Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Шрифт:

Дуб

Распусьціўшы сучча У глухім прывольлі, Сам адзін расьце ён На далёкім полі. Як цар, у кароне, Аб нічым ня дбае, Ці то стогне бура, Ці віхор гуляе. На адным ён мейсцы Днюе і начуе; Многа казак знае, Многа песень чуе. Дождж падмыў карэньне; Ў ім дупло — як хата… Ён стаіць і дрэмле — Грозны, расахаты.

Вярба

Стаіць вярба сухая У полі на мяжы, Кару з галін сьпіхае, Галіны — як крыжы. Ці непагадзь іх мые, Ці сьпеката пячэ, — Ўгару глядзяць нямыя, Штогод нямей яшчэ. Шчабетлівая птушка Папеці не ляціць, I мятлічак, і мушка Гняздо баяцца віць. Адно птах несьвянцоны Спраўляе свой папас… Падбітыя вароны Ды груганы падчас… А ўсесьвяточнай ночай, Як ляжа цемната, Ў сухой вярбе ляскоча Асеньняя слата. Галодны вецер сьвішча, Шалее ў злыбядзе, Цямняцкае ігрышча З сухотніцай вядзе. Праклённы хохат-рогат, Выклічыны жуды, I жальны ціхі ёкат Там чуецца тады. Ў такі час кажуць людзі Аб той вярбе сухой: Хай Бог судзьдзёю будзе Над грэшнаю душой.

Груша

Калышацца сталетняя, Шуміць на ўсе староны, На ёй галінаў тысячы, Лісткоў на ёй мільены. Шпакі на ёй чырыкаюць, I белкі часам скачуць, I сонца дарыць сьпекамі, I хмары дажджом плачудь. Яна, загартаваная Сталетняю парою, Шуміць, заходзе ў гутарку То зь небам, то зь зямлёю. Дый дзіўнай мовы грушынай Людзям не зразумеці, Хоць мо' аб чым і радасным Захоча ім шумеці. Хоць будзе мо' расказываць Аб долі, аб багацьці, З даўнейшага, прайшоўшага Пыл забыцьця зьмятаці… О груша, о сталетняя, Наўчы, што мне зрабіці, Каб мову тваю дзіўную Людзям пералажыці…

Дзьве таполі

Там, за вёскай, у полі дзьве стаялі таполі, Як адна, дзьве таполі стаялі, I стагналі у полі сухавейна таполі, Як адна, дзьве таполі стагналі. Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі, Як адна, дзьве таполі шумелі, I аб Захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі, Як адна, дзьве таполі ўсё пелі, Што пануюць у полі над дубамі таполі, Як адна, дзьве таполі пануюць, Што начуюць у полі самаўладна таполі, Як адна, дзьве таполі начуюць… Неба помсту у полі тут пачулі таполі, Як адна, дзьве таполі пачулі, I навекі у полі дзьве заснулі таполі, Як адна, дзьве таполі заснулі.

Лес

Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы, І ты, дзяўчынка дарагая, Лес гэты цёмны, лес падгалы, Што зь веку ў век нам байкі бае? Цікавым вокам і душою Шмат пераняць чаго там можна, Як там усё само сабою Жыве паважна, асьцярожна. Там зьвер туды-сюды шнуруе, На гальлі птушка там трасецца, Там хвойка з хвойкаю талкуе, Як дзе кума з кумой на рэчцы. Зімой сапе сьцюдзёнай думай, Улетку песьняміь уп'ешся, А ўвосень там — ах, шумы, шумы! Ня чуй — сьлязою абліешся! Няхай жа сьвісьне ў ім сякера: Застогне бедны ён, застогне… О пушча, цёмная ня ў меру, Чыя душа з табой ня дрогне?!

Бор

Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна, Як ноч, пустынна раскінуўся бор; Горда над нівай высіцца соннай, Зь небам вядзе патайны разгавор. Глуха нясуцца вольныя шумы, Веткі касматыя гнуцца, трашчаць; Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць, паняць. Што ты, аб чым ты, бор неспакойны, Гэткую гутарку ў шуме завёў; Ці сваёй доляй ты недавольны, Ці што ня так ты на сьвеце знайшоў? Можа, ты ўбачыў сьлёзы нядолі? Можа, дзяцей тваіх недруг пацяў? Можа, пачуў ты звон путаў няволі? Можа, няшчасных жыцьцё ты паняў? А можа, вецер, што скрозь гуляе, Што-небудзь новае збаяў табе?.. Эй, гавары ты, пушча глухая! Слухаць прыйшоў я здалёку цябе. Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна, Як ноч, пустынна раскінуўся бор; Горда над нівай высіцца соннай, Зь небам ён толькі вядзе разгавор!

Воўк

Топчучы верас і мох Цёмных імшараў і лоз, Выбрыў на сонны разлог, На аплясьнелы пакос. Зубам ляскоча аб зуб, Вочы палаюць агнём; Стаў, як калода, як слуп, Стаў і азваўся выцьцём. Выў сярод дрэмлючых ніў, Як бы на суд каго зваў, Хто сатварыў, спарадзіў, Хто узрасьціў, гадаваў. Ноч — ён на вырай, на жыр; Дзень — у бярлогу, як смоўж… Пустка удоўжкі і ўшыр, Пустка ушыркі і ўдоўж… Выў ён, а рэха ўсё ўдаль З рогатам дзікім плыло, Толькі ня віўся ў ім жаль… Рэха пракляцьце нясло.

Ваўкалак

Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе I зораў паявіцца знак, Па нівах, па сёлах шнуруе Туды і сюды ваўкалак. У поўнач на пні і на сталі Зьнімае, ўзьдзявае свой від; Ня кеміць ні крыўды, ні жалю, Ні наспаў магільных, ні пліт. На веры людской і павазе, Хаваны між яраў і лоз, У кожны надворак залазе I водзіць трусьлівасьць за нос. Паношыцца ў кожнай прыгодзе, Сьмяяцца ня дасьць над сабой; Малітвы на губы наводзе, Як лістам, трасе цемнатой. Ці з ласкай яго, ці няласкай — Рахунак вядзе забабон; Складаецца казка за казкай, Падданых зьярміў ён мільён. Лет тысячы зьела няпамяць, За богам узводзіцца бог, Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць — Ніхто ваўкалака ня змог. Як толькі зямля заначуе I зорак абойдуць рады, Па нівах, па сёлах шнуруе, Шнуруе туды і сюды.

Ў вечным боры…

Ў вечным боры цемнатворы Скачуць, плачуць, весяляцца; Жнуць, зьбіраюць дзіва-жніва Ў сонным полі, ў горкай долі. Ночай ходзяць, днём заводзяць, Твораць, мораць яснагляды; Веюць, сеюць плесьні ў песьні На палаці ў кволай хаце. Як начніцы-чарналіцы, Скрыпам, шыпам маладзяцца: Кінем, плюнем чары-мары На паляны нечапаны; Над курганам незабраным Скруты-путы разасьцелем, Сном-травою станем, глянем На няўлады, на пасады… З чорным богам прад парогам Сталі ў хвале, як кароны, I пануюць — скачуць, плачуць Цемнатворы ў вечным боры.

Хохлік

Як зайграе ў лесе хохлік, — Замірае песень воклік; Як зачэпіць мох і лозы, — Аджываюць сьмех і сьлёзы… Ў цёмным яры скачуць чары, Кветка чахне на папары, Лісьць трасецца на асіне, Вогнік блукаецца сіні. Барадой лясун ківае, Шалы нетрай спавівае; Ваўкалак за дамавінай Выпаўзае на пуціну. Ад загону усьветы Сухалесы, пустацьветы. Хохлік грае, ведзьма скача, Ноч сьмяецца, сонца плача, Толькі песень не чуваці На стаптанай сенажаці.

Чорны Бог

У караўніцах амшалых З галавы да ног, Зь дзікіх багнаў, перавалаў Выбрыў Чорны Бог. Вызваў пошасьці, начніцы, Цемрай зазіяў; Тушыць новыя мглавіцы, Тушыць новы зьяў. Ногці смольлю разлапушыў, Ногці-верады, З гікам пудлівыя душы Гоніць дзе-куды. Цемравіца, суталока Зьверзлася ў адно, Лезе звага, ненарока Ўсё на дно, на дно. З каршунамі, з курганамі Занялася прыць, — Чорны Бог заняўся пламем, Чорны Бог гарыць. Паланейся, развугляйся, Зьмейны Чорны Бог, — Ты йшчэ зь Белым не зраўняўся, Ты яго ня змог!..
Поделиться с друзьями: