Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Паводле той жа царкоўнай справы з ЦК кампартыi Малдавii прыехаў цывiльны чалавек, ён таксама рабiў дазнаньне. А ў час, вольны ад сьледчых спраў, захацеў выпiць. Ды ў сяле выпiць ужо не было чаго, i мы паехалi зь iм на недалёкi хутар. Зьлезьлi з фурманкi, iдзём праз жыта па сьцежцы, размаўляем. I раптам ад хутара — стрэлы. Мой госьць хапаецца за карабiн, ды тут жа асядае — па твары паўзе долу вока, шчака аблiваецца крывёю. А на хутарскiм падворку лаецца наш салдат зь вiнтоўкай у руках. Два салдаты, што былi з намi, кiнулiся туды, я — да госьця. Хутчэй на фурманку i — у шпiталь. Па дарозе дамаўляемся сказаць, што нас абстралялi немцы. Прыехаўшы дадому, я так i даклаў начальству.

Але назаўтра прыехаў капiтан Травiн, якому я быў падпарадкаваны, i вылаяў мяне за ашуканства. Ён ужо ведаў, як усё адбылося ў сапраўднасьцi. Але адкуль? «Адтуль!» — злосна сказаў стары i вопытны старшына Ганчарэнка. То быў для мяне першы ўрок такога кшталту — урок, якi, аднак, я кепска засвоiў. Ня ведаю, чым бы ўсё скончылася, калi б неўзабаве не пачаўся вялiкi наступ, стала не да царквы, не да п’янага салдата, якi паранiў цывiльнага.

Якраз перад наступам атрымаў першы лiст ад бацькоў — гэта пасьля трох гадоў абсалютнага бязьвесьця. Парадаваў ся, што ўсе жывыя, хата ня спаленая. Сястру Валю вывозiлi ў Нямеччыну, але яна была вёрткаю, мая сястрыца, i ўцякла з-пад канвою. Яны таксама нiчога ня ведалi пра мяне i парадавалiся з майго лiста — што жывы. Бо за тыдзень да майго лiста атрымалi «пахаронку», гэта праз тыя баi, пад Кiраваградам. (Зрэшты, тая «пахаронка» яшчэ мела для мяне малапрыемны працяг праз шмат гадоў пасьля вайны.)

Пасьля вайны сястра распавяла пра тую сваю «вёрткасьць». Вясной 44-га году яна разам зь некаторымi вясковымi дзяўчатамi ўцякла з «акопаў», якiя капалi для нямецкай абароны. Але немцы прыехалi ў вёску i пачалi хапаць маладых для адпраўкi ў Нямеччыну. Шмат якiх дзяўчат пахапалi i вядуць у Чарапоўшчыну. А сястру не знайшлi, тая пад той час схавалася ў лазовым кусьце за сажалкай. I тады яе стрыечная сястра, што ўжо iшла пад канвоем, з зайздрасьцi кажа канваiру: «А вы паглядзiце там у кусьце». Так яны апаролi Валю i таксама паставiлi ў калёну.

Праз колькi дзён пешага, пад канвоем, падарожжа, скарыстаў шы здатны момант (бамбоўкi цi што), падканвойныя пачалi разьбягацца. Канваiры, страляючы, — за iмi. Валя прысела ў жыце, аж бачыць: на яе iдзе канваiр-немец. Ён згледзеў сястру, але зрабiў выгляд, што не заўважыў, прайшоў поруч. Так сястра ўратавалася i праз колькi дзён дабралася дахаты.

Наступ на Балканы (так званая Яса-Кiшынёўская апэрацыя) пачаўся для нас увогуле пасьпяхова: абарону прарвалi, рынулiся за Прут. Там усчалiся жорсткiя баi за масты i пераправы, бо якраз i немцы з Кiшынёўскага катла таксама пёрлi на тыя масты.

У горадзе Пермi пасьля вайны выйшла кнiжка пра нашу дывiзiю пад назовам «Ветераны дивизии вспоминают». Там надрукаваны ўспамiны падпалкоўнiка Пiлiпенкi, былога афiцэра штабу дывiзii. Мiж iншым Пiлiпенка пiша i пра адзiн эпiзод тых баёў з удзелам лейтэнанта Быкава. «Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнем артиллерии, минометов. Около трех часов шел напряженный бой… На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал артогнем лейтенант Быков, появились 3 вражеские машины. Быков подал команду „огонь!“. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел, и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям. Осколками вражеского снаряда было повреждено орудие, убит старший сержант Буяненко, ранен наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию встал Быков. Через канал ствола он навел орудие, затем зарядил и выстрелил в приближаюшийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась. Противотанковая батарея полка понесла значительные потерн в личном составе и боевой технике, поэтому лейтенант Быков был назначен командиром взвода роты автоматчиков этого же полка. Не раз ему приходилось со своим взводом ходить в атаку и отбивать контратаки противника». I так далей. Я ня ведаю дакладна, але, па ўсёй верагоднасьцi, гэты тэкст узяты з т. зв. «наградного листа». На самай жа справе ўсё адбывалася трохi iнакш.

Рэч у тым, што там немцы прарывалiся з Кiшынёўскага катла, таму ўпартасьцi ў iх хапала. Таксама справа iшла пра жыцьцё i сьмерць… У маёй гармаце ня толькi разьбiла прыцэл, яе таксама разьбiла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, ад выбуху нас завалiла зямлёй. Я быў побач з зараджаючым, мiж станiнаў, i на колькi сэкунд, вiдаць, страцiў прытомнасьць. Як узьняў галаву, бачу: мае не паднiмаюцца, наводчык зусiм у зямлi. А танк — во ён, стаiць у якiх пятнаццацi мэтрах i скiроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, — з намi ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не пасьпеў стрэлiць. Я дацягнуўся рукой i, лежачы, цiскануў на кнопку спуску. Узьняўся пыл, штосьцi там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасьць мне тут. Аж не — ня дасьць, бо ззаду сьцелецца гусенiца, усё ж я яе зьбiў. Куды дзелiся танкiсты, так i не зразумеў. Бой тым часам трохi перасунуўся збоч, да пераправы, куды яны прарвалiся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разьлiку. Але ў мяне дужа балiць галава, з вуха iдзе кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я ня чую. Аглух. Аказалася, ня толькi ня чую, але i нiчога не магу сказаць. Адняло мову. I ўвесь я калачуся. Ужо цi не адваяваў ся, думаю…

На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на апэрацыях. Я сеў у цяньку на прызьбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохi. Вуха балiць, але кроў больш не iдзе. На зьмярканьнi пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапiўся за вяроўку расьцяжкi i — вылаяўся. Паявiлася мова. Toe ўзрадавала неверагодна, i я яшчэ некалькi разоў вылаяўся — усё грамчэй i грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.

Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: цi баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калi i трусiў. Але страхаў на вайне шмат, i яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамi — што маглi ўзяць у палон, застрэлiць; страх ад агню, асаблiва артылерыйскага цi бамбовак. Калi побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкi ад дзiкiх пакутаў. Але ж быў i страх, што iшоў ззаду, — ад начальства, усiх тых карных органаў, якiх у вайну было ня менш, чым у мiрны час. Нават болей. Калi цябе камандзiр абяцае расстраляць пад ранак, калi ты ня возьмеш страчаны хутар цi вышыню, цi траншэю (што па тым часе зусiм верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў цi камандзiра. Немцы яшчэ могуць не пацэлiць, i табе абыдзецца. А свае, камандзiры (цi калi ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкi не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна i катэгарычна.

Пасьля яшчэ былi баi, але ў Румынii па танках мы не стралялi. Маю падбiтую гармату выцягнулi з агнявой, замянiлi кола, а прыцэлу не знайшлi. Так мы яе i вазiлi на фармоўку над Луцк, пасьля ў Венгрыю. I да майго новага раненьня яна заставалася без прыцэлу.

А наконт танка. На фармоўцы ўвосень пачалi прадстаўляць да ўзнагародаў, напiсалi i на мяне: «к орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил» i г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзiлi кагось з дывiзiйнай артылерыi, якая там таксама страляла. Выходзiць, Быкаў падбiў падбiты танк? Можа, i так, я спрачацца ня стаў, з начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзiра палку, крыклiвага маёра Коваля, i той са злосьцi паслаў мяне ў аўтаматчыкi.

Тут, можа, варта вярнуцца назад i распавесьцi, як на пачатку вясны адбылося ў нас «братаньне зь немцамi». Сталася тое, як i ў «Праклятай вышынi», хаця, можа, трошкi i ня так. Можа, страшней нават. Сапраўды, тыя падзеi здарылiся ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сапсавалася надвор’е, шыбанула завея, сьнегу навалiла гурбы.

А пасьля раптам — сонца, сьнег адразу растаў, зноў вясна. Во якраз у тую ноч перад вясной немцы прагналi роту з вышынi i асталявалiся на ёй самi. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылi замiрыцца, адпачыць, пакуль начальства далёка, штабы адсталi. Iнiцыяваў усё старшына роты. Унiзе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселi на гэтым схiле. I во старшына выйшаў да рэчкi, паклiкаў нямецкага обэр-лейтэнанта, i яны заключылi перамiр’е. Наладзiлi сувязь… Сталi хадзiць i нашы, i немцы. Памыць парцянкi, перакiнуцца махоркай i атрымаць замест цыгарэты. Ну i размовы. Словам — братаньне, самае што нi ёсць. I доўжылася яно два днi. Камандзiр роты якраз адсутнiчаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. А выкрылася як? Праз два днi, як параненых адпраўлялi ў тыл, тамашнi санiнструктар i «стукнуў». Натуральна, начальства ўзьвiлося…

Аднаго разу ноччу дзьве мае саракапяткi перакiдваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкi мне дзiўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства ня выдумае. Да ранку збольшага акапалiся, сядзiм. Пяхота крышку наперадзе i ўнiзе, неспакойная, усё варушыцца. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезьлi мiнамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. I во толькi разьвiднела, гляджу — iдуць немцы да рэчкi. Iдуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусiм. Падыходзяць да рэчкi i крычаць: «Эй, Iван!». I яшчэ нешта. А ў нас усё замерла. Яны пастаялi, мiж сабой пагутарылi, пасьля нешта, вiдаць, западозрылi, i двое бягом назад. Астатнiя таксама пачалi ад рэчкi адступаць. I вось тады нашы ўрэзалi. Спачатку артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка i лужок, затым пайшла разьмяклая ральля на схiле, а за iм надта крутое месца зь невялiчкiмi кусьцiкамi, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусьцiкаў дайшлi, тут ужо яны ўрэзалi. Толькi некалькi чалавек параненых выпаўзьлi да рэчкi.

Пасьля месяц цэлы бралi гэтую вышыню. I ў маi яшчэ атакоўвалi, i ўсё бяз вынiку. Так да Яса-Кiшынёўскай апэрацыi, да 20 жнiўня, яна заставалася ў немцаў. А людзей колькi паклалi! Во гэта я там пасьля ледзьве ня трапiў у палон. Замест мяне трапiў начштабу батальёну.

У Румынiю ўвайшлi з баямi, але далей немцы супрацiўлялiся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацiлi на вулiцу бочку, абступiлi яе з кацялкамi, а пiць баялiся. Перад наступленьнем было нямала гутарак i загадаў наконт таго, што пераходзiм мяжу з капiталiзмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, вiна ня пiць, — усё атручана. Тады крыкнулi: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санiнструктар батальёну (пасьля загiнуў у Венгрыi), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпiў — парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна i выпiлi. Рэшту вылiлi на дарогу, каб ворагу не дасталося.

Поделиться с друзьями: