Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

Холін задумаўся на імгненне.

– Магчыма, у яе не хапала часу, - сказаў ён. – Ну, а, магчыма, абрад ачышчэння патрэбен толькі адзін раз, а ўжо потым яны маюць права самі ачышчаць адна адну…

– Вы гэта ведаеце, альбо ўсё гэта толькі ваша меркаванне? – рэзка спытаў Ліўскі.

– Гэта толькі маё меркаванне, сэр!
– адказаў Холін з ранейшай пачцівай ветлівасцю ў голасе. – Але ў іншым я ўпэўнены: гэтая жанчына усё яшчэ жывая! І гэта яна забіла другога фермера!

Пілот кацера, павярнуўшыся, паведаміў:

– Аб’ект нумар адзін прама па курсу! Які будзе загад?

Ліўскі зірнуў у круглае акно справа ад сябе. Тры дэсантныя кацеры па-ранейшаму ляцелі крыху ніжэй кацера начальства,майстэрскі вытрымліваючы бездакорна роўны строй.

– Першая група на зніжэнне! – загадаў Ліўскі, узяўшы мікрафон. – Астатнім - працягваць палёт.

Ён праводзіў поглядам кацер, які пачаў зніжацца побач з сядзібай фермера, і павярнуўся да Холіна.

– Што ж, лічыце, Холін, што вы мяне пераканалі! І ўсё ж… калі вы памыляецеся…

Холін нічога не адказаў. Ён таксама сачыў за кацерам, які ўсё працягваў сваё зніжэнне. Потым кацер заклаў рэзкі віраж, адразу ж знікаючы з віду.

– Колькі там чалавек? – звярнуўся Холін да начальніка аховы.

– Пяць, - буркнуў той, нават не падняўшы галавы. – Я думаю, гэтага дастаткова, каб адправіць на той свет адну няшчасную жанчыну, уся віна якой толькі ў тым, што яна раней кімсьці там была!

* * *

Калі кацер зрабіў пасадку на спецыяльнай пляцоўцы за домам, жанчына, якая раней была “дзікай кошкай”, а зараз нічога аб гэтым не памятала, гатавала мужу вячэру. Дакладней, яна ўжо падавала на стол.

Жанчына была вельмі прыгожай і вельмі маладой. І яшчэ яна была… шчаслівай. Адной з нямногіх, а, можа, і адзінай, па-сапраўднаму шчаслівай рабочай жонкай на Аграполісе. У яе нават было імя, якое ёй даў муж, бо жанчына не проста падабалася яму. Ён кахаў яе шчырым юнацкім каханнем.

І яшчэ ён быў паэтам.

Фермерам ён стаў па волі бацькі, але сама фермерская справа ніколі не прыцягвала юнака… ды ён і не падобны быў на сапраўднага фермера. Нават знешне. Худы, цыбаты, блізарукі.

Жанчына, падаўшы на стол, застыла побач, не зводзячы любячых вачэй з мужа.

– Сядай, Мэры! – сказаў той і, узяўшы жанчыну за руку, асцярожна прыцягнуў да сябе. – Сядай побач!

Жанчына паслухмяна села.

– Смачна? – ціха спыталася яна, гладзячы мужа па руцэ.

– Вельмі! – сказаў фермер. – Ты ў мяне малайчына, Мэры!

Жанчына аж засвяцілася ад радасці. Яна хацела штосьці сказаць, але ў гэты час дзверы расчыніліся і ў пакой увайшлі пяцёра ў форме ахоўнікаў ФІРМЫ.

Жанчына адразу ж ускочыла з месца, фермер таксама ўстаў.

– Чым абавязаны? – спытаўся ён, стараючыся гаварыць як мага спакайней, але сэрца ягоная адразу ж моцна застукала ў нейкім нядобрым прадчуванні.

Адзін з ахоўнікаў, з нашыўкамі капрала, выйшаў наперад.

– Фермер Нікаля Сарджэн? – спытаўся ён даволі ветлівым тонам. – Гэта вы?

– Так, гэта я! – адказаў Сарджэн, адчуваючы, як трывога ўсё мацней і мацней ахоплівае яго. – А ў чым, уласна кажучы,справа?

– Справа ў тым, - сказаў капрал, кінуўшы хуткі погляд на спалоханную жанчыну, якая стаяла побач з фермерам, - што ваша рабочая жонка ўяўляе рэальную пагрозу, як вам асабіста, так і ўсяму нашаму грамадству ў цэлым! Вядома ж, ніякай вашай віны ў гэтым няма, больш таго, ФІРМА гарантуе паўнацэнную замену ў самы бліжэйшы час разам з даволі значнай грашовай кампенсацыяй.

Ён змоўк. Нікаля Сарджэн таксама маўчаў… і, вядома ж, маўчала жанчына, наўрад ці зразумеўшая хоць што-небудзь з такой працяглай фразы. А, можа, і зразумеўшая, хто ведае…

– Узяць яе! – скамандаваў капрал сваім падначаленым і тыя, усе ўчатырох, рушылі да жанчыны.

– Не дам!

Засланіўшы сабой жонку, Сарджэн адпіхнуў рукамі бліжэйшага ахоўніка. Дакладней, ён паспрабаваў гэта зрабіць, але ахоўнік нават не пахіснуўся. Высокі і плячысты, ён здзіўлена паглядзеў на фермера, які зусім не выглядаў фермерам, потым перавёў погляд на свайго непасрэднага начальніка.

– Паслухайце… - сказаў капрал даволі дабразычліва. – Вы ж разумны чалавек і павінны разумець, што…

– Не дам! – зноў выкрыкнуў Сарджэн, увесь трасучыся аб гневу і трывогі. – Пайшлі прэч адсюль, мярзотнікі!

Ахоўнікі нават не скрануліся з месца.

– Гэта загад ФІРМЫ! – у голасе капрала прарэзаліся першыя сталёвыя ноткі. – Калі ласка, адыйдзіце ўбок і не перашкаджайце нам рабіць сваю справу!

– Справу?! Вы называецегэта справай?!

Замест адказу капрал толькі ўздыхнуў і павярнуўся да сваіх падначаленых.

– Хто-небудзь, патрымайце яго! – загадаў ён. – Толькі акуратна, каб потым не было скаргаў!

Рослы ахоўнік працягнуў руку, каб схапіць Нікаля, але так і не паспеў гэтага зрабіць. Адскочыўшы ўбок і ўсё гэтак жа прыкрываючы сабой жонку, Сарджэн схапіў са стала востры кухонны нож.

– Паспрабуйце толькі! – прагаварыў ён, цяжка дыхаючы. – Толькі паспрабуйце!

Ахоўнікі спрабаваць не сталі. Не таму, што забаяліся нажа… яны, пэўна, куды больш баяліся незнарокнанесці гэтаму замухрышку якую-небудзь шкоду (бяды потым не абярэшся!), і таму толькі моўчкі глядзелі на капрала, чакаючы далейшых ягоных распараджэнняў.

Заместа распараджэнняў капрал паглядзеў на гадзіннік і гучна вылаяўся.

– Адбяры ў яго нож! – загадаў ён аднаму з ахоўнікаў.

– Слухаю! – казырнуў ахоўнікі пайшоў на Сарджэна… проста пайшоў, не звяртаючы аніякай увагі на нож.

– Не падыходзь! – закрычаў з адчаям Нікаля,шырока і няўмела размахваючы нажом перад сабой. – Я з табой жартаваць не збіраюся!

– Я таксама! – працадзіў праз зубы ахоўнік.

Падманным рухам ён прымусіў Сарджэна нахіліцца ўперад і, спрытна ўхапіўшы фермера за запясце, правёў балявы прыём. Нож выпаў з аслабелых пальцаў маладога фермера, ён нема закрычаў ад непераноснага болю, марна спрабуючы вызваліцца, потым падхапіў нож свабоднай левай рукой…

– Ты паасцярожней, усё ж! – крыкнуў капрал. – Руку яму не зламай!

– Усё ў парадку! – адказаў ахоўнік, паварочваючыся ў бок капрала і крыху аслабляючы захват. – Я яго трымаю!

І раптам, ускрыкнуўшы ад болю, адпусціў руку Сарджэна і адскочыў назад, схапіўшыся аберуч за жывот. Паміж пальцамі ў яго цякла кроў.

– Гэты неданосак мяне параніў!

Сціснуўшы кулакі і ўжо не разважаючы ні аб чым, капрал ірвануўся да Нікаля. Удар прыйшоўся юнаку ў сківіцу і ён, шырока ўзмахнуўшы рукамі, пакаціўся па падлозе. Імгненна апынуўшыся побач, капрал нанёс яшчэ адзін удар, нагой у жывот.

Поделиться с друзьями: