ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Макарэвіч зноў пазьней за ўсіх атрымаў паўкацялка халоднай гарохаўкі, як аб’явілі пастраеньне. Ён думаў, што на пастраеньні ўжо ён убачыць Доўжыка. Але таго не было і на пастраеньні. Як і мінулы раз, Макарэвіч знарок стаў на левым фланзе. Каманды пакуль што не падавалі. Наперадзе, на палянцы з некалькімі камандзірамі стаяў узводны — штось там абмяркоўвалі, і Макарэвіч меркаваў-думаў. Зрэшты, меркаваў пра кепскае…

Але во зводдаль між рэдкіх хвояў паявіўся камандзір. Як заўжды, разам з сваім цемнатварым Махно і двума ардынарцамі пад’ехаў конна з левага фланга. Ротны, былы сельскі настаўнік, глухаватым, зусім не камандзірскім голасам падаў каманду, строй не адразу, але ўсё ж прыкметна прыціх, падраўняўся шэраг. Якраз перад тым месцам, дзе стаяў Макарэвіч, камандзір спыніў каня і спрытна, у два прыёмы саскочыў. Гэта ў яго кожны раз атрымлівалася прыгожа, недарма да вайны ён служыў у кавалерыі і «алюр тры крыжы» было яго любімым прыслоўем. Асабліва калі ён быў пад мухай, а пад мухай ён быў нярэдка. Выняўшы з страмёна правую нагу, ён імклівым узмахам перакідваў яе цераз конскі круп і, не дапяўшы долу, лёгка вымаў левую. Менавіта ў такі момант Макарэвіч міжволі ахнуў — з-пад доўгай палы камандзіравага шыняля мільганула знаёмая, матава наваксаваная халява з раменьчыкамі пад каленам. У Макарэвічавай галаве раптам мільганула здагадка, ад якой сьцямнеў сьвет.

Доўжык ніколі і нідзе не паявіўся, у атрадзе пра яго памалу забыліся. Забыцца было не складана — атрад памяняў стойбішча, пачаліся сутычкі з паліцыяй, асабліва як усчалася блакада. Старых партызан у атрадзе заставалася ўсё меней. Хвацкі кавалерыйскі камандзір па-геройску загінуў каля возера Шо, куды прапаў ягоны ад’ютант Махно, ніхто ня ведаў. Узводны Дзмітрэнка паранены трапіў у палон да карнікаў з батальёна СС, ягоны лёс і зусім жахлівы. Кнігу «Амок» Макарэвіч нейкі час насіў у кішэні сваёй фэзэоўскай курткі. Пасьля яна пайшла па руках і нарэшце была разадрана на цыгаркі.

…Макарэвіч сядзеў на аўтобусным прыпынку і не разумеў, што рабіць. У аўтобус насупроць бітком налезла народу, а людзі ўсё лезьлі ў яго нахілены на адзін бок кузаў Зьбянтэжаны Макарэвіч гэткім даўно ня памятаў сябе. Паехаць або вярнуцца — во што ён вырашаў і ня мог вырашыць. Ён неасьцярожна дакрануўся да сваёй старой раны, і ад таго забалела душа. А калі ён падзеліць той боль з іншымі…

I ўсё ж ён наважыўся. Чаму — сам ня ведаў. Як сьлед нічога не абдумаўшы, падняўся з лаўкі і пайшоў назад да пагорка. Па дарозе надумаў: сьпярша ён задасьць толькі адно пытаньне і ў залежнасьці ад адказу вырашыць, сказаць або не.

Зводдаль стала відаць, што бабуля з дзяўчынкай усё шчыравалі з расадай, але цяпер там паявіўся і хтосьці яшчэ. Падобна, высокі мужчына ў капелюшы. Ды гэта ж сустрэты ім інвалід…

Калі ён падышоў да знаёмай металічнай абгародкі, усе разам быццам з нядобрым адчуваньнем уставіліся на яго. У бабуліным паглядзе цьмела трывога, амаль спалох. Ён павініўся.

— Скажыце, калі ласка, я забыўся спытаць. У вайну вы былі ў Нямеччыне?

Настала недаўменная паўза, пасьля якой бабуля, быццам сумеўшыся, войкнула.

— Я ж так і ведала? Я так і падумала, — вы ж яго ведалі! Вы з ім у партызанах былі, праўда ж?

— Праўда, — сказаў ён. — I во хачу расказаць… А вы хто? — зьвярнуўся ён да інваліда ў капелюшы, — высокага і худога, з дужа запалымі шчокамі.

— Я яе муж, — сказаў інвалід. — Я ў курсе.

— Так… З чаго ж тут пачаць? Значыць, на пастраеньні мы сталі побач у страі…

Ён пачаў распавядаць — блытана, ня ўсё прыпамінаючы адразу, час ад часу прыпыняючыся. Далёка ня ўсё з напаўзабытага мінулага лёгка клалася на сучасную мову, аддзеленае ад сёньня паўсотняю гадоў. Ды і ў душы ня ўсё было пераадолена да канца — супраціўлялася праўда, ведама ж, карцела выглядаць прыгажэй. Трудны і часам не зусім зразумелы быў ягоны аповед, і ён адчуваў тое. Ведаў, што так бывае яшчэ, калі аўдыторыя не спачувае апавядальніку або калі сярод яе знаходзіцца «духовы вампір», драпежнік думкі, як ён яго называў. Гэты, нічым не выдаючы сябе, пярэчыць зацята і моўчкі, паралізуючы тым думкі апавядальніка. I тым ня менш Макарэвіч расказаў пра ўсё, дадаўшы, што пасьля баёў і майскага разгрому соракчацьвёртага з атрадаў і брыгад засталіся малыя рэшткі, якія разьбегліся па навакольлі. Шмат якія камандзіры загінулі, мабыць, прапалі і дакументы. Асабліва тыя з іх, што сьведчылі пра разгром. Гэты разгром для прапагандысцкай зручнасьці пасьля назвалі прарывам і, каб не засталося сумневу, паставілі грандыёзны помнік. Сімвал перамогі…

Калі ён скончыў, бабуля моўчкі заплакала. Яе ніхто не ўгаворваў, не чапаў, толькі дзяўчынка самотна церлася ля яе каленяў. Зводдаль ля нейчай магілы, яўна прыслухоўваючыся да іхняй гаворкі, моўчкі стаялі дзьве жанчыны. I раптам інвалід павярнуўся да Макарэвіча і сурова, бадай, з накіпелай злосьцю загаварыў:

— Нашто вы нам расказваеце? Хто вас прасіў? Навошта нам ведаць пра тое? Мала ёй было гора, як ня ведала? Але тады хоць была надзея. А цяпер — праўда! Ды на якога д’ябла нам ваша праўда! Паміраць з ёй? Адкуль вы ўзяліся на нашу галаву?

Абгародкі, помнікі, стэлы, — усё паплыло ў вачах Макарэвіча. Ну нарабіў! — была першая думка. Сапраўды — навошта? Нашто гэтая праўда, калі ад яе горш. Калі ад яе баліць. Бабулі ды і яму таксама. Сэрца здушыў знаёмы тупы поціск, як бы зноў не хапіў інфаркт. I ён устаў з лаўкі.

— Я пяцьдзесят гадоў у партыі, страціў здароўе ў барацьбе за савецкую ўладу. Я верыў… I я хачу верыць. А вы ў мяне адбіраеце веру. Вы — зьвер! — стоячы воддаль, амаль крычаў інвалід. — Вы забіваеце… Бачыце?

Ён бачыў: бабулі рабілася кепска. Яе грузнаватае цела хілілася на бок, дзяўчынка пачала тузаць яе, а інвалід кінуўся да сумак ля лаўкі, дрыготкімі рукамі пачаў там поркацца — шукаць лекі.

Макарэвіч адарваў ад абгародкі свае ацежалелыя рукі і, нібы пабіты сабака, пабрыў прэч.

Пражыў сем з лішкам дзясяткаў гадоў, а галоўнага не зразумеў…

Глухі час начы

Той вечар, як бадай і ўсе апошнія вечары, Чарняк вяртаўся дадому позна, гадзіне а дванаццатай. У сьцішаным па-начному пад’ездзе цьмяна сьвяціла ўгары закратаваная лямпачка, ён нецярпліва і амаль машынальна ціскануў чырвоную кнопку ліфта, не адразу сьцяміўшы, што дарма, — ліфт заняты. Тое змусіла яго ціха вылаяцца: заўжды, калі трэба, ліфт гуляе недзе ўгары. Чарняк меў пэўную ў ім патрэбу, бо задоўжыўся на вуліцы, а да таго — у забягайлаўцы, дзе пасядзелі трохі з даўнім сябрам Сямёнам, а пасьля праводзілі адзін аднаго — сьпярша ён Сямёна, а пасьля Сямён яго. Усё пад размову. Але размова тая не была пустая балбатня пра баб ці пра палітыку — яны абмяркоўвалі справу. Чарняк прасіў сябра падбаць наконт невялікага крэдыту ў банку, у якім той меў свайго чалавека. Чарняку трэба было ўсяго пару мільёнчыкаў да канца квартала, можа б ён тады і вылез з цэйтноту. Днямі з Нямеччыны павінен прыбыць фургон тавару, учора ён тэлефанаваў Курту ў Мангейм. Але ж дарогі, каб іх пабурыла, ды мытні, ды пошліны, само сабой хабар — гэта яшчэ дні тры-чатыры. Крэдыт патрэбен быў дазарэзу, не пазьней чысла дваццатага. Сёньня ж пачалося шаснаццатае, Чарняк зірнуў на гадзіньнік — было дзесяць хвілін на першую. Ну дык дзе ж ліфт?

Ліфта не было, а з кнопкай рабілася штось незразумелае — то яна бы цьмела, гатовая во-во згаснуць, і ён напагатоў трымаў на ёй палец. То раптам зноў загаралася бурштынавым колерам, і недзе ўгары чуўся далёкі гул-ляскат быццам бы ад занятага кімсьці ліфта. Счакаўшы яшчэ паўхвіліны, Чарняк гучна і злосна вылаяўся — мабыць, трэба паднімацца па лесьвіцы. Праўда, сёмы паверх — высакавата, але што зробіш? Ды ён яшчэ не стары, ёсьць моц у нагах, можа, дабяжыць хутчэй, чым вызваліцца ад нейкага дурня той ліфт.

Ён выйшаў з ліфтавога пад’езда, перайшоў у адсек поруч, дзе пачыналіся лесьвічныя маршы, і няўцямна спыніўся. Тут было зусім цёмна і глуха, бы ў яме. Хоць ён і не лічыўся баякам, але ўсё ж не адчуў у сабе пэўнай рашучасьці, каб лезьці ў тую сьмярдзючую цемру, і вярнуўся назад. Усё ж трэба было дачакацца ліфта. I праўда, пунсовая кнопка неўзабаве згасла, бы зьнікла, ён хуценька націснуў яе і з задавальненьнем адчуў угары роўны, знаёмы гул. Кабіна спускалася. Значыць, яму пашэнціла, ён зараз паднімецца і пасьпее з сваёй патрэбай, задаволена думаў Чарняк, уваходзячы ў пашкрэбаную і размалёваную фламастэрамі кабіну ліфта.

Каб ён ведаў, якім коштам абыдзецца яму тая ўдача, дык бы ўцёк і з ліфта, а мо і з горада нават. Але ня ведаў. Мабыць, чалавеку наогул дадзена мала ведаць і яшчэ менш прадбачыць.

Зрэшты, пакуль усё ішло добра, ён даехаў да свайго паверха, адамкнуў грунтоўныя, нядаўна пастаўленыя сталёвыя дзьверы. Уключыўшы сьвятло ў цесьненькай прыхожай, акуратна зашчоўкнуў дзьверы — сьпярша з калідора, пасьля ўнутраныя. Нават пакратаў, ці добра зашчоўкнуліся. Каб знадворку нельга было адчыніць, ключ пакінуў у дзьвярным замку. Ён ведаў, што дома не было нікога, жонка з дачкой паехалі ў вёску памагаць бацькам выбіраць бульбу, і ён халасьцякаваў ужо другі тыдзень. Увогуле яму было няблага, дома ён адно начаваў, увесь дзень прападаючы ў разьездах або ў офісе фірмы, дзе і харчаваўся. А дома хіба што піў раніцай каву, ды зрэдчас уключаў тэлевізар — паглядзець навіны. Хоць навіны цяпер ішлі такія, што лепш бы іх не глядзець, здаравей пачуваўся б. Але ж мусіў — даўняя прывычка яшчэ з таго часу, як было іншае жыцьцё, і ён рабіў у канструктарскім бюро пры заводзе. Як не займаўся бізьнесам. I ніколі ня думаў, што прыйдзецца займацца, ды во давялося. А што зробіш — жыць жа трэба. Жонка на сваю настаўніцкую зарплату не пракорміць, ды і дачка падрастае. Жыцьцё даражэе, цэны пруць угару, грошай з кожным месяцам трэба ўсё болей. А бізнэс яго пайшоў уніз. Во клопат…

Поделиться с друзьями: