Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Гэта правільна, — сказаў ён спакайней. — У нас уся бяда — ад начальства.
— I ў Афгане, і ў Прыднястроўі. I тут. Адзін чорт! Мудазвоны, — злосна лаяўся кілер.
Відаць, і яму набалела, падумаў Чарняк. Можа, варта было і далей разьвіць гэтую тэму — авось дапаможа. Асабліва, калі і яшчэ выпіць.
— А давайце і яшчэ па каліву, — кіўнуў ён на бутэльку, дзе яшчэ штось заставалася.
— Годзе! На заданьні не напіваюся, — сказаў кілер. — Ты мне лепш чыфіру завары.
— Калі ласка. Магу чыфіру, магу кавы.
— Не, чыфіру даўно ня піў. А то дзе мне пасьля шукаць той чай.
— Ды чаю пакуль хапае. У кожным гастраноме, — сказаў Чарняк і сумеўся, адчуўшы падвойны сэнс тае просьбы. Страшнаваты сэнс. Але ён паставіў на полымя чайнік, нарыхтаваў заварку. Усё ж трэба было заставацца спакойным.
— Ня ведаю, як вас, а нас, бізьнесоўцаў, зусім задушылі. I падаткі, і мытні, і акцызы ды іншае — немагчыма дыхнуць, — паскардзіўся ён.
— I ў нас ня лепей, — выдыхнуў кілер. — Парадку мала, адно — давай, давай.
— Шмат працы?
— Хапае… Сёньня ў Мінску, заўтра ў Хвалынску. Ніякай каардынацыі.
— Разарваны сувязі, — сыранізаваў Чарняк. Але госьць не зразумеў іроніі, і ён папытаўся болей сур’ёзна: — Ну, а заробкі як жа?
— Храновыя. Кідануць пару тысяч — што на іх?
— Рублёў?
— Даляраў — чаму рублёў. Затое сабе дзесяць тысяч.
— Каму? — чагось ня мог сьцяміць Чарняк.
Кілер упершыню зірнуў на яго чыстымі, амаль па-дзіцячы наіўнымі вачыма.
— Начальству, каму ж яшчэ. А паспрабуй вякнуць, адразу злапаеш…
— Кулю?
— А ты думаў!
— Да, кепскія і ў вас справы, — падумаўшы, сказаў Чарняк і наліў госьцю вялікі кубак чыфіру. Міжволі яму ўжо рабілася яго шкада. Усё ж як ні блага было ў бізнэсе, а мабыць, лепш, чым у іх кілерскай справе.
I ўсё ж ягоны клопат заставаўся нявырашаны, як і што будзе далей, ён ня ведаў і надта турбаваўся.
— Дык што ж рабіць?
— А ні храна! — сказаў кілер, па-свойму зразумеўшы ягоную думку. — Трэба было раней думаць.
— Раней?
— Ну. Да акцябра сямнаццатага году. Цяпер ужо позна.
Чарняк няўцямна трохі памарудзіў — яны абодва ўвесь час меркавалі пра рознае.
— Слухай, — сказаў ён амаль даверліва. — Я бачу, ты чалавек харошы. Можа, табе памагчы?
Кілер сербануў чыфіру і паківаў галавой. — Мне ўжо ніхто не паможа. Зрэшты, і табе тожа.
— Як?
— Так! — зноў з дзівосным наівам зірнуў у ягоныя вочы кілер.
— Слухай, а калі знайсьці таго?
— Таго знойдуць, — упэўнена сказаў кілер і зірнуў на свій «Арыент». — Праз дваццаць хвілін.
— Во як!
— А ты думаў! Удакладняюць адрас.
— I ты пойдзеш?
— Пайду. Што рабіць? Застрэлю цябе і пайду. Чарняк на хвіліну зьнямеў ад гэтае будзённае шчырасьці. Дужа не хацелася верыць, але ў той жа час ён разумеў, што кілер не падманвае, што яму з гэтай пасткі, відаць, ня выкараскацца. Але ўжо гэта чорт ведае што! Завошта яго страляць? Іхняе начальства наблытала, а яму гінуць? У чым ягоная, Чарняка, віна? Нават у чым прычына? — ён ня мог зразумець. Блытаныя думкі мітусіліся ў ягонай галаве, сэрца калацілася ў грудзях. Але дзе ж паратунак? Ён прагнуў паратунку і ня ведаў, што рабіць. Мабыць, ягоны ўсхваляваны стан заўважыў кілер, які вельмі нават спакойна мовіў:
— А ты ня дзёргайся. Сядзь, супакойся, лягчэй будзе.
— Лягчэй ня будзе! — ледзьве ня крыкнуў Чарняк. — Гэта безабразія!
— Уся жысьць безабразія, — па-філасофску заўважыў кілер. — А гэта такое правіла.
— Якое? — упіўся ў яго позіркам Чарняк. Ён хацеў ведаць усё.
— Няўжо не ўразумеў, якое? — стрымана папракнуў яго кілер.
Так, цяпер Чарняк зразумеў. Яго ўсё ж застрэляць. Але як жа так — ён не хацеў паміраць. Ён хацеў жыць. Асабліва цяпер, калі дамогся самастойнага, хоць і дужа клапотнага жыцьця. Сваёй справы. Хоць часьцяком ён і скардзіцца на тую справу і ўмовы працы, але ўсё ж са свайго клятага бізьнесу мае трохі больш, чым меў у канструктарскім бюро. Зноў жа жонка, дачушка Іначка… I чаго ён павінен паміраць за нейкага Чашкова, з якім у яго амаль ніякіх адносінаў, хіба дваравое знаёмства. I што ён там нарабіў, гэты ваўкаваты, увогуле маласімпатычны чалавек, што на яго нават наслалі кілера? I хто б мог падумаць? Іхнія аўтамабілі ў двары заўсёды стаялі побач — задрыпаная «сямёрка» Чарняка і ўвогуле не стары яшчэ «мэрс» Чашкова. Дваравыя аўтамабілісты заўжды пазіралі на яго з зайздрасьцю, а можа, і з затоенай варожасьцю. Але Чарняк не зайздросьціў і ніякай варожасьці не меў. Зрэшты, як і Чашкоў да яго таксама. Дык які ж д’ябал зьвёў іх у адно сьмяротнае кодла?
Тым часам, мабыць, мінула дваццаць хвілін — Чарняк ужо не сачыў за часам. Затое за ім сачыў кілер. Не ўстаючы ад стала, ён набраў свой нумар і прыклаў тэлефон шчыльненька да вуха. Чарняк напружыў слых, ды ня ўчуў нічога. Праўда, і размова была падазрона кароткая — так, не, — і кілер схаваў прыладу.
— Да-а, — вымавіў ён. — Сплашное блядства! Ня могуць дазнацца. Што ж, пачакаем. Чыфіру вып’ем.
Чарняка раптам аж скаланула ад новай удала знойдзенай думкі.
— Слухай, а калі я вас выручу?
— Гэта ў чым? — насьцярожыўся кілер.
— Ну, знайду Чашкова. Вы мяне пусьціце?
— Вядома, — лёгка адказаў кілер. — Баш на баш. Вы — нам, мы — вам, як у КДБ. Ён дзе жыве?
— Тут блізка, — сказаў Чарняк.
Кілер зноў дастаў свой жахлівы тэлефон і зноў штось буркнуў, — мусіць, на іх шыфраванай мове. Трохі счакаў адказ. Чарняк сядзеў, бы на іголках, і караў сябе думкай: што ўдумаў зрабіць! Ты ж прадаеш чалавека, які табе не зрабіў кепскага. Але тут жа зьявілася іншая думка: а што ён зрабіў добрага? Летась пазычыў каністру бензіну, як не было на запраўках, дык жа Чарняк аддаў і падзякаваў. I ўсё ж было вельмі пагана на душы — пакутна і брыдка. Хіба трохі апраўдвала думка, што не па сваёй волі. Ён жа змушаны. Што ж, лепей, калі яго тут застрэляць на гэтай кухні? I завошта? У Чашкова дык, мабыць, хоць ёсьць правінка, пэўна, якаясь прычына, калі прыслалі кілера. А Чарняк чысты, як перад Богам.
— Во ты пытаўся, як кілерам стаў? Дык скажу: каб аднаго мудака ўхлопаць. Даволі пузатага. Ды, здаецца, ён мяне хлопне, — сказаў між тым кілер.
Чарняка тое, аднак, ужо мала цікавіла. Ён пакутна думаў пра іншае: як уратавацца? Можа, як выйдуць на вуліцу, тады?
У двары, як заўжды, цёмна, і дарма гэты хваліцца, што снайпер. Калі рвануць пад таполі ды ў міліцыю. Міліцыя побач, ля ЖЭСа…
Але ж хітры гэты Чашкоў! Відаць, зьняў сваё прозьвішча з даведачнага бюро, во яны яго і шукаюць усю ноч…
Мяркуючы па ўсім, так яно і выходзіла — яны там не маглі знайсьці Чашкова, кілераў тэлефон маўчаў. А Чарняк тым часам адумаўся, ён ужо шкадаваў, што паабяцаў памагчы. Можа, яго і ня думаюць страляць, можа, гэты хмыр толькі страшыць?
Гэта ж жахліва, калі так за нішто будуць страляць па начах сумленных людзей. I нашто ён сказаў яму пра Чашкова… Каб як перайначыць тое, Чарняк заўважыў:
— Праўда, я добра ня ведаю, дзе ён жыве…
Кілер варухнуў густымі брывамі.
— Ну ня ведаеш, дык ня ведаеш, — няпэўна сказаў ён і зноў зірнуў на гадзіньнік. — Засталося дзесяць хвілін.