ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– А ці не здаецца вам, што тут ўнізе значна лепей?- працягвала дзяўчынка, не будучы ў стане змяніць тэму, таму што надта за яго непакоілася.- Сценачка, такая танюсенькая!

– Твае пытанні такія лёгкія, каб ты ведала!- пакрыўдзіўся Ханьці-Данці.- Ты, не маеш аніякай рацыі! Таму што, нават, калі я перакулюся на зямлю... а гэта наўрацці... але, калі ўявіць неверагоднае...- з гэтымі словамі, ён ганарыста надзьмуўся, і Аліса ледзь стрымала смех.- Дык вось, калі я нават і звалюся адсюль,- працягваў Ханьці,- Сам Кароль...уяўляеш, Кароль!.. сваімі ўласнымі вуснамі абяцаў даслаць мне на дапамогу ўсіх сваіх падданых, каго... каго...

– ... Каго пехам, а каго на кані,- не ўстрымалася Аліса, што з яе боку, было надта неразумным крокам.

– А Мамка ж мая!- ускрыкнуў Ханьці-Данці, адначасова здзівіўшыся і раз’юшыўшыся.- Ты падслухоўвала... за дзвярыма... не, стаяла за дрэвам.... схаваўшыся ў каміннай трубе... Як ты здагадалася?!

– Прачытала,- далікатна адказала яна,- у кнізе!

– Ну, канечне! Канечне, аб гэтам было напісана ў кнізе,- супакоіўшыся прамовіў Ханьці.- У падручніку па “Гісторыі Англіі”. Глядзі на мяне уважліва! Я той, хто размаўляў з самім Каралём. Калі ў цябе будзе магчымасць паглядзець на падобнага героя? Ты толькі не палічы, што я гэтым ганаруся, ты нават можаш паціснуць мне руку!- Яго ўсмешка распаўзлася ад вуха да вуха, калі ён нахіляўся да дзяўчынкі (пры гэтым, ён цудам не зваліўся са сваёй сценцы) і працягваў ёй сваю руку. А дзяўчынка напалохана назірала за ім.

– Калі ён ўсміхнецца, хаця б крыху шырэй, яго вусны сустрэнуцца ззаду,- вырашыла Аліса,- Што будзе з яго галавой?! Ці не адваліцца?!

– Так! Хто пехам, хто на кані, але прынясуцца ўсе да шчэнту,- працягваў Ханьці-Данці.- Яны сабяруць мяне не болей, чым за хвіліну! Але ж мы адхіліліся ад нашай тэмы, аб чым у нас ішла гаворка?

– Я ўжо і не прыпомню,- ветліва прамовіла дзяўчынка.

– Тады, пачнем нанова,- знайшоўся яе суразмоўца,- цяпер пытацца буду я (“Ён кажа так, нібы мы з ім гуляем!”- падумала Аліса),- Увага, пытанне! Колькі табе год?

– Сем год і шэсць месяцаў.- амаль не задумваючыся адказала яна

– Не!- трыўмфуючы ўсклікнуў Ханьці-Данці.- Ніколі не кажы падобнага!

– А як тады? Растлумачце!- спытала Аліса.

– У мяне няма настрою, гэтым займацца,- заявіў Ханьці.

Але ж дзяўчынку гэта не задаволіла, таму яна працягвала,пазбягаючы на яго глядзець.

– Сем год і шэсць месяцаў,- глыбокадумна прамовіў ён.- Няўтульны для ўспрымання ўзрост. Калі б ты спытала ў мяне раней, я б параіў табе спыніцца на сямі... але зараз ужо запозна выпраўляць!

– Мне не патрэбны падобныя парады!- раз’юшылася Аліса.

– А якая ж ты ганарлівая, каб ты ведала!- пачуўся адказ.

– Няўжо?- пачала шалець дзяўчынка.- А хіба можна спыніць свое сталенне?

– Сам насам не,- паведаміў Ханьці-Данці,- але, калі б ты мела памочніка, магла б і супыніцца на сямі.

– Які ў Вас прыгожы пас,- нечакана сказала Аліса.

(Яна вырашыла, што ўжо досыць наразмаўлялася на тэму ўзросту і размову трэба было працягваць далей, тым больш. што была яе чарга пачынаць.)

– Вой, не!- паправілася яна, крыху паразважаўшы,- я мела на ўвазе “прыгожы гальштук”, ці ўсё ж такі пас... прабачце мяне, калі ласка!- напалохалася дзяўчынка, Ханьці-Данці выглядаў смяротна пакрыўджаным, яна пачала шкадаваць аб тым што змяніла тэму.- Каб я ведала,- падумала Аліса,- дзе ў яго шыя, а дзе талія?

Ханьці-Данці, напэўна быў раззлаваны ўшчэнт, ён маўчаў хвіліну, ці дзве. Калі ён спрабаваў сказаць штось, яго голас больш нагадваў гыркатанне.

– Мяне яшчэ ніколі не крыўдзілі гэткім чынам,- ўрэшце прамовіў ён,- няўжо нельга адрозніць гальштук ад пасу?

– Каб Вы ведалі, наколькі я дурная,- прамовіла баязліва дзяўчо, каб супакоіць Ханьці-Данці.

– А маё ты дзіця, канечне ж гэта гальштук і вельмі прыгожы, як ты ўжо заўважыла. Гэта падарунак ад Белага Караля і яго Каралевы! Вось!

– Ды няўжо?- прамовіла Аліса, вельмі задаволеная тым, што звярнула на гэта ўвагу.

– Яны падаравалі яго мне,- глыбокадумна працягваў Ханьці-Данці, паклаўшы адну нагу на другую і трымаючы гальштук у руках, каб дзяўчынка магла лепш яго разгледзіць,- на нядзень нараджэння!

– Калі? Прабачце не зразумела!- разгубілася яна.

– Я не крыўдую,- адказаў Ханьці.- Што ты не зразумела?

– Аб падарунке на Нядзень нараджэння,- крыху падумаўшы адказала Аліса.- На Дзень нараджэння падарункі дораць, гэта я ведаю, а каб гэдак...

– Ты папросту ніколі аб гэтым не думала!- ускрыкнуў Ханьці-Данці.- Вось глядзі, колькі дзён доўжыцца год?

– Трыста шэсцьдзесят пяць!

– А колькі з іх ты святкуеш, Дзень нараджэння?

– Адзін.

– А калі ад трохсот шасцідзесяці пяці адняць адзін, колькі будзе?

– Трыста шэсцьдзесят чатыры, вядома!

– Палічы лепш на паперцы,- засумняваўся Ханьці-Данці.

Аліса, усмяхаючыся дастала з кішэні блакнот з алоўкам і палічыла ў слупок:

365

– 1

364

– Здаецца ўсё верна...- сказаў Ханьці, самым уважлівым чынам, разгледзеўшы Алісіны вылічэнні.

– Вы трымаеце яго да гары нагамі,- заўважыла Аліса.

– Аёечку!- узвесяліўшыся прамовіў Ханьці-Данці, калі дзяўчынка перагарнула блакнот.- А я гляджу, твае лічбы нейкія дзіўныя. Але, як я ўжо казаў, ўсё здаецца рэшана верна... Хаця я не маю часу, каб разгледзіць ўсё больш дакладна... Дык вось, ёсць трыста шэсцьдзесят чатыры дні, калі ты можаш атрымаць падарунак на Нядзень нараджэння...

– Так!

– І толькі адзін, каб атрымаць падарунак на Дзень нараджэння. Вось табе і хвала!

– Не разумею, пры чым тут “хвала”,- разгубілася Аліса.

– Вядома, не зразумееш,- хціва ўсмяхнуўся Ханьці-Данці,- пакуль я не растлумачу. Я меў на ўвазе: “Самы добры аргумент у спрэчцы”!

– Але ж “хвала” не значыць “самы добры аргумент у спрэчцы”,- не згадзілася дзяўчынка.

– Калі я карыстаюся якімсьці словам,- пагардліва сказаў той,- яно значыць тое, што я хачу, каб яно значыла... не больш, не менш!

– Дзіва нейкае,- сказала Аліса,- няўжо можна прымусіць словы мець зусім іншы сэнс.

– Зразумела ж,- пачуўся адказ,- але, каб гэтак рабіць, трэба быць сапраўдным майстрам слова.

Аліса была настолькі збянтэжана гэтай заявай, што колькі часу не ведала што й казаць, таму праз хвіліну-другую размову пачаў сам Ханьці-Данці.

– Каб ты ведала словы як я! Некаторыя з іх маюць такі паганы нораў, асабліва дзеясловы, яны самыя ганарлівыя з усіх. Вось с прыметнікамі яшчэ сяк-так, з імі і ты зладзіш, а дзеясловы... А вось Я, магу кіраваць нават колькімі адначасова! НЕДАТЫКАЛЬНАСЦЬ! Гэдак толькі я магу!

Поделиться с друзьями: