Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Паездка пiсьменьнiка за мяжу на той час была амаль сэнсацыяй. Па вяртаньнi ў мяне бралi iнтэрв’ю, я выступаў з аповедамi ў рэдакцыi, пiсаў пра тое ў «ЛiМе». Зь Менску прыйшла прапанова стварыць балет паводле «Альпiйскай балады», але я, навучаны вопытам кiно, адмовiўся. Я не хацеў празьмернай папулярнасьцi, ужо адчуў, як да таго адносяцца мае менскiя калегi-пiсьменьнiкi. Лепш сядзець цiха i ня надта высоўвацца.
Увосень пазванiлi з «Нового мира» — трэба прыехаць рыхтаваць да друку «Мёртвым не балiць». Хутка сабраўся, паехаў, адшукаў рэдакцыю ў Малым Путнiкаўскiм завулку — вузкi калiдорчык, цесныя пакойчыкi, дужа пахне камунальнай кухняй (на трэцiм паверсе быў рэдакцыйны буфэт). Маiм рэдактарам аказалася немаладая прыветлiвая дама з блiзарукiм позiркам — Анна Самойлаўна Берзер, якая адразу сказала, што пераклад кепскi, трэба шмат працаваць. Тое ж сказаў i загадчык аддзелу прозы Iгар Вiнаградаў i дадаў: «Гэты раз надрукуем. Але ў наступны каб гэтага вашага перакладчыка тут i нагi не было». Тое мяне нямала зьдзiвiла, i толькi пасьля я дазнаўся, што Мiхась Гарбачоў на пасадзе сакратара партбюро СП СССР нажыў у Маскве нямала ворагаў. Вядома, «Новый мир» у гэтым сэнсе ня быў выключэньнем.
Пару тыдняў сядзеў у шыкоўным, але сьцюдзёным нумары гатэлю «Савецкая» i правiў, правiў адпаведна адзнакам Анны Самойлаўны. Пад вечар адносiў у рэдакцыю i назаўтра зноў правiў. Спатрэбiлася таксама перастаўляць некаторыя часткi, асаблiва сучасныя пляны. Некаторыя сцэны ўзбуйняць, iншыя, наадварот, — здрабняць. Часам аж кружылася галава ад той працы. Аднойчы ў дзьверы пастукала незнаёмая жанчына, аказалася, што гэта менская лiбрэтыстка Чарахоўская, яна гатовая ўпасьцi мне ў ногi, абы я дазволiў ёй напiсаць лiбрэта балету «Альпiйскай балады». Ды яна яго ўжо i напiсала — во, пачытайце. Ёсьць усе падставы, што атрымаецца выдатны балет, тым болей, што музыку пiша малады кампазытар Яўген Глебаў, якi дужа любiць усю творчасьць Васiля Быкава. Сэрца, як кажуць, — ня камень, насуперак пачуцьцю я пагадзiўся. Той факт запачаткаваў маё доўгагадовае сяброўства з таленавiтым кампазытарам i грунтоўным чалавекам Яўгенам Аляксандравiчам Глебавым. Балет ён стварыў выдатны. Я глядзеў яго аднойчы зь Ірынай Міхайлаўнай (якая пад той час стала маёй жонкай), у якой тады цяклі сьлёзы. Да таго спэктаклю яна была катэгарычна супраць, як ёй здавалася, апашленьня высокай тэмы.
«Новый мир» тады ўжо бамбавалi з усiх iнстанцыяў — з Галоўлiту, з СП, з ЦК. Выходзiў часопiс нерэгулярна, кожны раз зь вялiкiм спазьненьнем. Спазьнiлiся i №№ 1–2 з маёй аповесьцю i трапiлi якраз падчас чарговага i, можа, самага рэакцыйнага зьезду КПСС — то быў яму падаруначак! У той час, як зьезд набiраўся рашучасьцi рэабiлiтаваць сталiншчыну, абялiць запэцканыя Хрушчовым слаўныя чэкiсцкiя органы, Твардоўскi б’е iх залпам з двух нумароў, у якiх зьмешчана аповесьць беларускага пiсьменьнiка. Мабыць, сваiх у Маскве не знайшлося. Тым горш для «Нового мира».
Iнстанцыi зрэагавалi апэратыўна, i праз колькi дзён выйшаў чарговы нумар «Правды» зь вялiкiм артыкулам У. Сеўрука (як пасьля выявiлася, слухача Акадэмii грамадскiх навук). У гэтым артыкуле канстатавалася несумненная няўдача пiсьменьнiка, абараняўся гонар Савецкай армii, пераможцы фашызму, давалiся ўстаноўкi, як трэба пiсаць на тэму мiнулай вайны. Мабыць, артыкул дужа спадабаўся галоўнаму iдэёлягу КПСС тав. Суславу, бо аўтар неўзабаве быў паклiканы на Старую плошчу, дзе зрабiў нечуваную для правiнцыйнага (здаецца, чукоцкага) журналiста кар’еру. Родам гэты чалавек быў зь Беларусi i, мабыць, на гэтай падставе стаў галоўным дарадцам Суслава — сьпярша па творчасьцi Быкава, а пасьля i па ўсёй савецкай лiтаратуры.
За праўдзiнскiм артыкулам, бы па камандзе, пасыпалiся вельмi крытычныя, часта зьневажальныя артыкулы з палiтычным падтэкстам ва ўсiх iншых цэнтральных газэтах.
Абвiнавачваньнi кожны раз гучалi ўсё болей грозна. «Красная звезда» ў артыкуле Баранца i Дашкова выкiнула свой галоўны абвiнаваўчы козыр — намер аўтара сутыкнуць два спрадвеку братнiя народы, беларускi i ўкраiнскi. Ветэраны ў сваiх лiстах у рэдакцыi, як заўжды, скардзiлiся на прынiжэньне iхняе ролi ў разгроме нямецкiх захопнiкаў. Вельмi хутка да абвiнаваўчага хору маскоўскiх газэт падключыўся i беларускi друк. Можа, даўжэй за iншыя трымаў паўзу «ЛiМ». Правiнцыйныя газэты, якiя не маглi апэратыўна арганiзаваць уласныя артыкулы супраць «iдэалягiчнай дывэрсii» Быкава, перадрукоўвалi iх з цэнтральных. У тым лiку i мая родная «Гродзенская праўда». Цiкава, што ўвогуле аўтара бiлi за што заўгодна — паклёп, прынiжэньне, скажэньне — але нiдзе не было сказана нiводнага слова пра «сьмерш», цi НКВД, цi КДБ. Быццам напiсанае ў аповесьцi ня мела нiякага дачыненьня да гэтых «органаў». Я чытаў i ня мог даўмецца: што гэта? Знарок цi непаразуменьне?
Тое, аднак, хутка высьветлілася.
«Мёртвым не балiць» былi аб’яўлены безумоўнай няўдачай аўтара. Але аўтару важнай была не ацэнка твору, не адносiны да яго начальства, а тое, цi сапраўды гэта — няўдача? Тое важна было для маiх наступных задумаў, бо, як пiсаў У. Фолкнэр, «няўдача для мяне вышэй за ўсё. Пачаць штось, што табе не пад сiлу — ты нават ня можаш спадзявацца на посьпех, але ўсё ж спрабаваць i стрываць паразу, пасьля спрабаваць зноў. Во для мяне ўдача». Зразумела, я ня мог раўняцца з Фолкнэрам, але i ягоны вопыт тады быў для мяне важны. Здаецца, аднак, тая «няўдача» абярнулася для мяне чымсь iншым. Хаця, каб зразумець i адчуць тое, аўтару спатрэбiлася болей за 20 гадоў.
Калі-нікалі летняй парой наведваўся на радзіму, у мае Бычкі. Бацькі яшчэ былі жывыя, і на падыходзе яшчэ здалёку бачыў, як ля падворку чакае бацька, выглядаючы зпад рукі ў бок Азевічавай гары. Сустрэўшы ў Слабодцы аўтобус, мае клумкі каціў на веласіпедзе Мікола, я з падлеткам і сынамі ішоў побач. Пасьля частаваліся за агульным сталом, бацьку дужа карцела папытаць, як жыве сын у далёкім горадзе, дзе і ён некалі жыў — служыў у салдатах. Але сына вабіла не размова з бацькам, а — возера. Заўсёды, ужо ў дзень прыезду, шыбаваў сьцежкай цераз поле і кустоўе да свае запаветнае мэты — хоць на пару гадзін, а ўсё астатняе потым. Увечары бацька скажа, што трэба схадзіць да хроснай Барысіхі — каторы год ляжыць старая, чакае сьмерці. Прыхапіўшы якую цукерыну ці хоць бы яблык, ішоў да хроснай, з гадзіну слухаў яе горкі расповед пра тое, як яна моліць Бога, каб той паслаў сьмерць. А ня шле. Жыла яна зь нявесткай, унучкі вучыліся ў горадзе, сын прапаў на вайне. Кепска жылося маёй хроснай. І ня хутка яшчэ пачуў яе малітвы Гасподзь Бог.
Празь дзён колькі мама прасіла наведаць яе брата — дзядзьку Лявона, што жыў у Завулку. Дарога была праз поле і лес, каля возера Супонец. Дзядзька з працавітым сынам Антолем будаваў сядзібу (ранейшая згарэла ў вайну, сям’я доўга жыла ў асеці). Дзядзька, як заўжды, лавіў рыбу ў навакольных азёрах, часам у добрае надвор’е браў з сабой і госьця. І тады я знаёміўся зь дзядзькавым умельствам — ня тое, што маё. Рыба ў дзядзькі заўсёды лавілася, заўсёды была на стале. Не заўсёды быў хлеб, нават бульба, а рыба была заўсёды — смажаная, вяленая, сушоная.
Неяк дзядзька Лявон распавёў выпадак, як злавіў шчупака з самаробнай блісной, якую ў яго адарваў шчупак яшчэ за Пілсудзкім — 20 гадоў таму. І памёр дзядзька Лявон ад рыбы — прастудзіўся на возеры. А ягоны Антоля ўкінуўся ў пчолы. Колькі год усё на сядзібе гудзе ад пчолаў, ёсьць мёд, а можа і якая капейчына. Не з калгасу…
У нашу абласную рэдакцыю, якая тады перабралася з цэнтру гораду за чыгунку, аднойчы зайшоў незнаёмы чалавек i, зiрнуўшы выразным позiркам на тых, хто быў у габiнэце, сказаў, што яму трэба пагутарыць з Быкавым. Як усе таропка вымелiся, паказаў мне пасьведчаньне з буйнымi лiтарамi КГБ СССР i назваў сябе: падпалкоўнiк Дубавiнкiн. Размова пачалася з агульнага знаёмства: колькi гадоў, адкуль родам. I далей: «Мабыць, вы разумееце, па якой я справе? Ну, вядома ж, наконт вашай працы, што надрукаваў „Новый мир“. Трэба думаць, па недагляду, iнакш „ни один уважающий себя орган не мог бы напечатать такой труд“».
Тая бяседа, аднак, мела ўсе адзнакi допыту. Падпалкоўнiка дужа цiкавiлi мае адказы на яго ўвогуле наiўныя цi нават дурныя пытаньнi. Я адказваў вельмi стрымана, дужа не хацелася мне нi размаўляць, нi спрачацца. Тады ж, аднак, зразумеў, што гродзенскiя органы нiчога пра мяне ня ведаюць, iм патрэбны быў першапачатковы матэрыял, i яны ўзялiся зьбiраць яго менавiта такiм прымiтыўным для сябе спосабам. Мабыць, гэтак прысьпiчы-ла. Увечары таго дня без папярэдняга званку на кватэру прыйшоў Павел. Ён выглядаў надта заклапочаным i нi пра што не пытаўся, нiчога не сказаў. Толькi сваiм апанураным выглядам сьведчыў, што сталася кепскае. Зрэшты, кепскае i сталася, прынамсi для яго. У хуткiм часе, мабыць, у мэтах iзаляцыi Быкава яго перакiнулi на працу ў самы аддалены раён Гарадзеншчыны — Карэлiцкi. (Не дзеля апраўданьня яго, а дзеля iсьцiны трэба зазначыць, што мой сваяк шкоды мне не зрабiў, i ўвогуле я яму ўдзячны за тое.)
У Беларусь прыехаў балгарскi пiсьменьнiк Найдзен Вылчаў. Як заўжды гэта рабiлася, пасьля нядоўгай гасьцiны ў сталiцы яго скiравалi ў правiнцыю — на гэты раз у Наваградак. Вылчаў быў першы раз у Беларусi i, мабыць, не чакаў такой увагi да сябе. Першай жа ноччу ў наваградзкiм гатэлi яго абрабавалi, але ён нават не распавёў пра тое гаспадарам. Пасьля павезьлi ў Бярозаўку на шклозавод, дзе мелiся быць выступы з удзелам мясцовых пiсьменьнiкаў.
Мы з Карпюком паехалi на сустрэчу. Выступ адбыўся, як заўжды, у перапоўненай залi, усiм цiкава было ня толькi паслухаць вершы, але i паглядзець на паэта з далёкай братняй краiны. На абед, якi наладзiлi на прыгожым нёманскiм беражку, зьехалася ўсё бярозаўскае i наваградзкае начальства ды яшчэ i гродзенскае таксама. Ежы i пiтва прывезьлi цэлую машыну «хуткай дапамогi». Уздоўж Нёмана разаслалi абрусы, i загучалi тосты — у гонар партыi, перадавiкоў вытворчасьцi, за росквiт сацыялiзму i дружбу народаў. Госьць сядзеў моўчкi, падобна, на яго ўжо забылiся, асаблiва як высьветлiлася, што ён ня п’е. Тое трохi засмуцiла беларусаў, але ненадоўга. Да вечару ўсе бутэлькi былi пустыя, а над нёманскiмi плёсамi далёка разносiлiся «Подмосковные вечера». Найдзен цiха папытаў у мяне: «А што, у вас сваiх песьняў няма?».