Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкiн сказаў, што купiў лодку з маторам, запрашаў пракацiцца па Нёмане. Прыхапiўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлi цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьцiлiся мэталёвыя скрынкi з рачным начыньнем. Валя запусьцiў свой «вецярок», i мы пацiху пачухалi пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я нiколi яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселiшчаў i бароў, усё мне было новае i прывабнае. Тады ж Чэкiн, апроч маторкi, захапiўся рыбалкай i аднойчы паказаў мне фота — сваю «вiзытную картку»: ён з вудамi каля перакуленай гумовай лодкi, на якой — цэлая гара ляшчоў. «30 штук, — сказаў Валя. — За адзiн ранак».

Мабыць, тое зачапiла ў маёй душы паўзабытую дзiцячую хэнць — я ж колiсь таксама зь незвычайным захапленьнем вудзiў у сваiм возеры плотачак. Празь нейкi час я таксама купiў матор (болей дужы «вiхор») i лодку «казанку» з булямi; з пратэкцыi Валянцiна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь iм мы пачалi гойсаць па Нёмане, лавiць рыбу. Аднойчы паехалi з начлегам на старыцу пад Масты, ды на юшку налавiў драбязы мой Вася, у нас жа з Валяньцiнам нiчога не ўзялося. Калi не рыбалка, дык рака нас захапляла, i аднойчы мы запрасiлi зь Менску сяброў. Прыехалi Матукоўскi, Гiлевiч, Бураўкiн з заўсёды юнаю Юляй, мы знайшлi непадалёк на беразе ўтульны лужок i наладзiлi пачостку. З шашлыкамi. Рыба ў Нёмане ўпарта не хацела лавiцца, мусiць, яе там i не засталося, асаблiва як вышэй па цячэньнi збудавалi азотна-тукавы камбiнат. Казалi — нiчога страшнага, сьцёкi ачышчаюцца. Але аднойчы ранiцай на прычале мы ўбачылi мноства рыбiн, што плылi ўгару жыватамi; на мэталёвых лодках да паловы аблезла фарба. Да рыбалкi я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любiць.

Тады часьцяком даводзiлася езьдзiць у Маскву — з выдавецкiмi клопатамi i на розныя мерапрыемствы Саюзу пiсьменьнiкаў. На адным зь iх у Доме лiтаратараў пазнаёмiўся з крытыкам i лiтаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым, пра якога чуў раней, i тады ўпершыню пацiснуў яго скалечаную на вайне руку. Пасьля зрэдчасу мы сталi сустракацца ў Маскве, ён прыяжджаў у Менск, я бываў у яго дома, пазнаёмiўся зь ягонай мiлай разумнiцай Наяй. Лазар хутка стаў маiм сябрам i пранiклiвым крытыкам, празь нейкi час напiсаў грунтоўную кнiгу пра маю творчасьць. Недзе тою ж парой у Маскве, здаецца, у рэстаране ЦДЛ, упершыню спаткаўся зь Юрыем Бондаравым, зь якiм мяне пазнаёмiў Рыгор Бакланаў. Тады гэтыя аўтары «лейтэнанцкай прозы» сябравалi, i ня можна было нават падумаць, што жыцьцё калi-небудзь iх разьвядзе. Але, як нi дзiўна, атрымлiваецца так, што жыцьцё часьцей разводзiць, чым зводзiць.

На чарговым прэзыдыуме СП разглядалася нечарговае пытаньне — выключэньне з СП перакладчыка Васiля Сёмухi.

Васiль Сёмуха быў шмат каму вядомы ў Менску як добры перакладчык зь нямецкай. У свой час скончыўшы Маскоўскi ўнiвэрсытэт, ён настойлiва перакладаў нямецкую прозу i паэзiю, нядаўна скончыў пераклад «Фаўста», але ня меў уласнай кватэры, бадзяўся зь сям’ёй па прыватных кутках. А мiж тым у час вайны немцы спалiлi дом ягоных бацькоў. Шматлiкiя звароты ў СП наконт кватэры не давалi вынiку, i Васiль у адчаi напiсаў лiст да нямецкай амбасады ў Маскве. Ён прасiў пасадзейнiчаць у выданьнi «Фаўста» i ў набыцьцi кватэры. Лiст, ведама ж, быў перахоплены КДБ i вернуты ў Менск для прыняцьця мераў.

Перад паседжаньнем прэзыдыуму пiсьменьнiкi мiж сабой абмяркоўвалi неардынарны выпадак. Цi ня ўсiм было шкада харошага хлопца Сёмуху, якi «зрабiў глупства». Хiба ж можна прасiць дапамогi ў ворага? Iван Чыгрынаў сказаў, што ён перад пагрозай сьмерцi таго б не зрабiў, бо вораг заўсёды ёсьць вораг. Некаторыя казалi, што на першы раз Васiлю трэба дараваць. Бураўкiн злосна зазначыў, што гэты нумар з выключэньнем ня пройдзе, — ня тыя часы. Валя Тарас лаканiчна зазначыў — усё тыя ж. Пачалося абмеркаваньне. Пiсьменьнiкi з партбюро ледзь ня плакалi ад крыўды, якую нанёс партызанцы-рэспублiцы Васiль Сёмуха. Iван Новiкаў, што працаваў спэцкорам газэты «Правда», патрабаваў яму самай суровай кары. (Гэта той самы Новiкаў, якi праз год скажа пра аўтара гэтых радкоў: «Мне б аўтамат у рукi, я б у яго ўвесь магазын…» Пiлiп Пястрак, якi нiколi не служыў у войску, пачуўшы тое, выйшаў у калiдор i папытаўся: «Хлопчыкi, а колькi патронаў у магазыне?» — «Пяцьдзясят два», — сказалi яму знаўцы. Пястрак шматзначна падняў палец угору: «Ого!».) У вынiку галасаваньня Сёмуха быў выключаны з Саюза амаль аднагалосна. Устрымаўся адзiн Васiль Быкаў.

Прыехаўшы дадому ў Горадню, узяўся за новую аповесьць, назву якой знайшоў не адразу. Пра назву наогул думаецца ў апошнюю чаргу, звычайна як ужо твор напiшацца. Зусiм дарма некаторыя выхваляюцца: «Пачаў раман, ужо ёсьць назва — „Агнём гартаваныя“». Звычайна з такога гарту мала што атрымлiваецца. Ведаю яшчэ такую на гэты конт асаблiвасьць: у добрай прозе звычайна так сабе назва, а вельмi звонкая назва ёсьць знак прозы кепскай. Праўда, тое ўсё ж суб’ектыўна, i першыя выключэньнi з таго — творы заходнiх аўтараў, дзе i проза выдатная, i назвы нязвыклыя, прынамсi для нашага вуха.

Першы iмпульс да аповесьцi атрымаў, аднак, па дарозе з Масквы — у Менску. Памiж цягнiкамi ў мяне быў вольны час, i я зайшоў у рэдакцыю «ЛiМу», дзе застаў аднаго толькi галоўнага рэдактара Нiчыпара Пашкевiча. Пачалася размова, у якой Нiчыпар праявiў поўны антаганiзм да маiх думак-поглядаў, што я вёз з Масквы. Апроч хiба адной — пайсьцi i разам выпiць. За рэстаранным сталом дыскусiя працягвалася болей мiрная, мы амаль паразумелiся i, калi зайшла гаворка пра вайну, я распавёў партызанукамсоргу Пашкевiчу эпiзод майго раненьня пад Кiраваградам. Гэта як доказ таго, што i на фронце хапала лiха. Змораны гаворкай i вячэрай, Нiчыпар лагодна сказаў, мабыць, каб скончыць спрэчку: «Ну во, амаль гатовая аповесьць». Пасьля, едучы цягнiком у Горадню, я пачаў над тым думаць i вырашыў паспрабаваць напiсаць.

Я ня ведаў яшчэ, што гэта будзе — апавяданьне, аповесьць цi, можа, якi ўспамiн. Але намер напiсаць засеў у галаве моцна.

«Мёртвым не балiць» пiсаў у асноўным улетку i ня так таропка, як ранейшыя аповесьцi. У мяне ўжо атрымлiвалася раней i пасьля, што рэчы зь зiмовай натурай пiсалiся ўлетку i наадварот. Тое, канешне, ня надта добра. Добра, калi натура перад вачыма, i яе ня трэба ўзнаўляць у зрокавай памяцi. Як у мастакоў. Некаторыя пiсьменьнiкi, як i мастакi, любяць пiсаць з натуры: пра вясну — вясной, пра лес — у лесе. У мяне так не атрымлiвалася. Мабыць, з тае прычыны i малая ўвага да антуражу, болей — да дзеi. Але пэўна ня ведаю, як лепш. Мабыць, як хто ўмее.

Тады ўжо я ведаў, што залiшняй драматызацыi ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць i нiякага сюжэту, аб чым колiсь пiсаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне — натуральная рэч. Крыху iншая справа — за кошт чаго? Якiмi сродкамi? Вядома, найперш сродкамi выяўленьня сутнасьцi барацьбы двух бакоў, што ўвогуле было надта традыцыйна, калi не сказаць руцiнна. Мяне ж здаўна цiкавiлi канфлiкты iншага кшталту — унутраныя, якiх хапала i на вайне таксама. Вайна зусiм не спынiла (калi не абвастрыла) унутраную палiтыку ў адносiнах партыi (i асаблiва яе карных органаў) да народу. Рэпрэсiўная палiтыка працягвалася, хаця, можа быць, ня гэтак заўважна, як да вайны. Вядома, увага тады была адцягнена на iншую барацьбу. Але мне стаў вядомы лёс аднаго нашага аднапалчанiна, журналiста дывiзiйнай газэты. Ён пiсаў вершы, якiя рэгулярна паяўлялiся на старонках нашай дывiзiёнкi за подпiсам малодшага лейтэнанта Д. Кугульцiнава. А затым раптам зьнiклi. Тады тое ня дужа зьвяртала на сябе ўвагу: людзi на вайне ўвесь час зьнiкалi — хто на той сьвет, хто ў шпiталь. Пасьля вайны ўжо стала вядома, што калмыка Кугульцiнава з фронту адправiлi ў ссылку, куды выслалi ўвесь ягоны калмыцкi народ. Вярнуў ся ён толькi празь дзесяць год i стаў слынным калмыцкiм паэтам. Тое ж, дарэчы, адбылося з другiм выдатным паэтам, балкарцам Кайсынам Кулiевым ды з мноствам iншых. Пра пасьляваенныя пасадкi афiцэраў я ўжо апавядаў, тое тады было сьвежае ў памяцi i ўражвала.

Пасьля выкрыцьця «культу асобы» ў расейскай лiтаратуры пачалi паяўляцца негатыўныя вобразы чэкiстаў, энкавэдыстаў, здаралася, што i нядаўнiх сьмершаўцаў. Але ўсё тое дужа ашчадна i нясьмела. Тады «Архiпэлаг ГУЛАГ» ня быў вядомы, А. Салжанiцын заставаўся аўтарам толькi «Аднаго дня Iвана Дзянiсавiча». Але ў грамадзкай сьвядомасьцi ўжо склаўся адыёзны тып гэтых людзей, пэўныя адносiны да якiх у мяне склалiся даўно. Карцела напiсаць, хоць я пэўна ня ведаў, чым можа скончыцца такая спроба. Пэўнае адчуваньне, аднак, было, у паветры павеялi ўжо iншыя вятры, але думалася, можа, часова. Можа, тое, што адбылося ў грамадзкiм жыцьцi краiны, беззваротна, i краiна назаўжды скончыла з уласным крывавым мiнулым. Вайсковыя пляны пiсаў асобна, пасьля ў iх уставiў пасьляваенны сюжэт з маладымi людзьмi таго часу. То быў мой нерэалiзаваны доўг маладзёжнай тэмы, i меў яшчэ адну прычыну. Як заўжды, друкаваць аповесьць меўся ў «Маладосьцi», а ў Маскве Гарбачоў паабяцаў перакласьцi яе для «Юности» — часопiсу, якi тады стаў дужа папулярны ня толькi сярод моладзi. Дзейнага сюжэту хапала аж занадта, па магчымасьцi я стараўся яго скарацiць. Памятаючы параду А. Чэхава, ад сюжэту адсек пачатак i канец, бо, як пiсаў клясык, — там найбольш фальшу. Што ж да самага канфлiктнага вобразу сьмершаўца, дык давялося нямала паламаць галаву над тым, якое даць яму прозьвiшча? Было вядома, якiя ў нас склалiся адносiны да нацыянальнай прыналежнасьцi лiтаратурных пэрсанажаў, асаблiва пэрсанажаў адмоўных. Звычайна на дадатныя рэагавалi моўчкi, бы так i трэба, а на адмоўныя слалi аўтарам i ў рэдакцыi пратэсты i рэклямацыi з крыўдамi за абразу. Шахцёры крыўдзiлiся за шахцёраў, сталявары — за сталявараў, настаўнiкi — за настаўнiкаў. Толькi за адмоўных калгасьнiкаў нiхто ня крыўдзiўся i не заступаўся. Чыста расейскае прозьвiшча не падыходзiла з самага пачатку (не прапусьцiць Галоўлiт), сярэднеазiяцкае выклiкала немалы сумнеў, азiяцкiя «чытачы» на гэты конт былi яшчэ болей чуйныя. I я не без ваганьня выбраў амаль нэйтральнае — Сахно, якое хоць i несла ў сабе нейкi славянскi элемэнт, але, на мой погляд, ня мела выразнай нацыянальнай прыналежнасьцi. Напэўна, аднак, тут да канца не дадумаў, некаторыя прызналi яго сваiм, што мне пасьля каштавала нямала папсутай крывi. У тым лiку i ад маiх украiнскiх сяброў — пiсьменьнiкаў.

Абмеркаваньне на рэдкалегii адбывалася ўвогуле дабражадана, некаторыя члены рэдкалегii выказвалiся нават залiшне апалягетычна (Генадзь Бураўкiн, сакратар ЦК камсамола Арсен Ванiцкi). Праўда, былi i такiя, што глыбакадумна прамаўчалi, хоць тое пасьля ня шкодзiла iм сьцьвярджаць, быццам яны галасавалi супроць. Нехта сказаў, што гэта ўжо не аповесьць, а паўнакроўны раман. Але такога азначэньня жанру я пазьбягаў, мяне задавальняла i аповесьць. Пімен Емяльянавiч не хвалiў, хаця i ня ганiў, толькi на самым пачатку сказаў, як пра штось вырашанае: пасаду Сахно трэба зьмянiць. Тое мне ня дужа падабалася, бо такая папраўка шмат што мяняла ў сыстэме iдэяў. Але я зразумеў, i пасьля нядоўгай нарады мы вырашылi ня ўказваць ягонай пасады наогул. Проста — афiцэр штабу. Разумны здагадаецца, а дурню няма чаго ўсё да драбнiц разжоўваць.

Поделиться с друзьями: