Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Пасьля зьезду на месца Сiнельнiкавай у ЦК прыйшоў Савiцкi, i першай яго камандзiроўкай на перыферыю стала паездка ў Горадню.
Карпюк паклiкаў мяне ў Дом Ажэшкi, дзе ён звычайна сядзеў над друкаркай, i кажа: «Слухай, прылятае Савiцкi, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як i належыць па пратаколе».
Я так i зрабiў. Спаткаў важнага госьця ля трапу самал ёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савiцкi, якi некалi разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых лiтаратурных курсах, па-таварыску працяг руку — здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукi за сьпiну i мовiў: «Во што, Алесь. Ты стукач, i я табе рукi не падам. Але калi ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».
Савiцкi, мабыць, меў добрыя нэрвы, не мiргнуўшы вокам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносiны i ўзаемаадносiны. Карпюк хутка згубiў увагу да госьця i сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвiталiся. Той халодны прыём праз кароткi час даволi горача адгукнуўся ў Карпюковым лёсе.
Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правiнцыi мае хiба ўяўную перавагу перад сталiчным жыцьцём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мурашнiку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркаваньню, у правiнцыi тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якiя заўсёды iмкнуцца ўсё i пра ўсiх ведаць. Зноў жа — вiзыты. У Гораднi, дзе мы шмат год жылi з Карпюком, не мiнала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — зь Менску, Масквы цi з Польшчы. Вядома ж, прыяжджалi сябры, харошыя людзi, журналiсты, якiм мы былi радыя. Звычайна пасьля такiх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамi. Але сярод iх траплялi i падазроныя цi яўна падасланыя па лiнii бясьпекi людзi. Ды як было ўведаць пра тое? Iншыя пiсалi пiсьмы цi тэлефанавалi па справах зь Менску або Масквы. Часта званiў Мiкола Матукоўскi. Ён працаваў у «Известиях» i, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нiшто я пiсаў так, як разумеў з праблемаў лiтаратуры цi мовы, ён, вядома ж, перапiсваў, i тое друкавалi, мала, аднак, робячы радасьцi аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсiмi Уладзiмер Караткевiч. Тады ён пiсаў «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi» i хацеў паглядзець на гродзенскiя «касталомныя вежы». Не чакаючы, калi яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склiкаў тутэйшых лiтаратараў у рэстаран «Беларусь» (якi яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага i аблiў любую iм Дануту. Пасьля гжэчна выбачаўся i цалаваў яе ручкi. Незадоўга да свае сьмерцi прыехаў з Варшавы слынны польскi паэт Вiктар Варашыльскi, якога пасьля затрымалi на гродзенскай мытнi, зрабiлi ганебны, зьневажальны ператрус па поўнай праграме. Варашыльскi тут нарадзiўся i з бацькамi жыў у вайну. Немцы ня вынiшчылi сям’ю славутага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькi з тае прычыны, што ўсе гады акупацыi яе ратавала беларуская жанчына, былая работнiца раддому. Вiктар распавядаў, як тая цягала па начах трох малых i трох старых, перахоўвала ў скляпах i закiнутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыцьцём i жыцьцём сваiх крэўных. I выратавала, нiхто не загiнуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная нi беларускай уладай, нi iзраiльскiм Ёдяшэм. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нiкiм не пасаджана. На дзень цi два мы з Карпюком мелi прыемнасьць сустракаць у Гораднi ўжо тады слыннага пiсьменьнiка з Беластоку, апальнага Сакрата Яновiча. У часе прагулянак па гарадзенскiх ваколiцах ён распавядаў пра свой перасьлед ад польскiх уладаў, а мы распавядалi яму пра свой. Тым i паразумелiся. Як паказаў час, — назаўжды.
Асаблiвую прыязнасьць госьцi праяўлялi да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямi сядзеў у сваiм офiсе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасьцiў у Горадню журналiст i пiсьменьнiк Олек Амельяновiч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любiў пачостак i ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзiў каго да мяне на кватэру. Амельяновiч быў просты, таварыскi хлопец, ахвотна пiў i шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкi на поўдзень, у Лацiнскую Амэрыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офiсе раздаўся ананiмны званок, i хтось папярэдзiў, каб Олека не прымалi. Мы апынулiся ў разгубленасьцi — чый гэта званок, зь якога боку? Памятаю, тады ўтрох — я, Карпюк i Клейн, — адышоўшыся ў парк ля Каложы, абмяркоўвалi тое здарэньне. Што гэты званок — зь бясьпекi, не выклiкала сумневу, але зь якой? Карпюк кажа: а раптам то зь iхняй? Разумны Клейн адказвае: i з нашай ня лепш. Так мы нiчога i ня вырашылi. Але, здаецца, пасьля гэтага Амельяновiч не прыехаў зусiм. Затое, калi неўзабаве ў Карпюка зьявiлася патрэба зьвярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як ня мог выручыць нiхто ў Беларусi.
Запомнiўся прыезд зь Ленiнграду iнжынэра Вайцяхоўскага, былога партызанскага камбрыга. Памятаю, тады было добрае надвор’е, мы ўзялi колькi бутэлек i паехалi на прыроду ў Пышкi. Як выпiлi, камбрыг i яго колiшнi падначалены, якога ён прызначыў камандзiрам атраду, пачалi ўспамiнаць шмат якiя эпiзоды свайго сумеснага партызанства.
Вайцяхоўскi тады вельмi добра выказваўся пра Карпюкакамандзiра, яны ўспамiналi шматлiкiх агульных сяброў-партызан. Называлi iмёны — тых, хто загiнуў, хто i дзе жыве, якую кар’еру зрабiў па вайне. Вайцяхоўскi дакараў, але i хвалiў Карпюка, што той не застаўся пасьля вызваленьня ў 44-м мацаваць савецкую ўладу на Гродзеншчыне, як гэта рабiлi цi ня ўсе партызанскiя камандзiры, а падаўся на фронт, дзе яго скалечыла.
А. Карпюк, як распавядаў, трапіў на фронт праз той самы «вальтэр», якім абзавёўся перад вызваленьнем у 44 г. Як і шмат якіх партызанскіх начальнікаў, яго на фронт ня бралі, пакідалі для аднаўленьня савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Але сказалі: пісталет трэба здаць. Перад разьвітаньнем са сваім «вальтэрам» Аляксей пайшоў у гумно і прыцэліўся ў сучок у сьцяне. І якраз трапіў. Шкада яму стала такі дакладны пісталет, і ён не наважыўся разьвітацца зь ім. Лепш пайшоў на фронт.
А там яшчэ на фарміроўцы «вальтэр» яго адабралі начальнікі. Хутка чырвонаармеец Карпюк атрымаў кулю ў плячо, а затым асколак у лёгкія, тады ўжо стала не да пісталетаў.
Карпюк толькi ўсьмiхаўся. Яны добра ведалi i паважалi адзiн аднаго, i я мiжволi зайздросьцiў iм. У мяне не было жаднай магчымасьцi для такiх сустрэчаў: мае сябры або ляжалi ў братнiх магiлах ад Дняпра да аўстрыйскiх Альпаў, або былi раскiданыя па сьвеце. Мiнула небагата часу, i я перастаў зайздросьцiць. Давялося спачуваць…
Недзе з часоў хрушчоўскай адлiгi ў савецкiм друку пачалi паяўляцца кнiгi славутых заходнiх аўтараў, да таго ў нас невядомых. Можа, першым з гэтага шэрагу пачалi выдаваць раманы Рэмарка, якi адразу знайшоў немалую папулярнасьць сярод чытацкай моладзi. (Парыж, жанчыны, кальвадос. Але i «На Заходнiм фронце безь пераменаў».) Калi французскiх жанчын i свабоднае каханьне ўлады неяк трывалi, дык «Заходняга фронту безь пераменаў» стрываць не маглi. Як заўжды, апэратыўна было пушчана ў абарот зьняважлiвае ў нас азначэньне рэмаркiзм, якi, бы бiрку быку на рогi, вешалi на таго цi iншага аўтара. Першым такой «пашанай» быў ганараваны Булат Акуджава зь яго невялiчкай, але ёмiстай аповесьцю «Будзь здароў, шкаляр», выдадзенай у скандальных «Тарусских страницах» у Калузе. То была добрая аповесьць. Але болей пра вайну Акуджава, здаецца, не пiсаў — аддаўся паэзii i шансону, якiя зрабiлi яго знакамiтым у сьвеце. Пасьля Рэмарка ў лiтаратурны савецкi ўжытак адразу ўвайшоў Хэмiнгуэй, хоць яго самы значны раман «Па кiм звонiць звон» нiяк не хацелi выдаваць у Маскве, а як выдалi, дык аказалася, што амаль трацiна тэксту была страчана ў купюрах. Мне далi ў Маскве надрукаваны на тонкай паперы рукапiс, якi я ўважлiва прачытаў дома i адчуў сябе дужа бедным. I дужа неадукаваным таксама. Toe, што мы намагалiся i нiяк не маглi зразумець у вайне, знакамiты Хэм зразумеў i напiсаў яшчэ ў 30-я гады. З таго часу, а можа, i раней, сутнасьць вайны не зьмянiлася. Ваенная сутнасьць наогул наўрад цi мяняецца праз стагодзьдзi. Толькi на першы погляд здаецца, што наша вайна не такая, як папярэдняя, у чымсь кожная наступная вайна iнакшая, а ў вынiку ўсе аднолькавыя. Мiнае час, i ўсё зьлiваецца ў адно ёмiстае i ненавiснае людзям азначэньне — вайна. Хэмiнгуэй адкрыта сказаў, што «вайна — гэта бардак» i што вайна ў 30 год здаецца зусiм iншай, чым у 18–20 гадоў, што даўнiм уражаньням i пачуцьцям ня варта занадта верыць. I што найлепшая школа для пiсьменьнiка — нешчасьлiвае дзяцiнства (Твардоўскi, аднак, лiчыў, што — юнацтва), i што проза — гэта «архiтэктура, а не майстэрства дэкаратара». А мы столькi шчыравалi над стылем, прысмакам слова, забыўшыся пра выснову iншага знакамiтага аўтара (Уiльяма Фолкнэра), што калi надта клапацiцца над стылем, дык не застанецца нiчога, апроч стылю. Хэм ня надта клапацiўся наконт узаконенага стылю, затое яго хутка прызналi заснавльнiкам уласнага стылю. Але, можа, самае значнае, што знайшлося для мяне ў вялiкага гуманiста Хэмiнгуэя, была праставатая, але дужа ёмiстая думка: «Добра, калi вырашыш ня быць дрэньню». Праўда, у нас аднаго рашэньня для таго было мала, патрабавалася яшчэ шмат чаго, што часам было вышэй за жыцьцё, вышэй за твой чалавечы лёс.
Задума з «Круглянскiм мостам» высьпявала паволi, на гэты раз болей пад уплывам прачытанага, а ня ўспомненага, перажытага. У лiтаратуры i асаблiва ў журналiстыцы, а таксама ў т. зв. дакумэнтальнай лiтаратуры пра вайну тым часам падабралi ўсе i ўсялякiя праявы сапраўднага i выдуманага гераiзму, дайшла чарга да дзяцей. Ствараўся вобраз малога помсьлiвага героя, якi так ненавiдзеў фашыстаў, што толькi i iмкнуўся аддаць супраць iх жыцьцё. Дарослыя дзядзькi, вядома ж, разумелi яго i ўсяляк садзейнiчалi яму. Хаця i было шкода малечу, але калi ён так просiць, дык адмовiць яму не маглi. I яны яго навучаюць, як тое зрабiць з найбольшым вынiкам — узарваць мост, цягнiк, цi хоць бы аўтамабiль са снарадамi. Вядома, ён гiне, але па-геройску, тое ўсё вытлумачвае i апраўдвае. Пра маральны бок справы таго акту звычайна не згадвалася — мараль там адсутнiчала. Мяне ж прыцягвала менавiта мараль, з таго і зьявіўся.
«Круглянскi мост» выйшаў у часопiсе «Полымя», якi на той час рэдагаваў Павел Кавалёў — Павэлак, як яго трохi зьняважлiва клiкалi маладзейшыя. Паводле сваёй прыроды то быў неблагi чалавек, не апантаны бальшавiк, памяркоў ны i абачлiвы. Вялiкай складанасьцi з публiкацыяй не было — дальнабачны рэдактар найперш заручыўся падтрымкай ЦК. Сакратар па прапагандзе, былы партызан Пілатовiч аповесьць адобрыў. Як пасьля казаў рэдактар, Пілатовiч найбольш быў прываблены заключнай фразай пра камiсара, якога, бы анёла-збавiцеля, чакае ў яме падлетак-партызан Сьцёпка. Звычайна ў сваiх творах я прынцыпова пазьбягаў вобразаў камунiстаў-камiсараў, але тут дапусьцiў магчымасьць таго. Так сказаць — гiпатэтычнага камiсара, якога няма, але якi можа зьявiцца. Як паказаў час, то быў выйгрышны ход, якi ў беларускiм выданьнi ўвогуле апраўдаў сябе. Рэдактар «Лiтаратуры i мастацтва», сам былы палiтрук-камiсар Леанiд Прокша надрукаваў у сваёй газэце ўласнаручна напiсаны артыкул, цалкам апалягетычны да аповесьцi. Я пераклаў яе на расейскую мову i адвёз у «Новый мир».
Вядома, я мог бы не друкаваць аповесьць па-расейску, тым болей, што пераклад не чынiў мне асалоды, якраз наадварот. На яго я папсаваў куды болей паперы i затрацiў больш часу, чым на арыгiнальны варыянт па-беларуску. Але навамiрцы прасiлi i ня раз напамiналi, як што-небудзь напiшацца, адразу прысылаць iм. Твардоўскi прапаноўваў аванс (нават бязвыплатны — у выпадку, калi нiчога не напiшацца). Я жыў небагата, але авансаў стараўся ня браць. А тут якраз штось напiсалася ды яшчэ адобрана на ўзроўнi ЦК, як было ўстрымацца? Падумаў ужо, што, можа, гэтай аповесьцю ўлагоджу сваiх, а разам i навамiраўскiх ворагаў.
I праўда, аповесьць спадабалася i ў «Новом мире». Як я прыехаў, Твардоўскi быў у добрым гуморы, сказаў, што гэтая аповесьць, можа, найлепшае з усяго, што я надрукаваў у расейскiх часопiсах. Сьвежая тэма i высакародная iдэя. Мабыць, даўно б трэба прыгледзецца беларускiм лiтаратарам да свае партызанкi, у якой далёка ня ўсё белае, а нямала i чорнага. Але хто iх спадзьвiгне на тое? Гэты ваш Броўка, у якога даўно «зьлiплiся вейкi», цi Грышкасьвiнапас Шамякiн? Я сказаў, што Шамякiн — ня Грышка, а Iван. «Адна парода, — сказаў Твардоўскi, — я яе ведаю. У самога продкi адтуль, зь Беларусi. Цi ёсьць у вас там, у Саюзе, якi мудры яўрэй? Вам вельмi не хапае мудрага старога яўрэя». Яшчэ ён сказаў, што трэба вучыцца i браць прыклад ня толькi з расейскай лiтаратуры, якая даўно задушана iдэалёгiяй, а i з заходняй лiтаратуры, дзе моцнага уплыву дасягла лiтаратура экзiстэнцыялiзму, Камю, напрыклад. Ягоны раман «Чума» — гэта ж эвангельле дваццатага стагодзьдзя. Канешне, мы — не французы, у нас свой боль, ды ўсё ж… Ён, Твардоўскi, вядома, паважае Пушкiна, але аддае перавагу Някрасаву. Хаця ўвогуле вершаў ня любiць i нават хацеў кiнуць iх пiсаць. Такая была размова перад публiкацыяй «Круглянскага мосту» ў «Новом мире».
Бедны Аляксандр Трыфанавiч, ён не казаў, але, падобна, трошкi спадзяваўся, што мая адобраная беларускiм ЦК аповесьць, можа, паправiць i рэпутацыю ягонага часопiсу, якая тады дайшла да мяжы магчымага. Можа, ён разьлiчваў на падтрымку беларускага партыйнага кiраўнiцтва ў ягоным двубоi з бандай Сафронава, Кочатава, Палiкарпава? Як спакваля выявiлася, тыя яго спадзяванкi былi марныя. Наступныя падзеi не пакiнулi ад iх нiчога i ў рэшце рэшт давялi да адстаўкi навамiраўскага рэдактара. Тады на Беларускiм вакзале мяне праводзiў Алесь Адамовiч. Часу трохi было, i мы, седзячы ў зале чаканьня, добра пра ўсё пагутарылi. Адамовiч на той час выдаў дзьве аповесьцi пра каханьне, якiя, аднак, не зрабiлi патрэбнага ўражаньня на маскоўскую крытыку. I ён захацеў паглядзець на мой вопыт — прачытаў рукапiс «Круглянскага мосту», якi я яму даў напярэдаднi. Быўшы партызанам, якiм ня быў я, ён, мабыць, меў свае прэтэнзii да аповесьцi, але i сам штосьцi згледзеў карыснае для сябе. Пра тое мы гаварылi. Beдама, для мастацтва патрэбны жыцьцёвы вопыт i культура, але што напачатку? Бо тое ды iншае разам рэдка здараюцца ў жыцьцi, штосьцi iдзе наперадзе. Прынамсi ў нашых лiтаратурах. На Захадзе там iнакш. Але нам далёка да Захаду, у нас свой вопыт i свае крытэрыi. Пасьля выхаду з друку «Круглянскага мосту» першым з рэцэнзiяй выскачыў штотыднёвы «Огонёк», якi шмат год рэдагаваў асабiсты непрыяцель Твардоўскага Анатоль Сафронаў. Выхадзец зь Беларусi, ён меў у ёй некаторых сяброў — ведама ж, з лiку чэкiстаў, партызанскiх генэралаў, партфункцыянэраў. Мабыць, тыя ў час прасыгналiлi ў Маскву, i вось у «Огоньке» паяўляецца разварот за подпiсам цэлай групы партызанскiх сакратароў i генэралаў. Самы першы стаiць подпiс двойчы Героя Савецкага Саюза партызанскага генэрала Фёдарава, за iм шэраг iншых. У артыкуле — плач i гнеў, гнеў i плач — на аўтара i часопiс, ягонага рэдактара таксама. Пасьля «Огонька» пайшлопаехала, ад Масквы да самых да ўскраiн. Празь нейкi час нi Твардоўскага не засталося ў «Новом мире», нi Пілатовiча ў ЦК. Нядоўга пабыў на чале «ЛiМу» i непрадбачлiвы Прокша. Ды i ў «Полымi» абачлiвы Кавалёў таксама. Узаемаадносіны пісьменьнікаў (ды іншых творцаў) заўсёды былі складаныя, чым, зрэшты, карысталіся ў сваіх інтарэсах улады. Што ж да нашых вялікіх папярэднікаў, дык дужа хацелася думаць, што тыя стаялі вышэй за асаб істыя звады, вышэй за інтарэсы ўладаў. Для мяне, напрыклад, гаючай душэўнай музыкай гучыць даўні Коласаўскі радок «Мой мілы Янка, мой Купала…». У тым радку надта шмат засяродзілася — як асабістага паміж двума геніямі, так і агульнанацыянальнага. Значыць, насуперак усяму такое было магчыма, прынамсі ў мінулым.