Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Трохі разгубленыя і заклапочаныя, яны нядоўга пастаялі каля дзьвярэй, ня ведаючы, куды падацца. Асабліва вінаватым, відаць было, пачуваўся Скакун, які, зірнуўшы праз акно на падворак, раптам сказаў:
— Гайда ў гараж. Тут недалёка…
Зноў адзін за адным яны ішлі па зарослым дзядоўнікам завулку ў бок моста цераз рэчку, дзе быў гаражны кааператыў з двух дзясяткаў пахілых сілікатных боксаў. Гэты раз наперадзе порстка крочыў Скакун, за ім, усё прытрымліваючы ў штанах цяжкаватыя бутэлькі, дыбаў Гаворка. Апанураны Пухлякоў ўвачавідкі губляў нядаўні імпэт і ў мокрым на плячах пінжаку брыў апошнім. Тое блуканьне ў пошуках здатнага прытулку ўжо агоркла яму, і толькі спадзяваньне на ўдалы канец не давала вярнуцца.
Гаворка таксама думаў, што, чым цягнуцца на канец мястэчка, лепш было б дзе прыткнуцца ды выпіць. Тым болей, што дожджык быў невялікі. Але ўсё гэты Пухлякоў. Начальства! Хаця, гледзячы якое начальства. Некалі з партыйна-савецкім дык Гаворка і няблага ладзіў, асабліва ў тыя гады, як працаваў у райкамаўскай лазьні-парыльні пры возеры. Бывала, сыдуцца калі ў суботу раённыя начальнікі, сакратары і яшчэ хто, часам і госьці з вобласьці ці з Менску. Ён добра напаліць каменку, пары нагоніць што трэба, хвошчуцца крамяныя мужыкі, аж крэкчуць. Часам хто папросіць яго, Гаворку, пахвастаць хрыбціну. Хвастаць ён умеў, венічкі меў заўжды сьвежыя, сам вязаў з маладога бярозавага вецьця. Ну, а пасьля лазьні тут жа, ва ўтульным прылазьніку, пачыналася самае цікавае — выпівончык: каньячок грузінскі, армянскі ці, як у апошнія гады, болей падабалі малдаўскі — з бацяном. Яму таксама калі паднясуць паўшклянкі, а то і цэлую. I размовы — вясёлыя, пра баб, а то й сакрэтныя, пра партыйныя справы. Калі сакрэтныя, ён выйдзе на паветра перакурыць, навошта яму, беспартыйнаму, слухаць партыйныя сакрэты. I ўсё добра, усе задаволеныя…
Ды во ўсё паляцела ў тар-тарары. Цяпер ні лазьні, ні таго начальства. Ні каньяку. Рады, калі выдарыцца якая чарчына. Аж выдараецца, аднак! Як во і сёньня.
У прасьмярдзелым бензінам ды аўтолам Скакуновым гаражы было суха, цёмна і цесна. Балыныню месца тут займаў новенькі вішнёвага колеру «Масквіч-412». Бяз жаднай, аднак, увагі да яго мужчыны расклалі на блішчастым багажніку свой харчовы набытак, пакуль гаспадар таропка падсьцілаў там зрудзелую газеціну. Затым аднекуль з цёмнага кутка той вынес шклянку, узяўшы якую, Пухлякоў незадаволена паморшчыўся.
— А вады няма?
— Нашто вада? — не зразумеў Скакун. — То ж ня сьпірт, запіваць ня трэба.
— Бруд адмыць, — сказаў ветэран.
Сесьці тут таксама не было дзе, яны пасталі абапал багажніка, і Гаворка рашуча скалупнуў блішчасты каўпачок з першай бутэлькі.
Моўчкі і таропка выпілі — першы Пухлякоў, за ім Скакун; апошняму сабе наліў Гаворка. Наліваў эканомна, кожнаму роўна паўшклянкі, ну, можа, сабе трохі болей, але ніхто таго не заўважыў. Як закусілі, патроху ўсе ажывелі, заружавеліся іх даволі змэнчаныя жыцьцём твары. Асабліва ў маладзейшага за ўсіх Скакуна.
— Ну і добра, — сказаў ён, — У гаражы ня горш, чым у кватэры.
— Абы грошы, — сказаў Гаворка.
— У тым і справа, — пасьля маўклівае паўзы сказаў Пухлякоў і павярнуўся да Скакуна. — А ты ведаеш, за чые то грошы?
— А за чые? Гаворкавы?
— Нямецкія, во за чые.
— Што — зарабіў? У нужніку?
— Дваццаць марак. Ледзьве ня трыццаць срэбранікаў. Як у таго Юды, — сказаў Пухлякоў.
Гаворка насьцярожыўся, аж перастаў каўтаць каўбасу. Тое яму не спадабалася. Гэты Пухлякоў заўжды, як вып’е, меў звычай плесьці якую палітыку. Ці нават рэлігію.
— Якога Юды? Што ты вярзеш?
— А такога. Думаеш, яны табе — за заслугі?
— А хоць бы і так? Ці я ня маю заслугаў?
— Чхаць ім на твае заслугі. Ім трэба правакацыя. Яны тваё фота прыставяць да якой блядзі з бардака і надрукуюць. Пры ардзянах. Во будзе пацехі!..
Пацеха — хай сабе, а вось правакацыяў Гаворка не любіў, з маладосьці асьцерагаўся правакацыяў. Асабліва як рабіў у парыльні ды і раней — у сельгастэхніцы, бо адразу можна было выляцець з працы. З свае цяперашняй працы ён таксама не хацеў вылятаць. Але і Пухлякоў — чаму ён пра тое гаворыць, як выпіў? Чаму ён не сказаў гэта там, на аўтобуснай?
— Пайшоў ты, знаеш куды? — раззлавана адказаў Гаворка.
— Не ўжо. Дап’ём, а пасьля і пойдзем… Хто куды, — нязлосна, аднак, сказаў Пухлякоў, беручы шклянку.
Мусіць, іхняя гамана была ўчута знадворку, і ў прычыненых дзьвярах мільгануў нейчы цень, у шчыліну нясьмела зазірнуў усьмешысты, сьвежапаголены твар.
— А, во дзе яны схаваліся. Ай, падпольшчыкі, ай сакрэтчыкі!..
Пухлякоў апусьціў шклянку і ціха вылаяўся.
— Яшчэ адзін… Бэнээфавец!
У гараж зважліва ўвайшоў Яшкоўскі, былы партызан і настаўнік — таксама былы, бо ўжо другі год як быў звольнены з працы за ўдзел у местачковай дэманстрацыі БНФ.
— Дык за што п’ём? — адразу папытаўся ён, сарамліва ўсьміхаючыся.
— За немцаў, — буркнуў Пухлякоў.
— Што ж, можна і за немцаў. Цяпер можна. Вунь гуманітарку гоняць. Учора ў бальніцы сканеры згружалі.
— Бо віну адчуваюць. За вайну, — сказаў Пухлякоў. — Трэба ж пакаяцца.
— Гэта як каторыя. Каторым трэба, а каторым і не. Як камуністам, напрыклад. Гэтыя ніколі ня каюцца.
— I ня будуць. Бо камуністам няма за што каяцца, — упарціўся Пухлякоў.
— Ня будуць, гэта факт, — уставіў Скакун.
— Канешне, ня будуць, — пагадзіўся Яшкоўскі. — Ня тая парода.
— А мне чорт з ёй, якая парода. Абы плацілі грошы, — амаль крычаў збоку Скакун.
— Але ж і грошай няма. Па ўсім сьвеце жабруюць, дык жа не даюць. Бо ня маюць даверу.
— Бо развалілі дзяржаву! — нядобра набычыўся за аўтамабілем Пухлякоў. — Дзе Бярлінская сьцяна? Чаму і яе развалілі?
Скакун ад дзьвярэй аж закрычаў:
— Ды ну вас к д’яблу з вашай сьцяной. Я гэтую сьцяну пад Сандагарам з «граду» — аж дым пад неба!.. Ордэн далі.
Скакун п’янеў хутчэй за ўсіх, Гаворка гэта бачыў ужо ня першы раз. Мабыць, яму ня трэба было больш наліваць. Але ж ён сам узяў бутэльку і, нахабыа парушаючы парадак, зноў наліў сабе амаль поўную шклянку.
— Пайшлі яны ўсе ў жопу! I духі, і немцы з амерыканцамі. За пабеду! — выкрыкнуў Скакун і выжлукціў шклянку.
— Во, так і атрымліваецца, — сказаў пагадзя Пухлякоў, вымаючы пачак «Беламору». — Поўная беспрынцыпнасьць. За чые грошы, за чыю пабеду?
Тут ужо зазлаваў і Гаворка, можа, таму, што таксама пачаў п’янець. Цьвярозы ён, можа б, і прамаўчаў, а тут карцела сказаць. Тым болей, што ён даўно меў на Пухлякова крыўду.
— Але ж ты во — прынцыповы, а п’еш?
— Ну і што? — зьдзівіўся Пухлякоў. — Але ж не за твае.
— Не за мае. Дык не плявузгай. Пра прынцыповасьць.
— Мяпе ня купяць, я ідэйма загартаваны. Я вып’ю, але ўсё роўна застаюся камуністам. А ты — чачэн!
— Чаму я — чачэн? — зьдзівіўся Гаворка.
— Бо зло гадамі таіш, у сабе носіш. Чачэны носяць сто пяцьдзесят год, а ты з вайны. Чаму ж ты ў партыю не ўступіў? Бо за жопку крыўдуеш, ага?
Гаворка быў ашаломлены ад такой павароткі ў размове. Гэта ён чачэнец? Тоіць за жоыку крыўду? Таму не ўступіў у партыю? А хто яго туды клікаў? Калі хацеў уступіць, тады ад яго адвярнуліся. А пасьля ён і не імкнуўся, прапала хэнць. Бо, сапраўды, таіў крыўду. А хто б на ягоным месцы не затаіў?