ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1955

* * *
Месяц рэжа неба на барозны, сее жытам-зоркамі ўначы. Так трывожна неяк і так грозна раненая Беларусь маўчыць. Бітвы, войны, страшныя пажары, як пабоішча – мая зямля. Колькі раз па ёй, як лівень з хмараў, кроў чужыя і свая плыла?! Хтосьці з пушчаў, з рэкаў край наш выткаў, пасяліў між імі цвёрды род. Чацвяртованыя вечна недабіткі, ажываем зноў каля балот. Глянеш вокал – кроў у жылах стыне, і душа знямелая баліць. Збіты край наш сёламі пустымі ў неба непагоднае глядзіць. Не з падзякай, не казённым хорам – сэрцы тут скрываўлена пяюць. Каміны ўгару глядзяць з дакорам – чорны жаль па тых, што не жывуць…
* * *
Кахаць – я цябе не кахаю. Ці ж можна кахаць ланцугі? Калі аб табе запытаюць, скажу, што ты муж неблагі… Маўчы і жыві, як жывецца, святога ў душы не кранай. За здзекі – пагарда даецца, за мукі – праклёнаў чакай. Мне сёння жыцця не адужаць, збалелае сэрца дрыжыць. Мне цяжка назваць цябе мужам, як цяжка ў дні гэтыя жыць.
* * *
Забралі нам мову зямлі нашай мілай, забралі гісторыю роднага краю. Каго рабом маці ў жыцці нарадзіла, хай недругаў славіць. Я іх праклінаю!
* * *
Мне несці крыж і ўпасці з крыжам Радзімы змучанай мае. Я не з рабоў, што руку ліжуць, якая іх штодзённа б’е. Цярпень маіх цяжкая ноша, і не заўсёды поўны стол. Ды я не з тых, хто лічыць грошы, сабраўшы іх з жабрацкіх сёл. Я дзякую за прапанову, яна магла прыйсці раней – у сцюжу Поўначы суровай, у цемень дзён і бель начэй. Як сына клікала спрасоння, малога хлопца ў свеце тым, што ўсіх зацягвае ў прадонне, насмерць марозіць ветрам злым. Была я нумар, шэрасць, смецце, аб’ект для здзеку, злосны раб. Такога месца мне на свеце рука другая не знайшла б! Чаму тады кусочак хлеба мне ваша не дала рука? Наказваюць ж бацькі і неба, каб накармілі жабрака. Калі камель я несла лесам, і штык упёрся мне ў плячо, вы спраўна, ездзячы ў экспрэсах спявалі гімны крумкачом. І нам цяпер не па дарозе, бо неаднолькавы наш спеў. Ваш – там такіх, як я, марозіць, святы запальваючы гнеў. І я ў ваш хор не падыходжу. Вы апявайце кайданы і слаўце сталінскую рожу, на роднай ніве груганы. Вы здрадзілі і Край, і мову, шляхі змаганняў і пакут. вы танным і прадажным словам ў няволю кінулі наш кут. Маной прасякла ваша ліра, упала ворагам да ног. Народную святую шчырасць вы не пусцілі на парог. Спявайце ж Сталіну і гіньце, як ветрам скручаны чарот. Мяне ў прыгнечанні пакіньце – там, дзе сягоння мой народ.

1956

Лісічка
Калі я пачынала расці, такой была невялічкай, і мама – мой друг у жыцці – мяне называла лісічкай. Я і сёння – загнаны звярок. Сто ваўкоў – супроць іх адна я. Не дзівіцеся, што незнарок я дарогі свае пятляю.
* * *
Жыццё маё – сок беластвольных бярозаў, зямля яго людзям сасмяглым дае. Смех бестурботны, пякучыя слёзы, ружы на цернях, дзянёчкі мае! Думы ў блакіце, віры пад нагамі. Стаю там, дзе брацця мае не змаглі. Жыццё маё – лётаць сваімі шляхамі, упэўнена, цвёрда хадзіць па зямлі. Сэрца ў жыцці не дзялю напалову, заўсёды з табою ў цяжкую пару. І хоць маё болем пранізана слова, у ім не пагасне, як зніч, – Беларусь!
* * *
Сонца ў блакіце сумуе і цешыць. Травам схіляцца і дрэвам цвісці. Вецер павеяў як быццам цяплейшы, жаль, што халодны дзьмуў у жыцці. Прыйдзе пара – расквітнеюць палеткі, і засінее прыветлівы лён, і зацвісці не апозняцца кветкі, і захвалюецца жытні загон. Юнае смеласці віхар адчайны зерняты сее, чакае пары. Дні нашай мовы дарма падлічаюць – прыйдзе вясна, пацяплеюць вятры!
* * *
З палудня ўжо. Халодныя праменні кладуцца ў полі скупа і наўскось. Дзьме вецер схаладнелы і асенні, пранізвае мне вопратку наскрозь. Я слухаю адвечныя напевы, іду шляхоў пратоптаных наўзбоч. Рабрысты гай, расхрыстаныя дрэвы, далёкі шлях, і у дарозе ноч. Нялёгкі шлях, ды я з яго не збочу, і халадку да сэрца не дастаць. Прайду адна бязбоязна і ноччу, я дачакаюся – пачне світаць!
* * *
Беларусь мая ў наквеці пышнай, край вясняны, прыбраны ў красу, – мая сумная песня і крыж мой, што па шляху жыццёвым нясу.
* * *
О акупанты, жах народных мук! Мы ў сябе – пчолы, вы заўсёды – трутні. З крывавых вашых і праклятых рук і Божы хлеб становіцца атрутны. О акупанты, з цемры вы і зла, вы ў нашых слёзах, у крыві па вушы, без праўды розум, сэрцы без цяпла, без дабрыні шакалавыя душы!
* * *
Доля кідала мною, як мячыкам, доля біла ў мяне, як у мяч. Была доля суровай мачыхай у жыцці маім без удач. Калі даў нам лёс ярмо ў спадчыну, і скідаў яго мой народ, ці ж магла тады жыць іначай я – без удараў і без турбот?
* * *
Трывога у сэрцы, жыццё замірае ў будзённай суровай глушы. Нідзе не знаходжу ні роднага Краю, ні чыстай сяброўскай душы. Панурай сялянкаю родная мова з насмешлівых вуліц у поле брыдзе. Сыны ж адракліся крывіцкага слова, спяваюць хвалу злыбядзе. Аўтобусам еду дамоў з Ваўкавыска, ты ж сумна брыдзеш між лагчын. Мо, здолее маці цябе над калыскай да лепшых часоў зберагчы…
* * *
Прайшлі годы і буры. Перамена ярма. Вунь стаіць Дом культуры, а культуры няма. Не прадзецца кудзелька, хлеб не свой на раллі. Толькі п’ецца гарэлка на крывіцкай зямлі. Хлеў стары без жывёлы, даўно засек пусты. Дзе быў лес навакола – хмызнякі і кусты. Глум і ў святы, і ў будзень, і прасвету няма. Выйдуць шэрыя людзі і працуюць дарма. Толькі гнуцца бярозы пад вятрамі далоў, толькі сыплюцца слёзы на палоскі дзядоў…
* * *
Як прадзед мой зярнё ў сявеньцы ў вясняны час на нівы нёс, так слоў зярнё нясу я ў сэрцы і рассяваю ля бяроз. І будзе дождж, за ім – усходы, і будзем сеяць з году ў год. За працу будзе нагарода – увосень шчодры умалот.
* * *
Мой мілы хлопчык, ліст твой атрымала, яшчэ мілейшы, бо з маіх старон. На сэрцы цёпла раптам неяк стала у лютай сцюжы адзінокіх дзён. Ты ходзіш там, дзе шмат слядоў пакінуў мой найдарожшы, незабыўны брат. Гавораць мне, што ён даўно загінуў, а я ўсё жду, што вернецца назад. Там колісь весела шумелі дрэвы і калыхаўся тапалёвы гай, як мора, хваляваліся пасевы і не мясціўся ў засек ураджай. Там пуста сёння, не збудзіць памершых, замёў вятрыска дарагі іх след. Стаіць таполя ў полі на памежжы, хоць ёй, мой хлопчык, перадай прывет. Мяне не кліч, я болей не прыеду пачуць, як плача ля ракі кулік. Замест мяне прыйдзе палі адведаць, паплакаць трохі месяц-маладзік. Я не прыйду, хоць смерці не баюся, як не баяўся бацька мой і брат. Дамоў жывым ніводзін не вярнуўся. Хто ў іхняй страшнай смерці вінават? Не кліч мяне на груды папялішчаў, на мой парог скрываўлены не кліч. Мне ўсё здаецца, што там кулі свішчуць і на людзей палююць, як на дзіч. Няхай зямля мая вам шчодра родзіць, зярнём звіняць буйныя каласы. Хай, хлопча, цябе доля нагародзіць, што ты звярнуўся да мяне, як сын.
Закон чалавечы
Не ўсе браты, не ўсе сябры на свеце, хоць свет такі, што жыць – не паміраць. Глядзіш – ідзе двухногі па планеце, гатовы сонца галавой дастаць. Ён патрабуе послуху і веры, як брантазаўр, не знае дабраты. Для гэткіх жыцці – лічбы на паперы, і боль людскі для гэткіх – гук пусты. З няпраўдаю у сэрцы, без сумлення брыдзе ў крыві, не лічачы ахвяр. Зброд халуёў і дурняў на каленях прад ім згубіў свой чалавечы твар. Ён радасцю заве людское гора, прывык чужую волю дыктаваць. На белы свет ён заўтра скажа “чорны”, і дурні следам “чорны” закрычаць. Ён заўтра скажа “ворагі” на сільных і здраднікамі мужных назаве, і халуі, прыслужваючы пільна, паставяць праўду зноў на галаве. Крычацьмуць, у імя хлусні нявечыць, забыўшыся, што ад пачатку дзён для ўсіх людзей закон ёсць чалавечы, і кожны з нас адказны за закон.
Поделиться с друзьями: