Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Такiя статуты. Статут каравульнай службы патрабаваў, каб у камандзiра, якi правярае каравул (цi пост на прахадной), правяралi пасьведчаньне. Але што правяраць, калi гэтага камандзiра два гады ведалi ў твар, кожны дзень бачылi. Але ж трэба. Адзiн такi кампалку па-садысцку зьдзекваўся зь дзяжурных на КПП, кожны раз праходзячы праз вароты, цiкаваў, цi будуць таксама кожны раз правяраць яго службовае пасьведчаньне. Звычайна пад вечар правяраць пераставалi, на тым i пападалiся. У лепшым выпадку атрымлiвалi вымову. Цiкава, што ў кадравых афiцэраў тая бязглузьдзiца не выклiкала сумневу. Так паложана, звычайна казалi, i далей паложанага не iшлi нават у думках. Здаровы сэнс? Але здаровы сэнс, як казаў адзiн знаёмы камбат, у войску не начаваў нiколi.
Самай папулярнай камандзiрскай якасьцю была строгасьць. Строгасьць i патрабавальнасьць — былi абавязковыя для ўсiх камандзiраў, пачынаючы ад яфрэйтара i канчаючы палкоўнiкам. Шмат якiя толькi i трымалiся, ат i рабiлi кар’еру дзякуючы дэманстратыўнай строгасьцi, што межавала з жорсткасьцю. А калi i пераўзыходзiла яе. У спэцыфічных умовах экзатычнай аддаленасьці ад краіны афіцэры жылі дужа ізалявана, бальшыню часу бавячы ў сваіх падразьдзяленьнях — ротах-батарэях, разам з салдатам і. Як звычайна ў войску, узаемаадносіны ладзіліся адпаведна субардынацыі — таварышавалі з роўнымі сабе паводле пасадаў і званьняў. Якія-небудзь сяброўскія аднос іны паміж начальнікам і падначаленым выклікалі падозраньні, і тады з сваёю ўвагай да іх падключаліся асабісты. У гэтым сэнсе найбольшы клопат несьлі маладыя афіцэры, халасьцякі, якія і пілі, і скандалілі, бо бальшыня зь іх не хацела служыць на гэтым краі зямлі, мкнулася ў Эўропу, ва ўнутраныя вайсковыя акругі.
Нешта ў майго камбата пахiснулася ў адносiнах з начальствам (вядома ж, найперш з прычыны ягоных закiдонаў), i ён, падобна, вырашыў паправiць рэпутацыю. Аднойчы прыйшоў у батарэю на ўзьбярэжжы пад градусам i аб’явiў збор у зямлянцы на НП. З разьлiкаў папыталi: «А процiгазы браць?». Як хочаце, адказаў камбат, хаця зноў жа паводле статуту салдат у баявой абстаноўцы павiнны быў заўсёды хадзiць наўючаны, бы iшак. Але каму хочацца быць iшаком? Некаторыя прыбеглi з процiгазамi, а некаторыя без, толькi зь вiнтоўкамi. Камбат запёр усiх у зямлянцы i аб’явiў газавую атаку. Для таго падпалiў дымавую шашку. Тая шашка, мабыць, i спляжыла ўсю яго вайсковую кар’еру.
Шашка аказалася новай канструкцыi, удасканаленай высiлкамi ВПК50, яна ня толькi давала дым, але i паражала дыханьне. Салдаты, што апынулiся ў зямлянцы без процiгазаў, страцiлi прытомнасьць, ледзьве iх пасьля выцягнулi на паветра. Усчаўся скандал. Паднялiся парторганы. I тут, як заўжды, напагатове апынуўся с ь м е р ш. Маёра выклiкалi быццам бы на разборку ў палiтаддзел, ды адтуль ён у полк не вярнуўся.
Прыкладна ў той жа час, як я сядзеў на НП, сачыў за морам (цi пакажацца амэрыканскi дэсант), завiтаў К., малады лейтэнант, узводны, якога, на няшчасьце (як мяне калiсьцi), зрабiлi камсоргам. На сваю бяду, камсорг нядаўна ажанiўся з маладой дзяўчынай, бацьку якой за нешта рэпрэсавалi органы, i дачка не захацела ад яго адмовiцца. Ад камсорга запатрабавалi, каб ён разьвёўся або здаў партбiлет. Лейтэнант ня ведаў, як быць, i пачуваўся вельмi засмучаным. Ад мяне пайшоў у пасёлак, дзе купiў сьпiрту, выпiў i, лёгшы на ложак у пакоi жонкi, застрэлiўся. Хавалi яго ўначы, таемна, на старых японскiх могiлках, дзе ўжо стаяла колькi пiрамiдкаў з зоркамi. То былi нашыя хлопцы, што леглi тут, у чужую зямлю.
Становiшча разгорнутых на мясцовасьцi баявых парадкаў мела нямала станоўчага ў параўнаньнi з казармай. Найперш — адносная iзаляванасьць ад начальства. Падругое, схоўнасьць, калi нiкому не вядома, чым мы тут займаемся. Можна было нават кiмарнуць часам, што i рабiлi салдаты, выставiўшы пiльную варту. А яшчэ — заўзята рыбачылi, асаблiва ў час нерасту кеты цi гарбушы.
Пад восень i ўзiмку востраў скаланалi землятрусы. Трэсьлiся дамы (не бурылiся, бо былi змайстраваны з дошак), толькi скрыпелi ды сыпалася з бляшаных трубаў. Але было, што разбуралiся трубы ў той час, калi палiлася ў печцы, тады здаралiся пажары. Неяк я бег па вулiцы ў пачатку землятрусу, i вулiца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчылiну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак i ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой залiло лугавiну, падтапiла дамоўкi. Ужо праз колькi дзён дазналiся, што то — ад цунамi. Эпiцэнтр яго быў недзе каля паўночнага вострава Парамушыра, адкуль i прыйшла гэтая хваля. Празь дзень-два вада пайшла назад, у мора.
Двойчы ў год, вясной i ўвосень, мы назiралi незабыўнае вiдовiшча — як рыба касякамi, натоўпамi лезла па вадзе i камянях у прэсныя рачулкi на нераст. Мэтровыя рыбiны можна было хапаць рукамi, бiць палкамi, лавiць драцянымi сiлкамi. I лавiлi, i бiлi. Варылi ў салдацкiх кацялках, елi. Але найболей палявалi за чырвонай iкрой, якую можна было назапасiць вёдрамi. Ды нiхто не запасiў, усё рабiлася на адзiн дзень. Выпатрашаныя рыбiны ўсё лета валялiся i гнiлi ў траве ўздоўж астраўных рэчак. Гэткую сытуацыю я назiраў у першае лета майго знаходжаньня на Кунашыры. А як праз тры гады ад’яжджаў, рыбы ня стала. Зьнiклi i кета, i гарбуша. Вылавiлi, паелi, пакiдалi.
Зімой рыбацкай насалодай была лоўля корушкі. Пад вясну, як лёд у затоцы браўся трэшчынамі, у тыя шчыліны лезьлі маленькія рыбкі, якіх ня трэба было нічым прынаджваць. Рыбакі проста рабілі кручкі з дроту і, устаўляючы іх у трэшчыны, тузалі рыбу на лёд. За гадзіну яе можна было нарыхтаваць вядро. Смажаная, яна была смачнейшая за ўсю марскую і акіянскую рыбу. Шкада, лавіць яе ў мяне не было часу, і я толькі назіраў за тым, седзячы ў сваім НП на абрыве.
Чытаў на Курылах мала, хіба газэты, якія прывозілі раз у месяц. А зімой, як сканчалася навігацыя, наогул нічога не прывозілі. Нават алкаголю. Па радыё ніколі нічога не было чуваць. Заходнія радыёстанцыі спрэс глушылі. Непадалёк ад маёй батарэі ля пасёлку Галаўніно тырчэлі антэны радыёперахопу, дзе круглыя суткі дзяжурылі афіцэры КДБ. З таго, што трапіла на востраў, добрае ўражаньне на мяне зрабіла аповесьць Э. Казакевіча «Двое в степи». Гэта была новая старонка праўды пра нядаўнюю вайну, і дужа прыкра было чытаць, як неўзабаве яе пачалі граміць у літаратурнай і партыйнай прэсе. Таксама як і артыкул Памеранцава «Об искренности в литературе». Гэты артыкул мне дужа спадабаўся, але прачытаўшы крытыку на яго, я зразумеў, што з праўдзівай літаратурай трэба пачакаць. Традыцыі літаратурнага пагрому, распачатыя пасьля вайны з Ахматавай і Зошчанкі, мабыць, ня хутка скончацца. Так думаў я тады, і, паслаўшы тры апавяданьні М. Лынькову, болей нічога не пісаў. Не было ахвоты. Зiмой, якраз на дзень Савецкай армii, у мяне нарадзiўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалi сябры, маючы на ўвазе знакамiтую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкi, да якой нiколi не хапала дроў. Вiдаць, змалку загартаваўся ў японскiм клiмаце. Жонка рабiла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампанii ката — вялiзнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклiкаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок i прыдушыць, такi быў вялiкi. Я спрабаваў ад яго пазбавiцца, ды марна.
У канцы восенi прыйшоў загад: адправiцца на Сахалiн для вучобы. Жонка i сын з катом заставалiся на Кунашыры.
Гэта было жахлiвае марское падарожжа некалькiх сухапутных афiцэраў на невялiчкiм вайсковым судне цераз штармавое Ахоцкае мора. Марская хвароба выварочвала з нас вантробы, пакуль мы бяз ног валялiся ў сьмярдзючым адсеку, з усяе сiлы трымаючыся рукамi i нагамi за нейкiя трубы. Кiдала бязьлiтасна ва ўсе бакi. Усю ноч зьверху чулася лаянка, крыкi каманды, якая змагалася за жывучасьць судна. Як прыйшлi ў Карсакаў, аказалася, што маракi мелi рацыю: мы маглi патануць — столькi лёду намерзла на верхняй палубе, на снасьцях i мачтах. Як не перакулiлiся ўгору дном, аднаму Богу вядома.
Да пачатку вучобы я, вядома ж, спазьнiўся, ужо месяц, як афiцэры займалiся ў вайсковым гарадку Паўднёвага Сахалiнску. У клясе мяне пасадзiлi за апошнi стол, i наш кiраўнiк падпалкоўнiк Емяльянаў доўга называў мяне Баранавым. Гэта таму, што ў папярэднiм выпуску там сядзеў хтось з прозьвiшчам Баранаў. Мiж тым i другiм вiдам жывёлiн невялiкая розьнiца. Тут мне грунтоўна давялося заняцца матэматыкай, якую я, пэўна ж, недабраў у школе. А без матэматыкi ў артылерыi, як вядома, рабiць няма чаго. Пайшлi тыднi i месяцы працы з падручнiкамi, над лагарыфмiчнымi вылiчэньнямi, па тэорыi верагоднасьцяў. Артстралковая падрыхтоўка ў поўным аб’ёме — вылiчэньне дадзеных i стральба па наземных i марскiх цэлях. Спачатку, вядома, на iмiтацыйных сродках, а пад вясну i на палiгоне. Неяк памалу тая навука мяне нават захапiла, а калi што захоплiвае, дык я таму аддаюся цалкам. Афiцэры тут сабралiся розныя, з розных часткаў — ад Чукоткi да Сахалiну. Пераважная бальшыня зь iх — нядаўнiя франтавiкi з эўрапейскiх акруг. Шмат якiя служыць не хацелi, ды мусiлi, бо вырвацца з войска па-добраму было немагчыма. Некаторыя, праўда, шчыравалi, у тым лiку i мой зямляк Iваноў. Разумны быў, адукаваны афiцэр, добры матэматык, ды меў перабольшаную схiльнасьць да справядлiвасьцi. А гэта ўжо нават не недахоп, а поўны цэйтнот, i ня толькi для афiцэра. Там жа стала вядома пра трагедыю Парамушыра, што ў нас, на Кунашыры, адгукнулася хiба ўздымам вады. Цунамi на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак i зь iм танкасамаходны полк. Самаходкi раскiдала па ўсiм беразе, а сотнi людзей апынулiся ў сьцюдзёнай акiянскай вадзе, дзе i гiнулi ад холаду, калi за што трымалiся. На дапамогу прыйшлi вайсковыя амэрыканскiя баржы, але з Масквы паступiла радыёграма: гiнуць, але дапамогу амэрыканцаў не прымаць. Я ня памятаю, каб хто з афiцэраў нашай групы адобрыў той вар’яцкi загад. Хаця нiхто i не сказаў слова супраць. Адзiн афiцэр-далёкаўсходнiк распавёў, як там жыло войска ў гады вайны. Канешне, галадалi (але дзе не галадалi?), абмундзiроўкi, абутку зусiм не давалi. Салдаты дралi лыка i плялi лапцi. Дысцыплiна, аднак, была зладавана жалезная, пра тое дбалi тылавiкi-генэралы. Камандаваў войскам генэрал Апанасенка. Аднойчы таму афiцэру трэба было наведаць жонку, што апынулася ў раддоме за 20 кiлямэтраў у пасёлку. Во ён iдзе пехатой па гразi, восень, iмжыць дожджык. Раптам яго даганяе «вiлiс» i ў iм генэрал. «Куды iдзяце?» — «У пасёлак». — «Па якой патрэбе?» — «Жонка раджае». — «А што, паехаць не было на чым?» — «Ня даў камандзiр, гаручкi мала». — «Ну, сядай». Сеў. Але шафёр ня едзе, чакае. I тады генэрал паварочваецца i кажа: «Ты што, такi-сякi размазаны, ня можаш адмовiцца, калi цябе савецкi генэрал запрашае? Вон з машыны!». Выскачыў, як апараны, а «вiлiс» газануў i пакацiў па дарозе.
Такi савецка-генэральскi этыкет.
Вучоба па артылерыi нават захапляла, у тым была немалая заслуга падпалкоўнiка Емяльянава, якi ўмеў зацiкавiць i захапiць. Гэты вайсковы матэматык спрабаваў нават даказаць трыста год не даказаную знакамiтую тэарэму Фэрма (an + bn = сn). Але ж вучылi ня толькi артылерыi. Выкладалася процьма iншых прадметаў, у тым лiку i (цi не другi паводле значэньня) — палiтпадрыхтоўка. Жылi на казарменным становiшчы — двух’ярусныя ложкi ў вялiзнай стадоле-казарме з цьвёрдым распарадкам дня, за выкананьнем якога сачыў зноў жа зьвераваты старшынамаёр. Асаблiва дапякалi ранiшнiя фiззарадкi, на якiя выганялi ўсiх, не зважаючы на надвор’е — у дождж, сьнег, мароз. Ну i, вядома, — строй. На заняткi, з заняткаў, у сталовую, клюб. Са зласьлiвасьцю напомнiлi нам нашу вучылiшчную маладосьць i неўмiручыя традыцыi прускарасейскай муштры.
Адна падзея таго часу не магла не запомнiцца мне на гады. Гэта калi ў адзiн шэры сакавiцкi дзянёк у клясу ўвайшоў наш кiраўнiк падпалкоўнiк Емяльянаў i яўна робленым трагiчным голасам аб’явiў, што гадзiну назад памёр вялiкi Сталiн. Усе ўсталi, пастаялi са скамянелымi тварамi, а я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Гасподзь! Можа, хоць цяпер што-небудзь зьменiцца да лепшага». На жаль, зьмянiлася мала.
Берыеўская амнiстыя, што была неўзабаве праведзеная, напоўнiла далёкаўсходнiя гарады масай бандытаў, забойцаў,зладзеяў, якiя былi выпушчаныя ў першую чаргу. Палiтычных выпускалi зь вялiкiм разборам, а гэтыя, сацыяльна-блiзкiя, займеўшы свабоду, дружна ўзялiся за звыклую справу. Да вясны ў горад немагчыма было паткнуцца — рабавалi i забiвалi нават афiцэраў.