Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Шрифт:

II. Па межах родных…

Па межах родных…

Па межах родных і разорах, Пад небам зводна-неспагадным, Спакоем воджаны век здрадным, Сную, і нейкі са мной шорах. Са мной, за мною ўсьлед сум-вораг З глухім нашэптам, непрынадным: Як ты ні хочаш быць праглядным, — Сягоньня ўсё тут — як і ўчора ж! Усё жыве тым самым Богам, — Таксама шумнае прадвесьне Усёй ня зводзе з гоняў плесьні… Араты ўсход нясе адлогам: Курган чапаючы нарогам, Ня ўспомніць прадзедавай песьні.

Мой край

Ляжаць твае гоні-загоны Стомільна на сьвеце на белым I жаляцца руняй зялёнай, I коласам жаляцца сьпелым. Лес-ноч гаманіста, шумліва Зь мінуўшчыны казкі складае I шле іх далека па нівах, Плакуча, ад краю да краю… Паводкаю коцяцца воды Руч'ёў паміж долаў і гораў, У хвалях пагодай-нягодай Купаючы нівы-разоры. Спавітыя плесьняю вёскі Між пустак заселі бясьсільна, Ўтуліўшыся ў цені бярозкі На вечным кургане бадыльным. А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе Пад ношкай зьнямогі-пакуты I, роячы сны а свабодзе, З дня ў дзень сам сабе куе путы. Так сьпіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сьцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай.

Над Нёманам

Ціха і плаўна ўдаль коцяцца воды Вольнага Нёмана ў цёмную даль, Толькі у часе глухой непагоды Зь берагу Нёман ня выйдзе амаль. Вербы і вольхі калышуцца глуха, Сінія хвалі шумяць і бурляць. Чуткай душою ў такі час паслухай, — Здасца, там гэтакі голас чуваць: «Гэй, не дзівуйся, мой дружа нядбалы, Што я сягоньня так злосна шумлю: Грудзі здавілі мне хмары навалай, Пошасьць уелася ў матку-зямлю. Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай Некалі бераг мой бачыў і знаў, Іншы меў выгляд — ня гэткі жабрачы, Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў. Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю, Шмат весялей прыглядаўся на сьвет, Песьні і казкі інакшыя баяў, Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет. Буйным жыцьцём усё чыста кіпела, Слава далёка за мора ішла, Ворага кожны за плечы браў сьмела, Цемра чужынцаў ня страшнай была. Панам быў дома і слаўным за домам Мой, патаптаны сягоньня, народ; Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, — Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход. З вольнай дружынаю князь на пасадзе Вольнаму люду законы пісаў; Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў — Слухаў, што веча яму звон казаў. Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна Той неўгамонны, расходзісты звон… Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна; Ці адазьвецца калі болей ён?.. Так, так, мой дружа, іначай бывала, — Не называўся забытым мой край; „Поўнач“ ня раз у ім схову шукала, „Захад“ знаў сілу яго неўнарай. Га, а цяперака што гаварыці?.. Ўсе мае скарбы намарна ідуць: Жыта учора вывозілі віці, Родныя хвойкі сягоньня плывуць. Людзі чужыя змагаюць мне грудзі З новым парадкам, з адменным жыцьцём, — Роднага ж краю тутэйшыя людзі Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом. Я іх ня ваблю сваёю ўжо красай: Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, — Вісла адным усьміхаецца ласа, Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве. Скора сын бацьку, а бацька сыночка Не распазнаюць адзін аднаго; Дзеці чужацкія корме ўжо дочка, Маці працуе на злыдня свайго. Так грамадзяне свабоднага краю Ёрмы узьдзелі, у рабства пайшлі, Прадзедаў слава лазой зарастае, Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі. Рынкам жывога тавару няслава Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой, Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава Торг гругановы вядуць між сабой. Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей. Ой, чалавеча, зьмярцьвелы у сьне!.. Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?.. Камень і вольха перш поймуць мяне!..» • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • Гэтакі ў часе глухой непагоды Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль. Сьціхне, і плаўна зноў коцяцца воды Вольнага Нёмана ў цёмную даль.

Над Сьвіслачай

У Карзюках
Плаўна Сьвіслач-рэчка Удаль плыве, бяжыць; Над крутым абрывам Панскі дом стаіць. Зелянеюць вольхі Па краях ракі, Высяцца над імі Сумна Карзюкі. Відзен горад здаля, Горад Менск стары, Пнуцца важна к небу Коміны, муры. Гулка далятае Дзікі сьвіст машын Ды прыпеўкі жабаў З рэчкі і лагчын. Між прысад гасьцінцам, Між палёў сялян Едзе, пераходзе То мужык, то пан. Ўсю ж гэту мясьціну Неба абняло, Залацістым сонцам Хараство ўпляло. Рэчка, луг, гасьцінец, Горад, Карзюкі Разрываюць думкі На усе бакі. Сам сабой ня знаеш, Што рабіць, як жыць: Ці ляцець у горад, Ці ў Карзюках сьніць? Ці пайсьці гасьнінцам Долі ў сьвет шукаць? Ці рацэ, русалкам Галаву аддаць?..

Над Іматрай

На поўначы сумнай, у Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў, Іматрай завуць вадаспад. Клакочуць, рагочуць Іматрыны хвалі, На цэлыя вёрсты шум-гоман стаіць, Нем толечы каменны бераг, як з сталі, I зарасьнік хвойны маўчыць. Шалее Іматра між каменных глыбаў, За хваляю хвалю імчыць к нізіне; Як хмар недаступных махнатыя скібы, Адна адну схопіць, піргне. Адна з адной рынуцца ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, ўзьнімуцца клубам, дугой, Рассыплюцца пухам, расьсеюцца пылам, Зноў выскачаць к небу гарой. Зірнуць, зьзіхануцца, сыпнуцца на скалы, Ўсім дантаўскім процьмам на зьдзіў, I люнуць на волю, забыўшыся шалаў, Плывуць паміж пустак і ніў. Другія іх зьменяць і пеняцца ў зломе, Адвечністым шумам калышунь прастор; Свабодай сваёю і роднай Суомі Сягнуць быццам хочуць да зор. Стаіш і глядзіш на бунтоўныя воды, І сэрца лялеецца ў сьцішнай жальбе, Ўсё слухаеш нема, як стогнуць нягодай Ды як бы ўсё клічуць цябе: «Хадзі к нам, бяспутнік, кінь долю на сьвеце, Спачын векаавечны дамо ў забыцьці; Нязьведанай воляю будзем шумеці І гутарку з сонцам вясьці. Хадзі ў нашы хвалі, спаўём твае грудзі Вадзіцай сьцюдзёнай, кіпучай, як вар; Народ аб нас казку злажыць не забудзе, І песьню нам зложыць пясьняр». Так сумна на поўначы, ў Фіншчыне дзіўнай, Ракой з вадаспадам заліўся пакат; Вуоксаю рэчка завецца у фінаў, Іматрай завуць вадаспад.

Вёска

За хатай хата у парадак Сядзіць адна каля адной; Залегла вуліца сяродкам, Будынкі збоку чарадой. Ня год, ня два зьняла з плеч вёска, — Дзянькоў уцёкшых знак відаць: Мох у салому паўпіваўся, Падпора час сьпяшыць стрымаць. Жыцьцё у лапці абувае Сваяк, чужынец-прайдзісьвет, Бяда багацтву б'е паклоны, Цямнота к знаньню зводзіць сьлед. Вядзе вайну сьляза са сьмехам, Дзярэцца той, а той дрыжыць, З грахамі важыцца пакута, У пары ноч і дзень бяжыць. Ня знаю: шчасьце ці няшчасьце Ўе тут спакойнае гняздо… У вёскі гэтага спытайся, — Маўчыць і вёска пакуль што.

Сад

Гальлё панадна разлапушыў За хатай прадзедавай сад; Чарэшні, яблыні і грушы Сышліся згодліва у рад. Ківаюць макаўкамі ўдала, Плывуць напевы ад галін, Як бы зь іх кожная ўзывала: «Хадзі, бяспутнік, адпачынь! Хадзі, усядзься каля нас ты, Жыцьця прыгод забудзь напасьць, Паслухай музыкі лісьцястай: Яна табе гарт новы дасьць. Ты многа йшоў, блудзіў ты многа, — Жаданьня крыж ты нёс і нёс, Аж на расстайных стаў дарогах; Цяпер — да нас ад бур і сьлёз!..» Так быццам вабіць сад лісткамі Пад цень свой думку многа лет; А думка — што? яна зь вятрамі, Ня знай, за чым ляціць у сьвет…

Рэчка

Між гор — далінаю — за вёску, Не аглядаючыся ўзвыш, Суважна, попрасту, па-свойску Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш. Падгоніш каменьчык жвіровы, Травінку водную трасеш, Чапаеш кораньчык альховы, Па верху кветачку нясеш. I лёд зімой табе ня шкодзе — Ўсё коцішся; а цёплым днём На бераг выглянеш разводзьдзем, Дый посьле — зноў сваім сьлядком. Нясецца весела вадзіца, Мая зь ёй думка сьлед у сьлед, — То рвецца ўдаль, то зноў баіцца. I міл, і страшан думцы сьвет. А рэчка як бы мне гавора: «Аб долі хочаш знаць маей? Я — капля ў моры; толькі ж мора Маё ад дум тваіх сьвятлей!..»

Сельскіе могілкі

Люблю я могілкі з каплічкай, Прысельле насыпаў і пліт, Дзе крыж і страшыць, і галубіць, Сьлязой дзе кожан дол абмыт. Сваё дзе Радаўніца сьвята Сьпяшыць у год абходзіць раз, — Сялян склікаючы сямейку, Спраўляе зь сьветам тым папас. Жывыя душ успамінаюць Сваёй успанае радні, Над імі жаляцца галінкі, Нясуць былыя думцы дні… Агул жыцьця ўсяго абыймеш, Друзы пагод і непагод, Зямлю і неба ў рукі возьмеш, — У гэты край зьляціць паглёд. I як жа міл дзірванчык цішы, Спакою дзіўнага узгор, Дзе не чапіў сялянства пушчы Навейшай мудрасьці тапор!..

Явар і Каліна

Песьняй вясны лебядзінаю, Скінуўшы зімнія чары, Шэпчуцца явар з калінаю Ў сумнай даліне над ярам. Лісьцікі зеленяй хваляцца Небу панятлівай мовай: Росамі мыюцца раніцай, Песьцяцца сонцам паўднёвым. Захадам модлы пакорныя З маткай-зямлёй адпраўляюць; Тайна у ночаньку чорную Месяца, зор выглядаюць. Слухаюць сьмехаў русалчыных, Лопату крыльляў начніцы, Ветру павеваў ап'янчаных, Плюскату шклістай крыніцы. Чуецца музыка дзіўная Ў повесьцях сонных імшараў… Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары.

Явар

За пакутнай за гарою Ўзьнёсься явар адзінокі I ківае галавою, Ўсё ківае ў сьвет далёкі. Колькі, бедны, крыўды мае? Колькі жалю ў гальным шуме: Хто падгледзе, ўсё згадае, Ўсё прачуе ў соннай думе? Смуцен явар. Змагаць-біцца Сіл замала зь непагодай — Па лісточку, па галінцы Ўсё губляе з кожным годам. Гэй, і явар жыў надзіва, Паглядаў у сьвет з адвагай, Быў ён князем гэтых ніваў, На ўсім сьвеце меў павагу. Ад узгорка да узгорка — Ці там сонейка, ці вейка, Ці то соладка, ці горка — Помніць явара жалейка. I ў дзень будні, і ў нядзелю Ён зь людзямі са сваімі. Колькі песень аб ім сьпелі? Колькі ў песьнях яго імя? Зьбеглі леты за лятамі. Як ня нашы, нашы песьні; I мы самі, як ня самі. А наш явар? Аж балесьне… За пакутнай за гарою Плача хмурны, адзінокі I ківае галавою, Ўсё ківае ў сьвет далёкі…
Поделиться с друзьями: