Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Прыкладна пра тое я i крычаў, бегучы пад кулямi па голым полi. А слухаў мяне адзiн капiтан, якi таксама апынуў ся ў гэткiм жа становiшчы пакiнутага пад агнём. Капiтан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкi сьмерш, i ён адно — маўчаў. Крычаў я са злосьцi, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былi невялiкiя. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гiнуць перад канцом вайны. А можа, i праз сваю дурасьць таксама.
Але i добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад цi я адважыўся б у гэткай сытуацыi з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалi гарматы, а галоўнае — уратавалiся самi. Неяк i нам пашэньцiла жывымi дабегчыся да ўкрыцьця, а танкi далей не пайшлi. Пасьля неяк разабралiся.
Але я доўга прыглядаўся, калi бачыў, што нехта староньнi iдзе на агнявую: цi ня той капiтан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкiм сэнсе ён быў неблагi сьмершнiк, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамi лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўнiцца.
Тады ж у нейкiм аўстрыйскiм гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джулii. У гарадку тым, як, зрэшты, i ў многiх iншых аўстрыйскiх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды i з захаду таксама) рабочых, што працавалi на аўстрыйскiх вайсковых заводах. Жылi яны ў вялiзных даўгiх бараках, а як горад займала Чырвоная армiя, разбрыдалiся, хто куды. Вядома ж, кiруючы найперш на радзiму, калi тое было магчыма. Неяк мы сталi калёнай машын з гарматамi на гарадзкой вулiцы, чакалi, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявiлася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньнi, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелi ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся якi-небудзь Iван, але дзяўчына круцiла галавой — не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе i папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-iтальянскiх словаў яна распавяла, то яе iмя Джулiя, яна iтальянка i шукае рускага палоннага Iвана, зь якiм летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах iх схапiла палiцыя, яе зноў кiнулi ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьцi яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея.
Але невялiчкая тая гiсторыя запомнiлася мне, каб гадоў пра 20 зрабiцца «Альпiйскай баладай».
А ў другiм месцы, заняўшы агнявыя пазыцыi на гарадзкой ускраiне, мы пастукалiся ў дзьверы блiжняга катэджу. Нам адчынiлi адразу — на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзiвiла, i мы ў сваю чаргу спыталi ў яе, цi яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары i просiць яго не турбаваць. Але хто такая яна i чаму тут? А яна з Днепрапятроўску i служыць у пана прафэсара, якi зусiм цывiльны чалавек i вельмi добра адносiцца да яе. Toe нас зьдзiвiла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбiраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысiў голас, нехта схапiўся за пiсталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцiгозiн, рашуча мовiў: стойце, адставiць! Пайшлi назад… Мы пайшлi адтуль, знайшлi iншае прыстанiшча, дзе нас нiхто не спыняў. Не запрашаў, але i не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькi, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкi, i Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзiць сябе цывiлiзаванымi людзьмi, а ня хцiвымi азiятамi. Toe мне запомнiлася. Як i сам Валька — самы малады з нашых узводных, далёкi нашчадак польскiх ссыльных у Сiбiры, родам з гораду Ачынска, адзiны сын у матулi, якая цi ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лiсты i прасiла яго рабiць гэтаксама, — яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабiў, хоць меў добрую натуру i любiў сваю маму. Начальства недалюблiвала надта маладога i нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любiў Валю. Пасьля вайны з усiх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцiгозiна, ды марна…
Быў ужо май, цьвiў бэз. Стаялi каля невялiчкага горнага гарадка цi, можа, пасёлачку, празь якi праходзiла асфальтаваная шаша. Пазыцыi займалi за лесапiльняй, месца было зацiшнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалi зь мiнамётаў, разьбiваючы апошнiя ўцалелыя дамоўкi. Я на лесапiльнi раздабыў веласiпед i вучыўся езьдзiць на iм — у дзяцiнстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкi i на павароце нечакана зьбiў таго сьмершаўца. Абодва паляцелi на асфальт, разадраў капiтану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьцiць мяне i напомнiў пра мае размовы пад агнём на полi, пра якiя ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капiтан усё ж забыўся на iх. Але неяк абышлося. Капiтана хутка перавялi некуды, на яго месца прыехаў iншы — на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насiлi на выбар — якiя iм падабалiся. Так настала сёмае мая. Мы — усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраiне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачулiся, што заўтра падпiсаньне капiтуляцыi Германii. А мы атрымлiваем загад: у 19.00 атака на нямецкiя пазыцыi. Падрыхтавацца да атакi, ставiць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём i коламi. Ну, мы найперш напiсалi лiсты дадому, маўляў — iдзём у апошнi бой. Калi што, дык… Псыхалягiчны стан болей чым паршывы, бо пераналадзiлiся ўжо на мiр, паявiлася ўжо надзея, што выжылi. А тут… Праўда, яшчэ памарудзiлi з гадзiну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзiва! Калi пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказалiся пустыя. Немцы змылiся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы i даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калi што, самiм быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалi. Ехалi ўсю ноч i ранак. Немцаў дагналi. Далей усе дарогi былi запруджаны нямецкiмi калёнамi — пяхота, артылерыя — усе кiруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы i не бярэм. Мы атрымалi новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзьнiкамi. А гэтых мы проста мiнаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гiтлер капут» i ўскiдваюць руку. У каторых на руках гадзiньнiкi, нашыя iх зьнiмаюць. Гадзiньнiкi — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асаблiва тых, хто ў эсэсаўскай форме.
Дамчалi да ракi Энс, у цэнтральнай Аўстрыi. Гэта быў мой апошнi рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакiдалi на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалi «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалi, затое амэрыканцы свабодна прыйшлi на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелi славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былi хлопцы з Заходняй Беларусi, якiя разумелi папольску, такiм чынам устанавiлiся зносiны. Яны нам дарылi свае гадзiньнiкi, запальнiчкi, розную драбязу — на памяць. Мы iм што маглi падарыць — зорку зь пiлоткi. Але знайшлося вiно, i мы добра ўпiлiся разам — пераможцы розных армiй i нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулi проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнiкла, можа, да iншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанiя.
Уначы я прачнуўся i пабрыў у горад. Маленькi такi гарадок, але спрытны, як i ўсе iхнiя гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, i нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлi супрацьтанкавую гранату i бабахнулi ёю па замку — дзьверы i правалiлiся. А там процьма скрынак, мяхоў — сьпiртное, кансэрвы, мука, шакаляд… Пачалi выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваiх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузiлiся. Але не абдзялялi i аўстрыйцаў, якiя прыйшлi да пераможцаў. Аўстрыякi жылi галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзiн дзядуля зь мiсачкай, просiць дазволу набраць мукi. Кажу, што табе мiсачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпiну, салдаты навальваюць яму мех мукi, пайшоў дзед хiстаючыся. Мы сталi добрыя, чужога дабра не шкадавалi… Можа, i добра рабiлi, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам. Удзень зьявiлася вялiкае начальства, усiх чужынцаў выгналi з гэтага берагу на той, на мосьце паставiлi трайную варту. Нiкога — нi туды, нi адтуль. А мы толькi марылi пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнiкаў. Не ўдалося.
Полк хутка адвялi ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалi здаць усё здабытае тою ноччу. Калi не дачакалiся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само i выгрузiла з аўтамабiляў нашыя запасы — бутэлькi, сыр, шакаляд. Сказалi, будзеце атрымлiваць у парадку харчаваньня.
Нiчога не атрымалi. Тыя скрынкi паехалi ў тыл.
Праз пару дзён полк пастроiлi на лужку з нагоды перамогi. Палiчылi, хто самы старэйшы (ня ўзростам, а па часе прабываньня ў палку), хто найболей заслужаны (лiчы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсiх праслужыў у палку начфiн, а самы ўзнагароджаны — камандзiр маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскi сын аднекуль з Кубанi. Камандзiры батарэяў узнагароджаныя ня надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай зоркi — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцiгозiна так i не ўзнагародзiлi нiчым. Раней усё казалi — малады, пасьпее…
А тут i вайна скончылася.
Празь дзень-другi — новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафiю. Празь Венгрыю, Югаславiю, Румынiю. Па сьлядах нядаўнiх баёў. Выцягнулi на дарозе калёну, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсьцi машыны. Камбрыг сказаў: «Я вас барахольшчыкамi цераз Эўропу не павязу». Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нiчога, апроч боепрыпасаў, у кузавох не павiнна быць. Пачалi адбiраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалi ўсю вайну, у каго панiшчана ўсё на радзiме, голыя дзецi i галодныя жонкi, ледзьве ня плачучы, прасiлi: ну дазвольце хоць гэтыя гамашы адвезьцi. Ну хоць гэтыя падэшвы на боты. Нiчога не дазвалялася. Тады з машын пачалi кiдаць усё ў раку, што цякла побач з дарогай, i па ёй паплылi ўсялякiя шмоткi, гiтары, скрынкi з правiзiяй, а то i бутэлькi. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапiла i здадзенага. Толькi начальнiк палiтаддзелу ўжо з Балгарыi адправiў тры «студэбэкеры» ў Адэсу, дзе жыла ягоная сям’я. Не адсталi ад яго i iншыя начальнiкi, у тым лiку i новы начальнiк аддзелу контрразьведкi сьмерш.
Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалi ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалi нас, бы родных, бы вызвалiцеляў, якiх вечна любiлi. Варта было сысьцi з машыны, як цябе тут жа абкружалi сяляне: братушкi, братушкi, добра дошлi! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пiлi за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафiю, пачуў ад балгараў такi анекдот. Да дзеда Тодара ў вiнаграднiк прыбягаюць дзецi, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускiя на Месяц паляцелi! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццацi гадоў хапiла, каб ад векавой дружбы нiчога не засталося. Апроч хiба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.
А тады пачалося нуднае гарнiзоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзiўскай шашы ў Сафii. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткi, гарнiзонная служба, нарады. У горад да восені нiкога не пушчалi. Усе — салдаты i афiцэры, маладыя i старыя — тамiлiся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афiцэраў, асаблiва маладых, пасьля вайны служыць не хацелi, хацелi дадому, дзе заставалiся родныя, якiх ня бачылi ўсю вайну. Уся наша радасьць была купiць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносiлi да дроту, i выпiць. Таму пiлi — i афiцэры, i салдаты. Да восенi нiкога не дэмабiлiзавалi, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя, i старыя, да 50 гадоў, — вучылi вайсковыя статуты, будову матчасцi i палiтыку на рэгулярных палiтзанятках. Сьпярша нашыя адносiны да англа-амэрыканскiх саюзьнiкаў былi ляяльныя, усё ж мы памяталi, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елi тушонку, на чыiх аўтамабiлях езьдзiлi. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робiцца) тыя адносiны зьмянiлiся, i мы пачулi ад нашых камандзiраў ды палiтрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагi [ — ] гэта Амэрыка з Англiяй. Таму трэба пiльнасьць i пiльнасьць! Не паддавацца на правакацыi i мацаваць боегатоўнасьць.
Увосень салдатаў некалькiх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабiлiзавалi, афiцэраў пакiнулi. Я напiсаў некалькi рапартаў аб дэмабiлiзацыi, нiводнаму зь iх не далi хады. Служы, прафэсiя афiцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краiне Балгарыi, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступiў, хапiла мне камсамолу, якi таксама нямала дапёк. Цi не заўсёды я быў камсоргам батарэi, дзе клопату было няшмат, але цяганiны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лiсткi… А галоўнае — на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блiзiру, бо нiхто iх выконваць i не зьбiраўся. Але за тым сачылi нампалiты, у якiх iншых абавязкаў i не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклiкаў нампалiт камандзiра палку, кажа: «Быкаў, а калi мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткi хадзiць ня трэба. Ты афiцэр граматны, вучылiшча скончыў, думаю, справiшся…». Камсамол мне абрыдзеў, але i заняткi штодзень у сьпёку i непагадзь — таксама ня мёд, i я пагадзiўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ празь нейкi час той жа нампалiт кажа: «Камсорг палку павiнны быць членам партыi, таму трэба табе ўступiць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыi — гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабiлiзацыя i ўсе мае мары.