Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Дагэтуль не магу зразумець, як за той пажар наш Дзятлаў ня страцiў пагоны. Ды i мы разам зь iм. Праўда, тое ды iншае страцiў адпраўлены на пэнсiю немалады ўжо камандзiр палку. Мабыць, гэта выратавала iншых. Што да мяне, дык я ў чарговы раз падаў рапарт на дэмабiлiзацыю. Паколькi ранейшыя мае захады на гэты конт ня мелi вынiку, дык я зьвярнуўся да мiнiстра абароны маршала Малiноўскага, якi быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад нашай акругi. Тое давала мне права на адмысловы зварот. Доўга не было нiякага адказу, i я пачаў ужо думаць, што мой рапарт не дайшоў да маршала. Ды неяк сьцюдзёным студзеньскiм ранкам пазванiлi з Долiнску, каб я неадкладна прыбыў у штаб дывiзii. Адзiная дарога туды колькi дзён была перамецена, i я пашыбаваў чыгункай. Насустрач дзьмуў ледзяны вецер, мароз быў градусаў пад 30. Але я шыбаваў, радуючыся, што, мабыць, нарэшце наш дэпутат звольнiць мяне з свае апрыклай мне армii, якая ўжо рабiлася для мяне вечным пракляцьцем. Азяблы i абмёрзлы прыйшоў у пэўную штабную каморку, далажыў. Малады франтаваты афiцэр-кадравiк паварушыў на стале паперы i знайшоў патрэбную. «Вы зьвярталiся да Мiнiстра абароны, маршала Савецкага Саюза, дэпутата Вярхоўнага Савету Саюза СССР таварыша Малiноўскага?» — «Так, зьвяртаўся». — «Атрыманы адказ. Зачытваю: паводле артыкулу такога Канстытуцыi СССР служба ва Узброеных Сiлах СССР ёсьць сьвяшчэнны абавязак кожнага грамадзянiна СССР. Растлумачыць тав. Быкаву В. У., што ён як грамадзянiн СССР цалкам i поўнасьцю павiнен выконваць патрабаваньне Канстытуцыi Саюза ССР. Подпiс: Мiнiстр абароны Саюза ССР, Маршал Савецкага Саюза, дэпутат Вярхоўнага Савету Саюза ССР Р. Малiноўскi. Вам зразумела?» — «Зразумела». — «Расьпiшыцеся, што азнаёмлены…» Бы пабiты, стомлены i падаўлены прыбрыў у свой таежны пасёлак. Даўно ўжо зразумеў, што вырвацца з войска па-добраму — марная справа. Заставалася адно выйсьце — скандал. Але на тое патрэбны быў iншы характар, якiм я не валодаў. Зноў жа, тут важна было не перабраць меру, каб замест дэмабiлiзацыi не апынуцца пад трыбуналам. Як мой колiшнi сябра Лёшка Клiмаў, якi, неяк добра «ўзяўшы», нацкаваў на крыклiвага начальнiка штабу сваю аўчарку — вялiзнага, даволi злоснага Джыма, i загрымеў пад суд. З адной няволi прыдбаў яшчэ горшую.
Па дарозе са службы спаткаў знаёмага нампатэха, якi сказаў: «Дзiвак-чалавек, да каго ты зьвяртаешся! Што мы для мiнiстра, дэпутата i маршала? Во i я, напрыклад. Служу з вайны i ўсё камандзiрам тэхроты. Неяк прыехаў Малiноўскi з iнспэкцыяй, сабраў афiцэраў — якiя жалабы? Ну я i сказаў: званьне не прысвойваюць, 15 год — капiтан. Ён да ад’ютанта: запiшы. Той запiсаў. Чакаю. Увосень загад па кадрах. Параграф першы — званьне палкоўнiк прысвоiць… Параграф другi — званьне падпалкоўнiк… Трэцi — маёр. Я чакаю, мяне ўсё няма. Нарэшце — званьне капiтана прысвоiць камандзiру транспартнай роты Сьцепаненку, гэта значыць, мне. Я ўстаў, плюнуў i пайшоў. Дзякуй за клопат, таварыш маршал. Так i хаджу — двойчы капiтанам». Я маўчаў, бо мне ня званьне патрэбна — патрэбна, каб мяне адпусьцiлi на волю. Абрыдзеў мне гэты расейскаяпонскi Усход, хачу дамоў. Мiнула ўжо чатыры гады, як я абыходжуся бяз водпуску, зьнябыўся на чужыне, сумую па сваiх чэзлых алешнiках. Што мне гэтыя таежныя нетры, кедры ды бамбук[?] Ды гэтае вайсковае бязладзьдзе, уцiск i дысцыплiна — я хачу дадому.
Але тое былi асабiстыя, суб’ектыўныя жаданьнi, а служба i рэальнае жыцьцё патрабавалi свайго — жорсткага i канкрэтнага. Кожнага дня, як заўжды ў 9.00 — развод на заняткi. Камандзiру батарэi трэба прыйсьцi раней, узяць рапарт ад дзяжурнага, праверыць якасьць «запраўкi коек». О, гэтыя «койкi» ды iхняя запраўка, зь якой пачынаўся лёс кожнага дня! Iх правяралi дзяжурныя, старшына, камбат, а пасьля i камдыў. I ня дай Бог, калi яшчэ праверыць камандзiр палку цi начальнiк штабу. Ужо яны абавязкова знойдуць, што дзесь крыва цi няроўна, i ўбачаць у гэтым злачынства супраць дзяржавы. Можна быць выдатным спэцыялiстам свае вайсковай прафэсii, «адданым справе ЛенiнаСталiна», але калi ў тваёй атэстацыi будзе запiсана, што ты недастаткова патрабавальны да выкананьня ўнутранагараспарадку, дык нiякага падвышэньня табе ня бачыць. Я ня прагнуў падвышэньня, таму аднойчы i назаўжды плюнуў на ўнутраны распарадак зь ягонымi «койкамi». Але тое ня значыла, што на яго ж плюнулi мае начальнiкi. Яны якраз i ня плюнулi, а засяродзiлi на тым усю сваю пiльную ўвагу, якую i зафiксавалi ў характарыстыках i атэстацыях Быкава. З гэтага можна зрабiць выснову, што як Быкаў адносiўся да вайсковай службы, так i служба адносiлася да яго. Узаемна мы адно аднаго не прымалi.
У адпаведнасьцi зь iснуючымi законаўстанаўленьнямi афiцэры на Далёкiм Усходзе павiнны былi служыць тры гады i пасьля замяняцца зь iншымi на цэнтральныя i заходнiя акругi. Але то — павiнны. На справе ж служылi па чатыры, пяць i шэсьць гадоў без замены i адпачынкаў, кожны год пiшучы рапарты, якiя заставалiся без адказу. Звычайна прасiлiся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кiеўскую цi Закарпацкую акругi, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лiчылася, што там жыцьцё беднае. Калi з дэмабiлiзацыяй у мяне нiчога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены i напiсаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлiчыцца са службамi i адбыць у горад Асiповiчы, БССР.
Я асьцярожна парадаваўся i пачаў складаную працэдуру разьвiтаньня з палком.
Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю i тэхнiку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубiлася, нешта ў час ня сьпiсана i, хоць даўно знасiлася, значыцца ў наяўнасьцi. Штось даўно перададзена iншаму падразьдзялень-ню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калi ўжо шмат з чым разабралiся, выявiлася, што не хапае аднаго буйнакалiбернага кулямёта, якi некалi выкарыстоўвалi для iмiтацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зiмаваць на Сахалiне. Выйсьце падказаў адзiн вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзi ў краму, купi бутэльку каньяку, пастаў начальнiку боепiтаньня». Так i зрабiў. Калi мы з начбоем выходзiлi ўвечары з забягалаўкi, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Цi хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнiгi ўлiку… Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункi падпiсаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахалiну да ст. Асiповiчы, што ў Беларусi. Зноў прыйшлося з тыдзень цi больш нудзiцца на бакавых палiцах плацкартнага вагону, пакуль даехалi да Масквы. Ехалi спрэс афiцэры, што адслужылi сваё на дзiкiм Усходзе i цяпер радыя былi, што дапялiся цывiлiзаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалi наведаць яе сястру, што жыла ў Монiна, а я пайшоў паглядзець сталiцу, у якой па сутнасьцi яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусiм не здалася мне вялiкай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падалiся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вулiцы Горкага ўгару. Хадзiў-хадзiў, захацелася дзе-небудзь перакусiць. Сярод сталiчнага люду адчуваў сябе, як i трэба было чакаць, няўклюдай — бы чалавек, што прыехаў з тайгi ў цывiлiзаваны край. Хадзiў спатнелы, у кiцелi, юхтовых ботах. Афiцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завiтаў,вядома ж, найперш зьмерала наведвальнiка пагардлiвым позiркам i праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў i чаго-небудзь на закусь. Спытала — амлет? Хай будзе амлет. Асаблiва выпiваць аднаму не хацелася, але мусiў. Памятаў, як колiсь у Мiкалаеве, iдучы ранкам на службу з Валькам Бахцiгозiным, заўжды хацелi есьцi. На вулiцах у латках прадавалi бутэрброды з кiлькай i тут жа гарэлку на разьлiў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалi: ну i сто грам. Тады бойкiя цёткi-прадаўшчыцы роблена зьдзiўлялiся: ай-яй, такiя маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце!
Даводзiлася браць па дзьвесьце. Гэтак i тут. Выпiў сто, пасьля яшчэ сто. Ну i добра! Настрой стаў весялейшы iМасква прыгажэйшая.
У вайсковай камэндатуры станцыi Асiповiчы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусiм ня тут, а ў Лапiчах, гэта дзесьцi далей, у лесе. Што гэта — буйнакалiберны (152-мм гаўбiцы-гарматы) армейскi полк. Як дабрацца туды? Звычайна — на шашу i галасаваць.
Так i зрабiлi. Неяк ускараскалiся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзiн капiтан, якi таксама ехаў у Лапiчы. Я зь цiкавасьцю азiраў восеньскiя палеткi наўкола, застаўленыя белымi мяхамi, — сяляне выбiралi бульбу. Дзе-нiдзе ў неба вiлiся празрыстыя дымкi. Надвор’е было цiхае, стаяла пара бабiнага лета. Хвойныя бары абапал дарогi выклiкалi ў мяне шчымлiвае замiлаваньне — столькi год гэтае хараство я бачыў толькi ў снах на Усходзе. Сусед-капiтан распавёў, як хораша цяпер ловiцца на блясну шчупак, толькi ўчора ён выцягнуў з рэчкi трохкiлаграмовую рыбiну. Цяпер там пасьля службы ўсе афiцэры размахваюць сьпiнiнгамi. Я слухаў яго i раптам падумаў: буду служыць! Хай, калi так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь — не Курылы.
Той увогуле супакоена-iдылiчны настрой трохi апаў, калi ўбачыў ля ракi будучую сваю казарму — старую, абшарпаную, яшчэ мiкалаеўскiх часiн збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якiм цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, i добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нiкому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак iдылiчны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далi прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусiм не камандзiрам батарэi, а крышку нiжэй, на штабную пасаду. Трохi разважыў шы, вырашыў: можа, i лепш, спакайней будзе. Там жа сказалi зайсьцi да нампалiта, якi задаў толькi адно пытаньне: «У партыi быў?» — «Не, — кажу, — ня быў». — «Ну, усё, iдзiце». Пайшоў, трохi, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.
На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два днi, за якiя я яго i вырашыў: знайшоў куток у калгаснiка з суседняй вёскi. Цёмны i даволi сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнiмi словамi i яго, i савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалi засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пiсала, — таксама за афiцэра.
Адзiн разумны афiцэр на Сахалiне некалi казаў, што Савецкая армiя вельмi нагадвае сабой плянэту-пульсар, якая то сьцiскаецца, то пашыраецца, i ў тым уся яе функцыя. У спакойным стане яна iснаваць ня можа, спакой для яе — пагiбель. А хто хоча гiнуць? Во i трапечацца. Каб жа толькi не хацець самой гiнуць, але ж ёсьць яшчэ прагнасьць загубiць ворагаў, якiя для кожнай армii заўсёды знойдуцца. Узаемазалежнасьць войска i ворагаў выключная. Як толькi ствараецца войска, у той жа момант зьяўляюцца i ворагi. I наадварот. Праблема хiба ў тым, як iм адно да аднаго падступiцца? Зь якога боку. Во тады i паяўляецца славутая тактыка (яна ж i стратэгiя) тыкаў, спроб i памылак. У пэўным сэнсе таго, што на простай мове называецца: iдзi-пастой. Iдзi — ня ведаю куды, прынясi — немаведама што. То павялiчваюць, то памяншаюць. То мабiлiзуюць, ламаючы жыцьцё людзям, то звальняюць, зноў жа бяз жаднай увагi да людзкiх лёсаў. Увосень Мiкiта Хрушчоў аб’явiў аб скарачэньнi савецкага войска на 55 тысячаў чалавек. Ужо зманены «гражданкай», я спаткаў тую навiну нават з радасьцю, але шмат iншых афiцэраў, што меркавалi назаўжды зьвязаць сваё жыцьцё з войскам, апынулiся ў разгубленасьцi. Перажылi драму лёсу.
Ня ведаю, як тое скарачэньне адбывалася ў iншых акругах, на Далёкiм Усходзе (хаця можна было сабе ўявiць па тым бязладзьдзi, якое суправаджала там нядаўняе пашырэньне), у Лапiчах усiх афiцэраў пагналi на мэдкамiсiю.
Вайсковыя мэдыкi, бы на канвэеры, агледзелi кожнага i ў кожнага нешта знайшлi. У мяне — недастатковасьць мiтральнага кляпану56, i як вынiк — запiс у дакумэнце: не прыгодны для службы ў мiрны час. (Дарэчы, як шэсьць год таму прызывалi, тады не знайшлi нiчога. Тады я быў цалкам прыгодны.)
Разьлiк з гэтым палком быў просты i непрацяглы, за кароткi час нiякiх запазычаньняў там не пасьпеў зрабiць. На разьвiтаньне выпiўшы са сваiм кватэрным гаспадаром, выйшаў на шашу i трохi счакаў спадарожную машыну. Сыпаў рэдкi сьняжок, дзьмуў зiмовы вецер. А я, можа, упершынюза шмат год адчуў сябе вольным ад усяго на сьвеце. Праўда, радасьць з тае нагоды чамусь была невялiкая. Насыпалiся няпрошаныя клопаты i трывогi. На гэты раз, аднак, суцяшала, што я — дома, а не дзе-небудзь на краi зямлi. Ужо дома, мабыць, не прападу.
Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохi раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мiзэрненькай, у старым доме, i хоць гаспадары спаткалi падсяленцаў увогуле гасцiнна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлiлася, што гаспадар i праўда афiцэр, але з пэўнага роду войск i служыць у абкаме ў якасьцi ад’ютанта першага сакратара.
Колькi дзён патрацiў на стаўленьне на ўлiк у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нiчым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставiць на чаргу. Чарга, вядома ж, iльготная, так што чакайце, можа, калi i атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгiя бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму.