Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Што тады? – машынальна паўтарыў Ліўскі і, спахапіўшыся, дадаў: – Працягваеце, Максіміліян, я вас уважліва слухаю!
– Я працягваю. Са слоў Свенсана нам вядома, што яна забіла Каратышку…
– І Леслі! – напомніў Скрайф. – Каратышку і Леслі!
– Яна забіла Каратышку! – упарта паўтарыў Холін. – У той час, калі Свенсан адключыўся, Леслі быў яшчэ жывы! Знявечаны, але жывы! І гіпнакрэсла ў рабочым рэжыме побач…
– Ты хочаш сказаць… - пачаў было Скрайф, але Ліўскі жэстам загадаў яму замаўчаць.
– Навошта ёй было гіпнакрэсла? – рэзка спытаў ён.
– Ну, гэта ж проста! – Холін паціснуў плячамі. – Ёй патрэбны былі дадзеныя аб яе сяброўках, аіх было, акрамя яе, яшчэ чацвёра! – дадаў ён у адказ на нямое пытанне Ліўскі. – Пяць “дзікіх кошак”! Уяўляеце, што адбудзецца, калі да ўсіх іх вернеццапамяць!
Ён змоўк і з задавальненнем адзначыў, што Ліўскі, здаецца, цалком на яго баку. А Скрайф… што ён з сябе ўяўляе, гэты Скрайф! Пустое месца!
– І што вы прапануеце? – спытаў Ліўскі.
На гэтае пытанне ў Холіна быў адказ. Адзіны, з усіх магчымых.
– Забіць! – коратка сказаў ён. – І прытым неадкладна!
Скрайф насмешліва хмыкнуў. Ды і сам Ліўскі, напэўна, не чакаў менавіта такога адказу.
– Забіць? – перапытаў ён. – Але ж гэта ўжо не наша ўласнасць… Што мы скажам фермерам?
І на гэта пытанне ў Холіна ўжо меўся адказ.
– Праўду! – сказаў ён. – Дакладней, амаль праўду. Што іх жонкі сталі небяспечнымі. Што за іх фермеры адразу ж атрымаюць паўнацэнную замену, і, апрач таго, яшчэ невялікую грашовую кампенсацыю. Мне здаецца, з фермерамі праблем не будзе.
Скрайф нецярпліва паварушыўся на сваім крэсле.
– Праблемы будуць у ФІРМЫ! – сказаў ён. – Кошт чатырох новых жанчын, якім мы аддаем проста так, без усялякай аплаты, плюс расходы на грашовую кампенсацыю…І прытым, няма ніякіх доказаў, што гэтая “дзікая кошка” засталася ў жывых!
Засвяціўся адзін з экранаў каля сцяны і на ім узнік устрывожаны твар дзяжурнага.
– У нас праблемы, сэр! – прагаварыў ён, ні да каго з начальства канкрэтна не звяртаючыся. – Забіты яшчэ адзін фермер. Яго рабочая жонка знікла.
* * *
Жанчына білася ў істэрыцы.
– Ты забіла майго мужа! – бесперапыннапаўтарала яна. – Ты забіла майго гаспадара!
Другая жанчына моўчкі на яе глядзела. Вельмі падобная на першую і зусім на яе не падобная. Не толькі адзеннем, хоць і адзеннем таксама. На ёй быў ладна падагнаны плямісты камбінезон, на нагах высокія шнураваныя чаравікі. Першая ж жанчына была зусім босай, з адзення на ёй была адна толькі доўгая кашуля з тонкага белага палатна.
– Ты забіла майго мужа! – зноў паўтарыла яна і, нарэшце, змоўкла, нізка апусціўшы галаву.
Другая жанчына працягвала моўчкі на яе глядзець. Яна нібыта чакала чагосьці.
А вакол на многія дзесяткі кіламетраў цягнуліся палі гібрыднай кукурузы. Вялізныя мясістыя ствалы яшчэ не дасягнулі сваёй канчатковай вышыні, тым не менш яны ўзвышаліся над зямлёй метраў на дзесяць-пятнаццаць, шырока раскінуўшы ва ўсе бакі шырокае плоскае лісце. Гэта было ідэальнае сховішча і для жанчын, і для кацера, які стаяў непадалёку. Праўда, пасадзіць яго тут каштавала жанчыне ў камбінезоне нямалых намаганняў.
– Я цябе дзесьці бачыла! – сказала раптам жанчына ў белай кашулі, узняўшы галаву. Штосьці новае засвяцілася ў затуманеным яе позірку… затым яна трасянула галавой і, абхапіўшы далонямі скроні, дадала: - Вось толькі дзе я магла бачыць цябе… прынцэса?
Яна ўздрыгнула.
– Як я назвала цябе толькі што?
– Ты назвала мяне прынцэсай, Ізіда! – павольна прагаварыла жанчына ў камбінезоне, не зводзячы са сваёй субяседніцы ўважлівага свайгопозірку.
– Ізіда?!
Жанчына ў белай кашулі раптам уздрыгнула.
– Хто я?! – выкрыкнула яна, напружана азіраючыся ва ўсе бакі. – Дзе я?! Чаму я нічога не памятаю аб сваім мінулым?!
Калені яе падагнуліся і жанчына мякка ўпала на зямлю, тварам уверх. Цела яе напруглася, потым яно выгнулася амаль дугой.
– Ізіда! – амаль нечленараздзельна мармытала жанчына, скаланаючыся ўбесперапынных канвульсіях. – Барсум! Я штосьці памятаю… я памятаю штосьці! Ірума! Ірума, ты дзе?!
– Я побач з табой! – жанчына ў камбінізоне абхапіла тую, якую яна назвала Ізідай, за плечы, прыўзняла яе, упілася поглядам у яе па-ранейшаму затуманеныя вочы. – Ты мяне памятаеш, Ізіда?! Сяброўка мая, баявая мая сяброўка… “дзікая кошка” Ізіда, ты памятаеш мяне?!
– Я памятаю цябе, прынцэса! – прашаптала Ізіда, шчасліва ўсміхаючыся. – Але мне яшчэ шмат чаго неабходна ўспомніць…
– Гэта дапаможа табе! – прагаварыла Ірума, адыходзячы крыху ўбок.
За яе спіной, каля самага кацера стаяла гіпнакрэсла. Тое самае…
* * *
– Дзіўна! – ні да каго канкрэтна не звяртаючыся, сказаў Ліўскі.
– Аб чым вы, сэр? – пацікавіўся Холін.
– Калі верыць гэтаму былому космадэсантніку….як яго там?
– Свенсан, сэр.
– Дык вось, калі верыць Свенсану, цела першага забітага фермера было знявечана амаль да непазнаваемасці. Яго не проста забілі… яго катавалі… доўга катавалі…дзеля гэтага іхняга абраду ачышчэння, ці як яго там… А гэтага, другога фермера… яго проста забілі…
Ліўскі змоўк. Холін таксама маўчаў, не ведаючы што адказаць.
– А, можа, гэта простае супадзенне? Можа, яго забіў хтосьці з суседзяў?
– Сярод фермераў гэта не прынята, сэр! – дыпламатычна сказаў Холін. – Ды і навошта? Нічога ж не прапала… так што гэта не абрабаванне…
Ліўскі паціснуў плячамі.
– Прапала жонка. Магчыма, хтосьці ўпадабаў яе, ды так моцна, што пайшоў на злачынства?
– Тады гэта не фермер! – умяшаўся ў размовы начальнік аховы, які да гэтага пачціва сядзеў крыху ў аддаленні. – Магчыма, Сіндыкат…
– Сіндыкат не стаў бы забіваць фермера! – рэзка адказаў Холін. – У ганстэраў свой кодэкс гонару, асабліва на гэтай, цалком фермерскай планеце!
– Тады, магчыма, хтосьці з заезжых гастралёраў! – не здаваўся начальнік аховы. – Жанчыны зараз у цане, самі ведаеце…
– І ўсё ж гэта яна! – сказаў Холін з упэўненнасцю. – Гэта яна зрабіла! Бо прапаўшая жанчына таксама з “дзікіх кошак”. Гэта што, супадзенне? Прабачце, але я не веру ў такія супадзенні!
– Чаму ж тады другога фермера проста забілі? – спытаў Ліўскі.