Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неяк завiтаў да Мiколы Матукоўскага, якi адразу павёў мяне ў свой габiнэт на новай кватэры па Бранявым завулку ў Менску. Там ужо быў Генадзь Бураўкiн, зь якiм яны вычытвалi гранкi набору, што атрымалi з «Известий». Гэта быў артыкул Матука пра Быкава — цi ня першы ў цэнтральным друку, якi меў на мэце даказаць грамадзтву, што Быкаў — наш, савецкi пiсьменьнiк, не якi там палiцай цi ўласавец. I што ягоныя пэрсанажы — патрэбныя i карысныя, бо на вайне былi ня толькi героi, але i баязьлiўцы i здраднiкi. Што ж, я быў удзячны маiм сябрам, якiя памагалi мне i раней (i яшчэ будуць памагаць пасьля) у маiм лiтаратурным лёсе. Мабыць, i праўда, артыкул у цэнтральнай газэце недзе штось зрушыў, наступныя падзеi паказалi ягоны несумненны плён.

У мяне быў транзiстарны прымач з кароткiмi хвалямi — японскi «Панасонiк», якi я цi ня кожную ноч настройваў — лавiў «Свабоду», Бi-Бi-Сi, «Голас Амэрыкi». З усiх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылi заўжды i шчыльна. Некаторыя раiлi шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў i так, i гэтак — часьцей за ўсё нiчога не атрымлiвалася. Перадатчыкi былi за тысячы кiлямэтраў, а глушылкi — во яны, побач, на ўскраiне горада. Няўдалымi былi ўсе мае спробы i ў тую ноч. А менавiта тады хацелася дазнацца пра падзеi, што высьпявалi ў адносiнах да Чэхаславаччыны, на якую нацэлiўся «крыважэрны блок HATА».

«Мiралюбны» Варшаўскi блок рыхтаваўся яе ратаваць. Ранiцай, як заўжды, скiраваў у рэдакцыю i на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклiвы, на чымсь засяроджаны i толькi буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялi. Танкi ў Празе…» Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вулiцах штось адбывалася, iшлi калёны машынаў, даносiлiся чыесь галасы, у пад’ездах грукалi дзьверы i бегалi нейкiя людзi. Аказваецца, iшла мабiлiзацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлi ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армiя. Хапалi запасьнiкоў, мабiлiзоўвалi транспарт, на ўскраiнах у вайсковых гарадках фармавалi каманды. Як пасьля выявiлася, тэлефоны гарадзкой сеткi ў тую ноч былi адключаны. Мы з Клейнам выправiлiся да Карпюка.

Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкi, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулi, як на ўсю вулiцу гучэла перадача Б-Бi-Сi, распавядала, што савецкiя войскi акупуюць Прагу. На вулiцы было нямала прахожых, некаторыя спынялiся, слухалi, а бальшыня хуценька кудысьцi бегла. Мы тузанулi дзьверы Карпюковага офiсу, тыя былi не замкнёныя, а ў пакоi на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея i кiрзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылi транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовiў змабiлiзаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, ранiцай прыехаў сюды i заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напiшу», — быў яго выразны адказ. Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, i што зь iм было далей, стала вядома празь некалькi дзён.

Вялiзную мэхкалёну з мабiлiзаванымi выцягнулi на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругi, пачалi правяраць. Хадзiлi адны, другiя, трэцiя. Карпюк цярплiва сядзеў у кузаве МАЗа. I раптам паявiўся начальнiк палiтаддзелу акругi генэрал Дэбалюк. «А гэты нашто?» — кiўнуў ён на Карпюка. Нейкi палкоўнiк пачаў штосьцi тлумачыць, але генэрал не даслухаў: «Зьняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазiць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабiрацца да Гораднi. Калёна пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.

Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны i, магчыма, нават хацеў быць сумленным камунiстам. Але ня ведаў, як iм можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкi чалавек? Што пэўна, ён не любiў хлусьнi i не цярпеў непарадку — хоць у лiтаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амунiцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, цi не засталося што забытае ягонымi папярэднiкамi. I — во дзiва! Убачыў у траве тры пакiнутыя карабiны. Адчуваючы з вайны каштоўнасьць зброi, ён узвалiў карабiны на плечы i панёс да капцёркi. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлi на фронт. Каб ня кiдаць карабiны ў лесе, давялося iх везьцi ў горад, у штаб армii. Там, аднак, карабiны ўзяць адмовiлiся — ня нашай часьцi. А ўжо настала ноч, i ён змушаны быў несьцi карабiны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабiць? Кажу: там за тваiм домам цячэ Ванючка, бухнi туды твае карабiны, i справе капец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, ня ведаеш, што такое аружжа. Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь сьвет. Тваiх трох там не хапае… Не паразумелiся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварылiся. Назаўтра ён пачаў хадзiць з тымi карабiнамi зноў, аж покуль у яго не запатрабавалi пiсьмовага тлумачэньня: дзе i зь якой мэтай узяў i г. д. Ледзьве ён выбавiўся з таго канфлiкту, якi сам сабе i стварыў.

Цiкава, што мяне ў тую мабiлiзацыю не ўзялi. Можа, прычынай таму — мой стрыечны брат, што паводле анкеты «пражываў у Заходняй Нямеччыне». А можа, i яшчэ што. Зрэшты, ня ў прыклад Карпюку, я туды i ня рваўся i думаў: можа, i лепш, што Карпюка вярнулi. Тыя, што туды паехалi, распавядалi пасьля, як iх у якасьцi рэзэрву пратрымалi на чэхаславацка-польскай мяжы, чакалi рэакцыi блёку НАТА, якi так i не праявiў нiякай рэакцыi. Toe выклiкала захапленьне сярод пэўнай часткi гродзенцаў — ага, спалохалiся нашай магутнай Савецкай армii! Пра чэхаў казалi: свабоды iм захацелася! Мы ж во жывём без свабоды, але не бунтуем. А iм — свабоды! Яшчэ чаго! I так гаварылi ня горшыя i ня самыя дурныя з нашых знаёмых. А можа, яны так толькi гаварылi, а думалi iнакш? Але што карысьцi з правiльных думак, калi iх трэба выказваць няправiльна, перакручана, наадварот. Мабыць, каб выказаць сумленную думку i ня выклiкаць падазрэньня, трэба было мець дужа адмысловы розум, якiм мала хто з нас валодаў. Мы былi надта прастадушныя ў думках i просталiнейныя ў дзеяньнях, за што i цярпелi.

Седзячы ў Доме Ажэшкi, Карпюк прачытаў у «Новом мире» ўспамiны генэрала Гарбатава, дзе ягоную ўвагу прыцягнуў не расповед генэрала пра сваю кар’еру i франтавыя подзьвiгi, а скупое паведамленьне пра тое, што генэрал ня п’е. I нiколi ня пiў. Уражаны такiм дзiвам, Карпюк сунуў часопiс у кiшэню i пабег на вакзал. Там, не пасьпеўшы сказаць нават жонцы, сеў у маскоўскi цягнiк i ранкам быў ужо ў Маскве. Пасьля працяглых перамоваў з палкоўнiкамi Генэральнага штабу раздабыў адрас Гарбатава, якi жыў каля Нiкiцкiх варот. Карпюк пазванiў у дзьверы, i папярэджаны з генштабу генэрал яго ўпусьцiў. Карпюк ветлiва прадставiўся — беларускi пiсьменьнiк, ветэран вайны. Генэрал пасадзiў госьця за маленькi столiк, дастаў з шафы гранёны графiнчык. Карпюк хацеў абразiцца i заўважыў, што ў часопiсе генэрал напiсаў, быццам ня п’е. Аказалася, сапраўды ня п’е, а графiнчык — для госьця. Тады Карпюк горача пацiснуў генэральскую руку, радасна паведамiўшы, што таксама ня п’е. I выклаў яму патрэбу, зь якой прыехаў у Маскву. Ва ўсiх краiнах сьвету ёсць таварыствы цьвярозых, а ў нас няма. А мiж тым шкода ад п’янства… I г. д. Таму трэба зьвярнуцца да грамадзкасьцi зь лiстом, падпiсаным аўтарытэтнымi людзьмi, вось як вы i я, i стварыць таварыства. Тэкст лiста ўжо гатовы, вось пачытайце…

Трохi зьбянтэжаны генэрал прачытаў тэкст i цяжка ўздыхнуў. Справа добрая, сказаў ён. Але хто падпiша? Сярод яго знаёмых цьвярозага генэрала яму не знайсьцi. Можа, сярод пiсьменьнiкаў?..

Карпюк задумаўся. Канешне, ён разумеў, што двух подпiсаў было замала для такога лiста, патрэбны быў трэцi. Ды знайсьцi яго сярод пiсьменьнiкаў таксама праблема. I раптам ён успомнiў пра Адамовiча, якi тады быў у Маскве на нейкiх курсах. (Стаўшы ўжо доктарам навук, той усё вучыўся.) Карпюк пабег па Маскве шукаць Адамовiча. Ён шукаў яго цэлы дзень да вечару, аб’ехаў усе вядомыя рэдакцыi, абзванiў знаёмых. I высьветлiў, што Адамовiч сёньня едзе ў Менск. Тады Карпюк купiў бiлет на вечаровы цягнiк i, як той рушыў з Беларускага вакзалу, пачаў абход вагонаў. Ён iх абышоў усе, зазiраў у кожнае купэ i каля Смаленску сапраўды знайшоў соннага Адамовiча. Той выслухаў яго прапанову i сказаў: «Я гатовы ўступiць. Але толькi з умовай развалiць яго знутры». I лёг спаць. Карпюк аблаяў Алеся i выйшаў з цягнiка. Ранiцай прыехаў да Нiкiцкiх варот i аб’явiў генэралу, што трэцяга цьвярозага чалавека ў Расеi не знайшоў. Так высакароднае таварыства не было створана. Hi тады i нiколi болей.

Карпюк, як ён пасьля распавядаў, дарма зьвязаўся з вайскоўцамi, хоць бы i з генэраламi. У сваiм жыцьцi ён пераканаўся, што з гэтым народам лепей справы ня мець. У вайну Карпюк камандаваў партызанскiм атрадам, пасьля ваяваў на фронце, быў двойчы цяжка паранены, а афiцэрскага званьня так i ня выслужыў. У той жа час хлопчыкi, што прыходзiлi з унiвэрсытэту, так бы мовiць, авансам былi лейтэнанты. А некаторыя i пры ўзнагародах, заслужаных i ня надта. Карпюку ж не далi сабраць нават заслужаныя iм на вайне медалi.

Займеўшы аднойчы вольны час, ён узяўся напiсаць лiсты. Адзiн быў мiнiстру абароны наконт таго, каб яму выдалi заслужаны iм медаль за ўзяцьце Бэрлiну, другi — дзядзьку на Урал. Дзядзька пiсаў даўно ўжо, што жыве кепска, з прадуктамi трудна, прасiў дапамогi. Дык пляменьнiк яму напiсаў: кiнь ты гэта расейскае жыцьцё, прыяжджай у Беларусь, тут бульбачкi хопiць. Той жа дзень аднёс лiсты на пошту.

I вось празь нейкi час прыбягае з ваенкамату пасыльны, прыносiць позву. Карпюк парадаваўся — цi не прыйшоў ад мiнiстра мэдаль? Прыйшоў да палкоўнiка-ваенкама. Той чамусьцi глядзiць ваўком, а потым падае аркуш паперы i кажа: «На чытай». Карпюк моўчкi чытае. «Не, ты гучна чытай», — кажа ваенкам. А там на бланку Мiнiстра абароны Саюза ССР напiсана: «Загадваю. Параграф першы. Выклiкаць i растлумачыць грамадзянiну Карпюку А. Н., што я ў сваяцтве зь iм не знаходжуся i дзядзькам яму не зьяўляюся. Параграф другi. Гродзенскаму аблваенкаму палкоў нiку такому-та за нiзкi ўзровень палiтмасавай работы з асабовым складам аб’яўляю вымову. Мiнiстр абароны маршал Савецкага Саюзу Г. Жукаў». — «Ты зразумеў? — пытаецца ваенкам. — Мне праз паўгода на пэнсiю, хто мне цяпер гэтую вымову зьнiме? Цi мне бяз пэнсii ў адстаўку iсьцi? Во што ты нарабiў, разгiльдзяй!»

Поделиться с друзьями: