ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
З гразі смярдзючай яе бярлога, далей карыта мозг не працуе. Калі свіння не ўбачыла Бога гэта не значыць, што Бог не існуе.
* * *
Дзесь пад дрэвамі поўначчу цёмнай заблукаў неспакойны мой дух. Там вятрыскі на сто верацёнаў незабыўныя казкі прадуць. Ліпы голлі ўзнялі аж да хмараў, зелянеюць старыя дубы. Па іх коўзалі громаў удары, ім маланкі палілі чубы. Засталіся стаяць, як стаялі, гояць раны ў зялёным галлі. Буры ўсе і навалы стрывалі і растуць, і шумяць на зямлі.
* * *
Калі кране нас злосны лёс суровай лапай і дыктаваць нам схоча хтось законы малпаў, святлом біць трэба ў хмару цьмы, стрымоўваць ката, трэ памятаць, што людзі мы, наш век – дваццаты! Як быццам выбеглі з лясоў шаленцы-малпы, і што ім скарбы ўсіх часоў? Ім трэба скальпы! Б’е жудасць з іх вачэй тупых, страшны малюнак. Не сіла розум супраць іх, страх – не ратунак. У пашаноце ў іх кулак – з бяссільным біцца. Жаль – той, хто людскасцю прасяк, крыві баіцца. І шчэрыць малпа злую пасць, раздзьмула храпы… Не, нельга сёння нам упасць да ўзроўню малпаў! Трэ выйсці з малпай твар у твар, браць зло за рогі і біць ударам на удар – да перамогі!
* * *
Не сумую, што пустая жменя, грошы у маім паняцці – пыл. Мне б гадкоў сягоння крыху меней і да працы крыху болей сіл.
* * *
О родны кут, зямелька мілых прадзедаў! З цяжкіх дарог я да цябе прыйшла. Застаўся тут мой кужаль недапрадзены табе ў падарак, родная зямля. Чым падарыць з далоні небагатае? Твой гонар бараніць якім мячом? Ці песнямі абвіць, як маладая свата прыгожым ручніком цераз плячо? Каханне верай сэрца ахапіла. То для цябе я засталася жыць, каб зноўку для цябе з астатняй сілы апошніх песняў на клубкі навіць.
Жыта
Жыта, жыта – мора палавое, хвалі срэбныя палі пакрылі. Вецер не дае табе спакою, да калоссяў прыпадае крыллем. Гоніць, гоніць хвалі да дубровы аж пад сіні небакрай бліскучы. А на грыве – кіпень васільковы, а на межах – чабарок пахучы. Вёска ў сонцы там, ля небакраю. Да высокіх дрэў прыпалі хаты. А пад сцены вецер падганяе хвалі жыта – акіян нязжаты.
* * *
Дабро ў жыцці – як перамога над чорным апрамеццем зла. Дык будзем жа часцінкай Бога, Ягонай праўды і святла!
У вечнасць
Была хата сасновая, новая палатном белым-белым абітая. Гаспадар ў ёй ляжаў ганарова, адпачыць ён прылёг нібыта. За вакном сняжок белым кужалем высцілае шлях дамавіне. Ён раднёй і сям’ёй акружаны, і апрануты, як у гасціну. Невялікая ў яго грамата, не чытаў ён разумных кніг, а душою заўсёды памятаў: жыць з людзьмі – гэта жыць для іх. Па кутах хаты пахнуць зёлкі – святаянскія і грымотнік, гарыць свечак сягоння столькі, столькі твараў кругом гаротных. Рэжа спрытна суседка зубчыкі, шые дробныя фартушкі, прыбіраць у дарогу звучана – шлях і там, як і тут, цяжкі. – Мы ў юнацтве, бывала, полечку сцерабілі, і не адну, вось за тое цяпер, саколіку, прыбіраю табе труну. Не з дзяўчынай, з смерцю заручаны, зноў прыбраны, як малады… Градам слёзы з вачэй засмучаных. Праляцелі, як дні, гады. Пакрапілі святой вадою, зерня сыпнулі шчодрай жменяй – жыта маюць няхай з сабою на тым свеце нашыя цені. Дзень марозны, сівабароды, іней белы ў сасны на вейках. Палажылі ля свайго роду – будуць родзічамі навекі. А дадому дарога полем, ой даўгая цяпер, даўгая. Стол накрыты, але ў застоллі гаспадар гасцей не чакае. На акне стаіць чарка з хлебам – хлеб бясплотнай душы не трэба. Вецер зноў за вакном усхліпвае – гэтай чаркі ніхто не вып’е. Ля дзвярэй стаяць яго боты, на дручку спачывае світа, гаспадар не йдзе на работу адпачыць ён прылёг нібыта…
На конях
На хмарах-конях месячык едзе, хоць бы спыніўся. Ля сэрца ночы бурым мядзведем лес прытуліўся. Каля дарогі дрэвы і цені, і мы з табою. Дарога. Хмары і летуценні. Гамоняць хвоі.
Брату
Шлях да мэты цярністы, даўгі. Покуль выкрашам з цемры світанне, на пергаменце долі, мой брат дарагі, лёс напіша нам знак развітання. Шлях сустрэчы чужыя вятры замялі, шчодра ліўні слязамі абмылі. Мулка праху твайму у далёкай зямлі, хоць у братняй, прасторнай магіле. Столькі год, як цябе разам з намі няма, я ж у смерць тваю сэрцам не веру, паглядаю на шлях ад відна да цямна і чакаю цябе на вячэру.
* * *
Разбураны громам, развеяны ветрам мой дом, і ў магілах браты мае спяць. Як цяжка да скону застацца паэтам – з параненым сэрцам і жыць, і пяяць…
* * *
Будую дом-палац сабе не з гліны, бо ў дробны друз рассыплецца бетон, жывых людзей прывальваюць руіны. Я іншы пабудую сабе дом. Са сцежак ён, што праляглі праз церні, са ўсіх змагань, дзе ёсць мае сляды, з тваіх вялікіх і маіх цярпенняў, народзе мой, стары і малады! І хоць мой век быў жудасны і сумны, сяўба дае па восені ўмалот. І будзе жыць, акрылены і юны, барацьбітамі ўслаўлены народ.
* * *
Не трактарам грымучым і нячулым, што распароў зямлю, як цаліну, слоў лемяшом загон я закранула, зярнятаў жменю кінула ў раллю. Мяне не будзе – заруняцца ўсходы, да светлых дзён унукі дажывуць. Мы зжалі боль, а волю і свабоду на родных нівах хай яны пажнуць!
* * *
Белапеннае дрэваў квітненне, і няўмольны закон ад вякоў: няма цвету – калі без карэння, а без цвету – не будзе пладоў!
* * *
Я сёння забытая ўсімі, адна, лучына жыцця майго ўжо дагарае. Ды нават свой боль хачу выпіць да дна за цябе, Беларусь дарагая!
* * *
Хрыстос за людзей свае мукі прыняў – распяццем суровым і смерцю. Ён храмы не з камня пад неба ўздымаў, узносіў іх велічна ў сэрцах. Стаім ля святыняў зачыненых брам, ды ўсюды ёсць праўды крыніца. Дзе чуецца Божае слова – там Храм, там Богу належыць маліцца.
* * *
Напісана крывёю і пяром, і свету ведама ужо ад веку: не можа быць людзей правадыром, хто сам перастае быць чалавекам!
* * *
Закружылася лісце – восень зноў у жыцці. Хвалям Нёмнавым плысці, гонкім соснам расці. А уборам вясняным раскалыханых дрэў ападаць палымяна пад жалейкавы спеў. Журавам адлятаці, спачываць паплавам, асыпацца зярняці, дзьмуць працяжна вятрам. Віцца нітцы з кудзелі з той, апошняй ў сяле, што ў бабусі ўцалела ды прадзецца далей. Песні роднай і звонкай, што злажылі вякі, ў доўгі вечар не моўкнуць па-над плёсам ракі…
* * *
На зямельцы маёй хачу вырасці дрэвам, ўзняцца гонкай сасною і ў неба глядзець. Хачу жарам душы маёй, сэрца напевам паканаць грозны лёс і суровую смерць. Калі ў землю ўжо птушкаю лягу падбітай, шапацець вецер будзе ў засохлай траве. Хай імя маё будзе людзьмі незабыта, а натхнёнае слова – у сэрцах жыве.
* * *
Поделиться с друзьями: