Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Пакуль мы гiбеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе i голадзе, яны там дзесь у блiжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацiшэе пад вечар, пацямнее, глядзiм, Закiраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса цi курацiну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку i вiна ў тэрмасе цi канiстры. Во тады мы раскашуем — мiж станiн, за гарматным шчытом.
Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакiнутага на тым беразе, Закiраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохi прыпынiлася, выклiкае мяне камандзiр батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькi надвячоркам тут апынулiся, але мне чамусьцi здалося, што КП блiзка, за пагоркам. I я паехаў. Стралянiны блiзка няма, i я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкiя галасы, павярнуў да iх, гляджу: на касагорчыку вiнаграднiк i на ягоным краi нешта капаюць. Пацiху пад’яжджаю блiжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у iншы бок, ехаў, ехаў, узьбiўся на нейкую дарогу, а там нямецкiя машыны iдуць…
Я быў без аўтамата, зь пiсталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкi «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якiх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, i там КП. А тут нешта нi пагорка, нi КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, i я думаю: хай сама iдзе. Повад пусьцiў, i яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды i прывяла мяне да лагчынкi. А там пасьвяцца конi нашага камэнданцкага ўзводу. Там блiзка быў i КП камандзiра батальёну.
А потым яе забiлi, пада мной, хоць мяне яна ўратавала. Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялiкае мадзьярскае сяло цi гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраiну, дзе iдзе бой, ды тут паяўляюцца нейкiя два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкiя танкi! Іх трэба спынiць». I ўжо там iдзе стралянiна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткi пра танкi былi спазьнелыя, танкi ўжо ўвайшлi ў вулiцы. I вось на адным павароце (вулiца лiтарай Г загiналася) я i падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулi па маёй кабылцы, i яна з усiх ног рухнула пад плот. Толькi крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод… Як пасьля празь дзень салдаты зьнялi сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямi. А я адтуль выпаўзаў агародамi. Гармату завярнулi ў другую вулiцу, добра, што гармата за мной не пасьпела…
Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзiць. Наступ наш замарудзiўся, — ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полi каналы, канавы, а баi кожны дзень i кожную ноч. Выматвалi так, што i есьцi ня хочацца, толькi б упасьцi i ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся i ляжыш пад агнём — жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калi танкi паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам аблiваешся.
Аднойчы прыпынiлiся ў нейкiм графскiм маёнтку, сунулiся ў барак, дзе былi кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкi засталiся i спачувальна паставiлiся да нашых салдатаў, частавалi вiном i распавядалi пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацiкаў лена слухалi: колькi зараблялi грошай, хлеба i нават вiна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталiся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусiць — i пра грошы, i пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалi.
Памятаю, мае саракапятчыкi адзiн танк падбiлi — якраз перад фальваркам, зь якога, дарэчы, нас толькi што выбiлi — i нас, i пяхоту. Як i належала ў такiм выпадку, трэба, каб пiсьмовае пацьверджаньне было ад камандзiра батальёну. Яшчэ ня скончыўся бой, рвуцца снарады, i я думаю: дажывём да вечара, тады i аформiм. А пад вечар наляцелi «мэсэршмiты», пачалi пiкiраваць з равунамi, выбiлi нас i адсюль. I мы драпалi сьледам за пяхотай, кацiлi па полi нашу саракапятку. Пакуль ня ўперлiся ў каналы. Вось так: наперадзе канал i збоку канал. Каналы не шырокiя, пяхота перабралася на той бок i на ўзьлеску заняла пазыцыi. А нам як перабрацца? Нам цераз каналы перабрацца немагчыма. I вось мы гармату паставiлi на броўцы i ляжым, чакаем. Калi танкi пойдуць, дык нам будзе хана. Але якраз сьцямнела, i яны не пайшлi. Толькi аднойчы ўлупiлi балванкай у броўку, заляпiла мяне гразёй. Уначы танкi кудысьцi сышлi, пяхота вярнулася на гэты бок. Ранiцой, атрымлiваючы ў камбата задачу, я сказаў пра падбiты танк. А ён кажа: хо! Ужо трэцi за сёньня дакладвае пра падбiты танк. Учора я сваiм мiнамётчыкам падпiсаў. Мае саракапятчыкi засталiся мной незадаволеныя — празяваў, камандзiр, узнагароды дастануцца iншым. Спрытнейшым. Што ж, правiльна! Трэба ўмець ня толькi падбiваць, а i падпiсваць. Апошняе, можа быць, нават важней. Ня толькi на вайне. Тым часам надвор’е зьмянiлася, ноччу добра падмарозiла. Той фальварак пяхота ўсё ж узяла, выйшла на яго другi бок. Роты пайшлi абапал прасёлку, абсаджанага дрэвамi i кустамi. Ды нядоўга iшлi, зноў — танкi. Кулямётным агнём яны паклалi пяхоту ў чыстым полi. Трэба акапацца, а як? Мёрзлую зямлю ня надта бярэ лапатка. Так i ляжаць, не страляючы нават. Гэта ў кiно прыгожа паказваюць, як з гранатамi паўзуць пад танкi, шпурляюць, узрываюць. А тут танкi падышлi метраў на 400 i спынiлiся. Далей не iдуць. А батальёны ляжаць. Усё, бы на далонi, i яны снарад за снарадам у кожнага байца. Выбiваюць батальён. Мы разьвярнулi саракапятку акрай дарогi. Але для саракапяткi ўсё ж далекавата. Хоць мы i ў баявых парадках пяхоты, мне нават здавалася, што метраў на паўсотню наперадзе ад яе. Мабыць, яна трохi адбеглася ад танкаў, а мы не пасьпелi. Але танкi нас ня так добра бачылi за дарожнымi прысадамi. Кусьцiкi рэдзенькiя, ды ўсё ж трохi нас прыкрывалi. Мой наводчык распачаў агонь. Памятаю, я ляжаў збоч ад гарматы. (Каб бачыць свой выбух, належала ляжаць збоку. Калi стрэлiць гармата, узьнiмаецца воблака пылу i дыму, i тады нельга згледзець, куды пайшоў снарад. А збоку вiдаць.) Так я ляжу, можа, мэтраў празь пяць збоку i ззаду. Гляджу, стрэл i — мiма. Другi раз — таксама мiма. Трэцi раз стрэлiў… Ранiца была хмарная, таму трасу добра вiдаць, асаблiва бранябойна-трасiруючага снараду. На гэты раз ён ударыўся аб браню i зрыкашэцiў — траса пайшла ў неба. Добра, каб пацэлiць у борт або ў гусенiцу. Але паспрабуй за паўкiлямэтра патрапiць у гусенiцу — тут бы ў танк пацэлiць. Ня памятаю, колькi мы так зрабiлi стрэлаў (дзе ў той гарачцы будзеш што помнiць), але нас заўважылi. I калi я, лежачы, махаў рукой, патрабуючы «агонь», непадалёк выбухнуў першы снарад з танка. I мне якраз у руку — асколак. Такi вузкi i востры, засеў мiж фалангамi пальцаў, з рукi палiлася кроў. (Пасьля ў санчасьцi доктар спрабаваў выдзерцi яго, ды тое не ўдалося, выдзiралi ў шпiталi.) Я ўзяўся перавязваць сябе i трохi страцiў увагу да танкаў, якiя, аднак, памалу рухалiся куды хацелi. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, якi нас абстраляў, i калi наводчык зрабiў тое, аказалася, што замiнае недалёкi куст… Трэба было камусь яго сьсекчы. А тое ўжо пад агнём i зусiм без прыкрыцьця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэньне, i я прыняў… Тое, можа, дасюль на маiм сумленьнi, але я паслаў таго, з кiм у мяне нядаўна здарыўся канфлiкт, прыкрая сутычка, калi я хацеў нават застрэлiць яго. Бо ноччу на вулiцы, дзе iшлi немцы, ён дэмаскаваў нашу гармату — стрэльнуў у немца. На шчасьце, тады абышлося, i цяпер я скамандваў: Лазук (прозьвiшча зьменена), сьсячы куст! Хутка! Ён не адразу i няхутка папоўз зь сякерай i толькi ўзяўся, лежачы, секчы, як зноў выбухнула — на гэты раз ля таго куста, наперадзе, перад гарматай. Салдат там i застаўся. Наступны снарад яны ўсадзiлi пад самы ствол… Я ўжо блытаю…
Iх было двое, маладзенькiх, дужа падобных адзiн на аднаго — Сiнцоў i Пронiн, абодва малодшыя сяржанты. Дык я ўжо забыўся, хто зь iх быў камандзiрам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забiла, а камандзiра паранiла ў плячо i яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулiлася, завалiлася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусьцiкамi падалiся да нашага перадку, на якiм iрванулi ў тыл, у санчасьць. Там, помнiцца, пераначавалi, а назаўтра на аўтамабiлi нас адвезьлi ў тылавы шпiталь у Сэксардзе. Гарадок такi кiлямэтраў 60 ад перадавой, якi мы бралi месяц таму.
Шпіталь мясьціўся ў тамашнiм гатэлi ў цэнтры гарадка. Здаецца, то быў двух- цi трохпавярховы будынак. Нумары, як i ўсюды ў гатэлях, маленькiя, цесьненькiя. I набiта ў iх так, што ляжалi зноў па два i па тры чалавекi на ложку. I ў салдацкiх, i ў афiцэрскiх палатах. На гэты раз маiм напарнiкам аказаўся камандзiр стралковай роты, паранены ў твар. Пазiраў на сьвет ён толькi адным вокам, кармiлi яго лыжачкай, не разьнiмаючы рота. Канешне, ужо тут было iншае шпiтальнае жыцьцё, чым на Украiне. Галоўнае, у мяне былi ногi, i я часам выходзiў у горад. Мiж тым у горадзе iшло цiкавае жыцьцё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя, цыганскага выгляду гарсоны налiвалi вiно — за грошы i так, пад абяцаньне заплацiць заўтра. Усюды былi разьвешаны ружовыя абвесткi з прапановай запiсвацца ў венгерскую кампартыю.
За гарадзкой ускраiнай у вiнаграднiках былi вiнныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалi вызвалiцелi, i адтуль у горад некалькi дзён цякло па канавах вiно. Бы кроў. Мы хадзiлi туды з бутлямi i канiстрамi i прыносiлi ў шпiталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампалiт, якi адбiраў увесь унёсак, скiроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалi па шклянцы за абедам. Такая была сьмешная норма, якую мы ўсё ж знаходзiлi магчымасьць перакрыць шматкроць. Добрае было жыцьцё ў шпiталi, але, як i ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалi наш фронт, i iх танкавы авангард апынуўся на ўскраiнах гораду. Ноччу ўсiх нас паднялi, i хто мог хадзiць, — пехатой, за паўсотню кiлямэтраў на пераправу ў Байю.
Была завея, валiў сьнег. Я, яшчэ два лейтэнанты i шпiтальная сястрычка Галя адмахалi за ноч тыя кiлямэтры, выйшлi на бераг Дунаю, дзе месьцiўся гарадок Байя. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусьцiлi, заградатрад хацеў усiх заарыштаваць найперш за тое, што мы былi бяз зброi. Як дэзэртыры цi тыя, што хочуць здацца ў палон. Свой штатны ТТ пасьля раненьня я змушаны быў здаць у полк, а «вальтэр» у мяне адабралi ў шпiталi — «з аружыем не паложана». Ад заградатраду выбавiла нас Галя, мы пайшлi нiжэй па Дунаi i пераправiлiся церазь яго па лёдзе, мiж шугi i палонак. Перайшлi Дунай, пераначавалi ў нейкай хаце — мокрыя, утраiх на адным ложку. Назаўтра дабрылi да новага шпiталю. Рана мая была лёгкая, там зь яе выцягнулi асколак, застаўся толькi невялiчкi абломак, якi ў мяне i дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.
У тым тылавым шпiталi ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпiсаўся. На спадарожных машынах скiраваў у аддзел кадраў армii, дзе атрымаў накiраваньне — на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ШТАБР). Там былi 76-мм гарматы, што мне здавалiся асiлкамi пасьля мае саракапяткi. Памятаю, iшлi ў Дунапатай, дзе фармавалася брыгада, з двума лейтэнантамi — Iвановым i Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыi (яшчэ даваеннай) належалi да карпусной артылерыi i дужа бедавалi, што iх заслалi цяпер у супрацьтанкавую, дзе «ствол доўгi, а жыцьцё кароткае». Але iх паслалi туды пасьля штурмбату, у якiм яны адбылi свой тэрмiн, бо з’яўлялiся акружэнцамi i да вызваленьня прасядзелi ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалi, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэньнем. Я вырываўся з пакутнiцы-пяхоты.