? Доўжыка — да мяне!
Штосьці, аднак, фалынывае чулася ў голасе ўзводнага, у яго нязвыклай, амаль вінаватай інтанацыі. I Макарэвіч ня мог паверыць, што Доўжык забыўся перадаць загад камандзіра. Але дзе Доўжык?
— Дзе Доўжык? Паклічце Доўжыка…
Узводны і яшчэ гаманіў у будане і за буданамі, пасылаў кагось па пошукі Доўжыка. Але Доўжыка не было, і ніхто ня бачыў яго. Макарэвічу стала і зусім трывожна; ягоныя начныя перажываньні зусім адляцелі прэч перад загадкавым благім прадчуваньнем.
Да канца сышданку Доўжык не паявіўся.