ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
Зямля мая, ты – кніга непрачытана, дар велічны скарынаўскіх радкоў. Сялянка мудрая і працавітая ў кароне з руж і сініх васількоў. Душа мая крынічная, сунічная, бярэзінка кужэльная ў гаі, азёрная, пушчанская, пшанічная, дзе зубр раве і звоняць салаўі. Апаясана сінімі палотнамі сваіх празорых быстрагонных рэк, узнятая з пабоішча гаротнага, зямля мая – мой цудатворны лек!
* * *
Зорамі ўсеяна, месяцам згорана, хмаркамі месцамі злёгку замглёнае, ў Нёман глядзіць цёмна-сіняе ворыва – неба начное сцюдзёнае.
* * *
Зноў сцюдзёнае шэрае ранне і скупое святло з вакон. А з душы маёй, болем раненай, Вырываецца цяжкі стогн. Сёння доля суровым росчыркам Сіратлівым зрабіла дом. Стаяць кветкі вакол нябожчыка, Пазяхаюць яшчэ жыццём. Дзень апошні ты ў хаце бацькавай, адчуваю, што ты пры мне. Мы — супружжа, сябры-прыяцелі, ішлі поплеч, як на вайне. Ты штодзень трываў бой няспынены з тупым ворагам за жыццё, за спакой пры дзвярах зачыненых. Дом адзіным быў укрыццём. Урываліся і паганілі, павуціну няпраўд плялі. А душы твае беззаганнае, беларускае не змаглі. Замаўкалі перад мадоннамі, прад Купалам сціхалі, псы. А ты гладзіў ціха далонямі мае белыя валасы. Бой трываў за сумленне людскае, да канца стаяў супраць цьмы — за абсяг душы беларускае, бо інакшай не мелі мы. Жаль — не зможа вясною сонейка на нас, змучаных, паглядзець. Даканалі цябе, саколіку, даканалі цябе насмерць. Сядзяць людзі вакол спрыяльныя, стаіць ў сенях твая труна. Словы падаюць развітальныя. Заўтра буду зусім адна. Стыне кроў мне з вялікай роспачы. Цябе клічу, а ты маўчыш. Цяжка хворы, ужо не могучы, ты стараўся мне памагчы. Гаспадар мой, сіла адзіная, ў хворым целе нязломны дух. На магілку ў хвіліну крыўдную я не раз да цябе прыйду. Ты даруй мне, не дакаханы мой, не даслуханы мо калі. Вечна бітыя, вечна гнаныя, мы жылі на сваёй зямлі. Мы не зналі долі інакшае, як за праўду, за волю бой. Не нясеш ужо крыжа цяжкага — ён стаіць цяпер над табой.

1979

* * *
Зноў мароз, узнялася мяцеліца, лютаваць прадаўжае зіма. Мілы дружа, мне ўсё не верыцца, што са мною цябе няма. Дома свечкі даўно пагашаны, і магілкі пад снегам спяць. Дык няўжо і мяне, няшчасную, пад канвоем будуць хаваць? Ад удзячнасці беларускае вартаваць будуць нас дваіх. Пад аховаю сэрцы з вуснамі – не зляцела каб слоўца з іх! Як з зямелькі дзядоў і прадзедаў ты сыходзіў, мой гаспадар, нават сонца цябе пагладзіла, цалавала твой мёртвы твар. Мы не ў роспачы, а з надзеямі ў веліч праўды з табой жылі. І таму сціхлі буры з завеямі, калі з хаты цябе няслі. Не сумеліся толькі ворагі, больш люцейшыя за звяроў – злыдні, мучылі цяжка хворага, запалохвалі дактароў. Пахаваць нас і з хатаў вынесці не удасца ім без пары. З мукаў нашых родзяцца й вырастуць беларускія змагары! З хмараў выгляне сонца яснае, па балоце праляжа гаць. Не, не будуць мяне, няшчаснае пад канвоем чужым хаваць!

1980

Каментар

Збор твораў у 2 тамах выдатнай беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш (1910-1983) выдаецца да 100-годдзя з дня яе нараджэння. Гэты двухтомнік – самае поўнае, жанрава разнастайнае, тэксталагічна апрацаванае і пракаментаванае выданне яе спадчыны.

Першы том склалі вершы і паэмы, скампанаваныя: а) храналагічна – паводле выдадзеных пры жыцці аўтаркі кніг; б) тэматычна – на аснове пасмяротных публікацый. На жаль, датрыманне храналагічнага прынцыпу аказалася немагчымым, паколькі паэтка вельмі рэдка датавала свае вершы. Датаванне паводле першапублікацый мела сэнс толькі адносна твораў, надрукаваных у 1940—1944 гг.; пачынаючы з 50-х гадоў вершы Л. Геніюш траплялі ў друк ад выпадку да выпадку.

У першыя чатыры раздзелы ўвайшлі выбраныя творы з трох прыжыццёвых зборнікаў – “Ад родных ніў” (Прага, 1942), “Невадам з Нёмана” (Менск, 1967), “На чабары настоена” (Менск, 1982), а таксама са зборніка “Вершы 1945—1947 гг.”, які быў надрукаваны ў Лондане ў 1992 г. па рукапісе, падрыхтаваным яшчэ самой аўтаркай.

Зборнік “Ад родных ніў” укладаўся і рэдагаваўся Вітаўтам Тумашам – рэдактарам газеты “Раніца” (1942—1943), праз якую прайшлі амаль усе вершы пражскага зборніка. “Невадам з Нёмана” рэдагаваў Уладзімір Караткевіч, які дзеля гэтага прыязджаў у Зэльву і жыў у доме Геніюшаў. Машынапіс зборніка з ягонымі праўкамі захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук (ф. 31, воп. 1, спр. 1—3). Падрыхтоўкай да друку зборніка “На чабары настоена” займалася паэтка Данута Бічэль, з якой у Л. Геніюш былі даўнія сяброўскія адносіны.

У раздзел “З беласмертнай Поўначы” укладальнік уключыў вершы на лагерную тэму, якая займае істотнае месца ў творчасці паэткі. У ім сабраныя творы з пасмяротных кніжных і часопісна-газетных публікацый. Назва раздзела падказаная радкамі Л. Геніюш: “Я іду беласмертнай Поўначчу руку смелую вам падаць” (верш “За Урал сонца ўпала, бы зарава…”).

Раздзел “Скарбы слоў” складаецца з твораў, апублікаваных у кнігах паэткі: “Белы сон” (1990; укл. Б. Сачанка), “Маці і сын” (1992; укл. Я. Чыквін), “Выбраныя вершы” (1997; укл. М. Раманоўскі), “Выбраныя творы” (2000; укл. М. Скобла).

У раздзеле “Кліч Пагоні” сабраныя вершы з перыёдыкі, якія ніколі раней не ўключаліся ў кніжныя выданні. Асаблівую каштоўнасць маюць перадрукі з маладаступных крыніцаў. Прыкладам, камплект згаданай газеты “Раніца” маецца толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, ды і то ў выглядзе мікрафішаў.

І, нарэшце, раздзел “З архіўнай сховані” цалкам складаецца з твораў, якія ў нашым выданні прыходзяць да чытача ўпершыню. Гэта 72 вершы, выяўленыя ўкладальнікам у архіве паэткі (ЦНБ НАН Беларусі, ф. 31, воп. 1).

Паэтычныя тэксты ў двухтомніку друкуюцца ў адпаведнасці з сучасным правапісам і арфаграфіяй. Укладальнік стараўся беражна адносіцца да аўтарскага правапісу ў выпадках, калі напісанне тых ці іншых словаў мела для паэткі прынцыповае значэнне. У некаторых выпадках аўтарскія правапісныя нормы адноўленыя і ў прыжыццёвых выданнях, дзе яны былі раней уніфікаваныя, што часам парушала рыфму і рытміку.

Выдавецтва і ўкладальнік выказваюць падзяку дырэктару БДАМЛіМ сп. Ганне Запартыка і загадчыку аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі сп. Аляксандру Стэфановічу – за спрыянне.

Паэзія
Ад родных ніў (1942)

Уздымам сэрц нашых шуміць Белавежа… (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 10–20 жніўня, дзе апублікаваны пад назвай «Беларусы». Угра — рака на Смаленшчыне, левы прыток Акі.

Там толькі (с. ). Упершыню – газ. “Раніца”, 1940, 29 верасня.

Краю мой родны… (с. ). Упершыню – газ. “Раніца”, 1941, 20 красавіка.

Мінулыя дні (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 5 лютага.

Братом-палонным (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 10–20 жніўня.

Не сумуйце (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1942, 15 лютага.

Ой пайду я (с. ), Адказ (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 20 верасня.

Князь Усяслаў Чарадзей (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 30 верасня — 10 кастрычніка. Усяслаў Чарадзей (?–1101) — князь полацкі, які імкнуўся ўнезалежніць Полацкае княства і пашырыць яго межы. Адзін з персанажаў «Слова пра паход Ігара». У звон святой Зофіі ўдараць…– маецца на ўвазе полацкі Сафійскі сабор, помнік архітэктуры XI–XVIII ст. Пабудаваны ў 1044–1066 гг. пры князі Усяславе Чарадзеі; неаднаразова перабудоўваўся.

Забэйдзе-Суміцкаму (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1941, 10 траўня. Забэйда-Суміцкі Міхась (1900–1981) — беларускі спявак (лірычны тэнар). Спяваў у Харбінскай і Пазнанскай операх, з 1940 г. — саліст Народнага тэатра ў Празе; пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках.

О, Краіна (с. ). Упершыню — газ. «Раніца», 1940, 15 кастрычніка.

На чужыне (с. ). Упершыню – газ. “ Раніца”, 1940, 29 верасня.

Поделиться с друзьями: