ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– Растлумачце, калі ласка, а што гэта значыць?

– А вось цяперча ты кажаш, як і трэба разумнай дзяўчынцы,- пахваліў Алісу Ханьці, а яго вочы свяціліся ад задавальнення.- Калі я кажу “Недатыкальнасць”, я маю на ўвазе, што гэтую тэму мы ўжо разгледзілі дастаткова, і час пераходзіць да наступнай, паколькі, як я разумею, ты не збіраешся сядзець тут да сівога валосся.

– А ці не здаецца вам, што для аднаго слова гэта занадта?- глыбокадумна заўважыла дзяўчынка.

– Не хвалюйся, мае дзіця, калі слову прыходзіцца працаваць зашмат,- супакоіў яе Ханьці-Данці,- яно заўжды атрымлівае дадатковую плату.

– Ёечку!- толькі і змагла вымавіць Аліса, паколькі чарговы раз была збянтэжана і не магла сказаць штось больш.

Каб ты бачыла, як яны па чарзе прыходзяць да мяне вечарам у суботу,- працягваў Ханьці-Данці, хістаючы галавою з самым сур’ёзным выглядам,- за сваім заробкам!

(Аліса не рызыкнула спытацца, колькі ён плаціць словам, таму і я нічога не магу паведаміць на гэты конт.)

– Калі вы гэдак добра ведаеце словы, Сэр,- спыталася дзяўчынка.- Ці ж не маглі бы Вы, растлумачыць мне паэму “Жаблацмокія”?

– Напомні аб чым там, а лепш прачытай,- сказаў Ханьці-Данці.- Я магу растлумачыць усе паэмы якія толькі існуюць... і шмат якія з тых, што яшчэ нават не напісаны.

Гэта гучала шматабяцальна, таму Аліса прыняла свой ўлюбёны артыстычны выгляд і пачала:

“Ў час верчавання, крыпезу

Свюлiлi склiбкiя таўкi.

Ды шкробныя, як баргузы,

Смыхчалi мамсюкi.”

– Пакуль годзе,- супыніў яе Ханьці-Данці.- Цяжкіх слоў тут і так вышэй даху. Але пачнем “Час верчавання”– гэта а чацьвёртай дня - Час гатавання вячэры.

– Вой, як цікава,- прамовіла Аліса.- а “Склібкія”?

“Склібкія”– гэта “Гібкія і Склізкія”, а “Гібкія”– тое самае, што “Актыўныя”. Гэта як партманэт: адно слова мае два сэнсы.

– Буду ведаць.- глыбокадумна адказала дзяўчынка.- А хто такія “Таўкі”?

– “Таўкі” - гэта такія жывёлы. Яны адначасова падобны да барсука, яшчаркі і штопара.

– Напэўна, гэта даволі цікавыя істоты?

– А то ж,- адказаў Ханьці-Данці,- яны любяць ладзіць свае гнёзды ля сонечных гадзіннікаў, а сілкуюцца сырам.

– А што такое “Свюліць”?

“Свюліць”– гэта “Свярліць” штосьці і пры гэтым круціцца як тая “Юла”.

А “Крыпеза”– гэта напэўна газон вакол сонечнага гадзінніка, ці так?- спыталася Аліса, сама здзівіўшыся сваёй вынаходлівасці.

– Зразумела ж, мая ты любая! А крыпезой яго называюць таму, што расце ён, крыху наперад, крыху назад...

– І крыху па-за.- дадала дзяўчынка

– Твая праўда. Далей, “Шкробныя”– гэта “Хрупкія як шкло і да таго ж Убогія” (яшчэ адно слова-партманэт, разумееш?). А “Баргузы”– гэткія вельмі нязграбныя птушкі, ў якіх пер’е тарчыць ва ўсе бакі, гэткія жывыя шчоткі для падлогі.

– А “Мамсюкі”?- спытала Аліса.- Я баюся, што хутка вам абрыдну.

– Што ты? Мне шчасце дапамагаць камусь!- супакоіў яе Ханьці.- “Мамсюкі”– гэта зялёныя парсючкі, якія, я, канечне, не надта ўпэўнены, але здаецца, згубілі дарогу дамоў, то бок заблукалі.

– А “Смыхчаць”?

“Смыхчанне”– гук, які з’яўляецца адначасова “Мычаннем”, “Свістаннем” с “Чыхам” па сярэдзіне. Ты, напэўна, яго нават чула... там у лесе. Ну, ці задаволена ты, мае дзіцятка? Дзе ты знайшла гэткі складаны верш?

– Прачытала ў адной кнізе,- адказала яна.- І мне чыталі... Але нашмат лягчэйшыя за гэты. Па-мойму Цілідзін!

– Што датычыцца паэзіі,- прамовіў Ханьці-Данці, артыстычна складаючы рукі,- Калі так, я сам чытаю верш не горш за астатніх.

– Вой не! Навошта! Не турбуйцеся!- шпарка прамовіла дзяўчынка, спадзеючыся, што гэта яго спыніць.

– Тое, што я зараз прачытаю,- Ханьці быццам не чуў Алісіных слоў,- я напісаў спецыяльна, каб цябе пазабавіць.

Зразумеўшы, што ў любым выпадку слухаць прыйдзецца, яна маркотна падзякавала аўтару і прысела.

“Зімой, калі завея злая, Цябе я песняй забаўляю...”

Зразумала, я гэта не спяваю...- дадаў Ханьці.

– Я бачу,- адказала Аліса.

– Няўжо ты можаш бачыць спеў, калі так, ты маеш выдатнейшы зрок!- сувора адказаў ён. Каб не пакрыўдзіць яго зноў, Аліса замаўчала.

“Калі Вясна зямлю адновіць, Я растлумачу песні словы.”

– Дзякуй вам вялікі,- прамовіла дзяўчо.

“І летнім сонцам адагрэта, Ты зразумееш песню гэту. Як восень загрукоча ў дзверы, Усё запішаш на паперы.”

– Калі буду іх датуль памятаць,- прамовіла Аліса.

– Твае словы,- адказаў на гэта Ханьці-Данці,- раняць мяне, няўжо ты зможаш гэта забыць?- але працягваў:

“Я рыбкам ў мора ліст даслаў Ў ім напісаў: “Я пажадаў!” І ўрэшце рэшт, праз нейкі час, Ад рыбак атрымаў адказ. Там напісана: “Мы нічым, Не можам вам дапамагчы””

– Баюся, што не разумею, аб чым ідзе гаворка,- заўважыла дзяўчынка.

– Не хвалюйся, далей верш будзе значна лягчэй,- адказаў Ханьці.

“Я зноўку рыбкам напісаў, Слухмянасці патрабаваў, І атрымаў ад іх адказ: “Тон памяняць мы просім вас!” Пісаў ім раз і два пісаў: Ані радка не атрымаў. Ад гэткіх спраў я раззлаваў, Таму кацёл з паліцы зняў. Пакуль ваду я наліваў, Я грукат сэрца адчуваў. Мне лістанош прыйшоў сказаць, Што рыбы ўжо у ложках спяць. Яму сказаў: “Тады ідзі І зараз жа іх разбудзі!” Не варухнуўся ён. Пачаў У вуха я яму крычаць.”

Гэтыя радкі Ханьці-Данці насамрэч пракрычаў і зрабіў гэта настолькі громка, што Аліса ўзрадавалася, што яна не на месцы беднага лістаноша.

“Ён мне няўмольнасць паказаў, Ён “Не крычы”- мне адказаў. Ён з гонарам прамовіў мне: “Я разбудзіў бы іх, але...” Я штопар ўзяў і непахісна Пайшоў будзіць іх асабіста. Я дзверы ўбачыў і пачаў Ў іх стукацца, за іх крычаць: “Прачніцеся дурныя рыбы!”, І разбудзіў бы іх, калі бы...”
Поделиться с друзьями: