Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Улетку я быў ужо ў Мiкалаеве, у тамашняй стралковай дывiзii. Дывiзiя стаяла ў летнiх лягерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўнiцу зьведаць усе пяшчоты стэпавага поўдню. Найперш далiся ў знакi вецер, пыл i пясок. Страшэнная сьпёка, i нiдзе нiводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасьцелi ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамiнаў я нашы мiлыя лясы-пералескi, клёны i дубы прысадаў, iх паласатыя ценi цераз вулiцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блiзка была рака, але ля ракi патрулi — пiльнуюць, каб нiхто не падышоў i блiзка. Такi ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пушчаць. I гнаць, куды нiкому ня трэба. Усе заняткi на голай, без травы, стэпавай роўнядзi, усё назiраецца са штабнога пагорку. Як заўсёды ў мiрны (ды i ваенны) час, заняткi, страявая i палiтпадрыхтоўка. Усё на сьпёцы, з ранку да вечару.
Там мяне ўпершыню пасадзiлi на гаўптвахту — утапiўся салдат. Пасьля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуў ся ў ваду i ня вынырнуў. Можа, знарок, а можа, i не. Але хто вiнаваты? Вядома ж, камандзiр узводу. Хоць камандзiр у той момант быў на iнструктажы па палiтзанятках. Ды ўсё роўна пасадзiлi. На гарнiзоннай гаўптвахце парадкi катаржныя, — нi сядзець, нi ляжаць. У пяць пад’ём, лежакi выносяць. Каб не садзiлiся, на цэмэнтную падлогу вылiваюць пару вёдзер вады. Камэндант — зьвер. Мала банальных зьдзекаў, яшчэ ўносiць асабiсты элемэнт — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнiмi словамi, бы ўласных заклятых ворагаў.
Пад восень захварэў, паклалi ў шпiталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад iнспэктарскай праверкай. Шпiталь вокнамi выходзiў на пляц фiзгарадку. Iнспэкцыю прыехаў рабіць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назiраем з другога паверху шпiталю, як ён тое робiць. Усiх афiцэраў — маладых i старых — пастроiлi ў шэраг ля фiзкультурнага снараду «кабылы». Камандзiр палку камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць якi-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзiр батальёну, робiць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць, i то ня ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такiх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажралiся, распанелi, ня хочаце добрасумленна служыць савецкай радзiме, вялiкаму таварышу Сталiну… Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае пад дзягу полы шыняля, кароткая разьбежка i — гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзiру палку: трэнiраваць! Як натрэнiруюцца, далажыць. Сеў у свой «вiлiс» i паехаў. «Дурак, хоць i Жукаў», — кажа яму ўсьлед сiвы начфiн артпалку.
Увечары адзiн хворы, капiтан-артылерыст, якi ў вайну служыў на Першым Украiнскiм фронце, распавёў, як камандуючы фронтам Жукаў лiквiдоўваў увосень 43-га нямецкi прарыў пад Жытомiрам. Езьдзiў, як заўсёды, на «вiлiсе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў i бартавым аўтамабiлем ваеннага трыбуналу. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку, — салдат цi афiцэраў — загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кiшанёў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкi даставалi дакумэнты і афармлялi прысуд. Маршал сам не забiваў i нiчога не падпiсваў, тое рабiлi iншыя — паводле ўсiх правiлаў вайсковай юрыспрудэнцыi.
Позьняй восеньню перайшлi на зiмовыя кватэры. Салдаты — у старыя, мiкалаеўскага часу казармы, афiцэры — хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцiгозiна, зь якiм разлучыўся ў Сафii. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна i спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна зьняў у старой адзiнокай бабулi. Бабуля пусьцiла нас з умовай, што на зiму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалi, хаця дзе iх дастаць, ня ведалi самi. Зрэшты, так i не дасталi i перажылi зiму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчавалiся ў сталоўцы, разам з салдатамi: суп вермiшэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане i таго ня мелi, жылi голадна, прадукты — па картках. У горадзе можна было купiць шклянку вiна — сухога цi паўсухога. Звычайна вырашалi, колькi градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое i пiлi. Але, як вядома, напой зь вiна слабы…
Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нiбы i не спынялася. Стралялi на вулiцах, асаблiва ўначы. Былi выпадкi нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалi прадуктовыя склады. Нападалi на афiцэраў, рабавалi ўначы. Адзiн камандзiр роты, позна iдучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапiў з сабой пiсталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалi двое: зьнiмай шынэль, давай сапагi… Ротны дастаў пiсталет i стрэлiў, забiў аднаго. Другi ўцёк. I во суд ваеннага трыбуналу: за забойства грамадзянiна такога грамадзянiн такi (наш капiтан) прыгаворваецца да шасьцi гадоў лягероў. Пасьля суду капiтан кажа: «Якi ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулi, голы б дабег дамоў. А так…». Судзьдзi яму спачувалi, але — закон!
Я i тут падаў два рапарты на дэмабiлiзацыю, ды марна. I памалу страцiў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, якi сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зiмы яго дэмабiлiзавалi. На разьвiтаньне мы выпiлi ў забягалаў цы, i я праводзiў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сiбiрскi Ачынск да мацi. Для яго i вайна, i вайсковая служба скончылiся бяз радасьцi. Не выслужыў Валька нi чарговага званьня, нi ўзнагароды. Хоць ваяваў i служыў ня горш за iншых. А можа, нават i лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I — наiўны. Хаця i я ня надта прыдбаў за вайну i службу — адну зорку на грудзi ды адну на пагоны. I ўсё. Ня тое што iншыя. Неяк спаткаў у кiнатэатры Валерыя К., былога аднакашнiка па Саратаўскiм вучылiшчы. Той ужо старшы лейтэнант i два ордэны на грудзях, служыць iнструктарам палiтаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнiлася, як ён клапацiўся перад выпускам, зьбiраў рэкамэндацыi ў партыю. Мы яшчэ кпiлi: ня ўсё роўна, кiм цябе закапаюць — беспартыйным цi бальшавiком? Ён бы ня чуў нiкога i перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталi разьмяркоўваць па дывiзiях, яго пакiнулi ў палiтаддзеле. Тады мы i сьцямiлi — разумны ён чалавек, хоць i малады. Так i аказалася.
У лютым нечакана-неспадзявана далi водпуск, i я рынуў ся на радзiму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахлiва — натоўпы людзей, вайскоўцаў i цывiльных, старых, жанок i дзяцей, чэргi i штурханiна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвiльля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыi сястра Валя, пабудзiў яе ўначы, — вядома ж, на канцылярскiх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Ранiцай разам выправiлiся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублiчы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалi ва Усходнюю Прусiю — па каровы для калгасу. Месяц цi болей гналi вялiзны статак, даiлi i пасьвiлi па дарозе, баранiлi i даглядалi, самi заўсёды галодныя i халодныя. Але мусiлi трываць, бо абяцалi, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м зьелi партызаны, — i сястрычка трывала. Але як прыгналi, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвiцьця калгаснай жывёлагадоўлi, i ганшчыцы засталiся з носам.
Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалiлi. Але хлеба няма, ашчаджалi крышку насеннай бульбы, а болей нi малака, нi мяса. Не засталося нават курэй, якiя некалi да вайны былi галоўнымi пастаўшчыкамi жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлi вяскоўцы, нядаўнiя партызаны, распавядалi, як перажылi вайну. Колькi зьведалi гора i крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнiкаў… У тым лiку i ад некаторых мясцовых, асаблiва з тых, якiя да вайны актыўнiчалi з Саветамi i ў вайну не прамiнулi ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшынi калгасу Ягору, што трапiў у палон. Палонных трымалi ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалi дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камунiст, i стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.
З маiх сяброў-школьнiкаў амаль не засталося нiкога — хто прапаў у партызанах, хто ў палiцыi (змабiлiзавалi на пачатку акупацыi), хто быў забiты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапiўшы пад дэмабiлiзацыю, прадаўжалi служыць. Iншыя прайшлi ўсе колы пекла — мабiлiзацыю ў 41-м, палон i канцлягеры, пасьля — вызваленьне, фронт i зноў лягеры — на гэты раз у iншым боку, на поўначы i ў Сiбiры.
Зьезьдзiў у раённы цэнтар Вушачу — трэба ж было стаць на ўлiк у ваенкамаце. Туды трохi пад’ехаў, а назад iшоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпiў у колiшняга сябра Мiшы. Гэты, як i той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры i цяпер рабiў у райкаме партыi. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлiвы. Toe было вiдаць яшчэ змалку, калi, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавiцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкi, дзе друкавалiся зьвесткi зза рубяжу. Перадоўку пакiдаў без увагi.
Мой прыезд на радзiму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьцiся без увагi мясцовага НКВД. Пачалi наведвацца тутэйшыя сэксоты, якiх дужа цiкавiла, дзе я быў у вайну? (Цi ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былi». Дзе ты мяне бачыла? «Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пiлотачцы…» Мабыць, былi такiя, якiм трэба было нешта ўтойваць, i такiя, каб iх выкрываць. Мая ж вайна, хоць i была далёка адсюль, але ўся — пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыi не пражываў. Горш давялося сябру Колю, якi цi ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыi, а пасьля яшчэ i паваяваў на фронце. Дэмабiлiзаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скiраваў у Рыгу, дзе жыве i дасюль. У спакоi, дабрабыце i безь вялiкiх праблемаў.