Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Руны Перуновы

Барадулін Рыгор

Шрифт:
ТАМ Не адлучаўся я зусім З вушацкай хаты анікуды. Дратоў з'інелых перагуды Мой цягнуць сон З далёкіх зім. І дні спяшаюцца ўпадбеж Вярнуцца ў цішыню нязлую. Там толькі, Дзе душа начуе І прачынаецца, Жывеш...
СЦЕРАЖЫ… І сабака брэша па-зямляцку, Брэх адтуль, з маленства, з той зямлі, Дзе пчалой у залатым вуллі Сонейка ўсміхнулася знянацку. Ад душы брашы, старайся, браце. За жыццё абрыд мне брэх чужы. Адбрашуся сам, ты сцеражы Сон мой, недаснёны ў роднай хаце…
СТВАРЫ! Паэт! Ствары сабе Радзіму, Дзе пахнуць снамі мурагі, Каб ад слабога ўздыху дыму Шугала полымя тугі. Па незабытным, непазбытным Тугой Кругі свае заверш, Каб першастрахам першабытным І кожны гук дрыжэў за верш. Верш, Дзе жыве твая Радзіма, Дзе рэчка чуе берагі. А ты ўтрапёнымі вачыма Глядзі на бераг свой другі.
ДУША ВЯРТАЕЦЦА ДАДОМУ Непадуладная нікому, З захмарнай вераю на ўзноў, Душа вяртаецца дадому Да першавоч, Да першасноў. Яна й мяне з сабою кліча Ў сваё чарговае жытло Адсюль, Дзе ліха сыталыча Трымценню рохкаць пачало. З сабой бярэ, Каб там ласкава Дазволіць мне ў зямлю пайсці – Цягнуцца ў неба каласкамі Ці слухаць вецер у трысці…
FATUM Пясок ў касцях. У жылах стома. Як ні добра ў гасцях — Паміраць трэба дома.
ЧУЖЫ Я пасівеў, як гэтыя аблокі, Што пасвіліся ў роднай старане. Стаю такі чужы, такі далёкі, Што ўжо мой цень не пазнае мяне...
ЛЮБІМ Любіць час мінулы небыліцы й былі. Любіць памяць рассцілаць журбы кілімы. Рэўнасць той зямлі, дзе першы след згубілі, Любім называць любоўю да радзімы...
ЯРМО Не літасцю Вяжа снапы вязьмо. Не ласкай Гнецца кашэль з лучыны. Жаданае толькі адно ярмо — Ярмо Айчыны...
ПРАЦЯГ ВЯКОЎ На белай кашулі чырвоны пісяг Ад злосці падступнага меча. Бел-чырвона-белы балючы сцяг Склікае на сумнае веча. На веча, Дзе ў вечнасці мусім спытаць, Ці нам заставацца народам, Ці толькі аб'едкі надзеі спьггаць, І моўкнуць, і глыбіцца ў одум. Ці нам у агульным застоллі людзей Паблізу ля покуці сесці, Ці ціха чакаць, каб які дабрадзей Наш хлеб не пярэчыў нам есці. Узвіўся, як крык, на крыжацкіх касцях І погань кіруе ў прадонне — Бел-чырвона-белы крывіцкі сцяг У вечным памкненні Пагоні!
А ШТО Я ПАЖАДАЦЬ МАЮ? Колькі вякоў у Кітаі Кожны сабе жадае Нарадзіцца і жыць ў Ханчжоу, Харчавацца ў Гуанчжоу, Ажаніцца ў Сучжоу, Паміраць у Лючжоу. Адпаведна ў Ханчжоу Лагодна і плодна. У Гуанчжоу Не бедна і не галодна, У Сучжоу дзяўчаты, Як ветру павевы, А ў Лючжоу багата Камфорнага дрэва, З дрэва камфорнага дамавіна Доўга захоўваць цела павінна. Паўтараю ў Кітаі, Меркаваць бяруся, Што я пажадаць маю Сабе і сябру ў маёй Беларусі? Нарадзіцца і жыць па-людску У Слуцку, Харчавацца ў Белавежы, Дзе ежа свежа, Ажаніцца ў Полацку, Каб ад палачанкі Аблізвацца, як ад мачанкі, Было, Да чарнобыльскай эры Так было пажадана. I на вечны спачын — Толькі б не рана! — Адыходзіць У зямельку, некалі шчырую, Можа паўсюль-такі — Радыяцыя на вякі Забальзаміруе.
ДА БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ Беларусы ўсіх краеў, яднайцеся! Нас няшмат, а будзе менш яшчэ, Як адступім, зломімся пад націскам, Як ад нас рашучасць уцячэ. Праз усе вякі нас толькі ціснулі І хадзіць хацелі як па тлі, Нас душылі волгамі і вісламі, Кожны тужыў зашмаргу пятлі. Нас турылі з Бацькаўшчыны, з Дзедзіны, Нам, панам крывіцкае зямлі, Котласы, Чарнобылі адведзены, Маем права мы на мазалі. Нас палілі, катавалі, праталі, Малацілі нас, нібы кулі, Каралі, забойцы, імператары І бацькі працоўных мас, Калі Беларусь, як палатніну, кроілі На мундзіры ды на каптаны, Каб магілы з нашымі героямі Уціскалі валуны маны. Над святынямі пазруйнаванымі Паклянемся дбаць пра карані. Будзем Янкамі, а не Іванамі, Што не ведаюць свае радні. Працавалі мы на ўсе імперыі, Папрацуем на сябе, браты. Дык адродзімся душой і вераю. З намі Бацька Бог І Дух Святы!
IN MEMORIA Над Беларуссю Сонца марудна ўстае, I спяшаецца за навалай навала. Адам Міцкевіч паліць Беларускія вершы свае, Каб напісаў іх Янка Купала...
* * * На нічыйных гарадскіх дварах, Нібы сны ў разбураным Сезаме, Па сваіх былых гаспадарах Вішні плачуць Белымі слязамі...
МАЛІТВА НАСТУПНАСЦІ Хай свеціцца імя Тваё, Беларусь, У стронцыі, цэзіі, ліціі! Як і ва ўсе вякі, Душу быць ласкавай змусь, Дазволь слязам, Ужо радыеактыўным, Ліцца. Хай свяціцца імя Тваё, У палыновым вянку, Гаратніца. Хай цвіце твой дзядоўнік Калючы, таму што безабаронны. У цябе на слыху перагукваюцца Радыяцыя і Радаўніца. Чакаючы ў гнёзды буслоў, Дагніваюць на ліпах бароны. Хай свяціцца імя Твае, Маці Сумная! Хмару радыеактыўную Хусцінай ад Бога Ты на самыя вочы насунула — Не чуеш, не бачыш Нічога.
АКАФІСТ УЛАДЗІМЕРУ Ён нарадзіўся — I зрабілася болей на адну зорку У сузор'і славутых імёнаў Беларушчыны. Уладзімер Караткевіч прыйшоў, Каб сцвердзіць жывучасць I трываласць духу беларускага, Усёабдымнасць крывіцкага розуму. Ён быў дойлідам, Які ўзводзіў светлы гмах, Цвярды мур для беларускай душы, Выгнанай з дому свайго чужынцамі. Ён быў майстром цяжкой. I няўдзячнай справы — Лучыў ланцуг часін парваных. Шчырэў адзін за ўсіх. Ён быў майстрам I чаляднікам у сябе ж самога, Бо памагатых не меў. Небяспечнай была справа, Якой аддаў гады свае Беларускі геній. Ён быў аратаем, Які араў дзірваны Бяспамяцця й знявагі, Крыўды й абразы Ён быў сейбітам, Які сеяў зерне любові Да ўсяго роднага, наскага, Крывіцкага, Ён сеяў зерне думкі, А такое зерне дае Рунь надзеі. Звышнім пасланы быў нам Уладзімер, сын Сямёнаў, Каб не забыліся, Што мы беларусы, Што мы народ, Варты ўвагі сусветнага людства. Гісторыю твораць асобы. Уладзімер Караткевіч Тварыў нашую гісторыю. Ён зрабіў свой вольны пераказ Аповесці старавеччыны. I пераказ гэты быў дакладны, Бо пераказаны сэрцам, Закаханым у крывіцкасць, Сэрцам аднаго З найлюбімейшых сыноў Беларусі. Зямны й даступны ў штодзённым бытаванні, Уладзімер Караткевіч быў недаступны Падчас размоваў сваіх з Вечнасцю, Калі адкрываліся яму Вяршыні горныя ісціны й еэнсу. Ён падставіў сваё інтэлігенцкае плячо Пад непамерную ношку, Якую неслі Кастусь Каліноўскі I Янка Купала. Ён нёс і не гнуўся. Ён нёс свой крыж, Ён нёс свой крыж і за нас. Будзьма любіць Беларусь I быць ёй адданымі, Як Уладзімер Караткевіч, Каб вярнулася святло У душы нашыя, Каб цемра ад нас адвярнулася. На развітанне нястомны працаўнік, Як трохзор'е, Як трохзярняцце, Абраніў трохслоўе: Быў. Ёсць. Буду. Гукнем жа ўслед глыбіннадумцу, Гукнем яму ў вячніну: Быў! Ёсць! Будзеш! Будзеш! Будзеш!
НІКОЛІ У кватэры, ў якіх я калісьці жыў, Я яшчэ не заходзіў ні разу. Ні забыты матыў, Ні надрыў, ні парыў Не пускаў у душу, як абразу. Каб не ўшчуліць таго, Што было, што сплыло, Засталося ўспаміннай гасподай. Бо жытло, дзе душа гасцявала, Ў святло перайшло, Разлілося лагодай.
ЗАСУМАВАЛА... Былосць засумавала па радзіме, Па той зямлі, Што першаю была. І плакала жніво слязьмі сухімі, Хацеў пазычыць дзень Журбе святла. І незнаёма ўсё, і ўсё знаёма І забыццю, і памяці было. І прамянёў палючая салома Спадала небасхілу на чало. Каб чула ўдзячнасць незямныя крокі, На момант мову адняло ў грамоў. Цішэй плылі высокія аблокі. І папрасілася душа дамоў...
Поделиться с друзьями: