Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
* * *
Вецер сарваў з дрэў апошняе лісце восені кінуў на развітанне. Хмары панурыя, нібы ў калысцы, гойдаюць ацішэлае ранне. Хутка надыдуць снягі і завеі, сэрцы, аднак, не баяцца і сцюжаў. Хутка пад сонцам Край зазелянее, стане сумёт – прыдарожнаю лужай. * * *
Купала, ты з цемры нас вёў да святла, над доляй народнаю плакаў, я сёння табе пакланіцца прыйшла, схіліць сваю голаў з падзякай. Я змалку прывыкла дастойна ісці, ды ўсё ж не заплачу з табою. Мне – іншая доля ў нялёгкім жыцці, Купала каханы, я – з бою! * * *
Ранні дождык крапае, крапае, не праглядваюць вочы нябёс. Белы конь з аксамітнымі хапамі есць з далоняў маіх авёс. Кропіць дожджык зялёную ніву, у руках – незабудкаў пучок. Ападае буланая грыва на маё маладое плячо. Халадок і раса на паляне, цемнавата ў сасновым бары. Развітацца выходзяць зарання, каді едуць далёка сябры. Аддаю табе вернае сэрца і дзявочае слова – на шлюб, адарві галаву ад сядзельца, едзь, хай вецер расчэсвае чуб. Едзь, мой мілы, дарога чакае кліча сына радзіма ізноў. Калі хмары над хатай, над краем, – не спыняюць галубкі арлоў! * * *
Благаславенны куточак спакойны – Святой Еўфрасінні святы манастыр. Сюды не даходзяць набегі і войны любоў тут і мудрасць, малітва і мір. Багаты і бедны прад Госпадам роўны. Чарніца прывабіла сёстраў сваіх – змянілі палацы на келлі князёўны і грамаце кніжнай вучылі другіх. Полацак слаўны, Полацак родны выстаіш, градзе, ў любой барацьбе, гэта ж ішлі маладыя князёўны ў затворніцтва вечнае да цябе! Гэта ж табе у жыццёвае ранне, парасткі гожыя роднай зямлі, і маладосць, і жыццё, і каханне ў дзявочых далонях ахвярна няслі. Полацак, хай ты сягоння някідкі, дрэмле сівая ў табе даўніна, жудасных войнаў, пажараў адбіткі гойдае, песціць на хвалях Дзвіна. Нізкі паклон табе, град Рагвалодаў, мудрай Рагнеды радзінны куток, князя Ўсяслава крывіцкага роду, чый ля Сафіі мне чуецца крок. Рыскаў ваўком да зямлі, як да маткі, чуючы ў Кіеве полацкі звон. Вольныя землі пакінуў нашчадкам і слаўнае імя да сённяшніх дзён! Прабач
Вецер жалем гудзе на разлогах, як жаночы няўцішаны плач. Мой сыночак, сягоння так многа мне кахаючым сэрцам прабач. Ты прабач, што дрыжаць я не ўмела, ад душы адганяючы страх, што сяброў пакідаць не хацела дабравольна, свой выбраўшы шлях. Ты прабач, што начамі ў няволі ад насмешак, ад здзеку і зла, без цябе задыхалася з болю і той боль неяк перажыла. Быццам раны, балелі ўспаміны, калі з сэрца, з ліпучай крыві адарвалі каханага сына і сказалі – без сына жыві… Біўся ў цемры праменьчык надзеі, іскра радасці ў дзікай журбе. Я наўрад ці калі зразумею як жа выжыць змагла без цябе?! Ты прабач, што не чуў маіх словаў, што не знаў, як, пакінуты, жыць. Ты прабач мне, што даляў суровых не змагла да цябе скараціць. Лёс магчымасці ўсе мне адкінуў, і шляхі мне пурга замяла. Ты прабач, што ў цяжкую хвіліну я табе памагчы не змагла. Ты прабач мне тваю адзіноту твой юначы пакрыўджаны плач, тваю кожную кропельку поту з цяжкай працы, сыночак, прабач. Сыну
Яснейшы за сонца, цяплейшы за сонца, і радасць, і роднасць, і боль мой бясконцы!.. Будзь, сынку, з людзьмі – нібы ласка жывая, што ўсіх разумее, усіх сагравае. Не знай чужой крыўды і страху не знай, замест ненавідзець – ты шчыра кахай. Пі мудрасць з жыццёвых крыніцаў і з кніг умей сабе верыць, жыві для другіх. Лячы, як умееш, вучы так, як можаш, бальзам у цярпенні, маяк ў бездарожжы. Хай рук тваіх сіла ніколі не згіне, будзь хлебам галодным, вадой у пустыні. Убачыш плаксівага – слёзы сатры, пагладзь – не удар, і лепш дай – не бяры. Не крыўдзь слабасільных і крыўдзіць не дай, ад сэрцаў самотных тугу адганяй. Шануй сваіх бліжніх, малодшых і старшых, будзь радасцю іхняй, іх песняй, іх маршам. Тваё застаецца хай чыстым сумленне, а сілай хай станецца праўды праменне. Будзь быстры, як ястраб, і хуткі, як леў, калі б тваіх браццяў хто крыўдзіць пасмеў. Глумі ўсё ліхое, жыві для дабра, пі кару напарсткам, а ласку – з вядра! А золата кінуць – прайдзі па ім горда пад думаў арліных жывыя акорды. Для тых, хто без сэрцаў, будзь сцюжай зімовай, умей бачыць праўду, вер чынам, не словам. Будзь цвёрдым, як камень, у чорныя дні, прад сільнымі свету галоўкі не гні. Май слова – як іскру, а мысль – як крышталь, а сілу – як выстрал, а волю – як сталь! Май сэрца дзіцяці, любі свой народ, будзь прыкладам браццям, будзь бацькам сірот, у пекле – анёлам, не толькі ў раю… Я людзям для шчасця цябе аддаю! * * *
Певень-прыгажун сядзіць на плоце. Шэры сокал мкне за небасхіл. Трэба не па пер’ях, па палёце мераць вартасць і душы, і крыл. * * *
Я смела прайшла праз нажы і крыжы, цвікі забівалі мне ў душу. Цяпер распінаюць мяне на ілжы – і гэта я вытрымаць мушу! * * *
Народ наш – Хрыстос, варты веры і цуду, пасланы на крыж, ад пакут анямеў. Ты ж славіў Яго і прадаў, як Іуда, і трыццаць срэбранікаў займеў. Не будзеш мець шчасця з такога жыцця, з чужацкіх заслугаў і танных медаляў. Няўжо табе, хлопча вучоны, няўцям, што браццяў прадаў, як Хрыста прадавалі? Тут насмерць, тут мурам стаяць смельчакі, прыстыджаны вораг ад іх адыходзіць. А ты ад чужанца прыняў медзякі, пакінуўшы ганьбу на нашым народзе. Іхняя справа – глуміць нас і біць і забіраць у народа святое. Народу ж належыць узняцца і жыць, і ён вас, як варту, паставіў на тое. І што ж вы данеслі, няшчасны, на нас – на нашу сямейку, што выжыла з мукаў? На сына, што падаў, падцяты, не раз? Ці пад удар падставілі ўнукаў? Ці за гасціннасць, за хлеб і за соль, што мы падзялялі з людзьмі без карысці, вы прадавалі народны наш боль і неспакойныя, вольныя мыслі? Прывычныя мы кожны дзень працаваць, цярпець за свабоду Айчыны каханай. Дык што ж вы хацелі урэшце прадаць – любоў да народа ці нашыя раны? Такога, як вы, сярод нас не сустрэць, бо мы гартаваныя ў горы, цярпенні. Калі хто з нас падаў, дык падаў на смерць, але ніколі – рабом – на калені! Лясы ў нас не з лозаў і не з бадылёў, і не адныя блукаюць там зайцы. Айчынныя пушчы – з адвечных дубоў, таксама зубрамі яны ганарацца! Народ не заплача, не плачуць па тых, хто так спадцішка да чужых адыходзіць. Вылеціць болей арлоў маладых, і болей дастойных жанчыны народзяць! Роўныя ненавісць ў нас і любоў, а ў небяспецы – не страх, а адвага. Калі ў нашых жылах яцвяжская кроў, то скажам вялікае дзякуй яцвягам! На поўначы лютай мы мерзлі наскрозь, Бог дасць, нашым людзям так не давядзецца. Марозілі старасць нам і маладосць, хацелі яшчэ замарозіць нам сэрцы. Не, так далёка мароз не пранік, не замарозіў душы і сумлення. Мы крыкнем – і праўнукі ўчуюць наш крык, патоптаных злыднямі ўзнімуць з каленяў! Не тое рабіў з намі люты маскаль, мардуючы лепшых ў нявольнай Айчыне. Нам сёння зламаных, застрашаных жаль, як маці шкадуе аблуднага сына. Нас мучылі, гналі, але не змаглі. Зноў недруг над намі, над вамі лютуе. Прыпадзьце абліччам да роднай зямлі – магчыма, зямля, зразумеўшы, даруе… * * *
Лёг світаннем на стол позні ранак барвовы. Пераплаўлены боль выліваецца ў словы. Палягчала спярша. Боль зусім не сціхае. Мне крывавіць душа у зняволеным Краі. Як раз’іскраны жар, словы падаюць з ранаў. Выплывае з-за хмар, прачынаецца ранак. Ні расіцы з лугоў, ні птушынага спеву. Ў белай ваце снягоў не варушацца дрэвы. Думкі ўмерзлі у лёд, сцюжай скованы рукі. Ні назад, ні ўпярод – бесканечныя мукі. Словам лёд не скрышыць. Ды ў ярме адзіноты рвуцца вершы з душы, пакалечанай дротам. Калі ўстануць з калень нашых дзён недабіткі, панясуць ў новы дзень мае вершы, як зліткі. Калі скончыцца бой, як змагань нагарода, ляжа цяжкі мой боль у фонд скарбаў народа. * * *
Хай віруюць снегапады, цягне вецер басам. Выюць злыдні супраць праўды да пары да часу! * * *
Раве пурга, вятры ў тайзе павіскваюць, бушлат цярэбяць і збіваюць з ног. Клыкі сабак ашчэрана пабліскваюць. Ідзем па мерзлай тундры без дарог. І ад пургі хістаюцца канвоі, і кожны канваір – як нелюдзь-кат. Адна ў іх мова – мат агідны й зброя, да мату як дадатак – аўтамат. Сабакі налятаюць на дзяўчатаў, на смычы іх канвоям не ўтрымаць. Вучылі іх, як нашы рваць бушлаты і цела пад бушлатам наша рваць. Аўчарка наша, Альма наша мілая, сабачая краса і прыгажосць, глядзіш мне ў вочы, шчырая, прыхільная, ці моўчкі дагрызаеш сваю косць. Прыроду ведаю тваю сабачую, страшную пашчу, злосны ў тундры брэх. Здаецца зноў, што на марозе плачу я, і слёзы-льдзінкі коцяцца у снег. Твар заінеў і зледзянелі рукі, забіла дых і свет ўваччу пагас. Раве канвой, і ў давяршэнне мукаў аўчаркі дзіка шчэрацца на нас. Сыдзі з вачэй, аўчарка наша мілая, хай сціхне, крыху ўляжацца ўспамін. Раве пурга з нялюдскай дзікай сілаю, а недзе ў людзях горка плача сын… * * *
На полі хлеб расце і зелля шмат у полі, каб колас не наліўся, не акрэп. Ды між свірэпы, пырніку, куколю расце і ў сонцы даспявае хлеб! Людскія душы слоўным шумавеннем, гарэлкаю мярзотнай і хлуснёй вам не заліць, ўстае з калень сумленне, каб з нелюдзямі весці смертны бой. * * *
Мова мая палымяная, з дабра ўся і крыху са слёз. Пад світкаю саматканаю дзед мне цябе прынёс. У сэрцы маім – твой прытулак, У сэрцы маім і любоў. Даўно цябе выгналі з вулак нашых старых гарадоў. Густыя чужацкія хмары над нашай пакутнай зямлёй. Жаль – цябе выгналі з храмаў, мову Прадславы святой. * * *
Вы хочаце зноўку мяне пакарыць, каб стала, як вы, на калені. Душа мая з праўды, яе не скрывіць, а вершы – маё сумленне! Воўчыя зубы
Чую воўчыя зубы на горле. Што ж, жыццё толькі з бою аддам. Як мне жаль, што не птах, не арол я – узляцець бы, не дацца ваўкам. Сонца там і свабода ўгары, на зямлі ж не збываюцца цуды. Знаю я, як знікаюць сябры, як людзей прадаюць Іуды… Поделиться с друзьями: