Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

– Шлюбка нумар адзін да бою гатова! – пачулася ў дынаміку. – Шлюбка нумар два да бою гатова! Шлюбка нумар тры…

“І ўсё ж мы зноў прайграем! – падумалася раптам Холіну і, не слухаючы болей бадзёрыя гэтыя рапарты, ён як мага зручней уладкаваўся ў крэсле і стомлена заплюшчыў вочы. – Не ведаю, як гэта адбудзецца зараз, але мы зноў пацерпім фіяска! Толькі вось чаму так адбываецца? Чаму мы ўвесь час прайграём? Таму, што гуляем чорнымі? А, можа, мы не ведаем нават, што ж гэта такое – гульня белымі фігурамі…”

– Аб’ект у зоне візуальнага назірання! – перарваў ягоныя думкі голас Зіберта. –Падрыхтаваць плазменныя пушкі!

“Там, знізу, зараз знаходзіцца і Максіміляна! – прыйшла раптам Холіну ў галаву новая нечаканая думка. – Адзін залп… і яе ўжо не стане! Калі толькі… калі толькі белыя не падрыхтавалі на наш, такі прадказальны ход, свой эфектыўны ход у адказ? Хоць… які эфектыўны ход дапаможа абараніцца ад плазменных залпаў? Хіба што, схавацца ў лесе? Магчыма, яны так і зрабілі… ці не, такое проста немагчыма! “Дзікія кошкі” ніколі не пойдуць на такое! Тады што? Максіміліяна загіне? Чаму я так спакойна аб гэтым разважаю? Бо я ж магу яшчэ ўзяць кіраванне аперацыяй у свае рукі, магу нават павярнуць шлюбкі назад… Магу? Ці гэта ўжо не ў маіх сілах, зрабіць такое?”

– Аб’ект у зоне паражэння! – голас Зіберта гучаў амаль весела. – Атака!

Зладжана, нібыта на манёўрах, дэсантныя шлюбкі пачалі разварочвацца ў лінію. І амаль адразу ж сцебанулі па паветру дзесяткі доўгіх блакітных маланак… потым яшчэ і яшчэ. Успомніўшы, што зрабілі калісьцігэтыя маланкі з будынкам дваццаць дзевятага аддзялення, Холін міжволі заплюшчыў вочы, каб не бачыць самайапошняй агоніі старажытнай гэтай пабудовы…

Аленічога так і не адбылося. Зусім нават нічога. Дзесьці, на вышыні некалькіх дзесяткаў метраў над будынкам маланкі нібыта натыкаліся на нейкую нябачную, але,тым не менш, незвычайна трывалую перашкоду… натыкаліся і адразу ж бясследна знікалі…

– Што гэта значыць? – закрычаў Зіберт, паварочваючыся да Холіна. – Нічога не разумею!

Холін толькі моўчкі паціснуў плячамі. Ён і сам нічога не разумеў.

А шлюбкіўсё працягвалі і працягвалі сваю бескарысную страляніну…

– Спыніць агонь! – загадаў Зіберт і, крыху памаўчаўшы, дадаў: – Падрыхтаваць ракеты класа “паветра-зямля”з ядзернымі боегалоўкамі!

Нейкі час на шлюбках маўчалі, усведамляючы новы загад.

– Тады нам самім трэба адыйсці крыху падалей, - падаў слушную парадухтосьці з пілотаў. – Ядзерныя зарады, яны…

– Не разважаць! – голас Зіберта зноў сарваўся на крык. – Выконваць загад!

Холін ужо спакойна і з пэўнай доляй іроніі глядзеў, як пайшлі ўніз ракеты. Яны не спрацуюць, - чамусьці ўжо ведаў ён, - не павінны спрацаваць…

І ракеты сапраўды не спрацавалі, хоць і прйшлі безперашкодна нябачны гэты бар’ер над будынкам. Яны проста стукаліся аб ягоныя сцены і ламаліся, нібыта запалкі. Альбо не ламаліся, а проста адскоквалі ад сцен…

– Што зараз? – спытаўся Холін у Зіберта.

Нічога на гэта не адказваючы, Зіберт глядзеў на экраны. Глядзеў так, нібыта не верыў таму, што толькі што адбылося…

– Што зараз будзем рабіць? – паўтарыў Холін. – Атака дэсантнікаў?

Зіберт перавёў позірк з экрана на свайго непасрэднага начальніка.

– Дэсантнікі, - паўтарыў ён павольна і неяк нерашуча… - Вы так лічыце, сэр?

– А вы? – у тон яму казаў Холін і, нахіліўшыся да пульта, дадаў: - Гэта Холін! Усім кіраўнікам дэсантных груп! Падрыхтавацца да высадкі!

– Першага група да выдадкі гатова! – зноў пачуліся з дынамікабадзёрыя адказы. – Другая група да высадкі гатова! Трэцяя група…

Холін дачакаўся заканчэння рапартаў гатоўнасці, зірнуў на Зіберта.

– Гэта наш апошні козыр, - сказаў Зіберт ледзь чутна. – Калі мы і яго страцім…

– Атака на ферзевым флангу! – Холін змоўк, паглядзеў на Зіберта і дадаў: - Мы ў цэйтноце, зразумеў?

Здаецца, Зіберт так нічога і не зразумеў: ні сэнсу гэтых слоў Холіна, ні, нават, агульнага сэнсу фразы.

– Шахматная тэрміналогія, - патлумачыў Холін. – Была калісьці такая цікавая гульня. На Барсуме, дарэчы, яна і зараз шырока распаўсюджана…

– На Барсуме? – перапытаў Зіберт, па ранейшаму нічога, здаецца, не разумеючы. – Дык што з дэсантнікамі?

– Атака! – загадаў Холін, зноў нахіляючыся да пульта. – Масіраваная атака!

Атака дэсантнікаў – гэта заўсёды захапляючае відовішча, асабліва масіраваная атака. Вось і зараз на абзорных экранах было відаць, як спрытна выслізгваюць з люкаў кожнай са шлюбак дэсантнікі ў скафандрах, адзін за адным…Як яны прама ў паветры групуюцца ў баявыя падраздзяленні… як гэтыя падраздзяленні потым пачынаюць хуткае зніжэнне… усё бліжэй і бліжэй да нябачнай гэтай перашкоды…

Зарады плазмераў гэтая перашкода затрымала, ракеты прайшлі праз яе, нават не заўважыўшы, але чамусьці ні адна з іх потым не спрацавала. А што будзе з дэсантнікамі?

“А раптам гэты нябачны бар’ер неяк затрымае і іх? – запознена падумалася Холіну. – Ці проста заб’е іх усіх у самы момант пераходу! Чаму я аб гэтым не падумаў загаддзя?”

Ён ужо хацеў аддаць дэсантнікам загад спыніць атаку, але яны і самі прыпыніліся ў паветры, на самай мяжы з бар’ерам. Дарэчы, прыглядзеўшыся паўважлівей, бар’ер гэты можна было заўважыць нават няўзброенным вокам: у тым месцы, дзе ён праходзіў, іскрылася і пералівалася штосьці, вельмі нагадваючае вялізны мыльны пухір.

Дэсантнікам, пэўна, прыйшла ў галаву тая ж думка, што і Холіну, таму яны і не спяшаліся рызыкаваць. Але вось хтосьці з дэсантнікаў, па ўласнай ініцыятыве альбо па загаду, усё ж вырашыў рызыкнуць. Імкліва зніжаючыся, ён прайшоў праз бар’ер, зноў прыпыніўся ў паветры і зрабіў астатнім нейкі знак рукой.

Здаецца, гэты незразумелы бар’ер на людзей усё ж ніякне дзейнічаў… і, зразумеўшы гэта, дэсантнікі кінуліся ўніз. Вось яны ўжо па той бок бар’ера, вось да зямлі засталося ўсяго толькі каля двух дзесяткаў метраў…

І ў гэты час, насустрач ім, з зямлі ірванулі ў неба, не дзесяткі нават, сотні жанчын у чорных бліскучых камбінізонах…

“Дзікія кошкі” Барсума сустрэліся нарэшце з элітай космадэсантных войск ФІРМЫ ў смяротнай бітве…

– Гэтага не можа быць! – пранізліва ўскрыкнуў прама над вухам Холіна Зіберт. – Адкуль яны маглі ўзяцца тут, ды яшчэ ў такой колькасці? Ні адзін чужы зоркалёт нават не набліжаўся да планеты за апошнія некалькі месяцаў!

У Холіна мелася сваё меркаванне на гэты кошт, але тлумачыць яго Зіберту не хацелася. І, наогул, надзвычайным і паўнамоцным рэзідэнтам ФІРМЫ на Аграполісе авалодала раптам нейкая незразумелая апатыя. Ён ужо разумеў, што поўнасцю прайграў гэтыю партыю, што, нягледзячы на прыблізна роўныя суадносіны сіл у паветры, перамога будзе не за дэсантнікамі…

Поделиться с друзьями: