ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Да чаго… дзесяць хвілінаў?

— Да таго! Праз дзесяць хвілінаў я іду. Чарняк зьнерухомеў.

— Але ж… Я застануся?

— Безумоўна. Ты застанешся. Назаўжды.

Чарняк апусьціўся над сталом, абхапіў галаву рукамі. Божа мой, што ж гэта робіцца? Чаму так? Што ён павінны зрабіць, каб уратаваць сябе? Апроч прадажніцтва, сапраўды нічога не застаецца. Але ж ён нікога не хоча прадаваць. Ды ўсё так складваецца, што камусь трэба гінуць — або яму, або Чашкову. Хаця ў жыцьці ўсё так уладкавана, што кожны — найперш сам за сябе. Недзе чытаў: калі я не за сябе, дык хто за мяне? Праўда, далей там было напісана: калі я толькі за сябе, дык навошта я? Во дзівак-філосаф: навошта я? Быццам гэтая акалічнасьць ад мяне залежыць. Сам бы апынуўся ў маім становішчы, дык, мабыць, не напісаў бы так.

Здаецца, разумеючы стан гаспадара, кілер, аднак, заставаўся спакойны, нават нібы абыякавы і да гаспадара і да свайго, усё ж заблытанага, становішча. Выхлебтаўшы чыфір, зноў зірнуў на гадзіньнік.

— Ты ведаеш, канешне, дзе гэты Чашкоў. I баішся прадаць? Што ж, усё правільна. Тваё права — баяцца, спадзявацца… Засталося пяць хвілін.

Пяць хвілін усяго жыцьця! Бог ты мой! Што ж гэта робіцца…

— Дык як жа мне быць? — роспачна вырвалася ў Чарняка, і ён застыў, чакаючы адказу. Адказ мог даць кілер. Але той моўчкі ўстаў, перахапіў у правую руку свой «Магнум».

— Пайшлі!

— Куды?

— Пакажаш Чашкова.

Ну во — і ўсё. Калі цяпер адмовіцца, дык гэтая хвіліна, мабыць, будзе для яго апошняй. А калі пагадзіцца — зьявіцца нейкая хоць кароценькая надзея. Канешне, яна можа і ня спраўдзіцца, можа сканаць. Сьпярша ён, затым і яна. Ці наадварот — не зразумець. Але пакуль сам жывы, жыве і яна, — блыталіся ў ягонай галаве палахлівыя думкі.

— Надзень пінжак, — зусім па-сяброўску сказаў кілер. — На дварэ сьцюдзёна.

Той нечаканы клопат Чарняку спадабаўся, у ім прагучала надзея, якой ён прагнуў. Ён таропка апрануў пінжак, а кілер тым часам дастаў з задняй кішэні маленькія чорныя кайданкі. Убачыўшы іх, Чарняк ледзь ня ўпаў на зьнянацку падагнутых нагах.

— Спакойна, — сказаў кілер і зашчоўкнуў адну брасьлеціну на яго правай руцэ, а другую — сабе на левай. — Так будзе о’кей.

Гэта канец, сказаў сабе ў думках Чарняк. I раптам адчуў дзіўную палёгку, як бы скінуўшы з сябе ўвесь гнятлівы, турботны клопат. Можа таму, што раптоўна і назаўжды скончыўся пакутны працэс выбару паміж жыцьцём і сьмерцю. Пагібель перамагла, і выбару не засталося. Поўная пустка. Вакуум. Над шматлікімі праблемамі вакууму ён колісь завіхаўся ў сваім канструктарскім бюро. I ён прыпамятаў, як некаторыя пустазвоны балбочуць аб важнасьці свабоды выбару. Дзе яна ў жыцьці, тая славутая свабода, як і той знакаміты выбар? Так мала іх было пры жыцьці і зусім не засталося перад пагібельлю. Усё навакол і раптоўна адсуналася ад Чарняка, паблякла; зьніклі ўсе турботы пра сябе. Ягоныя пачуцьці запоўніла дзіўная абыякавасьць да сьвету і да сябе таксама. Падобна, ён пераставаў існаваць яшчэ да жахлівага імгненьня канца.

Бы спачуваючы яму, кілер ціха зазначыў:

— А ты маладзец. Іншыя, знаеш… абсіраюцца.

I нетаропка адамкнуў дзьверы. Яны выйшлі з прыхожай, і кілер ціхенька прычыніў іх, выразна шчоўкнуўшы замкамі. Не ўратавалі і сталёвыя дзьверы, падумаў Чарняк, успомніўшы, як даставаў іх па блату на складзе, грузіў з хлопцамі ў «Калхіду». А пасьля цягаў на сёмы паверх — у кабіну ліфта яны ня ўлазілі. Трэба было… Яны ўдвух ціха спусьціліся ў незанятым на той час ліфце, выйшлі на цёмны падворак. Ім ніхто не спаткаўся ў гэты глухі час начы. А калі б і спаткаўся, дык што? Ідуць поруч два сябрукі-мужчыны, паводзяць сябе спакойна, а што позна, дык, можа, заседзеліся ў каго ў гасьцях. Кілер маўчаў, але Чарняк адчуваў скабамі ўпёрты ў яго бок глушыльнік «Магнума». Кожны момант кілер мог націснуць на спуск — варта яму было толькі вякнуць. I ён, праклінаючы ў душы забойцу і сябе разам, вёў яго да суседняга пад’езда. На што ён спадзяваўся, на што разьлічваў?..

Мабыць, ужо ні на што. Інстынктам выгадваў некалькі лішніх хвілін жыцьця, хаця тады для яго тое ня мела значэньня. Ён ужо ведаў, што нават пагібельлю суседа нельга купіць сабе паратунку. Заставалася хіба ненавідзець Чашкова, усё ж з нянавісьцю гінуць было лягчэй.

Яны падняліся ў ліфце таксама на сёмы паверх, і кілер сам націснуў на кнопку званка. З кватэры азваліся не адразу, давялося ціснуць яшчэ. Пасьля гаспадар сонным хрыплаватым голасам папытаўся «Хто?», і Чарняк з дрыготкай у раптам перасохлым горле назваў сябе. Няхутка яшчэ дзьверы адчыніліся, у якіх паказаўся няголены, заспаны Чашкоў з ускудлачанымі сівымі валасамі на галаве. Ён толькі зірнуў на суседа, і то быў апошні ягоны позірк перад тым, як ва ўпор хлопнуў стрэл «Магнума». Другі стрэл Чарняк чамусь не пачуў — разам асунуўся пад дзьвярыма і зьнерухомеў. Славутыя кантрольныя стрэлы былі справаю дзьвюх секунд, пасьля чаго кілер спакойна рушыў на тым самым ліфце ўніз і назаўжды зьнік у цемрыве начы.

Магчыма, яго таксама хутка прыстрэлілі.

Чырвоныя пятліцы

У хмарны восеньскі надвячорак сакратар сельсавета, які быў таксама і сакратаром партячэйкі, Пётра Анішчык вяртаўся з райцэнтра ў вёску.

Ён прыпазьніўся. Нябачнае за хмарнаю навалаччу сонца, мабыць, ужо села за лесам, над дарогай і ў навакольлі пачало зьмяркацца, асабліва ў нізкіх балоцістых мясьцінах, дзе прыдарожныя альхоўнікі спрэс туліліся ў змроку. Анішчык сьпяшаўся і, раз за разам тузаючы лейцамі, паганяў каня па гразкай, разьбітай дарозе, каб пасытець да начы вярнуцца ў сельсавет і сабраць партыйцаў. Ужо сёння належала прыняць рашэнне, важнейшага за якое, мабыць, яшчэ не прымала ячэйка.

Зрэшты, колькі Анішчык ні думаў пра тое, усё ня мог прыбіцца да цвёрдае думкі. Часам здавалася, што лепей было б усё вырашыць, не выязджаючы з мястэчка, дзе ён праседзеў на нарадзе ў райкаме. Але там ён не знаходзіў у сабе патрэбнай рашучасьці і цяпер думаў, што трэба ўсё вызначыць разам, параіўшыся з партыйцамі. Ён разумеў, вядома, што того справай нікога не ўзрадуе. А што ён мог зрабіць — не з уласнае волі тое, а паводле палітыкі партыі бальшавікоў. Ягоныя ж партыйцы людзі сьвядомыя і павінны зразумець сакратара. Як ён зразумеў таго, хто цяпер стаяў вышэй за ўсіх у раёне.

Сёньня Анішчык сустрэўся з ім нечакана, не спадзеючыся, што ўбачыць яго на нарадзе па льнонарыхтоўках. Пакуль змрочны, заклапочаны першы сакратар райкаму таварыш Князеў бэсьціў нізавых сакратароў за правал у выкананьні плана льнонарыхтовак, Анішчык сядзеў, бы на іголках, — чакаў свае чаргі. Калгас «Другая пяцігодка» выканаў гэты план усяго на 37,5 працэнта — было чаго хвалявацца. Але сакратар райкама ў сваім дакладзе неяк абмінуў яго, хаця сёньняшняя газета надрукавала зводку, дзе ягоны калгас значыўся ў другім радку зьнізу. То была катастрофа.

Катастрофа і сталася, хаця і ня там, дзе яе чакаў Анішчык, — не ў сакратарскім дакладзе. Пасьля трох гадзінаў паседжаньня — лаянкі, вымоў, апраўданьняў і пагроз, калі ў душнай і цеснай залі ўсё часьцей чуліся стомленыя ўздыхі прыезджых з раёна сакратароў, у бакавым праходзе ўзьнік таварыш Дзьвярной. Ён штось ціха прамовіў змрочнаму, стомленаму Князеву, што сядзеў за сталом, і той згодна кіўнуў. Усе ў залі быццам скалануліся ад нечаканкі, сьцяліся, са страхам пазіраючы, як начальнік райаддзела НКВД зайшоў за фанерную трыбуну і зьняў шапку. Гэта быў даволі маладжавы мужчына ў вайсковым фрэнчы і фарсістых галіфэ; шырокай пяцярнёй ён прыгладзіў на галаве цёмны і шорсткі чуб. Чэкіст прыехаў улетку з абласнога цэнтра, каб тэрмінова выкараніць трацкісцка-зіноўеўскае ахвосьце, таксама як і белапольскія шпіёнска-тэрарыстычныя банды. Пад яго кіраўніцтвам органы НКВД раёна шчыравалі як мае быць — выкрывалі і арыштоўвалі ноччу і ўдзень. Але во бяда — пад восень тэмпы выкрыцьця пачалі слабнуць, у мінулым месяцы шпіёнаў і шкоднікаў розных гатункаў было выкрыта і абясшкоджана на васямнаццаць працэнтаў меней, чым у папярэднім. Начальнік НКВД таварыш Дзьвярной самым сур’ёзным чынам зьвярнуў увагу партыйных сакратароў на гэты вельмі трывожны факт і прыгразіў, што органы будуць змушаныя зрабіць з яго адпаведныя высновы.

Стомленая доўгім паседжаньнем сакратарская аўдыторыя маўкліва слухала ягоную тэмпераментную прамову, кожны моўчкі меркаваў, чым яна можа скончыцца. Сакратары ўжо ведалі, што за пагрозамі раённага чэкіста вельмі проста могуць наступіць сумныя справы. Асабліва яны затрывожыліся, калі начальнік выняў з кішэні складзены аркушык паперы і пачаў называць канкрэтныя факты.

— Злачынная халатнасьць ёсьць прамое ўтойваньне імеюшчага места шкодніцтва, — пасьля нядоўгай паўзы вымавіў ён у насьцярожаную залу. — Таварыш Клепікаў тут маецца?

Поделиться с друзьями: