Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Кілер па той бок стала ня надта, аднак, рэагаваў на спробу гаспадара пачаць з ім размову. Засяроджана рухаючы шырокімі сківіцамі, ён даядаў каўбасу — мабыць, быў згаладнелы. Чарняк назіраў за ім і думаў: Божа, каго ён нагадвае? Нібы знаёмы твар, дзе ён мог яго бачыць? А можа, які артыст — чорт ведае. Але надта знаёмая морда.
— А давайце яшчэ патроху, — асьмялеўшы, прапанаваў Чарняк. — Я вам яешню зраблю. Га?
— Зрабі, — проста пагадзіўся кілер.
Запаліўшы газавую гарэлку на пліце, Чарняк паставіў на яе патэльню. Пакуль тая грэлася, сам напружана думаў: што ж рабіць? Як ратавацца? Саскочыць на падворак нельга — усё ж сёмы паверх, унізе асфальт. Крычаць — мабыць, прыстрэліць. I нічога здатнага пад рукамі. На стале ляжаў тупы сталовы нож з цешчынага сервіза, такім толькі намазваць масла на хлеб, А ў таго напагатове ягоны жахлівы «Магнум». Так разважаючы, Чарняк разьбіў на патэльню тры яйкі, падумаў: яшчэ ці, можа, хопіць? Як ззаду пачулася:
— Бі яшчэ. Калі не шкада?
— Не, чаму шкада? Калі ласка. Яйкі ёсьць.
— Вот іменна. Мабыць жа, ня кожны дзень кілера частуеш?
— Ня кожны, праўда, — адчуўшы гумар, пагадзіўся Чарняк. — А ваша імя як, калі не сакрэт?
— Сакрэт, — сказаў кілер. — Імя маё табе ня трэба.
— Ну што ж. Сакрэт дык сакрэт…
— А наогул, ты чым займаешся? — папытаўся кілер.
— Я? Ды так, трохі бізнэсам, — сумеўшыся, адказаў Чарняк, ня ведаючы, аднак, наколькі з ім можна быць шчырым.
— I як? Удала?
— Ведаеце, ня надта. Можна сказаць — няўдала. Кілер без асаблівай цікавасьці абвёў позіркам ягоную ня вельмі шыкоўную кухню з старамодным буфетам і запэцканай газавай плітой у куце.
— Відаць што! Абыходзішся без еўрарамонту.
— Які еўрарамонт! Тут жэсаўскі ня памятаю, калі быў.
— Да! I ў вас, у буржуяў, бардак, — сказаў кілер. — Як і ў нас тожа.
— I ў вас? — не зразумеў Чарняк.
— А што ж, думаеш, у нас камунізм? Тая ж перастройка.
— Во як!
— Дэмакрація, такую іх матары! Кожнаму мудаку свая куля.
— Куля? — зьдзівіўся Чарняк.
— А ты думаў — піражок з макам? — гатовы быў зазлаваць кілер на няўцямнасьць гаспадара. — Вот я цябе шлёпну, а затым шлёпнуць мяне. Гэта дэмакрація.
У Чармяка зноў пасьцюдзянела ў грудзях ад тых яго словаў. Завошта ж яго, Чарняка, страляць? Ён жа не Чашкоў, які штось напартачыў з крэдытам ці хабарам. Не таму даў ці, можа, даў мала. Ці Чарняк вінаваты ў іхніх няўвязках, калі аднаго блытаюць з іншым, паныла думаў ён, падсмажваючы пырскотную ад масла яешню. Хутка ён паставіў патэльню перад шырокаю пысай кілера, сам сеў па другі бок стала, есьці яму не хацелася. Кілер яго і не запрашаў, правай рукой згроб відэлец, левай жа ўвесь час прытрымліваючы на каленях свой, відаць, цяжкаваты «Магнум». Чарняк глядзеў, як ён жарэ яешню і думаў усё: што рабіць? Так зброю ў яго ня вырвеш — цесна і перашкаджае стол…
— Ну ты як хочаш, а я і яшчэ вып’ю, — сказаў кілер і зноў наліў сабе гарэлкі.
Ягоны цёмна-азмрочаны твар, падобна, стаў крыху жвавейшы, рухі за сталом заставаліся ўпэўнена-стрыманыя. Левая рука нязрушна ляжала на «Магнуме».
— Думаеш, уп’юся? — раптам спытаў ён, выпрабавальна зірнуўшы на гаспадара. — Ня столькі піў…
— Ды я нічога, — апраўдваючыся, сказаў Чарняк, думаючы, аднак, што такі сапраўды не нап’ецца. Але, можа, напіцца самому? — падумаў ён. Калі перад канцом… Але чаму — перад канцом? Усё ж ён не павінны яго застрэліць. Завошта?
— Апроч таго, што дэсантнік, яшчэ і снайпер. Уразумеў?
— Дык добра, — пагадзіўся Чарняк, баючыся запярэчыць.
— У Афгане меў сорак пяць «духаў» на рахунку. Ордэн зарабіў.
— А які ордэн?
— Баявога Чырвонага Сьцяга. Паняў? Так што — кілер-інтэрнацыяналіст.
— Панятна, — думаючы, аднак, пра іншае, сказаў Чарняк.
— Думаеш, чаму кілерам задзелаўся? Праўда?
— Праўда, — пагадзіўся гаспадар, хаця і ня думаў пра тое.
— А во і не скажу. Ваенная тайна.
Каб ты прапаў з сваёй ваеннай тайнай, падумаў Чарняк. Каму не вядома, колькі той набрыдзі распаўзлося па сьвеце з Афгана або Чачні, дзе гэткія добра напрактыкавалі руку. Так, што аж дагэтуль не могуць спыніцца — усё забіваюць.
— А ў Чачні не былі? — запытаўся Чарняк.
— А то як жа! — зноў з гонарам мовіў госьць. — Быў і ў Чачні, і яшчэ ў некаторых кропках. Задавалі мусульманам дыхту.
— А яны — вам? — вырвалася ў Чарняка.
— Бывала, што і яны нам, — амаль шчыра заўсьміхаўся кілер. — Аж успаміналася мамачка родная.
Чарняк падзівіўся: гэты забойца можа нават успомніць пра маці! Хаця чаму ж не — пра сваю маці, а не пра тых мацярок, якіх там вынішчалі «градамі» ды «тунгузкамі» разам з іх дзецьмі, дарэчы. Відаць па ўсім, ад гарэлкі ён зусім не п’янеў, паводзіў сябе роўна і ўпэўнена, пакуль не выказваючы пагрозьлівых намераў. Але што ён будзе рабіць далей? Мабыць жа, вытрахнецца да раніцы. На гадзіньніку ўжо ішла трэцяя гадзіна ночы.
— Што зыркаеш? — згледзеўшы ягоны пагляд на гадзіньнік, сказаў кілер. — Ня дужа сьпяшайся.
— Ды я нічога. Не сьпяшаюся.
— Я во пасьпяшаўся і — міма. Як бы зноў не давялося лезьці на дах. Па начы то — апаснае дзела. Чашкоў таксама пад дахам жыве?
— Ды ня ведаю, — сумеўся Чарняк і падумаў: хоць бы ён не дазнаўся, што Чашкоў — ягоны сусед. А той, нібы зноў падслухаўшы ягоныя думкі, выняў свой тэлефон. На гэты раз сувязь яго спрацавала, яго ўчулі, і ён ціха мовіў нейкіх тры незразумелых словы — мабыць, які пароль. Пасьля засяродзіўся з увагай і нерухомым позіркам уставіўся на Чарняка.
— Ты мяне хацеў ашукаць, — выразна абвясьціў кілер, хаваючы тэлефон.
— Я?
— Ты — Чашкоў. I не залівай мне кулі, ня пудры мазгі.
— Я ж вам паказваў пашпарт.
— Пашпарт фальшывы.
— Ну, чаму фальшывы! — пачаў нервавацца Чарняк. — Магу іншыя дакументы паказаць. Прынесьці?
— Сядзець! — суха загадаў кілер. — Цяпер ня мае значэньня.
— Як жа ня мае? Што ж ты мяне стрэльнеш замест Чашкова? А Чашкоў, можа, за сьцяной жыве?
— Можа быць, — проста пагадзіўся кілер. — Але не маё цялячае дзела.
— Дык жа няправільна! — гатовы быў замаліцца Чарняк.
— Непрафесійна!
— Непрафесійна, кажаш? — нібы зьдзівіўся кілер. Відаць, гэты папрок яго, аднак, уразіў. — А ты адкуль ведаеш?
— Што ж тут ведаць! Што тут ведаць? Гэта ж і дурню вядома: невінаватага забіваць — дзе ж прафесійнасьць?
Кілер адкінуўся шырокімі плячмі да сьцяны і аж застагнаў, бы ад зубнога болю.
— Крэціны! Наблыталі, нахамуталі! Як на вайне, так і тут. Начальнічкі, маць вашу такую…
Чарняк маўчаў — то было нешта новае. Відаць, ён зачапіў у гэтага забойцы балючы нерв і ня ведаў, кранаць яго болей ці пе чапаць.