Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва універсітэце й працаваў, як некалі Яначка, дзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. І тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку... Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжанне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра надарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэшскай «Смэтанавай сіні» [87] , быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго не ведалі. Ён нам гэтага доўга не мог дараваць. З Пётрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся... Настолькі чэсным гэты чалавек не быў.
87
Сметанава сінь — канцэртная зала імя кампазiтара Б. Сметаны; месцiцца ў гэтак званым Доме магiстрата паблiзу Парахавой брамы ў Празе.
Жук, які ў нас бываў таксама, быў ведамы як камуніст, чаго ён не скрываў перад намі. Ён хацеў выжыць, дачакацца камунізму. А нам што? Мы былі дэмакраты, якія шанавалі перакананні чужыя, і таксама жадалі, каб шанавалі й нашыя. Калі ён быў галодны, дык крыху яго падкормлівалі, калі немцы яго арыштавалі, дык ратавалі яго. Затое ён, калі мяне выкрадалі з Прагі, вадзіў кагэбістаў па чэшскіх кватэрах, каб знайсці й выдаць мяне. Яму гэта не ўдалося. Каб забралі нас тады, у 45-м годзе, мы ўжо не жылі б, напэўна... Пасля прыйшоў да нас, мы былі да смерці напалоханыя, але я яму паказала дзверы. Хто здрадзіў сяброўства, дык няма такому месца ў скромнай хаце, дзе мы жывём. Кажуць, што ўдзячнасцю мерыцца культура людзей, і ў гэтым ёсць праўда.
З Парыжа пераехаў у Берлін Мікола Абрамчык [88] і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасцяў, дапамагаў што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, высказваліся пра яго з энтузіязмам. Нейк ён прыехаў і ў Прагу да Русака, і як звычайна яны зайшлі да мяне. Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар, што пацвердзілася ў гутарцы з ім. Гэты чалавек, здавалася, не меў слабасцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць не мог, ён жыў гэтым. Гэта быў чалавек чыну, мяне ён цаніў. Гэта пачуццё ўмацавалася, калі мы пазнаёміліся. Мы доўга й шчыра гутарылі, калі ён прыйшоў да мяне назаўтра. Мне падабаўся дыяпазон яго інтарэсаў і тое, што ён ужо прадбачыў вынік вайны (гэта было ў 42-м годзе) і ўжо думаў пра нашую масу завезеных на работы ці палонных з польскай арміі. Ён прыехаў наконт мае кніжкі, якая мелася друкавацца. Я не ведала, як гэта ўсё робіцца, бо кніжку фінансаваў Камітэт. Мы напісалі дагавор, што мне належыць 50% ад чыстага зыску за кніжку й 50 аўтарскіх экземпляраў. Я слухала яго й падпісала дагавор. Пасля аказалася, што аўтару ў Заходняй Еўропе належыць толькі 15% чыстага даходу ад кнігі. Мікола, калі я не хацела браць за кніжку грошай, бо за свае вершы я іх ніколі не брала, сказаў мне: «А вось мы гэта й прадбачылі, немагчымая ты асоба, і таму цябе «апуталі» догаварам». Я ўсё роўна ўсяго не ўзяла, бо лічыла, што мы ўсе павінны працаваць для народу без нагароды. У мяне быў муж, і ў мяне быў хлеб, і гэтага нам хапала. Мець магчымасць працаваць для культуры свайго народу — гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэнне — гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасць і сілы, каб узняць свой народ. Нядобрая маці адзінага сына, якая не змагла выгадаваць яго, не магла яго забяспечыць, і ён стаўся ахвяраю вогненнага патрыятызму бацькоў. Але ён быў галодны, і людзі не заўсёды накармілі яго, але заўсёды пакрыўдзілі. Не, людзі, якія йдуць за народ свой змагацца, не маюць права мець сем’яў, рабіць няшчаснымі сваіх дзяцей...
88
Абрамчык Мікола (1903–1970) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1947–1970); жыў у Францыі.
А бедны дзядзька Васіль ляжаў у туберкулёзным шпіталі за Прагаю. Выбраліся мы да яго ўсе разам. Быў рад, Мікола меў яму што сказаць. Я пацешыла яго, што вясной ён будзе мне дыктаваць і я ўсё запішу... Дзядзька сумна паглядзеў на мяне й сказаў, што вясною ён будзе спаць пад кусцікам і я да яго прыйду. Ішлі дамоў пехатою, кожны задуманы.
З чэшскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі не ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі свет 12 харошых відокаў нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданняў з пранямецкім зместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы не вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў збірацца ў дарогу, у Менск! Яго госці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, дзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Еўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсся да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць не ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя»,— адказаў мне на гэта немец.
Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восьенню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка не вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо не памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасці майго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасць асляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не збіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, з’ела кавалачак кураняці з каляф’ёрам. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыццём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла сваё здзіўленне й папрасіла пры мне гэтага чалавека не ганьбіць... Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэннем адкінула гэта і, са злосці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.
І вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала збірацца. Рабіць гэта трэба было праз гестапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, дзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я смела сказала, што такое не прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзвярыма чакала на мяне маё дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсведаміла сабе, куды я яго, абаронцу майго маленькага, з сабою ўзяла.
Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды не ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала, што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, дзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка [89] . Дык пасля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое... Быць паэтам знача не толькі любоў зняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага...
89
Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч; 1880–1944) — паэт і бібліяфіл.
Вельмі спагадліва аднесліся да мяне Піпэры. Яны былі супраць якога-кольвек майго выезду з Прагі. І вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартаменты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я не ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асвенцім [90] , каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне не мусіць сілаю везці і ў Менск... А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпенне. Мне не верылася, што мяне проста пусцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусціў. Заўсёды падкрэслена ветлівы Ермачэнка звярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсці, ні сесці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек не зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамелеон, вы ж здраднік! Згінеце вы разам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не сунімаецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швецыю, я забяспечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небяспечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі не мсцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у вадавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, смелы, вельмі харошы сынок.
90
Асвенцым — канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны на поўдні Польшчы.
А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намеснік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыязджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасля смерці П. Крэчэўскага з’яўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсць толькі такая жанчына, а жанчына не можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год... Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! «Нікому не веру, донечка. Ёсць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасць, прадбачлівасць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамент, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамент, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстаменце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што медперсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай смерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера смерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамент, ён прасіў нас нічога не прадпрымаць за яго жыцця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі спярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізічнае нішчанне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, дзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошання незалежнасці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.
Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада [91] , а гэта быў як другі ўрад, як апазіцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР не магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але замалыя для майго народу». І так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэшскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раннім юнацтве туберкулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім не думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змагання за волю свайго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларуссю. Нездарма мне сказалі на следстве, што іх паляванне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з аднымі немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разлічваў на дзядзькаў тэстамент, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў [92] , сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было не шчыра, а вонкава. Дзядзька не мог сцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі не мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж... Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцця.
91
Беларуская Цэнтральная Рада — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Створаная ў 1943 г. пры Генеральным камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзіла 14 чалавек, прэзідэнтам быў Р. Астроўскі. Пад апеку Бцр немцы перадалі школьную справу, культуру, сацыяльныя службы, а таксама аддалі ў падпарадкаванне вайсковыя і грамадзянскія арганізацыі — Беларускую краёвую абарону, Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Фактычна спыніла сваю дзейнасць у 1944 г.
92
Езавітаў Кастусь (1893–1946) — палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных справаў у першым урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу БЦР (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкай контрразведкай у Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме.
Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяння не ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава [93] , паставіўшы шмат пазней мяне перад абліччам смерці. Што ж: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасць маіх праследавацеляў і смерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.
93
Цанава Лаўрэнцій Фаміч (сапр. Джанджгава; 1900—1955) — у 1946—1950 гг. міністр дзяржбяспекі БССР. У 1953 г. арыштаваны па “справе Берыі”, памёр у адной з маскоўскіх турмаў.