Доўгая дарога дадому
Шрифт:
У заключэньне Твардоўскi аб’явiў, што аўтарская назва ня пойдзе, над назвай патрэбна думаць. Мусiць, тое мне найбольш не спадабалася, але я ўжо ведаў, што тут надта патрабавальна адносяцца менавiта да назвы. Таго ад iх вымагае палiтыка. А там, дзе палiтыка, там няма месца нi густу, нi нават логiцы. Уся мая далейшая практыка адносiнаў з выданьнямi i выдавецтвамi пацьвердзiла тую нязрушную выснову.
У «Маладосьцi» аповесьць, як i належала, выйшла раней за новамiрскую публiкацыю. Але не пасьпеў я атрымаць чарговы нумар «Маладосьцi», як у Менску зьявiўся вялiкi артыкул партыйнага журналiста, нейкага Агеева, якi каменя на каменi не пакiдаў ад аповесьцi. Дасталося, вядома, i аўтару. Хаця iншай ацэнкi я i не чакаў, але было трохi крыўдна — колькi ж можна! На гэты раз беларускае кiраўнiцтва не спудлавала — папярэдзiла пэўную маскоўскую ацэнку. Калi раней яно апыналася «на падхопе», дык цяпер падхоплiваць маглi расейцы. Iнiцыятыва была за Беларусьсю.
У Маскве, канешне, ня спалi, падхапiлi ў час. Цi не па ўсiх газэтах пракацiлася хваля крытыкi i асуджэньня. Не прытупляў палiтычнае пiльнасцi ГЛАВПУР. На ўсялякiх палiтычных нарадах ягоны начальнiк генэрал Епiшаў у якасьцi нэгатыву прыводзiў у прыклад «паклёпнiцкую» аповесьць Быкава. Ягоныя ацэнкi перайшлi нават ў вайсковыя падручнiкi i дапаможнiкi па палiтзанятках для салдатаў Савецкай армii. Тут якраз падасьпеў i «Новый мир» з аповесьцю, дзе яна была названа «Атака сходу». Тое, што «сходу», павiнна было неяк прабачыць няўдачу самой атакi, — так мне растлумачылi пасьля ў «Новом мире». Але не прабачылася нiчога. Уся савецкая прэса, чынячы расправу над аўтарам заганнай аповесьцi, грамiла i часопiс, асаблiва ня раз ужо зганьбаванага Твардоўскага. Чытаючы, як яго бэсьцяць, я адчуваў некаторую няёмкасьць, што «падставiў» часопiс i яго шаноўнага рэдактара. Той, аднак, не вiнiўся, а прыслаў мне чарговы лiст з падтрымкай i спасылкай на пратапопа Авакума, якi з астатнiх сiлаў топае сабе з пратапопiцай. Толькi да якой мэты, думаў я. Да свайго апошняга вогнiшча ў закiнутай хацiне? Праўда, «Литературка» зьмясьцiла адзiную на той час пазытыўную рэцэнзiю на аповесьць, i для мяне сталася важна, што аўтарам яе быў Юры Бондараў.
Я працягваў працаваць у рэдакцыi, але заўважаў, як адносiны да мяне робяцца ўсё болей кiслыя. На пасаду адказнага рэдактара прыехаў новы чалавек, ветэран вайны, былы лётчык Георгiй Лысоў. Ён меў са мной гутарку, зь якой я зразумеў, што абкам доўга тут мяне не пацерпiць, i Георгiй Сьцяпанавiч раiў пiсаць трохi ашчадней. «Ну iх да д’ябла, гэтыя органы! Iх лепш не чапаць, я ж па сабе ведаю…» Я думаў: хто з нас таго ня ведае? Але ўсе маўчым. Можа, i мне трэба змоўкнуць. Я ўжо гатовы быў змоўкнуць. Можа, i зрабiў бы тое, каб не наступныя падзеi…
Жонка ўвесь час працавала ў школе, дома падрасталi два хлопцы, хапала хатняе працы, i яна шукала памочнiцу. Хтось з выкладчыц пэдiнстытуту параiў добрую жанчыну, адзiнокую, якая магла б прыходзiць разы два на тыдзень прыбiраць у кватэры. Хутка яна i зьявiлася ў нас — добрая, руплiвая жанчынка. Яна сапраўды жыла адзiнокай, хаця мела сына, i ўжо пабывала ў лягеры. Праўда, ня надта было зразумела, за што. Ды я не цiкавiўся. Звычайна, як яна прыходзiла прыбiраць, мы з хлопцамi вымяталiся на падворак цi яшчэ куды — каб не замiнаць. Прыбiрала добра, старанна. Жонка была задаволеная.
Але неяк я паткнуўся ў шафу па патрэбную кнiгу — «Июнь 41 года» Некрыча, якога толькi што разграмiлi ў друку, — а кнiгi не аказалася. Памятаю добра: днямi ставiў на пэўнае месца ў шафе, а цяпер яе там няма. I нiхто ня бачыў, нiчога ня ведае. Прапала кнiга. Перад тым цягам доўгага часу атрымлiваў з Мальмэ ад адной эмiгранткi даўгiя лiсты з апiсаньнем яе асабiстых прыгодаў у Менску падчас акупацыi. Напiсаныя дробненькiм почыркам на дужа тонкай паперы, яны былi вельмi цiкавыя, бо мелi масу падрабязнасьцяў, прозьвiшчаў, датаў. Я зьбiраў iх у пачак (набралася ўжо, можа, лiстоў дваццаць), таксама ставiў за шкло ў шафу. Пасьля кнiгi зьнiклi i тыя лiсты. Каму яны маглi спатрэбiцца? Але вядома, каму. Мяркуючы па ўсiм, пасьля таго, як з кватэры вымяталiся гаспадары, туды прыходзiлi госьцi.
Што гэта менавiта так, неўзабаве пераканаў i наступны выпадак.
Неяк позьняй восеньню мяне ўгаварылi з замежнай камiсii СП зьезьдзiць у Румынiю. Прытым аднаму. Ехаць мне туды ня надта хацелася, знаёмых там не было. Праўда, у Бухарэсце выйшла некалькi маiх кнiжак, i жанчына з замежнай камiсii надта пераконвала: маўляў, румыны вас чытаюць, любяць i дужа просяць. Паездка тая прынесла мне мала радасьцi, разбалеўся зуб, давялося яго выдзiраць, заплацiўшы за тое цi ня ўсе мае камандзiровачныя. Прымалi, аднак, добра, праўда, пацiкавiўшыся напачатку, што я пiшу — вершы цi прозу? Тое шмат пра што мне сказала. Але там усё ж адбылося некалькi добрых знаёмстваў зь лiтаратарамi, i адзiн зь iх, аўтар манаграфii пра расейскую лiтаратуру, падарыў мне сваю вiзытоўку з прозьвiшчам Утан. (Гэткае прозьвiшча на той час меў генэральны сакратар ААН.) Дома да мяне ў габiнэт прыйшоў для размовы Барыс Клейн, мы пагутарылi, я распавёў пра паездку i паказаў тую вiзытоўку. Барыс шчыра зьдзiвiўся: ты сустракаў ся з У Танам? Кажу, так, сустракаўся, i ён нават напiсаў пра мяне ў кнiжцы. Госьць усё зразумеў, мы пасьмяялiся i разьвiталiся.
Празь якi дзень у Гораднi падняўся таемны шум наконт У Тана. Знаёмы доктар цiкавiцца, з кiм я сустракаўся ў Румынii? А што, i Генсек ААН быў там? — Ды не, кажу, што яму там рабiць? Звонiць дырэктар бiблiятэкi: ня можаце назваць, якiя кнiгi напiсаў У Тан? Тут спатрэбiлiся, а знайсьцi ня можам. Пытаюся, каму спатрэбiлiся? — Toe не тэлефонны разгавор… Але ведама, каму. Словы Клейна яны запiсалi, а вiзытоўку, вядома, ня бачылi i падумалi, што тое — нелегальна прывезеная кнiга У Тана. Значыцца, дзесь пад канапай у мяне — жучок.
Пасьля малавясёлай гiсторыi з публiкацыяй «Праклятай вышынi» намеры мае наконт ваенна-франтавой тэмы пачалi марнець. Хоць я i бачыў там яшчэ нямала магчымасьцяў i ў галаве мроiлi пэўныя пляны, але, прыкiнуўшы, як тое будзе сустрэта начальствам i крытыкай, рашыў устрымацца. Тым болей, што i ў партызанскiм мiнулым бачылася мне ня менш цiкавага, можа, найперш сваёй маральнай праблематыкай. Трэба зазначыць, што як за тую, так i за iншую тэму я браўся пасьля ўсiх. Як ужо iншыя напiсалi шмат i пра фронт, i пра партызанаў. Каб не замiнаць iншым, я стараўся сьцiпла iсьцi сьледам i падбiраў пакiнутае.
Падобна, у краiне махнулi кiраўнiчай рукой на эканомiку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркi i ўзялiся за любiмы канёк — уздымаць iдэалёгiю. З поваду iдэалёгii праводзiлiся пленумы ўсiх узроўняў, творчых саюзаў; рэдакцыi i выдавецтвы ўмацоўвалi выпускнiкамi ВПШ ды АГН205. Неверагодных памераў дасяглi Галоў- i абллiты, сьпiсы забароненых тэмаў i зьвестак набылi таўшчыню тэлефонных даведнiкаў. У рэдакцыях i выдавецтвах галоўным чалавекам стаў цэнзар, якi прыдзiрлiва мацаў кожны радок i пры парушэньнi дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабiць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вынайдзена ёмiстае i ўнiвэрсальнае азначэньне: iдэалягiчныя дывэрсii. Для iх выяўленьня пры кожным парткаме працавалi iдэалягiчныя камiсii, якiя таксама выносiлi свае вэрдыкты. Для пачатку ва ўсiх iнстанцыях правялi кампанiю па выяўленьнi абстракцыянiстаў i барацьбе зь iмi.
Аднойчы мяне паклiкалi ў абкам, дзе першы сакратар Уладзiмір Мiцкевiч, чалавек двухмэтровага росту i з квадратнымi пашчэнкамi, папытаўся, цi ведаю я, што такое абстракцыянiзм. У меру маiх ведаў i разуменьня я спрабаваў растлумачыць, што гэта такое, i сказаў, што ў лiтаратуры абстракцыянiзму няма. «А Еўтушэнка?» — было зададзена пытаньне. — «Ну якi ж Еўтушэнка абстракцыянiст, ён самы што нi ёсьць сацыяльны рэалiст», — сказаў я. — «А ваш Карпюк?» Тое мяне ўжо зусiм зьдзiвiла: «Карпюк — абстракцыянiст?» Але, як хутка выявiлася, абкамаўскi бос клiкаў мяне зусiм не затым, каб слухаць мае тлумачэньнi. Калi неўзабаве быў склiканы абласны сход гаспартактыву, Мiцкевiч ужо грамiў на iм маскоўскiх абстракцыянiстаў Еўтушэнку i Вазьнясенскага, да якiх далучыў i нашага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, i той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Мiцкевiч заявiў у заключнай прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканалiся, замаскаваны абстракцыянiст, хаця i не прызнаецца.
Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзiяў да Карпюка зь iншага поваду. Даўнi змагар за праўду i справядлiвасьць, Аляксей з усякага поваду хадзiў у абкам i гадзiнамi сварыўся з усiмi сакратарамi, у тым лiку i зь першым. Яго абуралi адносiны кiраўнiцтва да стану культурных устаноў у вобласьцi, да забесьпячэньня гараджанаў прадуктамi, нават тое, што адрослыя ў скверы дрэвы засланяюць бюст Элiзы Ажэшкi. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публiчна зганiць пiсьменьнiка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэрава. Калi з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кiнуўся ў Саюз пiсьменьнiкаў да Танка208. Але Танк толькi разьвёў рукамi — маўляў, што ты будзеш рабiць з дурнямi. Мабыць, Яўген Iванавiч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякiя канфлiкты з уладамi. У лепшым выпадку мог адаслаць да свайго вечнага намесьнiка Шамякiна. Але каб Шамякiн за каго-небудзь заступiўся перад партыйнымi органамi, такога не здаралася. Ён сам iх баяўся; казалi, што, калi ў СП званiла кiраўнiчая дама Сiнельнiкава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмiрна».