Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Але жыцьцё цi лёс распарадзiлiся iнакш. Не паводле нампалiта маёра Цквiтарыя, нi паводле майго жаданьня. Увосень нас пачалi пушчаць у горад — у вольны ад службы час, i афiцэры, бы застаялыя ў загарадках конi, рынулiся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мiлай нашаму сэрцу Сафiю. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помнiка цару-вызвалiцелю ўлады зрабiлi Дом афiцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якiм можна было найперш выпiць i закусiць. Канешне, такi выпадак грэх было ўпусьцiць, i мы яго не ўпускалi. Абы былi грошы.
З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялiкi, да таго ж шмат у каго былi адасланыя грашовыя атэстаты родным i блiзкiм. Я таксама паслаў атэстат сваiм на 600 рублёў, прыкладна столькi ж атрымлiваў на рукi. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпiлi ў рэстаране (кампанiя чалавек шэсьць), але не хапiла. I вiна, i грошай. Тады Лёшка Рыжкоў i кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбiраў камсамольскiя ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павiнны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, якi ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзiн я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, i слаўна мы дагулялi той дзень у рэстаране насупраць царавызвалiцеля.
Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася — з банку грошай не далi. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкi зьдзiвiўся, праўда, калi пасьля заняткаў мяне паклiкаў — i не абы-хто, а сам начальнiк палiтаддзелу брыгады, якi наўрад цi калi мяне i бачыў. (Зрэшты, як i я яго.) Размова пачалася ветлiва: ну як працуецца, якiя пляны? А пасьля, нiбы мiж iншым — узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што — здаў iх у фiнаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, i ўсярэдзiне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? — пытаецца палкоўнiк. У сэйфе, кажу. А ну — прынясiце… Я ўстаў i сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, i я прапаў. Ну не зусiм, але халяўская мая палiткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два днi вярнуўся на батарэю, i мой камбат Ахрын пакпiў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палiтрук! Я ж гаварыў». А нампалiт маёр Цквiтарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькi ў партыi, але i ў камсамоле. На днях зьбярэм сход i выключым. Я са злосьцi напiўся i, вярнуўшыся з рэстарану, кiнуў у грубку свой камсамольскi бiлет. (З таго часу i на ўсё жыцьцё — беспартыйны.) Назаўтра напiсаў новы рапарт аб дэмабiлiзацыi.
Колькi тыдняў пасьля хадзiў, бы ашаломлены, i ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабiць толькi нехта з шасьцi, што былi ў застольлi. Нават зь пяцi. Але ж усе былi браты па зброi, аднагодкi, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былi членамi партыi — цi не яны? Цi, можа, хто з камсамольцаў? Або зусiм беспартыйны Лёшка, якi ўсё i справакаваў? Таго, аднак, я не дазнаўся нiколi. Як i ў шмат якiх iншых выпадках.
Даўно людзьмi заўважана, што бяда ня ходзiць адна, бяда любiць кампанiю. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца iнакш, часам з гумарам, са зьедлiвай самаiронiяй. Як у мяне з абмундзiроўкай, якая для маладога вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выглядаць «як усе», лiчылася нягожа, калi на цябе будуць паказваць пальцам. Тым болей у горадзе.
Тады ў Сафii ў мяне ўзьнiклi менавiта такiя праблемы: не было гожай абмундзiроўкi. Яшчэ ў Аўстрыi пачаў зьдзяваць гiмнасьцёрку i адарваў каўнер, якi амаль сапрэў за зiму. Выдалi з падменнага фонду б/у. Быццам i нiштаватая гiмнасьцёрка, але зь дзьвюма лапiкламi: ззаду на левай лапатцы i сьпераду на грудзях, — пэўна, зьнятая з забiтага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымi поламi, бо ляжаў у машыне, а як прарывалiся ў Венгрыi, тая машына згарэла, пасьпелi выхапiць толькi гэты падгарэлы шынэлак. (У рэчмяшку згарэлi i малюнкi ў альбоме. Маляваў жа…) I во ў такiм шынялi з падпалiнамi прыехаў у Сафiю. Улетку нiчога, але ж пачалася восень, насталi халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гiмнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзiўскую шашу. А ўжо зiмна, падае рэдкi сняжок. Побач iдуць балгары, чую гамоняць: «Братушка — сiбiрак, сiбiрак…». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сiбiрак.
Каб неяк даць сабе рады, купiў шынэль у аднаго балгарскага генэрала. Балгарскую ж армiю разагналi, афiцэраў звольнiлi. А форма ў iх была такая, як у царскай Расеi, толькi з шасьцю гузiкамi, — падобная да нашай. Шынэлак быў харошы, хiба з адным немалым недахопам — чырвонай падкладкай. Ну але калi добра затулiць полы, дык i нiшто. Хiба надта шыкоўны матэрыял, зь якога пашыты… Першы раз надзеў той шынэлак у выхадны, калi мы зьсябрам i ягонай сяброўкай зрабiлi паход на Вiташу. Усё лета пазiралi на гэту цудоўную гару паблiзу Сафii, а ўзьлезьцi на яе не даводзiлася. Дабралiся да яе зiмой, па сьнезе i, добра стамiўшыся, заначавалi ў паляўнiчай хiжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя зь сяброўкай засталiся, а я павiнны быў ранкам пасьпець на развод. Таму на сьвiтаньнi мусiў рушыць з гары. На шашы сьпяшаюся, але адчуваю, што спазьнюся, i тут якраз — «вiлiс» i ў iм камандзiр брыгады. Ну, спынiўся — сядайце! Сеў, едзем.
Пад’ехалi да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб пасьпець у свой строй, бо на пляцы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне — пастойце! I вядзе на пляц. А там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю «сьмiрна», аддае камбрыгу рапарт. Я стаю побач i ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьцi дурное. Так i здарылася. Падаўшы каманду «вольна», камбрыг гучна гаворыць дзяжурнаму: «Ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзiну генэралу! Яму, цi бачыце, не даспадобы савецкая форма, дык ён абрадзiўся ў балгарскую. — I паднiмае маю палу на чырвонай падкладцы. — Во палюбуйцеся, „как попугай“!..» У страi рагочуць. Але ня надта. Камбрыг быў чалавек новы, прыехаў з акадэмii i дужа энэргiчна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклi. Я i падвярнуўся яму пад руку. А камандзiр палку палкоўнiк Парамонаў тады мне сказаў: «Каб я цябе болей у гэтым шынялi ня бачыў!». Ну што мне было рабiць? Прадаў я гэты шынэлак нашаму ўзводнаму, лейтэнанту Крывавязу, якi зь яго пашыў сабе кiцель i брыджы. Мне выдалi зноў нейкi падменны, англiйскi, — добры шынэлак, але кароткi. Давялося падшываць унiзе… Але з тым i Крывавязу не пашэнцiла. Увогуле ён быў хлопец задзiрысты i аднойчы, выпiўшы, пабiўся з маёрам, начальнiкам сяржанцкай школы, якi быў таксама на добрым падпiтку. Лейтэнант быў маладзейшы i, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у iнтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзiўся. Затое тут жа на тумбачцы была складзена ягоная абмундзiроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарнiлiцу i добра палiў чарнiлам — i кiцель i брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хiмчыстку i вычысьцяць, а тады… Чым толькi ня цёр яе Крывавяз — i мылам, i бэнзiнам — нiчога не памагло. Так i прапала абмундзiроўка з майго шыкоўнага генэральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасьця сабе шчасьця ня будзе.
Сябраваў я там з многiмi, былi адпаведныя майму чыну кампанii. Займеў у iх пэўную рэпутацыю, асаблiва пасьля здарэньня з камсамольскiмi ўзносамi. Гэта начальства за тое на мяне ўзьелася, а сябры — зусiм наадварот. Неяк зблiзiўся зь лейтэнантам Дзiбнерам, якi служыў у штабе. Той быў родам зь Ленiнграду, у якiм жыве i дагэтуль (мы зрэдку перапiсваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалягiчных навук, спэцыялiст па геалёгii Арктыкi). Тады мы зрэдчас хадзiлi разам у горад. Вiталь любiў выпiць шклянку вiна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленiнград, якi я нiколi ня бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў унiвэрсытэт i быў дужа адукаваны, што вельмi iмпанавала мне.
Другi мой сябра быў хлопец iншага складу. Ня буду называць яго прозьвiшча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я [зваў] Валодзя. Родам ён быў з Уладзiвастоку, хаця ня надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены iншым горадам — Соф’яй, як яго называлi балгары. I аднойчы захапiўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду… Рэч у тым, што тады ўсе i ўсялякiя нашы кантакты з iншаземцамi ня толькi не дазвалялiся, а жорстка прыпыняліся. Нельга было i небясьпечна пасябраваць з балгарынам, калi выпiць зь iм цi нават некалькi разоў запар сустрэцца, каб тое не рабiлася вядома нашаму мiламу с ь м е р ш у, якi за мяжой шчыраваў з падвоеным iмпэтам. Валодзя ня толькi пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўцы, члена ЦК балгарскай кампартыi. Валодзя меркаваў, што тая акалiчнасьць — членства яе бацькi ў ЦК — яму штосьцi дазволiць. Аказалася, нiчога не дазволiла.
У балгарскi пэрыяд нашага жыцьця хутка ўспыхнуў i незвычайна абвастрыўся сум па далёкай радзiме. Дужа хацелася дамоў. Для спатканьня з роднымi, якiх ня бачылi даўгiя гады, а таксама са звыклай зь дзяцiнства прыродай, ландшафтам, побытам. Родныя мясьцiны сьнiлiся ноччу i клiкалi да сябе, кранаючы душы, гучалi галасы бацькоў, што даходзiлi ў сумных лiстах. На радзiме быў голад i бязладзьдзе, мы ж у Балгарыi жылi ў адноснай сытасьцi, хацелася дапамагчы, чым было можна. Аднак, выслаўшы атэстат, сам застаўся з капейкамi — толькi на цыгарэты. Toe дужа хутка азмрочыла мой паўсядзённы побыт. Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавiлi ў горадзе, мiлай Сафii. Там былi мастацкiя музэi, дзе я зь цiкавасьцю i ўпершыню разглядаў некаторыя творы буржуазнага, «салоннага» жывапiсу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскiх спэктаклях («Евгений Онегин», «Князь Игорь»). Балгары тады i пасьля ставiлi найболей расейскiя творы. Неяк у вулiчным натоўпе са зьдзiўленьнем назiраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеi экскаватары i бульдозэры бурылi каменную агароджу царскага палацу ў цэнтры Сафii. Якi энтузiязм панаваў тады сярод люду — прагналi цара-крывапiйцу! (Каб праз паўстагодзьдзя зь няменшым энтузiязмам вiтаць ягонае вяртаньне.) Палiтычны клiмат у краiне ўсё болей вызначалi камунiсты — мясцовыя з падтрымкай i пад кiраўнiцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалi выкрываць ворагаў балгарскага народу, здраднiкаў, кшталтам Васiла Каларава, якiх патрабавалi расстраляць. Што i было зроблена. (Ведама ж, як не зрабиць, калi народ просiць.) На такiм палiтычным фоне пачалося i доўжылася Валодзева каханьне: бацька ягонай каханкi, здаецца, трапiў у апалу. Валодзя пачаў таiцца, усяляк хаваць свае сустрэчы зь Верай. На вулiцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнiзоне за iм, вядома, было наладжана сачэньне, сьмерш сачыў за кожным крокам. Некалькi разоў яго выклiкалi i папярэджвалi. У парткаме пагражалi выключыць з партыi. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалi на радзiму, ён хацеў быць зь Верай. У такi час ён даверыўся мне i прасiў дапамагчы. Гэта мы зь iм хадзiлi ў той выхадны на Вiташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьцi той факт яму трэба было ўтаiць, i ён папярэдзiў мяне, каб я сказаў (калi паклiчуць), што мы ўвечары разам вярнулiся ў горад i я ўвесь час быў зь iмi. Розныя запiскi Веры, яе фотаздымкi ён хаваў сьпярша пад верхняй дошкай нашага стала ў iнтэрнаце, пасьля, як згледзеў, што iх там хтось апароў, перадаў мне. Я насiў iх у сваёй палявой сумцы — на заняткi, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў iх там — скралi, калi я абедаў у сталоўцы. Мяне паклiкалi ў аддзел контрразьведкi i пыталiся пра Валодзю. I пра тое, што было ў ягоных тых паперах. Я сказаў, што чужых папераў не чытаю. А калi б там былi шпiёнскiя зьвесткi, — спыталiся ў мяне, — i вас залiчылi ў шпiёнскiя сувязьнiкi? Што я мог iм сказаць? Там былi лiсты пра каханьне, я ведаў гэта, хоць i не чытаў iх.
Валодзю арыштавалi, паклiкаўшы ў палiтаддзел. Iдучы туды, ён прадчуваў тое i толькi шапнуў мне: у шэсьць нуль-нуль схадзiць на Арлоў мост i перадаць Веры, каб не чакала. Што я i зрабiў. Пра лёс Веры нiчога не дазнаўся, бо хутка расфармавалi брыгаду i нас раскiдалi па розных месцах Балгарыi. Адрасу яе я ня ведаў. (Вось яшчэ адзiн нерэалiзаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй далiтаратурнай бiяграфii.)
Нядоўгi час пасьля я правёў у стралковай дывiзii пад Бургасам, але i тую расфармавалi, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласцi. Са станцыi Унгены мы iшлi пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалi. У тое лета на поўднi панавалi страшэнная засуха i яе звыклы спадарожнiк — голад. Малдаўскiя сёлы стаялi панiклыя, безь людзей, людзi сышлi на поўнач — Украiну, Чарнаўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзiлi ўначы i дзе нас ледзьве не захапiлi ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў нiводнага чалавека, яно зусiм абязьлюдзела. Не было i гаспадара, якi частаваў нас курацiнай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае сьпякотай. У вайну не было гэткага…