Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
* * *
О, злы сусед, апамятайся ўрэшце і мовы не бяры майму дзіцяці. Каму і дзе ты здолееш давесці, што мачыха раднейшая за маці? * * *
Суровы час. Стаю адна, а вокал рыскаюць гіены. Ля ног мне ззяюць прорвы дна, а ў сэрцы – веры жар праменны! Світае. Раніца відна. Сям-там ужо ўстаюць з каленяў. Ля ног мне ззяюць прорвы дна, а ўсэрцы – веры жар праменны! * * *
Арліны ведаю размах і цяжкасці жыцця зямнога. Не знаю толькі слова страх і дзякую за гэта Богу! Цяжар кайданаў на руках, за сына і за Край трывога… Не знаю толькі слова страх і дзякую за гэта Богу! * * *
Чаму ж вы не пойдзеце на кампраміс? Міма вушэй – усе вашы парады. На кампраміс – то для нейкае міс, для беларусаў галоўнае – праўда! У заўтра гляджу. Толькі ўгору, не ўніз. Чужым не прывыкла пяяць серэнадаў. На кампраміс – то для нейкае міс, для беларусаў галоўнае – праўда! * * *
Мой смелы ўзлёт да сонца з ночы хлусні варожай не спыніць. Мне давялося піць аднойчы з зямлі маёй святых крыніц. Хоць цень чужы за мною крочыць, ўсё ж сэрца вераю гарыць. Мне давялося піць аднойчы з зямлі маёй святых крыніц. * * *
Час на крылах ракеты ўзляцеў – неакелзаны, вогненны, новы. Іншы такт, іншы рытм, іншы спеў, падыход да ўсяго мадэрновы. І не потам, не сілаю рук, а душы раскаванае геніем, здабывае прыгонных унук зоры ў небе другім пакаленням. Толькі б людзям зямлю ўратаваць, перад згубай планеты спыніцца! Толькі б ведаць, з чаго стартаваць, толькі б ведаць, куды прызямліцца. * * *
Зноў вятры цягнуць песню сваю, беляхцяць у паветры сняжынкі. У глыбокай задуме стаю, на радзіме я – быццам чужынка. Падзяляю цярпенне зямлі, сумных сёлаў, пакрыўджаных ніваў. Зноў сыны нашы, як жураўлі, адлятаюць з зямлі нешчаслівай. Апустошылі родны парог, глумяць мову маю безупынку, пнецца ўгору чужацкі быльнёг… На радзіме я – быццам чужынка. * * *
Згінаючыся лёгенька пад вёдрамі, з каромыслам цераз плячо, задуманае, на слаўцо не шчодрае, бяжыць дзяўчо. Ці знойдзецца ў жыцці дзяцюк да пары ёй? З адценнем волі тварык малады. І толькі вочы два блакітных зарыва ўзялі з глыбінь крынічнае вады. Жыццёвы шлях на лёгкасць не разлічаны. Цяжэй ісці з адным пустым вядром. Яе зямля, яе вада крынічная, яе вясёлка і вясняны гром! * * *
Завіруха. Сцюжа. Вецер гаспадарыць, пралятае, злосны, вуліцай наспех, то скубе пад небам, быцам гусі, хмары, то на землю сыпле белым пер’ем снег. І здаецца – з ветрам кружацца лятарні, п’яныя ад песняў, як пад Новы год, і праменняў зыркіх сцелюць сноп янтарны на дыван пушысты, на бліскучы лёд. * * *
Снег разаслаўся шырокім абрусам, чорнае белым бясшумна накрыў. З прыгаршчаў шчодрых сняжынкі цярусіць вецер на грудзі знядужалых ніў. Боль адбалеў, не трывожыць сягоння, чуцен здалёку рассыпчаты смех. Боль адбалеў, і душа не застогне – раны прыкрыў і захутвае снег... * * *
Стукнула сонца аб снег галавой, даўно над зямлёю ўжо слізгала. І хмары маўклівай плывуць чарадой па небе, крывёю запырсканым. Чырвань навокал – як ярасны гнеў, сутонне – як шчыт цёмна-сіні. Як быццам не дзень на прасторах самлеў, а сонца сцяла гільяціна. Я сэрца трымаю трывожнай рукой, яно мяне слухаць не хоча, яго абцугамі бярэ неспакой, мароз меціць іскрамі ў вочы. Я з сэрцам збалелым – адзін на адзін. Як мне з яго выкрасаць мужнасць – супроць усіх мукаў, усіх гільяцін? Як лютасць на свеце адужаць? * * *
Адзвінела калоссе, плача вецер з нуды. Бессаромніца-восень распранае сады. Лісце кружыцца моўчкі, павучок на галлі. Спелых яблыкаў шчочкі чырваняць на зямлі. Халадно і няўтульна птушанятам малым. Было лета матуляй, восень – мачыхай ім. Гнёзды
Птушаняты ў гняздзе пад крылом заклапочанай, любай маці. Гнёзды – гэта птушыны дом, гнёзды – гэта зямлі багацце. Іх мінае нябесны гром. Мір жытлу, чалавечай хаце і сям’і за бяседным сталом. Руйнавальнікам хат – пракляцце! Ці жыве яшчэ злыдзень той, ці пайшоў ціхамірна ў вечнасць, што мой дом заручыў з бядой, смерць пасеяўшы бесчалавечна? Кроў людскую ліў без прычын, адымаў жыццё без патрэбы... О, зямля, не маўчы, крычы, акажыся помстаю, неба! Мір таму, хто бяздольных збярог у хвіліну суровага здзеку, бесхацінца пусціў на парог, абагрэў, накарміў чалавека. Мір далоням, што сеюць і жнуць, хлебных ніваў, зямлі не калечаць, тым, што гнёзды не бураць, а ўюць у супольнай сям’і чалавечай! * * *
Аднолькавы мне часта сніцца сон – ад бабак, ад прабабак (і я ж пралля). Пра верацёны ён, пра цудны лён, пра кветку папараці на Купалле. Між пальцаў нітка тонкая мігціць, прадзецца з ёю зімні вечар спеўна. Ні дум, ні верацёнаў не спыніць – уюцца згодна аж да першых пеўняў. Прадуцца часам і другія сны: па кветку-папараць бягу трывожна, адна ўначы праз цёмныя лясы, і падаю, і кветкі не знаходжу… І ўжо не ніткі тонкія дрыжаць, і не рука з вады палотны горне, а боль скрозь сон, як вастрыё нажа варожага – ізноў на маім горле. Не хочацца ні плакаць, ні пяяць. І я рашуча зачыняю дзверы прад тымі, што над душамі стаяць і ў тупасці людской не знаюць меры. * * *
Вызваляецца тысячы год Праметэй, да скалы прыкаваны, з ланцугоў, і салёны пот, соліць моры і акіяны. А навокал – зямля, як сад, людзі ездзяць далёка ў госці. Толькі тут на адвечны лад ломяць душы, як колісь косці. * * *
Не люблю я пісаць аб вайне. Смерць прадчасная – не эмоцыі. Горы трупаў. Няведама мне, дзе героі, а дзе забойцы? Дома чула я з першых дзён беларускую нашу мудрасць: чалавек мусіць даць жыццё, адабраць жыццё ёсць праступнасць. Калі ж бураць праўду, як храм, нішчаць мову й народную долю, я ў адчаі гукну братам – лепш вайна, браты, як няволя! Я заўсёды ў жыцці – барацьбіт. Калі смерць мая ў боі прыйдзе, пакладзіце мяне на шчыт, і дамоў на шчыце нясіце. У апошні шлях правядуць хай мяне без прамоў, без парадаў. Тыя рукі няхай нясуць, што не зналі народнай здрады. Бэзу гронка ля галавы, абразок ля рук скамянелых… Хай малітвы дрэў і травы прагучаць над знябытым целам. * * *
Хрыстос васкрос, і свет прачнуўся, лісцём на голлечку бяроз, ударыў звон па Беларусі: Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос з крыві і болю, каб светач праўды не пагас. Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў, васкрос Ён, брацця, і для нас. І будзем верыць мы ў кайданах, узняўшы сэрцы угару, што так, як Бог укрыжаваны, васкросне й наша Беларусь! Поделиться с друзьями: