Доўгая дарога дадому
Шрифт:
У дарозе, мусiць, найлепш, на вайне то будзе найменш фальшыва. Бо вайна — скрозь дарога. Цi туды, цi назад. Цi ў рай, цi ў пекла. А яшчэ больш тыпова, калi пойдуць у рай, а прыйдуць у пекла. Тут ужо не рамантызм, а самы жорсткi сучасны рэалiзм. Iх поўнае i арганiчнае спалучэньне. Пачатак творчага працэсу ў мастацтве заўжды таемны, няўлоўны i невыразны, першыя ягоныя iмпульсы зьяўляюцца падсьвядома, здаецца, без удзелу волi i розуму. «Творчасьць бесьсьвядомая», — пiсаў некалi англiчанiн Карлейль. Так i ў мяне неўпрыкмет высьпеў намер «Альпiйскай балады». Там сапраўды — ён i яна, абое гнаныя i прасьледаваныя ў самых драматычных абставiнах, дзе, аднак, выяўляецца вечная праява жыцьця — каханьне. Вядома, што каханьне перамагае шмат што, бывае, што перамагае i сьмерць. Вобраз гераiнi падказаў выпадак з вайны, той жа выпадак нагадаў антураж падзеяў — горы, зусiм рамантычны, пачынаючы з назвы — Альпы. Што ж да героя, дык Iванаў як характары я ведаў добра, шмат iх пабачыў на вайне. Пэўныя складанасьцi ўяўляла мова дзяўчыны, гэты кангламэрат зь дзьвюх-трох моваў, галоўнай зь якiх, ведама ж, была iтальянская. Iтальянскай мовы я ня ведаў i пракансультавацца ня меў у каго. Але дапамог выпадак. Аляксей Карпюк на той час уладкаваўся працаваць у агенцтва «Iнтурыст», меў на чыгуначным вакзале свой працоў ны офiс — маленькую каморку на першым паверсе. Ужо тады мы зь iм сябравалi. Звычайна Аляксей сядзеў за друкаркай, чарговы раз перадрукоўваў свае аповесьцi, на размову ў яго заўжды не хапала часу. Але во неяк пазванiў, кажа — зайдзi. Я прыйшоў i застаў у яго невядомага чалавека з разгубленым позiркам. Выявiлася, што гэта iтальянскi турыст, якога памежнiкi зьнялi з варшаўскага цягнiку, бо ў яго не аказалася пашпарту. Што зь iм рабiць далей, было невядома. Успомнiўшы, аднак, пра мой клопат, Карпюк i патэлефанаваў мне.
Найперш мы завялi iтальянца ў рэстаран, накармiлi яго. Ён трохi гаварыў па-расейску i распавёў нам, што згубiў кашалёк, а ў кашальку пашпарт i грошы. Пакуль памежнiкi вырашалi, што рабiць зь небаракам, мы пасялiлi яго ў прывакзальным гатэлiку, дзе ён нудзiўся днi тры цi чатыры. Клiкалi яго Марыё, родам ён быў з Генуi, працаваў у мэдыцыне. Той час я браў у яго ўрокi iтальянскай мовы — вядома, у межах патрэбы маёй гераiнi, якую я ўжо назваў Джулiя. (Iмя, дарэчы, не зусiм iтальянскае, але пра тое я дазнаўся пасьля.) Праз колькi дзён знайшлiся дакумэнты iтальянца, якiя былi ў яго скрадзены ў Ленiнградзе, мы праводзiлi госьця на варшаўскi цягнiк i разьвiталiся. Той паабяцаў болей не патыкацца ў краiну, дзе гэткiя рукастыя зладзеi. Гiсторыя гэта, аднак, празь нейкi час займела адмысловы працяг.
Сцэны ўцёкаў герояў ды iнтымныя сцэны сярод альпiйскiх лугоў пiсалiся ўвогуле лёгка, паэзiя каханьня захапiла б нават чэрствага аўтара. Але дзесь ён адчуў, што аднае паэзіi будзе мала. Усё ж у драматычны ваенны час нельга было выключыць зь сюжэту сацыяльныя акалiчнасьцi. Хоць Iван з Джулiяй i адасобiлiся ў гарах са сваiм каханьнем, вайна на iх не забылася. А нядаўняе мiнулае ў перадваенныя гады зь iх сацыяльна-палiтычнай драмай таксама не зьнiкала зь Iванавай сьвядомасьцi. На глебе мiнулага i ўзьнiк першы разлад адносiнаў памiж чалавекам з Усходу i дзяўчынай iншай, заходняй культуры. Разлад, якi мог быць улагоджаны толькi каханьнем, што i адбылося ў сюжэце пазьней. (Тыя сцэны пры друкаваньнi ў Маскве выклiкалi найбольшы супрацiў рэдактуры.)
Як заўжды, аповесьць першым выданьнем выйшла ў «Маладосьцi», якая працяглы час даволi ўважлiва адносiлася да маёй творчасьцi. Чаго нельга сказаць пра «Полымя» — тады адмысловы орган, створаны для намэнклятурнай пiсьменьнiцкай элiты. Але мяне задавальняла i «Маладосьць», хоць мой узрост i перакрочыў маладзёвыя рамкi. У часе абавязковага тады папярэдняга абмеркаваньня на рэдкалегii Пiмен Панчанка сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».
Добрыя водгукi на аповесьць прыслалi шмат якiя чытачы, звычайна скупы на пахвалы Янка Брыль, маладзейшыя пiсьменьнiкi. Атрымаў добры лiст з Зэльвы ад мала каму знаёмай тады Ларысы Генiюш, яна была ў захапленьнi ад Iвана, пакутнага i шчырага беларуса, якi сваёй ахвярнасьцю выратаваў эўрапейскага чалавека. А яе муж, доктар Iван Пятровiч Генiюш, неўзабаве завiтаў да мяне ў Горадню, распавёў пра свой i жончын гаротны лёс. З таго часу ён часьцяком наведваўся да мяне на вулiцу Кашавога, калi прыязджаў па сваiх доктарскiх справах. Працаваў ён у Зэльве дэрматолягам. Увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасьцю. З нашых гаворак я пазнаў нямала новага i нават неспадзяванага з жыцьця на акупаванай тэрыторыi, пад немцамi, а таксама ў Празе. Факты, пра якiя распавядаў Генiюш, ня надта ўлагоджвалiся з тымi, што мы засвоiлi з савецкай прапаганды. Распавёў, як пасьля вайны Генiюшаў «бралi» ў Празе, як Ларыса Антонаўна не адчыняла кадэбiстам дзьверы i абяцала выкiнуцца ў вакно, а тыя расьцягвалi ўнiзе брызэнт, каб яна не забiлася. I м дужа патрэбна была яна жывая, бо празь яе мелi намер дазнацца пра архiвы апошняга прэзыдэнта БНР Абрамчыка.
Было і яшчэ прыкрае здарэньне, якое прычынілася да лёсу Геніюшаў. Тут праявіўся яго вялікасьць выпадак. Ці правіць ён сьветам, як казалі французы, я ня ўпэўнены, а ўжо лёсам чалавека — пэўна. У маім лёсе было нямала лёсавызначальных выпадкаў, але болей за іншыя ўражвае выпадак з Іванам Пятровічам Геніюшам.
Іван Пятровіч — доктар, працаваў у Празе, быў далёкі ад палітыкі, якой болей займалася жонка Ларыса Антонаўна. Але, натуральна, будучы беларусам, належаў да беларускай абшчыны, якая часам наладжвала свае імпрэзы. Як пачалася вайна, ніхто зь беларусаў, вядома, не шчыраваў за Гітлера, але і ўхіліцца ад нейкай хоць бы сымбалічнай падтрымкі таксама не выпадала. Праводзілі сход, на які сабралася трохі народу. А Іван Пятровіч спазьніўся і прыйшоў, як ужо ўсе былі сабраныя. Хітры Ермачэнка, які кіраваў абшчынай, спытаўся, хто будзе старшынёй сходу. І нехта падказаў: «А во Геніюш, усё роўна яму няма дзе сесьці, апроч як у прэзідыюм».
А як зь ініцыятывы Ермачэнкі прынялі славутую тэлеграму Гітлеру, спатрэбілася яе падпісаць. Каму? Вядома ж, старшыні сходу. Іван Пятровіч казаў, што ў той момант у яго пацямнела ўваччу. І было з чаго. Тая тэлеграма пасьля вайны абышлася старшыні сходу ў 8 гадоў Варкуты і да сьмерці абвінавачваньнем у прыслужніцтве Гітлеру. Генiюшаў зьвезьлі ў Варкуту, дзе адбылi восем год, але архiваў ня выдалi. I дагэтуль, кажуць, архiвы ў надзейным месцы. Генiюшы ў Зэльве жылi ў рэжыме рэгулярнай аблогi, пад няспынным наглядам КДБ ды суседзяў. I ня дзiва.
Ларыса Антонаўна адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства i прасiлася адпусьцiць яе з мужам у Чэхiю, пiсала лiсты за мяжу. Iхнi сын Юрка, якога яны знайшлi, вярнуўшыся з Варкуты, жыў у Беластоку, быў польскi падданы, i бацькi доўга ня мелi магчымасьцi нават наведаць яго. (Пасьля сьмерцi бацькоў ён таксама загiнуў загадкавым чынам. Добра, што мацi ўжо ня суджана было дазнацца пра тое.) Так зьвёўся некалi вялiкi i слынны род беларускiх Генiюшаў.
Рэдакцыйныя справы на тую пару мяне ня надта даймалi. Звычайна на днi прымаў маладых паэтаў зь iх вершамi, пiсаў адказы на iхнiя допiсы, рабiў агляды паэзii, што дасылалася ў газэту. Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала лiтаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузiн вершаў i адно-два апавяданьнi. Увогуле тое было няцяжка i не рабiла клопату. У Гораднi няблага пiсалi маладыя. Са сваiм адметным голасам iшла ў лiтаратуру студэнтка Данута Бiчэль i яе таварышы Ул. Шурпа, Ул. Васько. У дзiцячым доме падрастала спрытненькая школьнiца Вольга Iпатава, на якую мы з Карпюком надта ж спадзявалiся. Часам у рэдакцыю заходзiў разважлiвы менскi асьпiрант Сяргей Габрусевiч, вершы якога сталi паяўляцца i ў рэспублiканскiм друку. У Наваградку пачаў пiсаць вершы ўласны карэспандэнт газэты Валянцiн Блакiт. Аднойчы прынёс неблагую падборку на рускай мове выкладчык музычнага вучылiшча Валянцiн Чэкiн, тым запачаткаваўшы наша зь iм працяглае таварышаваньне. Праўда, здаралася, што даймалi i некаторыя дужа актыўныя вершатворцы, асаблiва зь лiку адстаўнiкоў, былых вайскоўцаў. Адзiн зь iх — падпалкоўнiк Е. кожны панядзелак прыносiў два-тры вершы, напiсаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазьняўся, тое было добра, але газэта не магла рэалiзаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыi, якая да таго ж была ня надта высокай якасьцi. Часьцяком я ня ведаў, што яму адказаць, усе мае аргумэнты даўно былi вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: «Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правiнцыйнай газэце? Пашлiце куды ў Маскву». — «А што, думаеце, пройдуць?» — «Напэўна!» — «I ў „Правду“ падыдуць?». Ён забраў вершы i пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё зьдзiўленьне, калi праз даволi кароткi час Е. прынёс мне «Правду» са сваiм вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара i вельмi дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у «Правде» не зьявiлася. На вялiкi мой жаль. Тут здарыўся выпадак, якi ў каторы раз пагражаў перайначыць мой лёс i, натуральна, дужа мяне занепакоiў.
Зноў, як i тыя разы, паклiкалi ў ваенкамат i далi запоўнiць вялiзныя, на некалькi столак анкеты. Ды яшчэ ў шасьцi экзэмплярах. Навошта — тое мне не сказалi, але праз слухi я неўзабаве дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афiцэраў-рэзэрвiстаў дзеля перавучэньня iх на ракетчыкаў. Праз мае атэставаныя матэматычныя здольнасьцi, засьведчаныя ў асабовай справе, я трапiў у iхнi лiк. Тое мне зусiм не падабалася, але што я мог зрабiць? Адзiн наш журналiст быў знаёмы з афiцэрам ваенкамату, падпалкоўнiкам i ўвогуле мiлым чалавекам, якога мы аднойчы запрасiлi ў рэстаран павячэраць. Аматар няблага выпiць яшчэ з часоў мiнулай вайны, ён добразычлiва паставiўся да нашай праблемы i спытаўся, цi няма каго ў мяне за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нiкога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзiчаў прапаў у вайну бязь вестак? Такiх, вядома, знайшлося, я прыпамятаў стрыечнага брата Мiколу i ў адпаведнай графе той анкеты напiсаў, што мой брат Мiкола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапiла, ад мяне адчапiлiся. (Хай мне даруе мой няшчасны брат, якi ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён, мёртвы, аднак жа паслугаваў мне жывому.)
Адклаўшы капiтальную працу — пераклад вялiкага раману Мележа, Гарбачоў даволi апэратыўна пераклаў «Баладу» на расейскую, i неўзабаве яна была надрукавана ў некалькiх нумарах часопiсу «Огонёк». Iлюстрацыi да яе зрабiў знакамiты графiк Пінкiсевiч, гэта былi выдатныя ў сваiм харастве iлюстрацыi лiтаратурнага твору, а не сумнiўны плён самавыяўленьня мастака, як гэта спрэс робiцца зараз. Ну i, вядома, напомнiла пра сябе Беларуская кiнастудыя — сказалi, што можна зьняць вельмi прыгожы, рамантычнапатрыятычны фiльм мiжнароднага гучаньня. Я не знайшоў аргумэнтаў супроць. Мабыць, ранейшыя пакуты з «Трэцяй ракетай» пачалi забывацца, думалася, тут будзе iнакш. Мабыць, у кiно, як i ў лiтаратуры, кожны наступны твор не падобны на папярэднi i мае ўласны лёс.
Як пiсаць сцэнары, я ўжо ведаў, нешта даволi хутка накрэмзаў. Здымаць фiльм узяўся вопытны рэжысэр Барыс Сьцяпанаў. Некалi Алесь Адамовiч казаў, што ўсе савецкiя рэжысэры аднолькавыя i адрозьнiваюцца адзiн ад аднаго хiба тым, як адносяцца да сцэнару. Адны бясконца перарабляюць яго самi, змушаюць на тое аўтара, а то i наймаюць памагатых. Другiя, атрымаўшы сцэнар, кiдаюць яго на сьметнiк i здымаюць самi, як хочуць. Хто зь iх лепшы, невядома, але вынiк заўсёды аднолькавы.
Мой папярэднi рэжысэр Рычард Вiктараў, вiдаць, адносiў ся да першай рэжысэрскай групы, ён выцiскаў зь мяне ды iншых, хто да таго меў дачыненьне, усе сокi, дамагаючыся дасканаласьцi. Другi ж, Сьцяпанаў, як толькi атрымаў зацьверджаны сцэнар, адразу ж кудысьцi зьнiк. I толькi калi група выехала на натурныя здымкi, запрасiў аўтара прыехаць, найперш каб адпачыць на прыродзе.
Я паехаў. Здымкi рабiлiся ў раёне Тэберды, на Паўночным Каўказе. Прырода ўвогуле была прыгожая — парослыя лесам горы, бурная рэчка, хаця i не такая, як у аўстрыйскiх Альпах. Кожныя горы, напэўна, маюць свае адметнасьцi, свой асаблiвы характар. Несупадзеньне пейзажу было першай уступкай акалiчнасьцям на шкоду мастацтву. Другой стала неадпаведнасьць акцёраў, найперш адзiн аднаму. На ролю Iвана запрасiлi ўжо знаёмага кiраўнiцтву «Беларусьфiльму» Станiслава Любшына, Джулii — Любу Румянцаву. Абодва акторы — кожны сам па сабе, можа, i былi беззаганныя, а гарманiчны дуэт ня склалi. Тым болей, што на здымках адразу ўступiлi ва ўзаемны канфлiкт, зь якога так i ня здолелi выйсьцi да канца здымак. Натуральна, што тое рабiла свой нэгатыўны ўплыў на ўсю атмасфэру ў калектыве. Зноў жа неўзабаве пачалiся творчыя (перарослыя ў асабiстыя) паядынкi характараў рэжысэра i апэратара Толi Забалоцкага. Апэратар, казалi, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысэр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысэр паддаўся, i фiльм атрымаўся нi то, нi сё. А шкада. На маю думку, у тым сюжэце былi закладзены пэўныя кiнэматаграфiчныя магчымасьцi, i пры належных умовах можна было б зрабiць прыгожую, паэтычную трагедыю каханьня. На жаль, таго не адбылося.