Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неўзабаве паявiлася начальства, i мы занялi абарону пад вышынямi. У пяхотным ланцугу паставiлi гармату. З тыдзень iшлi баi за тыя вышынi, але танкi далей не пайшлi. Мабыць, сваю задачу яны выканалi, паехалi на iншы ўчастак. А тут калашмацiлi адна адну пяхота, вышынi на некалькi разоў пераходзiлi з рук у рукi. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, i ўратавала. Бо тых, што былi ззаду, немцы расстрэльвалi з вышынь, а нас пад носам ня бачылi. Там у нас загiнуў падпалкоўнiк Аўчароў, капiтан Кавалёў, двое ўзводных i шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакiнула маю гармату, якую мы не маглi выкацiць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень i прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалi немцы. Яшчэ нас бамбiлi свае «кукурузьнiкi» — жаночы авiяполк. Кожную ноч вешалi ў небе лiхтары i пачыналi кiдаць бомбы. Добра, што яны не цалялi — проста разгружалiся… У перапынках памiж бамбоўкамi прыходзiў нампалiт маёр Цквiтарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб нi кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кiдаўся да ровiку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровiку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнiк камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места…». Як ён хутка сыходзiў, на вышынi пач[ын]алi працаваць нямецкiя «гукаўкi». Праiграўшы «Сьценьку Разiна» або «Ямшчыка», яны абрыналi на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кiраўнiцтвам Гiтлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабiтыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не памiраць за Сталiна i ягоных жыдоў-камiсараў. Але тая прапаганда ўжо нi на кога ня дзейнiчала, мы ўжо выдатна разумелi, што час Гiтлера мiнаўся.

Дзесьцi ў гэты час мы атрымалi новыя, 57-мм гарматы. Гэта ўжо былi добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгiм ствалом i вялiкай прабiўной сiлай снараду. Яны нам адразу спадабалiся. Я сам прыстраляў iх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай бiноклю. Трапнасьць iх таксама была выключная, i мы шкадавалi толькi, што паявiлiся яны ў нас гэтак позна. Але i тое добра. У хуткiм часе яны нам паслужылi, як за ўсю вайну не служылi iншыя гарматы.

16 сакавiка магутным выбухам на сьвiтаньнi (гэта немцы ўзарвалi ўсё тую ж пераправу пад Шаманторнiяй) пачаўся iхнi адыход i нашае наступленьне на захад.

Наступалi па тых жа мясьцiнах, дзе месяц таму абаранялiся, дзе наш полк разграмiлi нямецкiя танкi. Як праяжджалi каля маёй агнявой пазыцыi, дзе гарэлi ракеты, спынiлiся, i камандзiр палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыi разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапiлi гармату i на «студэбэкеры» паехалi недалёка ад дарогi ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капiтан-сьмершавец, i я з пэўнай трывогай падумаў: навошта?

Пазыцыi ўзводу Беражнога былi крайнiя, мы адразу ўбачылi яго разьбiтую гармату, разварочаны гусенiцамi ровiк, некалькi трупаў салдатаў i яго самога — на броўцы ровiку з раскiнутымi рукамi. Дзяга зь яго была зьнятая, пiсталета не было ўжо, з гiмнасьцёркi хтосьцi зьвiнцiў ордэн Чырвонага сьцягу. Залiтая крывёй гiмнасьцёрка ссохлася. Скрынкi са снарадамi былi ўсе побач, але гармата… У вогуле яна была цэлая, толькi ствол — пялёсткамi ўбакi. Значыць, узарваная. Гэта было вельмi кепска. Гляджу на капiтана, а той падышоў, пруцiкам пастукаў па ствале i кажа, пазiраючы нам у вочы: «Глядзi, гэта ж трэба было, так трапiць. Трапiць у самы ствол!» — кажа так, каб усе пачулi. I салдаты каб учулi, i я таксама. Я паглядзеў на яго i крыху зьдзiвiўся, а пасьля зразумеў, што капiтан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякiм разе такiя эмблемы насiў) i ў гэткiх справах павiнны быў разьбiрацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забiты, значыць, хтосьцi з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, i сьмерш мог яе раскруцiць. А ён даў нам знак, што лiчыць гармату разьбiтай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралi некалькi скрынак снарадаў. Забiтых не ўзялi, iх павiнны былi пахаваць тылавiкi, мы сьпяшалiся, бо немцы адступалi.

…Ноч некуды ехалi, ехалi — па нейкiх мокрых i гразкiх прасёлках, па полi, пад ранак прыехалi на ўскраiну сяла, паставiлi гарматы абапал сьцiрты. Чутно, як непадалёк адбываўся якiсьцi рух — гырчэлi маторы, штосьцi гуло, шархацела, часам чулiся прыглушаныя галасы. Iшлi калёны. Немцы ад Будапешту прарывалiся на захад. Як стала трошкi сьвiтаць, убачылi зводдаль тое, што чулi ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабiлi, танкi, пяхота. Зараз жа адкрылi агонь. Страляць было проста, бо блiзка. Адразу там запалала некалькi аўтамабiляў, з танкаў па нашай ускраiне зрабiлi некалькi непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока i трапна ўзяў iх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынiлася, заднiя пачалi напiраць на пярэднiх, пярэднiя гарэлi. Пяхота ў панiцы кiнулася ў поле, i мы расстрэльвалi яе асколачнымi. Пасьля, як усё скончылася, нешматлiкiя машыны ўцяклi, а пяхота разьбеглася, мы пайшлi паглядзець, што нарабiлi. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкiсты разграмiлi нямецкую штабную калёну.

Гэта быў цi не апошнi бой на венгерскай зямлi, за восень, зiму i вясну багата палiтай нашай крывёю… Да аўстрыйскай мяжы рухалiся ўвогуле ўдала, зь нядоўгiмi сутычкамi. А на мяжы ўсё спынiлася, немцы сталi ў абарону. У перадгор’i Альпаў — шырачэзная далiна, якую немцы перакрылi агнём i нас туды не пушчаюць. Нямецкiя танкi здаля б’юць па адзiнай на схiле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынiлася. Ды хутка з’явiўся нейкi генэрал у камбiнезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, i якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўнiз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамi неяк праскочылi, i мы хуценька за кусьцiкамi пачалi акопвацца. Iншых, што ехалi за намi, немцы не пусьцiлi, спалiлi некалькi машынаў, i болей нiхто празь iх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваiх, мы не клапацiлiся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе iхнiя астатнiя, а iншыя могуць i ня ведаць. I нейкiя мiнамётчыкi, якiх спрытны генэрал змусiў хутчэй адкрыць агонь, агонь i адкрылi. Па нас, канешне. Толькi я з салдатам выкапалi ровiк па калена, як тыя пачалi смалiць. Мiны кучна клалiся якраз абапал. I, вiдаць, накрылi б, калi б не найшла вясновая хмарка i не палiў дождж. (Зрэшты, у вайну, калi пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся i дождж. Iншы раз ён i не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькi дождж хлынуў, я выскачыў з ровiку[: ] давайце за машынай i хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохi некуды ад’ехалi, за нейкiя кусьцiкi, ад якiх было блiжэй да немцаў, чым да сваiх, i тым уратавалiся. Пад носам у немцаў стала спакайней.

Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне i баi. Ды ўжо ў горнай мясцовасьцi. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень бiлiся за нейкую вёску, не маглi ўзяць, тады аднекуль зь iншага ўчастку перакiнулi самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкi, якiх на вайне таксама звалi «бывай, радзiма». Во яны праходзяць мiма, у адной ззаду (зад у iх адкрыты) стаiць бравага выгляду камандзiр, вусаты у танкавым шлеме, i гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калi ты гэткi спрытны. Вёску ўзялi, пяхота прайшла на той бок, мы — сьледам. Каля мастка, гляджу, стаiць абгарэлая самаходка, i зь яе зьвiсае на гусенiцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналi таго аптымiстага.

Помняцца i яшчэ прыкрыя, а то i камiчныя выпадкi. Як я ўжо казаў, у Румынii я першы раз захварэў на малярыю. Даволi паскудная хвароба, тым болей, што шпiтальнага лячэньня не вымагае. Зiмой была перадышка, а вясной пачалiся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю — пад вечар або калi ўбачу ваду… Хоць здалёк, хоць зблiзку. Раптоўна здрыгаюся, i пачынаецца лiхаманка на некалькi гадзiнаў. Аднойчы мы займалi пазыцыю на прамой наводцы ў полi. Трошкi далей i збоч ад агнявой расьлi дрэўцы, нейкiя кусьцiкi. Агонь не вялi, але немцы былi блiзка. Мяне раптам затрэсла, i я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабiвалася. Як лёг, салдат навалiў на мяне нейкiх трафейных коўдраў, нямецкiх шынялёў — каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьцiла, заснуў. А як прачнуў ся, дык зьдзiвiўся, што вакол дужа цiха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкiя людзi i пазiраюць чамусьцi не туды, куды заўжды пазiраюць на фронце, — у бок працiўнiка. Гэтыя пазiраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся i прыслухаўся — то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нiчога дзiўнага. У пяхоце такiх, негераiчных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напiсана. Бо зь пяхоты, апроч хiба В. Кандрацьева, у лiтаратуру нiхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напiсана пра вайну зь лiку яе ўдзельнiкаў, канешне, належыць усё ж артылерыi. Мабыць, паводле традыцыi, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулi, гармату камбат загадаў адцягнуць нiжэй у сяло, а пра мяне забылiся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалi па аўтамабiль, а iншыя ня ўгледзелi… I вось бачу чужыя сiлуэты, — адзiн у касцы, а другi, помню, у казыркастай шапцы… I я паўзком, на кукiшках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваiх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяялiся… Усё ж iшоў сорак пяты, да перамогi заставаўся апошнi месяц. А здарылася б тое раней на год цi паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзiрам узводу кiраваньня, якi параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыi, у час бою за нейкае сяло, надта бамбiлi нямецкiя самалёты, i гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, i ў той скляпок сунуўся i яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка i наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзiн аднаго i ня ведаюць, хто побач — свой цi чужы? Таму маўчаць. А галоўнае — ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы цi немцы. Нiхто першы ня хоча адкрыцца. Так мiнула ноч. I толькi як пачало сьвiтаць, лейтэнант убачыў, што перад iм немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I нiхто зь iх за пiсталет не схапiўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзiць i чакае, калi прыйдуць немцы i возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы i прыйшлi. Але на ламанай рускай мове растлумачылi, што страляць ня будуць, будуць рабiць арцлiхер беiстанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулi лейтэнанта, занесьлi яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнiк перавязаў яму нагу i папытаўся, што ён хоча: да сваiх цi ў палон?

Канешне, лейтэнант захацеў да сваiх. Тады яго ўначы два немцы паклалi на палатку i падцягнулi да нашых акопаў на краi сяла. Праз паўгадзiны ён туды i звалiўся. Ну, адвезьлi ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цiкава з сваiх прыгодаў. I ноччу цiхенька ён расказаў пра тое суседу — што зь iм тры днi таму здарылася.

Падзiвiлiся трохi абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў незнаёмы афiцэр i сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмiнова падрыхтавалi да эвакуацыi. Аднаго. Болей яго нiхто ў палку ня бачыў. I чутак нават нiякiх не дайшло.

Пасьля той выпадак нейкiм чынам паслужыў мне, калi я пiсаў «Адну ноч»40. Хаця там iншы фон ды iнакшы час, але грамадзтва, а найперш нашая рэдактура не былi гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якiх патыхала непрымальным для iх пацыфiзмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максiм Танк адмовiў аўтару ў публiкацыi таго апавяданьня з прычыны «невыразнасьцi», як ён напiсаў, iдэi. Думаецца, iдэя была выразная, як надта выразнымi былi i партыйныя ўстаноўкi ў адносiнах да яе.

Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскiя адносiны!

Баi на той час павальнелi, немцы ня дужа абаранялiся, але i мы надта ня лезьлi. Пяхота шмыгала па дамоўках, па падворках. Патрэбны былi трафеi. У гэтую пару прыйшоў зьверху дазвол пасылаць на радзiму пасылкi. Таму i шарылi ў пакiнутых пад агнём дамоўках, расчынялi шафы, хапалi якую апратку, абутак. А заадно i харч. Хаця наконт харчу ў Аўстрыi было куды бядней, ня тое што ў Венгрыi, — самi аўстрыякi харчавалiся па картках. Дысцыплiна ў войску расхлябалася, часьцяком салдаты кудысь зьнiкалi па ўласных справах. Пілi, аднак, ня менш, як заўжды. П’янаваты камандзiр трэцяй батарэi капiтан Кохан уначы вяртаўся на свой НП41 з суседняй батарэi, i ягоны вартавы застрэлiў яго. За якi месяц да канца вайны. Пахавалi ва Ўсходняй Аўстрыi.

Аднойчы дайшлi мы да нейкага невялiчкага паселішча i сталi. Ноч мiнулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла пяхота, мы — за ёй. А блiзенька за раўком — манастыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золку прачнуўся i пайшоў праз браму ў манастырскiя будынкi — цiкава было паглядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакiнуты, па ягоных калiдорах ужо блукалi салдаты. Усюды валялiся богаслужбовыя кнiгi, нейкае майно…

I тут раптам пачалося — танкi выйшлi на ўскраiну гарадка i турнулi нашу пяхоту. Калi мы ўсе, хто быў у манастыры, выскачылi адтуль, пабачылi, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсiм полi; аднекуль з-за сьценаў i платоў гарадзкiх будынiн страляюць танкi. Мы з нашых пазыцый страляць па iх не маглi, перашкаджалi прыдарожныя пасадкi, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапiлi гарматы да «студэбэкераў» i рванулi на дарогу. Можа, тое тады было i правiльна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзiры? I дзе нашы слаўныя палiтработнiкi, якiя натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам? Няўжо таксама разбрылiся па цiкавых месцах?

Поделиться с друзьями: