Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Зайшоўшы сьпярша ў туалет, Чарняк паўключаў у кватэры сьвятло, любіў, каб скрозь было відна. Пасьля ўжо зьняў туфлі, павесіў на вешалку пінжак. Падумаў, што трэба пазвапіць Сёмку, але той, мабыць, яшчэ не дабраўся да свайго мікрарасну — усё ж дзьве перасадкі, на тралейбус і аўтобус. Стрэлкі на гадзіньніку ў прыхожай ужо хіліліся да гадзіны начы, скрозь стаяла глухая паўночная ціша. Ён падумаў, што заўтра трэба неяк не праспаць, а сёмай заедзе Бахмутаў, з якім яны дамовіліся паехаць на мытню — плаціць пошліну за затрыманы тыдзень таму «Камаз». У большым пакоі свае двухпакаёўкі ўключыў тэлевізар, але па экране замітусілася срэбра, трансьляцыя ўжо скончылася. Значыць, трэба класьціся спаць. Як заўжды ў канцы даўгога клапатлівага дня, адчуваў у целе лёгкую зьнямогу, не гнятлівую, а нават прыемную. Выпілі з Сямёнам няшмат, грамаў па якіх сто пяцьдзясят каньяку, цяпер адчуваў смагу, хацелася чымсьці запіць. Здаецца, у халадзільніку павінна быць бутэлька піва, успомніў Чарняк і ўключыў та кухні сьвятло. Тут было прахалодна, дзьверы ў лоджыю ён пакідаў расчыненыя, каб не сьмярдзела газам. Са стала трэба было б прыбраць — кубкі, талеркі, відэльцы, але падумаў: хай, позна ўжо. Прыбярэ заўтра ўранку. У халадзільніку сапраўды чакала яго засьцюдзянелая бутэлька «Пльзеньскага», якую ён тут жа адкаркаваў. Любімага ім фужэра па стале, аднак, не апынулася, фужэр быў у пакоі разам з сьвяточным посудам. Нетаропка і расслаблена пайшоў па яго ў большы пакой, і там, як адчыняў шкляныя дзьверцы шафы, пачуў, бы за сьцяной штось грукнула, быццам упала што на падлогу. Устрывожаны, з фужэрам у руцэ хуценька ўбег на кухню і скалануўся.
Пасярод кухні стаяў камлюкаваты чалавек у бейсболцы з накіраваным на яго пісталетам.
— Чашкоў? — рыкнуў ён сьцішаным басам.
— Я?
— Ты, ты!
— Які Чашкоў? Я Чарняк.
— Дакумант!
— Які дакумант?
— Пашпарт. Пашпарт!
Стараючыся адолець зьнянацкі спалох, Чарняк марудзіў, не разумеючы, што адбываецца. Ці гэта жарт? Ці каму што мярзотнае ўзбрыло ў галаву? Але чалавек чакаў, шырока расставіўшы ногі ў разлапістых красоўках «Рэбек» ня меней, чым сорак чацьвёртага памеру. Стаяў якраз пад лямпачкай, і даўгі казырок ад бейсболкі клаў глухі цень на яго грубы квадратны твар. Вачэй было ня згледзець, ды Чарняк і не хацеў у іх зазіраць, не чакаючы там убачыць нічога добрага. Грувасткі пісталет з даўгім глушыльнікам на канцы быў па-ранейшаму скіраваны ў ягоныя грудзі.
— Пашпарт, кажу!
— Дык пашпарт там, у пінжаку…
Чарняк пралепятаў тое чужым і агідным для самога голасам, усё думаючы бязглузда жахлівае: кілер! Тады ён прапаў… А той выразна гэтак кіўнуў глушыльнікам у бок прыхожай — да вешалкі, і Чарняк бокам боязна скіраваў туды. Кілер ступіў сьледам. Пакуль ён з фужэрам у руцэ поркаўся ў кішэнях, шукаючы пашпарт, кілер сігануў да дзьвярэй і вылузнуў з замка ключы. У дрыготкай руцэ Чарняк працягнуў яму пашпарт.
— Разгарні!
Ён разгарнуў, сунуў блізка да твару — маўляў, чытай. Бачыш: я Чарняк Павел Іванавіч, тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят трэцяга года нараджэньня, напісана ясна і выразна, думаў ён. Кілер прачытаў і апусьціў пісталет.
— Ч-чорт!..
Здаецца, абодвум стала зразумела — выйшла памылка. Чарняк упершыню за час гэтай сустрэчы выдыхнуў з грудзей агорклае паветра — ну і ну! Што далей? Але добра, што ён Чарняк, а не Чашкоў, кватэра якога месьцілася за ягонай сьцяной, у суседнім пад’езьдзе. З фасаднай сьцяны іхнія балконы былі поруч, часам у летнія дні яны нават перагаворваліся там здаля. Так што наблытаў, шаноўны спадар кілер, думаў Чарняк, стоячы перад заклапочаным начным госьцем. Квадратны твар таго перасмыкнуўся.
— Дзе тэлефон?
— Во побач, за шафай, — паказаў Чарняк.
Ён адчуў сябе трохі сьмялей, першы спалох мінаўся — сьцяміў, што ў гэтай непрыемнай гісторыі ён — чалавек выпадковы. Так што… Падумалася, госьць будзе кудысь тэлефанаваць, а той падышоў да тэлефона і, тузануўшы за провад, выдраў яго з разеткі. То было горш — нешта ўскладнялася…
Мусіць, каб не стаяць у прыхожай, кілер кіўнуў на дзьверы, і яны абодва мусілі зайсьці на кухню. Там кілер дастаў з нутраной кішэні курткі мабільны тэлефон з куртаценькай антэнай, аднаруч набраў нейкі нумар. Але нумар не азваўся, і кілер вылаяўся.
— Няўвязка? — спачувальна папытаўся Чарняк, як мага стараючыся захаваць спакой. Не адказаўшы, кілер зноў набраў нумар, і зноў там быў маўчок. Тады ён прысеў на табурэт, маларухавым позіркам акінуў непрыбраны стол.
— «Пльзеньскае»? Багата жывеш.
Агледзеўшы этыкетку, закінуў бутэльку і нетаропка выжлукціў палову. Чарняк стаяў сярод кухні і думаў, што нейкая халера дзесь не заладзілася, і ня ведаў спачуваць ці палохацца з тае нагоды. Найлепш, канешне, было б што-небудзь зрабіць. Але што? Выскачыць з кватэры ён ужо ня мог, патэлефанаваць таксама. Ён толькі чакаў, скоса пазіраючы на няўклюдны пісталет з таўстым глушыльнікам на канцы, што ляжаў у таго на каленях. «Магнум» — вызначыў Чарняк. Нядаўна ў нейкім галівудскім баявіку бачыў менавіта такі пісталет, гэтак названы адным з герояў.
— Наблыталі падонкі. А ты іспалняй! Крэціны… — бурчэў кілер і падняў на гаспадара сурова насуплены твар.
— Што — адзін жывеш?
— У дадзены момант так. Жонка ў ад’езьдзе.
— На курорце?
— На вёсцы ў старых. Бульбу капае.
— Бульбу…
Кілер штось думаў ці ўспамінаў, можа. Ягоны бязлобы твар, заценены даўгім казырком бейсболкі, здаваўся змрочна-пагрозьлівым. Але быццам ня злым, і тое абнадзейвала Чарняка. Ён азірнуўся на адчыненыя ў лоджыю дзьверы і падумаў: адкуль гэты д’ябал узяўся? Насупраць перад домам расьлі высокія таполі, але ж ня з іх ён узьлез на сёмы паверх. Значыць, з даху. Во гэта скалалаз!
— Альпініст? — спытаў ён, ужо амаль што суняўшы хваляваньне. А таксама каб не маўчаць, бо ад маўчаньня проста рабілася страшна.
— Я — кілер! Хіба не ўцяміў? — жорстка вымавіў госьць, не скрануўшыся з табурэта.
— Ну я разумею — кілер, — вінавата сказаў Чарняк.
— А наогул — дэсантнік.
Чарняк змаўчаў, ён ня мог сьцяміць, як размаўляць з гэтым злыднем. Ды і наогул ці трэба з ім размаўляць. Але і маўчаць рабілася нязносна. Здаецца, заклапочаны няўдачай або чымсьці і яшчэ, кілер усё даставаў свой куртаты тэлефон. I дарма. Тэлефон на тым канцы сувязі не адказваў, і кілер каторы раз мацерна вылаяўся.
— Падонкі…
Пасьля ён дастаў з маленькай кішэнькі паперку.
— Кватэра 138 — так?
— Так.
— Чашкоў Іван Сямёнавіч?
— Ды не, вы ж бачылі. Чарняк я.
— А Чашкоў дзе? — падумаўшы, спытаў кілер. Чарняк няўцямна цепнуў плячыма — хто ведае. У грудзях у яго адразу пасьцюдзянела — ня дай Бог зразумее, ці як дазнаецца, што Чашкоў побач. Але ўсё роўна ён зрабіў выгляд, што ня ведае ніякага Чашкова, першы раз чуе гэтае прозьвішча.
Госьць хутка апаражніў піўную бутэльку і кінуў яе пад стол. I тады ў Чарняка ўспыхнула думка, што межавала з надзеяй. Аж спалохаўшыся ад свайго намеру, ён, аднак, сказаў:
— Можа, гэта самае — трохі гарэлкі? Га?
Кілер зьнерухомеў на момант, бы прыслухоўваючыся да чагось, і раптам згодна кіўнуў:
— Давай!
Няпэўнымі рухамі яшчэ дрыготкіх рук Чарняк выняў з халадзільніка пачатую бутэльку «Крышталю», кавалак каўбасы і плаўлены фінскі сырок. Хлеба ў яго не было, у хлебніцы знайшоўся толькі чэрствы кавалак батона. За чаркамі хацеў выскачыць у суседні пакой, але кілер тут жа выцяг убок нагу — стоп! Ён сам наліў сабе ў кубак ад кавы, пасьля наліў гаспадару. Яны суладна паднялі кубкі. Мусіць, з тае нагоды трэба б нешта сказаць, які тост, але не сказалі нічога і моўчкі выпілі. Чарняк з тае хвіліны пачаў адчуваць сябе трохі сьмялей, хаця разумеў, што з кілерам належыць абыходзіцца ветліва, не гнявіць яго. Лепш, канешне, задобрыць, тады, можа, яшчэ і пашэнціць выкруціцца з гэтай бяды.
— А што вам гэты Чашкоў? Ці правініўся ў чым? — далікатна пацікавіўся ён. Кілер варухнуў тугімі плячыма.
— Мне адкуль знаць?
— Але ж вы…
— Далі заданьне — іспалняю. Маё дзела цялячае.
— Во як! — зьдзівіўся Чарняк. — Бы ў войску?
— Іменна, як у войску…
— Мабыць, служылі?
— Ды ўжо ж.
— А я не служыў, — прызнаўся Чарняк. — Не давялося.
— Адкупіўся?
— Ды не, знаеце. У абаронцы працаваў…
— Ах, у абаронцы…
— Таксама ня мёд, знаеце. Фінансаваньне, праўда, было. Але матзабесьпячэньне…